АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2018 Шпіёнаманія Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Дэкрэт пра дармаедаў Забойства Паўла Шарамета

Паліткарэктнасць і "называнне сваімі імёнамі"

Пачула ад апанента аргумент нібыта супраць паліткарэктнасці: маўляў, трэба называць рэчы сваімі імёнамі.

Згодная! Толькі, лічу што насамрэч гэта аргумент на карысць паліткарэктнасці. Патрэбна толькі выяўляць і растлумачваць, чаму ксенафобскія эпітэты – гэта не свае імёны.


(Карцінка ўзятая з серыялу 'Stranger Things')

Вось, напрыклад, у вартым увагі матэрыяле пра нюансы канкурэнцыі паміж беларускімі прадпрымальнікамі і прадпрымальнікамі-мігрантамі апошнія названыя "прыхаднямі". Гэтае слова мае яркую негатыўную эмацыйную афарбоўку.Такім чынам, негатыўныя якасці прысвойваюцца прадпрымальніку-імігранту апрыёры, унушаецца думка, што нібыта прыток прадпрымальнікаў з іншых краінаў - гэта дрэнна.

Але насамрэч, прыход замежнага капіталу - гэта плюс*. А мінусы вынікаюць са спецыфікі беларускай сітуацыі ўзаемадзеяння паміж прадпрымальнікамі і дзяржаўнай сістэмай**. Ксенафобская ж рыторыка адцягвае ўвагу ад гэтых нюансаў і ўнушае, што праблема ў прыходзе іншаземных прадпрымальнікаў. Гэта адзін са шматлікіх прыкладаў таго, як мова нянавісці перашкаджае адэкватна бачыць рэальнасць.

Ці патрэбана забараняць мову нянавісці? Мяркую, не! За выключэннем выпадкаў непасрэдных заклікаў да гвалту. Але патрэбна змагацца іншым чынам: шляхам асветы, рознымі спосабамі растлумачвання, што не так з тымі ці іншымі выразамі і патэрнамі мыслення.

Матэрыял пра прадпрымальнікаў, дарэчы, цікавы. З задавальненнем бы дала на яго спасылку – калі бы не ксенафобская рыторыка. Таму няхай адсутнасць спасылкі будзе ілюстрацыяй таго, як мова нянавісці перашкаджае папулярнасці матэрыялу.







*Да прыкладу, нядаўна на бельгійскім выступе навукоўца ўзгадваў, што 17% імігрантаў у Бельгіі з'яўляюцца прадпрымальнікамі, і гэта было ў кантэксце эканамічных плюсаў іміграцыі для Бельгіі.

** Мяркую, нашаму крывому рэжыму нявыгаднае ўзбагачэнне айчынных прадпрымальнікаў, у якіх такім чынам могуць з'явіцца сродкі на падтрымку незалежнага грамадства і дэмакратычнай апазіцыі. Таму рэжым спрыяе выцясненню малога бізнэсу буйным. Пры чым тут прадпрымальнікі - мігранты? Мяркую, пры тым, што рэжым іх не баіцца, бо не перажывае наконт іх лаяльнасці. Паўтаруся, мяркую, што правільная мэта - гэта каб была падтрымка (ці хаця б не задушэнне) малога бізнэсу і роўныя ўмовы для ўсіх, незалежна ад паходжання. А таксама магчымасць для ўсіх займацца бізнэсам легальна і цалкам адкрыта (падазраваю, што такой магчымасці бракуе ўсім).

20.11.17 16:51
загружаюцца каментары

Маргарита Тарайкевич