АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Захад-2017 Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Міліцэйскае свавольства Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Першая працоўная сустрэча беларускіх тэолагаў замежжа

2-4 чэрвеня 2017 г у г. Цюбінгіне, Нямеччына, адбылася сустрэча беларускіх тэолагаў замежжа http://ecumena.by/?p=571 . Большасць удзельнікаў сустрэчы – багасловы ў акадэмічным сэнсе гэтага тэрміну. Але былі і беларусы з іншай адукацыяй і спецыялізацыяй, якія цікавяцца пытаннямі веры (да якіх належу і я).



Сустрэча сталася для мяне інфарматыўным і вельмі натхняльным акном у прастору акадэмічнага багаслоўя. Інфарматыўным – бо я дазналася шмат новага: і пра эвалюцыю стаўлення Царквы да знешняга свету, і пра праблемы вучэння аб полу, і пра рэлігійнасць падлеткаў ў Нямеччыне і ў Беларусі, і пра моладзевае хрысціянскае жыццё, і пра палеміку святога Афанасія з арыянамі, і пра нявызначанасць і шырыню самога легендарнага панятку “арыяне”, і пра праблемы кананічнага права, і пра багаслоўе Нікалая Афанасьева, і пра развіццё хрысціянскіх абшчынаў у літаральным сэнсе гэтага слова, і пра праблематыку развода і яе звязанасць з разуменнем шлюбу, і пра аўтарытарнасць і гуманізм у РПЦ-БПЦ, і пра досвед камунікацыі з багасловамі іншых рэлігій... А натхняльным – бо ўдзельнікі бралі на сабе адказнасць разважаць на складаныя тэмы і рабіць гіпотэзы, якія разыходзяцца з інэрцыяй казання правільных словаў і згладжвання вострыя момантаў. Гаворка заходзіла, напрыклад, пра нявызначанасці ў кананічным праве, пра слушнасць каталіцкай тэорыі дагматычнага развіцця, пра складанасць з вызначэннем шлюбу і яго межаў, праблемы царкоўнага вучэння аб полу ў святле новых здабыткаў навукі... 



Папрасіўшы прабачэння за пафас, скажу, што сустрэча зрабілася для мяне ілюстрацыяй словаў Мітрапаліта Суражскага Антонія: “...і мне здаецца, што трэба ўкараніцца ў Богу і не баяцца думаць і адчуваць свабодна. “Свабодна” не азначае вальнадумства ці пагарды да мінулага, да традыцыйнага, але – Бог рабоў ня хоча. Я вас не называю болей рабамі каб мы маглі бы думаць і з Ім дзяліцца. Ёсць вельмі многае, чым мы маглі бы дзяліцца з Ім у новым свеце, у якім мы жывем. Гэта вельмі добра і важна – думаць свабодна, не намагаючы прыстасоўвацца; трэба, каб людзі са схільнасцю да развагаў і шырокай успрымальнасці, - думалі і пісалі”Дужа хацелася б, каб усе беларускія хрысціяне ў сваім царкоўным жыцці сутыкаліся з рознымі плынямі багаслоўскай думкі.



Дарэчы, кнігі Мітрапаліта Суражскага Антонія (Блума) “Быць хрысціянінам” http://ecumena.by/?p=325   і “Як навучыцца малітве?” http://ecumena.by/?p=559 , перакладзеныя на беларускую мову, прадаваліся на сустрэчы з мэтай збору сродак на новы інвалідны вазок для беларускай журналісткі і пісьменніцы Дар’і Ліс https://www.talaka.by/projects/1954/overview .


Сустрэча завяршылася правядзеннем Боскае Літургіі на беларускай і часткова нямецкай і царкоўна-славянскай мовах.





.
06.06.17 22:31
загружаюцца каментары

Маргарита Тарайкевич