АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Рэпартаж з Вейшнорыі (верш) 25.09.2017

"География проживания извращенцев в стране обширная, но больше всего их на раскрепощенном и демократичном западе Беларуси" ("Вечерний Могилев")



залатыя валошкавыя й ружовыя
агмяні гарадоў
лёгкай і шмат-
каляровай Вешнорыі


гендэрна неканформныя хлопчыкі
пляшуць там у гірляндах
пад джаз беларускамоўны
феміністкі нацягваюць лукі
і ўсе практыкуюцца ў розных тыпах
эстэтыках ролях стэрэатыпах
па вуліцах носяцца дзеці
пад камунальным наглядам
корпаюцца ў падзелках
лазяць па сетках над вадаспадам
у інвалідных вазкоў працоўныя крылы
да габрэйскай і рускай і польскай і беларускай
моваў з нядаўніх часоў
дадалося безліч развілак
колераў твараў і досведаў і акцэнтаў
прастораў і сацыяльных эксперыментаў
свабода перамяшчэння
зазывае водарам рэстаранаў


да пабачэння
дзякуй за аддзяленне
выдумкі ад падману
можна ўяўляць і не рэ-
а канструяваць
верачы не ў ВКЛаву кроў і глебу
а ў дадзены момант
і ў пасміхлівае неба


Беларускае падарожніцтва супраць ксенафобіі 23.09.2017

Толькі зараз заўважыла, што ў нас, беларусаў, культ падарожжа!


Уладзімір Арлоў у знакавым эсэ "Незалежнасць - гэта..." узгадвае ўікэндавую даступнасць піцця кавы ў Вене насупраць палацу Шонбурн. Вялікі адсотак аўтараў (Марыя Мартысевіч, Ляксей Лявончык, Дар'я Кастэнка, Ірына Губская і г.д.) шмат пішуць пра свае вандроўныя адкрыцці. Пон Линь гэтым летам рэалізавала маю ранейшую мару пра вялікі аўтаспын (уласна. гэтая мара збылася і ў мяне самой, але ў Паліны атрымалася болей храбра і філасафічна). Беларусь - чэмпіён па адсотку насельніцтва, якое мае шэнгенскія візы. Мы пастаянна паказваем фатаграфіі з адпачынкаў і ўсё жыццё падмацоўваемся ўспамінамі пра рознага кшталту падарожжы. Падарожжы для нас, беларусаў, – ня толькі адпачынак і задавальненне, але важная частка экзістэнцыйнага досведу.


Чаму так? Мажліва, таму што ў нас усё ж маленькая краіна. І не, зусім не па памерах, а паводле гамагеннасці. У нас не хапае дайвёрсіці (можна казаць, дарэчы, пра нашае страчанае дайвёрсіці, дзе нашыя ранейшыя шматлікія яўрэі, татары, г.д.?..). Па трубах вуліцаў, аздобленых савецкай архітэктурай, праходзіць амаль адно белатварая, монаэтнічная плынь. Крывы рэжым у палітыцы і ў паветры доўгім часам дадаваў манатоннасці... Расійскі пісьменнік Дзьмітрый Быкаў неяк выказаў меркаванне, што культ смерці ў японцаў звязаны з недахопам у іх фізічнай прасторы, які кампенсуецца цікаўнасцю да станаў, звязаных з выхадам за межы звыклага быцця. Дарэчы, беларуская гатычнасць з курганамі ды абеліскамі і німбамі трагічных герояў – таксама цікавая тэма, мажліва таксама звязаная з выхадам за ліміты. Але яшчэ з большай верагоднасцю з прагай да пашырэння межаў свайго існавання ў беларусаў звязаныя падарожжы.



Мне пашансіла. Да дзесяцігадовага ўзросту я паспела нетурыстычна пабачыць Северадзьвінск і Жытомір. Далей, для маёй маці паездка ў адпачынак заўсёды была адным з прыярытэтам жыцця (што ня дзіўна, як я зараз разумею, для беларускі). І нарэшце, у мяне здарылася іміграцыя ў мультыкультурную краіну. А жыццё ў мультыкультурным грамадстве – гэта пастаянныя адкрыцці новых прастораў. Болей кароткія ў часе і адлегласці, чым турыстычныя паездкі, але і ў нечым болей глыбокія, бо адкрываеш для сабе збольшага - людзей...


Пра якіх пачынаеш, праўда, разумець, што твая ўнутраная адпаведнасць з кожным асобным чалавекам залежыць не ад ягонага(ейнага) паходжання ці нават веравызнання, а ад асобы... Але ж гэта так цікава: пазнаёміцца на прамігранцкай маніфестацыі з індыянкай з Перу і параспавядаць адно адному пра змаганне карэннага народу і шахцёраў і пра постсавецкія рэаліі; пажыць у чачэнцаў і наслухацца пра вайну такога, што не паверыш, пакуль яно не пачне супадаць з пачутым ад Елены Мілашынай ; падчас сябоўскай выпіўкі у складзе мяне беларускі, афрыканца з Того, афрапарыжаніна і бельгійца зразумець, што ўжыванне алкаголю з аматарскай узаемнай псіхатэрапіяй – фенамен інтэрнацыянальны, у адрозненне ад нашэння світэраў-вадалазак, які выдае беларуску...


Зараз я ня толькі хвалюся - тым болей што няма чым хваліцца, бо ў гэтай мажлівасці шмат тэлепартавацца па культурных прасторах няма маёй заслугі, адно ўдача, - але і змагаюся за дайвёрсіці. Бо я нарэшце зразумела, як змагацца ў Беларусі за сапраўдную талерантнасць і дайвёрсіці і супраць ксенафобіі. Зразумела, на што ў беларускай культуры можна абапірацца: на беларускую любоў да падарожжаў. Мы любім адкрываць новыя прасторы! Таксама я зразумела, чаму я люблю жыць у шматслойным, шматкультурным, разнастайным грамадстве: з-за драйву і эстэтыкі пераскоку і перацякання з прасторы ў прастору. І зараз я зразумела, што гэта ўва мне – беларускае.


Пакуль што пра масавую іміграцыю ў Беларусь мы можам толькі марыць. Нам бы гэта паправіла дэмаграфічную сітуацыю, але каб атрымаць такі падарунак, трэба напачатку зрабіцца паспяховай краінай. Але ёсць тое, што мы ўжо сёння можам зрабіць дзеля таго каб Беларусь заквітнела сацыяльнай разнастайнасцю: зрабіцца сапраўды талерантнымі да разнастайнасці, прымаць і падтрымліваць тых, хто непадобны да нас! У дыяпазоне ад татуіровак з пірсінгам да жыцця БОМЖ, ад шматдзетнасці да чайлдфры, ад заняткаў гістарычнай рэканструкцыяй да выраблення лялек, ад беларускамоўнасці да іншаземнага паходжання, ад чорнага ці жоўтага колеру скуры да грамадзянскага актывізму... і гэтак далей! Чым болей мы будзем маральна падтрымліваць іншасць, тым болей нашая краіна будзе не маленькай, а вялікай.



Хачу скончыць гэтую прамову вялізным ДЗЯКУЙ Богу і людзям, беларусам, беларускам і іншым жыхарам і жыхаркам нашае краіны, - за тое падвышэнне разнастайнасці і адчування свабоды, якое назіраю за апошнія гады! Дзякуй тым, хто арганізоўваў фестываль графіці і дазваляў сабе разнастайныя хобі, займаўся спортам і пераходзіў на беларускую мову, выходзіў на мітынгі і наведваў багаслужбы... Карайцей, дзякуй кожнаму і кожнай, хто самымі рознымі чынам дазвалялі самім сабе быць іншымі і прымалі і падтрымліваў іншасць бліжніх, імкнуліся, нягледзечы на ўсе цяжкасці, жыць а не выжываць, і дапамагалі бліжнім у тым жа самым!.. Дзякуй Богу і вам, плён вашага жыцця і працы - адчуваецца.

Мерсі за каштоўны выбар!.. 08.05.2017 5


Дзякуй Богу! І грамадзянам Францыі!..

Нешта важнае, навакольнае, атмасфернае і каштоўнаснае - стала на сваё месца.
Читать дальше...

У чым слабасць Еўропы?.. 26.07.2016 4

У талерантнасці, мяркуюць некаторыя. У мяккасці, у залішнім гуманізме дадасць нехта. Так зараз модна казаць.
Але мяркую, слабасць Еўропы там, дзе пачынаецца ўстаноўка на закрытасць, размовы пра частковую адмову ад гуманізма, пра дапушчальнасць рэпрэсій. Гэта - капітуляцыя.
Читать дальше...

Міграцыйны крызіс: што адбываецца ў Бельгіі 28.03.2016 23

Жыву я зараз ў Бельгіі. Не ў Брусэлі, у невялікім гарадку, - затое проста насупраць лагеру бежанцаў.

Калі б мяне папрасілі абмаляваць у двух словах сітуацыю з мігрантамі - азначыла бы так.

Читать дальше...

Пра тэзіс "тэрарысты - не мусульмане" 27.03.2016 7

Ці ёсць тэрарысты (не)мусульманамі? - Я не магу даць адназначнага адказу, з той простай нагоды, што я не мусульманка, а значыць, не належу да той групы людзей якая можа аўтарытэтна заяўляць, што (не) ёсць ісламам.

Але тыя мае сябры і знаёмыя, якія належаць да гэтай рэлігіі - дэманструюць дзіўную згоду ў гэтым пытанні.

Раней я прымала іх пазіцыю збольшага за недагаворанасць і паліткарэктнасць. Але з цягам часу пераканалася: яны рэальна лічаць, што тэрарысты не мусульмане. Адна сяброўка нават здолела растлумачыць так, што я нават зразумела яе логіку - нягледзячы на ўласную сумную перакананасць, што інквізітары ўсё ж хрысціяне, дый Царыёнаў-Энтэо праваслаўны.... Каб быць мусульманінам, сцвярджае Сахар, ірландка з суданскімі каранямі, ты павінен адпавядаць пэўным крытэрыям, да прыкладу, быць міласэрным...

З іншага боку, мае сябры і знаёмыя, мабыць, не ёсць мусульманамі з пункту гледжання ігіладэбіла. Што ж, арганізацыйная прыемнасць іслама ў тым, што ты можаш сам выбіраць, якія імамы для цябе аўтарытэтныя.

Але што асабліва хачу падкрэсліць у гэнай калізіі, дык гэта маю катэгарычную нязгоду з тэзісам аб процістаянні цывілізацый (рэлігій, культур).

Маё радаснае імігранцка-мультыкультурнае адкрыцце: каштоўнаснае паразуменне людзей не залежыць ад іхняга паходжання, мовы, рэгіёна ці (дзіўна, але так!) нават рэлігіі. Магу палаяцца з праваслаўным беларусам, каторы будзе мне даводзіць што Пуцін круты - а потым знайсці глыбокую згоду і паразуменне з чачэнкай з дудаеўскімі поглядамі ў хіджабавай галаве.

Процістаянне ёсць. Процістаянне менталітэтаў. Барацьба не цывілізацый, а менталітэтаў - адчуйма розніцу

Распяты Мальчык і Дзікія Мігранты 31.01.2016 10

Крыху пра выпадкі, калі мы верым прапагандзе. І пра тое, якую інфу мы кідаемся правяраць, а якую - не...
Усе смяяліся з Распятага Мальчыка. Але тыя самыя, хто зусім не верыць у распятых кіеўскай хунтай хлопчыкаў - кінуліся рэпосціць непадцведжаную, часткова абвергнутую а часткова няпэўную, інфармацыю пра згвалтаваную мігрантамі рускую дзяўчынку ў Берліне.
Таму што ў кіеўскую хунту і карнікаў-жыдабандэраўцаў мы не верым, бо апрыёры не хацелі верыць, а потым і аказалася што фэйк; а вось у дзікіх мігрантаў, якія зусім не такія людзі як мы і таму ў адрозненне ад нас не маюць права жыць у Еўропе - верым.
Яшчэ адна гісторыя. Я жыву побач з бежанцамі. Бежанцы, праходзячы, вітаюцца. Але адзін было скорчыў маме рожу, праходзячы - што паказвае наяўнасць такі сярод іх прыдуркаў (ну і дзіўна калі б было інакш, бо прыдурак - з'ява нярэдкая, многія з нас нат пабывалі ў гэткай ролі).
Але я не пра гэты, а іншы інцыдэнт.
Піша мне мой каханы СМСку, маўляў, нейкія бежанцы, тры чалавекі, дамагаліся да трох жанчын у пральні якраз у будынку дзе я жыву. Інфа паступіла ад ягонага сябра Іогана, які прадае цыгары і таму ведае ўсе чуткі ў горадзе; да таго ж Іоган - трэнер па адзінаборствах, так што цікавіцца пытаннямі бяспекі і крымінала.
Я падумала: блін. З
разумела, што гэты блін нічога не змяніў у раскладцы. І так ведаю, што хадзіць трэба асцярожна. Пры гэтым настойваю на поўным сваім праве нараўне з мужыкамі шляцца дзе-заўгодна, як і на праве на самаабарону, пры ўсёй сціпласці маіх фізічных магчымасцяў. Пры гэтым жа лічу, што бежанцаў трэба прымаць. Але канешне трэба мяняць, паляпшаць, сістэму іх прыёма.
Яшчэ адзначыла, што гаспадар пральні нам нічога не сказаў пра той інцыдэнт - але то ж лагічна, бо ён жа і здае нам студыо.
Неправераную пагалоску пра трох дамагальнікаў-бежанцаў перадала далей - у размове з сяброўкай за гарбатай. Канешне, абмовіўшыся, што інфа неправераная.
Ну і дарма перадав
ала. Бо, перапытаўшыся ў Іогана, дазналася, што то была гісторыя з нейкімі трыма дзяўчынамі і чыёйсьці няправільнай паркоўкай. Ніякія бежанцы там, у арыгінале, не фігуравалі.
А калі б я была прыхільніца антыімігранцкіх настрояў - то і не перапытвалася бы ў Іогана...
А гісторыя, каторую я з агаворкай на неправеранасць распавяла сяброўцы-чачэнцы, мае шанец пайсці далей па горадзе ўжо без агаворкі. І нават без Іогана, у якога можна перапытаць. Застаецца спадзявацца, што я не паўдзельнічала ў вырабленні дошкі аб'яваў для распяцца чарговага снягіра ў трусіках.

Секулярны гуманізм і іслам 13.01.2016

Толькі лянівы не пісаў пра хрысціянскія карані секулярнага гуманізму. То слушна, бо, жывучы ў Еўропе, пачынаеш падазраваць: секулярны Захад, нягледзячы на апетыя праваслаўнымі "пустыя храмы Еўропы" - болей хрысціянскі, чымсі нашыя прасторы... калі судзіць паводле стаўлення да чалавека, а значыцца - выканання запавету любові да бліжняга. Калі ў нас у інстанцыях да чалавека ставяцца як да аднаго з масы, то на Захадзе - падыход індывідуальны. Калі мы, усходнееўрапейцы, схільныя разважаць як палітыкі і вырашаць праблемы en gros, то заходнееўрапейцы разважаюць найперш як праваабаронцы. Гэта праявілася, да прыкладу, у стаўленні да бежанцаў (у якім, спадзяюся, Захад мужна захавае сваю гуманную пазіцыю нягледзячы на перашкоды).

Нерэлігійныя гуманісты, падаецца, няблага выконваюць запавет аб любові да чалавека. Але Бог застаецца за кадрам...  Дзіўным чынам гэты перакос ва ўспрыманні дзьвух асноўных хрысціянскіх запаветаў - нібыта дапаўняецца іншым светапоглядам, таксама распаўсюджаным у Еўропе. Гэта вера, якая таксама сфармавалася пад моцным уплывам хрысціянства. І таксама няблага ставіцца да хрысціянства у сваім класічным варыянце і дрэнна - у радыкальным. Я, канешне, пра іслам. Які ставіць галоўным пакорлівасць да Бога. Стаўленне да чалавека? - У тэорыі робіцца ўпор на міласэрнасць, на практыцы выходзіць вельмі па-рознаму і залежыць ад менталітэта (як, дарэчы, і ў нас, хрысціянаў, ды і ў атэістычных гуманістаў). Але ўсё ж галоўным ёсць пакорлівасць Алаху.

Такім чынам, акрамя хрысціянства, у Еўропе распаўсюджаныя яшчэ дзьве веры - вельмі розныя, але аб'яднаныя тым, што абедзьве ўзніклі пад моцным хрысціянскім уплывам. Што далей - паглядзім. Кожная дарога з Ерусаліму, паводле К.Льюіса, мае зрабіцца дарогай у Ерусалім. Хто бліжэйшы да Бога - не мая справа судзіць. А раскладачка цікавая, і дарма я пасля беларускага адрэналіну баялася, што ў сытай Еўропе будзе сумна.

Мігранты, мультыкультуралізм, бяспека 10.01.2016 18

Значыцца, абяцаныя развагі пра інцыдэнт у Кёльне і ўвогуле хуліганства з боку некаторых мігрантаў.

Найперш скажу, што тут як, не раўнуючы, з трагедыяй у Адэсе: глядзім вартыя крыніцы. Бо як раней хадзілі пагалоскі пра сотні намерана спаленых зажыва плюс пра нейкія згвалтаванні, якіх не было - так і зараз ужо кажуць пра дзевяноста згвалтаваных жанчын. Не, згвалтавання два ці, паводле іншай крыніцы, тры (што мала чым лепей), а жанчыны, якія звярнуліся (ад 90 да 150 зваротаў) - падвергліся сэксуальнай агрэсіі, якая ў нас вызначаецца дзеясловам "лапаць". Гэта адбылося ў цэнтры Кёльна ў навагоднюю ноч.

Дзіўная гісторыя. Дзіўная ў святле таго, што чалавек, у якога няма добрага віду на жыхарства, дасье якога толькі разглядаецца людьмі якія будуць вырашаць, ці дазволіць яму застацца - як правіла, баіцца трапіцца на хуліганстве ці злачынстве. Менавіта таму удзел у дэманстратыўным (!) хуліганстве (не ў цёмным завулку, а ў месцы масавага святкаванне) выглядае болей чым недарэчным - і зусім не таму, што нібыта мігранты ўсе белыя і пушыстыя, а таму, што яны прарабілі цяжкі шлях у Еўропу і, паводле логікі, маюць даражыць сваім шанцам.

Застаюцца дзьве версіі: А - правакацыя, Б - фантастычны ідыятызм.

Версія А для мяне канешне ж болей зручная. Укосна падцвярджаецца масавасцю і арганізаванасцю. І я бы падазравала нават не ультраправых (якім кожны інцыдэнт з імігрантамі любога пакалення дадае папулярнасці і галасоў), а - "ісламскую" "дзяржаву". Якая даўно пагражала запусціць сваіх агентаў у натоўп бежанцаў - відавочна імкнучыся распаліць у Еўропе антымігранцкія і ісламафобскія настроі, каб мець болей падставаў крычаць што Еўропа супраць ісламу і абвяшчаць свяшчэнную вайну. Што яшчэ раз падцвярджае, канешне, што тая "дзяржава" ані разу не ісламская: бо мусульманіну, нават няблага радыкальнаму, у місіянерскіх мэтах выгадна каб Еўропа пазітыўна ставілася да ісламу. Але ў таталітарызму логіка спецыфічная: Сталін знішчаў уласны народ, спускаў разнарадкі расстрэлаў, і забівалі ні за што і выпадкова; Гітлер знішчаў яўрэяў замест таго каб выкарыстоўваць іх як адукаваны чалавечы рэсурс на карысць рэйху... Зразумела, што нават калі тут руку прыклаў, сапраўды, ігіладэбіл - гэта не значыць, што сярод бежанцаў ёсць нейкія асаблівыя "агенты". Маглі проста выкарыстаць раздзяўбаяў, якім Еўропа патрэбная для чаго-заўгодна але не для нармалёвага жыцця і доўгатэрміновай працы.

Але ўсё ж я з недаверам стаўлюся да размоваў пра правакацыю. Бо як правіла мы шукаем знешнюю інспірацыю там, дзе нам проста не падабаюцца чыесьці паводзіны. У раздзяўбайстве дзіцёнка робіцца вінаватай вуліца, у Майдане (для тых каму ён не падабаецца) - Госдэп ЗША... Таму разглядайма і версію Б: звычайны ідыятызм.

Тое, што гэты вычварны ідыятызм не мае адносінаў да ісламу, ясна як двойчы два: мусульманін паводле вызначэння не павінен быць п'яным, і не павінен пяліцца на жанчын а тым болей іх лапаць. Але справа не лепей ад таго, што праблема не ў рэлігіі, а ў значна больш распаўсюджанай рэчы: рэгіянальныя культуры вялікай часткі свету атручаныя самым ядроным сэксізмам. Для сэксіста жанчыны падзяляюцца на дзьве катэгорыі: "харошыя", якія саблюдаюць вельмі строгі рэгламент, які канешне ж не распаўсюджваецца на мужчын - і астатнія, якіх няма неабходнасці паважаць. У розных кутках свету, ад Афрыкі да Індыі, ад Паўночнага Каўказа да Бліжэйшага Ўсходу і г.д. жанчына не адчувае сабе ў бяспецы, ужо не кажучы пра роўнасць. Ды і астатнія рэгіёны атручаныя сэксізмам - толькі ў меньшай ступені і ў іншых формах. Змаганне тут цяжкае і штодзённае, прагрэс ідзе, але не так хутка як хацелася бы.

Што рабіць? Ну напэўна ж высвятляць, адкуль бяруцца дурні, якім ці то дакуманты непатрэбныя, ці то еўрапейская свабода бачыцца як уседазволенасць (міф, распаўсюджаны нават у нас). Адны бягуць у Еўропу у пошуках лепшага і нармалёвага жыцця, іншыя - невядома на што спадзяюцца. Аказваецца, дурня распазнаць бывае лягчэй, чым гэта можа падацца.

Ва ўсім свеце хулігана выстаўляюць вон. Але, настойваю, ключавое слова тут - ХУЛІГАНА. Менавіта правапарушальніка сажаюць у турму ці (калі гаворка не аб цяжкім злачынстве) проста выкідваюць з грамадскага месца за вушка і на сонейка. Іншы ж мігрант, нават "нелегал", які не робіць злачынстваў і працуе, хай застаецца, хаця штраф канешне заплоціць і ён, і ягоны працадаўца. Бо ўрэшце несправядліва, калі чалавека, які не зрабіў ніякага злачынства, выстаўляюць як злодзея. З рэальнымі ж злачынцамі - іншая справа.

Наколькі я ведаю, Еўропа першапачаткова не збіраецца прымаць усіх мігрантаў: ёсць колькасць людзей, якіх вырашылі прыняць. І вось гэтая колькасць - і мае застацца! З тэхнічным вырашэннем праблемы бяспекі. І з болей дбайнай праверкай дасье, гісторый і іх рэалістычнасці і г.д.

Кажучы гэта, я ўсведамляю, канешне, што не толькі сапраўдныя бежанцы харошыя. Ёсць людзі, якія едуць у Еўропу не з зоны баявых дзеянняў, выкарыстоўваючы вайну як магчымасць пераезду - але з павагай да Еўропы, з добрым намерам жыць годна, працаваць, ствараць, дасягаць поспеху. Такім людзям жадаю, каб іх мары здзейсніліся... Але тут выступае на першы план іншая тэма: права чалавека на свабоднае перамяшчэнне. Адмовы ў візе, не абумоўленыя відавочнымі прычынамі (злачынства, напрыклад) груба парушаюць гэтае права. І я, як усе, ня ведаю, што з гэтым рабіць. Прынамсі - што з гэтым рабіць у краінах з развітай сацыялкай, дзе ёсць магчымасць выжыць без працы, так што парушаецца натуральная структура іміграцыі, абумоўленая наяўнасцю на дадзенай тэрыторыі працоўных месцаў. Не, я не кажу, што прыязжаюць тунеядцы. Многія прыязжаюць у спадзеве знайсці працу. Спадзяюся, што сітуацыя выправіцца, калі Захад навучыцца эфектыўна выкарыстоўваць чалавечы рэсурс, які вызваляецца ў выніку беспрацоўя, абумоўленага рацыяналізацыяй працы...

Канадцы дык зусім добра ўстроіліся: цераз акіян не пераплывеш, так што яны самі едуць у лагеры бежанцаў на Бліжнім Усходзе, і адбіраюць там людзей, якіх прымаюць у Канаду. Хітрыя! Здымуць вяршкі з Сірыі, у якой багата інтэлігенцыі (настолькі, што французскі прафесар Jean-Pierre Filiu ездзіць чытаць лекцыі моладзі ў лагеры бежанцаў...).

Але я ўсё ж падазорна стаўлюся да ідэі селекцыі, калі справа датычыцца людзей... Мы робім з нашых краінаў рэзервацыі, запаведнікі, у якіх спадзяемся схавацца ад небяспекаў знешняга свету - што, мяркую, не атрымаецца. Мы спадзяемся не пусціць ці выгнаць сэксістаў і злачынцаў, хаця паўсвета занятае сэксісцкімі культурамі і злачыннымі рэжымамі - якіх мы часам яшчэ і падтрымліваем, ціпа яны душаць тэрарыстаў, і нічога што неправавымі метадамі і за кампанію з нармалёвай апазіцыяй. Мы імкнемся стварыць штучную прастору, ачышчаную ад непажаданых элементаў - але такі падыход вядзе да фашызму, як любое "ачышчэнне" соцыўма, і, паводле адчування, знішчае свабоду. Бо для мяне няма еўрапейскай свабоды без штодзённых стасункаў з людзьмі з розных куткоў света...

Мяркую, варта думаць не ў катэгорыі "ачышчэння" і каго бы выгнаць ці не пусціць, а ў катэгорыі тэхнічнага вырашэнна праблемаў (такіх, як бяспека, працаўладкаванне, адукацыя і г.д.), і ў катэгорыі адказнасці кожнага чалавека (незалежна ад паходжання) за свае дзеянні.

Я ўдзячная Богу за магчымасць жыць у краіне, прынцыпы якой я падзяляю. Асабліва пасля беларускай звычкі існаваць у апазіцыі... Таму зараз, калі ультраправыя аблізваюцца ў чаканні бліжэйшых выбараў - маю намер зубамі і кіпцюрамі учапіцца ў мультыкультуралізм, неразборліва-інклюзіўны гуманізм, талерантнасць, рознакаляровыя адзенні і гарбату з арабамі. Веру, што знойдзецца тэхнічнае рашэнне праблемаў, і што Еўропа вытрымае і захавае свой цяперашні твар, нягледзячы на сінхронныя высілкі тэрарыстаў і ультраправых.

Карацей, хай Бог дабраславіць мультыкультурную Еўропу!

А яшчэ можам задацца пытаннем: а колькі згвалтаванняў і дамагальніцтваў адбываецца на Новы Год на нашых славянскіх прасторах?..

Бельгія: іміграцыя 24.11.2015 9


Адкрыўся мне спосаб прапіярыцца ў беларускай прасторы: напісаць нешта ў абарону талерантнасці. Што-небудзь леваліберальнае ці антырасісцкае. Актыўнае каментаванне забяспечанае - як і магчымасць разумна выглядаць: аргументацыя болшасці каментатараў будзе настолькі павярхоўная, што не патрэбна быць Эйнштэйнам каб гожа адбрахацца.

Гэткая танная магчымасць піару магла бы радаваць, калі б гэта не выяўляла маштабы беларускага расізму.

Шчыра спадзяюся, што ў хуткім часе грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі палепшыцца. А таксама - што палепшыцца сітуацыя эканамічная. (Я аптыміст, веру ў працу, у актыўнасць, у тое, што ад кожнага з нас нешта ды залежыць...) А паляпшэнне прывядзе да таго, што краіна зробіцца прывабнай для жыццяь, і да нас будуць прыязжаць. І калі мы загадзя не пазбавімся ад наіўнага расізму  - то самі створым праблемы і абяднім сваю краіну.

Не прэтэндуючы на маштабнае даследванне, абмалюю тое, што бачу ў талерантнай (ставіць гэтае слова ў кавычкі ці не, вырашаем самі) Заходняй Еўропе, жывучы ў Бельгіі і папрацаваўшы на некалькіх працах у імігранцкім дыяпазоне ад прыбіральшчыцы да настаўніцы англійскай.

Імігранты адаптуюцца і інтэгруюцца.

Сцвярджэнні, што гэта не так, грунтуюцца на выпадках, звязаных з невялікім адсоткамі імігрантаў.

Нашыя суайчыннікі, нязвыклыя да разнастайнасці твараў і адзенняў, бываюць шакаваныя гэтай разнастайнасцю на вуліцах Брусэля ці Парыжа. Да гэтага здзіўлення дадаецца няправільная асацыяцыя: успамінаюцца навіны пра беспарадкі ці тэракты - і афрыканцы і арабы робяцца вобразам пагрозы. А пакольку асацыяцыі праходзяць міма лагічнага мыслення, то забываемся падумаць пра статыстыку. Пра тое, што абсалютная большасць рознакаляровых твараў і хіджабавых галоваў належыць законапаслухмяным і адаптаваным людзям.

Мусульмане Еўропы - цікавая праблематыка.

Большасць з іх верыць у мірны іслам. Сцвярджае, што "ІД" не толькі тэрарысты, але нават і не мусульмане. І што Хрыста яны шануюць як прарока. Падкрэсліваюць, што іслам да хрысціянства ставіцца добра.

Можна, канешне, рабіць зніжку на тое, што я сябрую толькі з прыстойнымі людзьмі - але спецыялісты растлумачаць, што тэрор "ІД" накіраваны найперш супраць традыцыйнага іслама.

Можна выдыхнуць і супакоіцца? - Не. На пазначаную праўду ёсць і іншая. Звязаная з тым, што ісламізм а-ля "ІД" робіцца такой жа сусветнай пагрозай і небяспечным трэндам, як раней фашысцкі ці камуністычны таталітарызм.
Узгадаем, што "ісламскі" экстрэмізм многа маладзейшы за тэрарызм. Раней тэрарыстамі быў хто-заўгодна (ірландцы, баскі, грэкі; камуністы і інш.) - а пра ісламізм тады яшчэ ніхто не чуў. Нават вайна крывапралітная вайна Францыі і Алжыра абышлася без ісламавіднага экстрэмізму! Мусульманскія асяродкі далучыліся да "трэнду" зусім нядаўна.

Калі да крамлёўскага "рускага" міра схільнае рускамоўнае насельніцтва, то да ісламавіднага экстрэмізму - мусульманскія асяродкі. Спадарыня ў хіджабе ці нікабе - гэта як рускамоўны ўкраінец. Можа падтрымаць тэрарыстаў - хаця далёка не факт. Нават многа большая верагоднасць, што не падтрымае. Колькасць тэрарыстаў блізіцца да нуля адносна колькасці нармалёвых мусульманаў (без якіх я ўжо не ўяўляю жыцця). Але небяспека тэрарызму застаецца, бо для яе і не патрэбны вялікі адсотак.

Дзетанараджэнне дзеля "сацыялу" - міф.

Сацыяльная дапамога на дзяцей ёсць, складае так каля двухсоткі еўра. А школьны падручнік можа каштаваць і 45-50 эўра, і гэтак далей. З тутэйшымі цэнамі, гэта ўсё сыходзіць толькі на дзяцей - на ежу, адзенне, цацкі, школьныя рэчы... Таму калі хто нараджае дзеля дапамогі, то гэта нейкія безадказныя сацыяльна дэзадаптаваныя элементы, якіх я на шчасце не сустракала. А нармалёвыя бацькі (да ліку якіх належаць і Саміра, сяброўка-марканка, і маміна чачэнская сяброўка Мадзіна) не могуць атрымаць тут эканамічнай выгады, бо расходы на дзяцей істотна перавышаюць дапамогу на іх.

Такая ж міфалогія - словы пра матку мусульманскай жанчыны.

Якая нібыта мае, паводзе спадзеваў ці то Арафата ці то Кадафі, падарваць Еўропу. Пэўна, аўтар мема, як класічны сэксіст, забыўся запытацца ў тых самых жанчынаў, пра якіх разважаў.

Мусульманкі па-першае любяць сваіх дзяцей не меней аддана, чым нашыя маці любяць нас. А па-другое, яны не меней за нас баяцца "заляцець" - ва ўсялякім разе, пасля другога дзіцяці ўжо засцерагаюцца, а пасля трэцяга - дакладна баяцца.

Шматдзетных бельгійцаў - багата!

Міф пра маладзетнасць і "выміранне" карэнных еўрапейцаў часткова падцвярджаюць, да прыкладу, немцы. А вось да прыкладу французы, як і франкамоўныя бельгійцы, яго абвяргаюць. Размнажаюцца выдатна - тры дзіцёнкі ў сям'і тут ёсць такой жа нормай, як і адзін-два, і ведаю шэраг людзей у каторых па пяць і болей.

Небяспечныя кварталы.

У Бельгіі, у адрозненне ад Францыі, грамадства болей перамешанае. Таму не так востра стаіць праблема "гета".

Быў у мяне перыяд жыцця ў дрэнным квартальчыку. Набачылася і абкураных мараканцаў, і п'яных бельгійцаў, і нармалёвых працаўладкаваных чачэнцаў. Адчуванне небяспекі было хіба ў адзін перыяд, калі да нейкага дылера пачаў наведвацца незнаёмы люд... Так ці інакш, была рада з'ехаць адтуль. Але ўражанні пазбаўленыя катастрафічнасці.

Расісты забываюцца, што сярод сацыяльна дэзадаптаваных слаёў насельніцтва найбольш людзей тытульнага паходжання - бельгійцаў. А дрэнныя кварталы - гэта ўжо праблематыка сацыяльная. Этнічная спецыфіка хіба далучаецца да сацыяльных праблемаў. Зрэшты, насельніцтва бедных кварталаў ва ўсім свеце не адрозніваецца вялікай адаптаванасцю. Што лагічна, бо калі людзі выбіраюцца з выбрацца з праблемаў, то перасяляюцца ў лепшыя часткі горада.

Бежанцы з Сірыі.

Ну ці не з Сірыі. Ну ці хочуць проста жыць у Еўропе - ну дык каму як не нам зразумець гэтае жаданне?..

Жывуць у двух кроках ад мяне, цераз дарогу. Паводзяць сабе нармалёва (што ўдвая лагічна: яны ж не прыдуркі, каб не даражыць дакументамі).  

У сувязі з прыбыццём бежанцаў актывізаваўся заапарк расізму. Самы смешны экспанат гэтай выставы называецца "расіст-імігрант". Паходзіць ён, як правіла, з Расіі, Польшчы ці яшчэ якога сацлагеру, жыве на Захадзе, а ў сваіх размовах пра іміграцыю кіруецца крэда "пускайце нас але не арабаў". На якіх падставах ён мае права на прэферэнцыю, цяжка сказаць: ці то таму што белы, ці то таму што хрысціянін. Так ці інакш, маіх бельгійскіх сяброў забаўляюць мае расповяды пра нашыя прэтэнзіі лічыцца болей тутэйшымі чым іншыя імігранты.

Сацыяльная дапамога.

Існуе міф аб тым, што сярод імігрантаў многа "тунеядцаў".

Тунеядцы ёсць ва ўсіх краінах - незалежна ад наяўнасці там сацыялкі. Калі чалавек упарта не хоча працаваць, ён знаходзіць спосабы. Хапае тунеядцаў і сярод бельгійцаў, і сярод беларусаў.

Імігранцкая праблема ўскладняецца імігранцкімі перашкодамі ў знаходжанні працы - таму адсотак беспрацоўных сярод прыбылых і праўда большы.

Ускладняецца сітуацыя многімі фактарамі, але на тое патрэбны асобны артыкул.

Значна зручней рызыкаваць і імкнуцца вышэй, калі ў цябе за плячыма - падушка з назвай "сацыяльнае стахаванне". Але каму ахвота доўга валяцца на гэтай падушцы? - Ну хіба тым, у каго зусім нізкія патрэбы... Бо жыццё на "сацыяле" - не цукар, ані ў забягалаўку кітайскую схадзіць, ані жытло добрае зняць.

Сутыкненне цывілізацый? - Не. Каштоўнасцей.

Кардынальна розныя светаадчуванні бываюць у людзей аднага народа і рэлігіі.

І надварот...

Паводле каштоўнаснага прызнаку добра заводзяцца прыязныя стасункі.

Вось здавалася б, мне лагічна найлепей камунікаваць з беларусамі і праваслаўнымі? А не. З беларусамі, як і з праваслаўнымі, сябрую выбарачна - паводле ідэйна-каштоўнаснай блізасці. І такое ж ідэйна-каштоўнаснае спалучэнне здараецца ў мяне з людзьмі самага рознага паходжання... Ну а з некаторымі праваслаўнымі і беларусамі бывае такое "спалучэнне", што хоць бы не пабіцца.

Люблю мультыкультурную Еўропу.

Жадаю яе бараніць і развіваць, у меру сваіх  сціплых магчымасцяў.
Размовы пра "слабасць" Захаду - міф для тых, хто блытае сілу з жорсткасцю.  Жыццё ў рознакаляровым салаце, смачна запраўленым гуманізмам - гэта не ідэялогія, а ідэя. Яе сіла ўражвае.

Разнастайнасць твараў і адзення на вуліцах, магчымасць супрацоўнічаць з самымі рознымі людзьмі - каштоўнасць, якой мне дужа не хапала ў Беларусі. Ну ды як будзе нашая краіна лепшай, дык свет адразу адрэагуе!  

Адкуль бягуць, і куды - выдатны паказальнік. Бо паспяховая краіна - тая, у якой людзі хочуць жыць.

Бежанцы, déjà là 12.09.2015 48

Будынак старой казармы ў нашым Турнэ абсталявалі пад лагер для бежанцаў. Сотня ўжо прыбыла, чакаем яшчэ некалькі сотняў.

Мясцовыя жыхары глядзяць на гэта па-рознаму. Хапае і рэалістычных апасенняў, і расісцкіх закідонаў, і разумення, што бежанцам дапамагаць трэба. Хапае і валянтэраў, якія дапамагаюць бежанцам розным чынам.

Вось першае, аб чым хацелася б сказаць у сувязі з гэтым: для краіны лепей быць тэрыторыяй, куды людзі прагнуць прыехаць, чымсі зямлёй, з якой людзі бягуць! Натоўпы людзей, якія цягнуцца ў Еўропу - ратуючыся ад небяспекі, а то і выкарыстоўваючы небяспеку, каб трапіць на забяспечаны Захад - гэтыя натоўпы ёсць своеасаблівай адзнакай "выдатна!" у дзённіку краінаў. Прыкметай, што ў гэтых краінах здолелі пабудаваць сістэму, у якой людзям ахвота жыць. Спадзяюся, што ў будучыні і наша Беларусь зробіцца прывабнай краінай, куды людзі будуць хацець прыехаць - а не надварот, як зараз.

Канешне, то не адмяняе сацыяльных рызыкаў. Паглядзім, як там будзе далей. Але калі хто цікавіцца перспектывамі развіцця Еўропы ці праблемамі іміграцыі, то варта глядзець на рэальны досвед і даследванні, а не на псеўданавуковыя ксенафобскія тэзісы. (У прыватнасці, расійскі ўсходазнаўца Георгій Мірскі добра растлумачвае сітуацыю з Бліжнім Усходам і бежанцамі http://echo.msk.ru/blog/georgy_mirsky/1617694-echo/ , а навукоўца Віктар Шнірэльман добра растлумачвае праблемы інтэграцыі імігрантаў у лекцыі "Особенности современного расизма" http://tvrain.ru/teleshow/lectures_on_the_rain/osobennosti_sovremennogo_rasizma_lektsija_glavnogo_nauchnogo_sotrudnika_instituta_etnologii_i_antropologii_ran_viktora_shnirelmana-355872/ ).

Калі ж браць мой пяцігадовы досвед жыцця ў краіне, дзе безліч імігрантаў з розных куткоў свету, магу сказаць: ультраправыя расісты і ксенафобы ў сваіх тэзісах значна далейшыя ад рэальнасці, чым аматары мультыкультуралізму. Калі апошнія (да якіх і я далучылася) могуць памыляцца, то першыя дакладна будуюць сваю ідэялогію на аднабокіх, а то і неабгрунтаваных, тэзісах.

Асабліва па гэтай частцы вылучаецца былы сацлагер, хвалёная Новая Еўропа - рассаднік расізма.



Тыбецкая маніфестацыя 20.09.2013 6

Скандаванні і стракатыя сцягі прывабілі ўвагу – трэба ж паглядзець, за што маніфестуюць. То было ў цэнтры Брусэля.


Аказалася – тыбецкая дыяспара змагаецца за незалежнасць Тыбета - і супраць катаванняў тыбецкіх вязняў кітайскімі ўладамі. Гэта было ясна са скандаванняў: « Годзе катаваць вязняў у Тыбеце! Годзе катаваць вязняў у Тыбеце! Чаго мы хочам? - Мы хочам свабоды! Чаго мы хочам? - Мы хочам справядлівасці!..»


Паняткі «свабода» і «праўда» стаяць поруч – такое часта бывае ў экстрэмальных умовах. Многім беларусам гэта знаёма.


Іншая культура – іншая расстаноўка. Азіяцкая. Тое, як геаметрычна-прама стаялі людзі, як перпендыкулярна трымалі сцягі, які размераны быў рытм скандаванняў, - нагадала геаметрычнасць і пустату фонаў, бачаныя, напрыклад, у фільме «Герой»*. Натуральная прамата, адмеранасць і рытмічнасць – у гэтым бачылася азіяцкая структура...


І гэтую структуру напаўняў жывы боль.


Акрамя болю, адчувалася мужнасць і дух свабоды з азіяцкім тварам. Апошняе вам добра знаёма, калі любіце ўсходняе кіно.


(Заўвага: фота ўзятае з паведамлення пра іншую падобную акцыю)


Я ўжыла тэрмін «змагаецца». Якое змаганне ў Брусэлі? Але паводле ўражання, паводле настойлівасці, якая праяўлялася ў няспыннасці скандаванняў, - слова падыходзіць.


Людзі добра пастараліся. Было ўкладзена істотнае. Шчырасць і ўпартасць. І, мяркую, істотная рызыка – у кітайскага ўраду рукі доўгія, могуць і да Брусэля дастаць. А тыя людзі, для каго арганізацыя і ўдзел і ня неслі непасрэднай небяспекі - уклалі сваю гатоўнасць пайсці на яе, калі спатрэбіцца, і шчырасць - і гэта разносілася ў паветры выразным рытмам...


Упэўненая, што гэтая акцыя эфектыўная.


Цікава, што не знайшла, хаця і шукала, навінаў менавіта пра гэтую акцыю, хаця ў сеціве поўна паведамленняў пра іншыя акцыі за Тыбет (з аднаго з такіх паведамленняў узятае прыведенае тут фота). Падобна, што бачанае было звычайнай, шэраговай з'явай. Значыць, людзі настойліва працуюць.


Для мяне гэта быў цудадзейны прыклад дзеяння ў замежжы. Але тут складальнік эфекту – боль.


* «Герой» - фільм 2002 г., рэж.Чжан Імоў, у гал.ролі Джэт Лі.

Праўда японскіх герояў 19.06.2013 5

  Раней я пераймалася наконт пытанняў кшталту “Ці можна лічыць Каліноўскага беларускім героем?”
  Цяпер падобныя пытанні мяне не толькі не хвалююць, але і забаўляюць. А станоўчы адказ тут мне дапамагла атрымаць... японская традыцыя гераізацыі.
  Некаторыя рысы японскага ўспрымання героя і ягоных учынкаў на дзіва прыдатныя і для Беларусі, са складанасцямі яе гісторыі.
  Бо японцаў (наколькі магу судзіць па іхніх фільмах, дакументах і героях) зусім не хвалююць пытанні: наколькі герой прадстаўляў інтарэсы ўсяго народа; ці перамог ён, і ці прывяла ягоная дзейнасць да коль-якіх станоўчых вынікаў... Інакш кажучы: калі нават (тут гаворка ўжо не пра паўстанцаў 1864 г., а ўвогулле пра крытэрыі ацэнкі) мужны і шчыры герой быў сябрам нейкай спецыфічнай групоўкі, блізасць якой да “народа” сумнеўная; калі ён нарабіў дурнога; калі ягоная справа пацярпела паразу а то і прывяла да вынікаў процілеглых чаканым, - усе гэткія мінусы ня толькі не перашкаджаюць народнай любові, але часам ледзьве не дадаюць прывабнасці.
  Трагедыйнасць вабіць не толькі японцаў - яна ўсіх зачароўвае. Але на Захадзе, пры ўсім шанаванні трагедыйных персанажаў, значна меньш усенародна ўлюблёных герояў-“няўдачнікаў”; дый як правіла трагедыйны сюжэт прадстаўляецца ў стылі “Ленин умер но дело его живёт”. У японцаў – калі і “живёт”, то з істотнай трансфармацыяй: гераічная параза атрымлівае пакутніцкі  арэол, які робіцца крыніцай натхнення не толькі для ідэйна-палітычных спадкаемцаў героя, але і для прадстаўнікоў самых разнастайных груповак. Напрыклад, Сайго Такаморы (кіраўнік паўстання самураяў-традыцыяналістаў 1877 г., прататып героя фільма “Апошні самурай”) і палкоўніка Осіо Хэйаціро (кіраўнік гарадскога выступлення ў Осаке ў 1837 г.) шануюць прыхільнікі розных палітычных праектаў, ад ультраправых да радыкальна левых.
  Шчырасць намеру і дзейная рашучасць – вось што шануецца,і на гэтай падставе ўлюблёным героям прабачаюць памылкі і пралікі.
  У святле гэткага ўспрымання, тое, што ў нас Каліноўскага шануюць больш каталікі чымсі праваслаўныя, больш “праеўрапейскія” чым “прарасійскія”, - можна лічыць за памылку, якую варта выправіць.
  Ажно галава кружыцца, калі ўяўляю, наколькі папулярны быў бы Каліноўскі і ягоныя паплечнікі, калі б яны былі японскімі героямі, і як гэтая папулярнасць перакінулася бы на астатні свет, і дзяўчынкі з розных краінаў, пасля прагляду анімэшак (у некаторых з якіх паўстанне злучалася бы з фантастычнымі сюжэтамі) разглядалі бы іх фотаздымкі...

  Прывядзем два тэксты. Першы з іх – з кнігі амерыканскага японазнаўцы:
  В запутанной японской традиции есть другой тип героя; это человек, деятельность которого обычно падает на период нестабильности и войн, являющий собой настоящую противоположность характеру достигающему. Это человек, чья прямодушная искренность не позволит ему совершать какие-либо маневры и идти на компромиссы, столь часто требующиеся для обретения мирского успеха. В ранние годы храбрость и способности могут быстро продвинуть его наверх, однако он навеки обручен с проигрывающей стороной и неизбежно будет низвергнут.
Бросая себя туда, куда ведет его мученическая судьба, он открыто противится диктату условностей и здравого смысла до тех пор, пока его не победит противник, «удачно оставшийся в живых», которому удается своими безжалостно реалистическими методами навязать этому миру новый, более стабильный порядок. Столкнувшись с поражением, герой обычно лишает себя жизни, дабы избежать унижения плена, утвердить свою честь и дать последние уверения в своей искренности. Его смерть не есть временная неудача, вскоре искупаемая его последователями, но представляет необратимое крушение всего дела, которому он был лидер; проще говоря, борьба была бесполезной и во многих случаях приводила к результатам, прямо противоположным ожидаемым.
  (Айван Моррис “Благородство поражения. Трагический герой в японской истории”)
 
А другі тэкст належыць выдатнаму беларускаму эсэісту Марыйке Мартысевіч:
Няўдачнік – гэта ўвогуле скразны герой беларускай соцыякультурнай прасторы, пачынаючы з Кастуся Каліноўскага, у якога нічога не атрымалася. Кажуць, што гісторыя пішацца пераможцамі. Гісторыя Беларусі – выключэньне, бо яна пісалася няўдачнікамі™ (“Кароткая…” – дык адным з самых культавых лузэраў Вацлавам Ластоўскім). Нашыя неафіцыйныя клясыкі – таксама спрэс няўдачнікі: гэта і мілыя няздары-сухотнікі Максім Багдановіч і Ігнат Канчэўскі, і знайшоўшыя гвалтоўную сьмерць Тарашкевіч, Гарэцкі, Аляхновіч, і новы Багрым Уладзімер Дубоўка, і Сяргей Грахоўскі, які нарадзіўся ў вёсцы Нобэль, але трапіў у ГУЛАГ і ніколі не бываў у Стакгольме, і беларускі габрэйскі паэт Аркадзь Гейнэ, які загінуў у 1942 годзе ў галякосьце, і безьліч іншых, – няўдачнікаў™ нагэтулькі, што сёньня пра іх ніхто ня ведае: беларуская Вальгала – Курапаты. Аднак сумаю сваіх няўдачаў яны стварылі кантэкст нашага існаваньня, і ў гэтым – іх самая галоўная ўдача.
  Прычына, паводле якой мы лічым вартым перайманне некаторых рысаў японскай традыцыі шанавання герояў – гэта складанасць гісторыі і пераменлівасць палітычнага кантэксту на нашай зямлі. А таксама - вялізная колькасць выдатных беларускіх дзеячаў з трагічным лёсам. Шкада і несправядліва, калі мы будзем забывацца на мужнасць людзей з-за таго, што яны не адпавядаюць нашай палітычнай арыентацыі, і асабліва няварта наступаць на гэтыя палітычныя граблі ў такой краіне як Беларусь, дзе было багата выдатных асобаў сярод “прапольскіх” і “прарасійскіх”, “правых” і “левых”, сярод людзей з рознымі праектамі і самаідэнтэфікацыямі.

  Другая прычына, паводле якой мы лічым вартым крыху пераняць японскае ўспрыманне героя і ягоных учынкаў – гэта праблема бар’ераў, якія перашкаджаюць людзям дзейнічаць.
  Усведамленне таго, што факт няўдачы ніколькі не здымае каштоўнасці маральнага ўчынку, -  гэтае ўсведамленне пазбаўляе ад страху перад няўдачай. Прычым гэта датычыцца як выключных ці нават гераічных учынкаў, так і – папросту, без пафасу, - у паўсядзённым жыцці, у сітуацыях, калі трэба абраць тую ці іншую лінію паводзінаў.
  Пытанне “ці ёсць сэнс” (калі пад сэнсам разумеецца практычны поспех) і невысокая верагоднасць удачы паралізуе мноства беларусаў. Японскія ж гістарычныя персанажы за гэта ня вельмі пераймаліся, бо ў іх традыцыі ўхваляўся не практычны разлік, а мужнае дзеянне, якое йдзе ад інтуітыўна спазнанай праўды (макото, ці сінсэн).
  Прыдушыць баязлівы шэпт “нічога-ня-зменіцца-што-я-магу –зрабіць" простым крокам да дзеяння здолелі беларускія актывісты Сяргей Каваленка, Зміцер і Наста Дашкевіч, Яўген Васьковіч (чый учынак лічу памылковым, але мужнасцю захапляюся) Алесь Пушкін і шматлікія іншыя. Калі гляжу фільмы пра самураяў, то з радасцю ўсведамляю, што маю магчымасць хаця б падтрымаць лістом людзей, у якіх духу бусідо ня меней, чым у тых актывістаў эпохі Бакумацу...
  Дзеянне ад шчырага сэрца, якое ня спыніцца перад нізкай верагоднасцю поспеху і адсутнасцю коль-якіх гарантый, - вось што нам варта шанаваць!      
  У хрысціянскім менталітэце (асабліва ў амерыканскім, з яго аптымізмам кальвінісцкага адцення і хэпі-эндамі) дабрадзейнасць узнагароджваецца. У японцаў такога аптымізму не заўважна – затое ў іхніх сюжэтах сама дабрадзейнасць зіхаціць так прыгожа, што гэтае ззянне зацямняе ўсе перамогі і ўзнагароды.
  Падобнае бачанне здымае стрэс, пароджаны страхам няўдачы, ды дапамагае не зацыклівацца на чаканні вынікаў, а творча ўключыцца ў працэс... А там можна і перамагчы...
  Тым болей што, як слушна заўважыла мая выкладчыца, “чалавечы фактар не пралічваецца”. І тым болей што мы не японцы: калі ў іх светаадчуванні чысціню і шчырую мужнасць у гэтым сумным свеце чакае найверагодней прыгожая трагедыя, то ў хрысціянскім менталітэце дабро яшчэ й перамагае. Рана ці позна.

 Хацелася бы і завяршыць на гэтай радаснай ноце. Але ж, калі казаць пра перайманне добрага ў іншага народа, то ўзгадаем і тое, што з той культуры нам зусім няварта пераймаць.
  Па-першае – гэта незважанне на каштоўнасць жыцця. Японцы лёгка даруюць улюблёным героям ня толькі пралікі і няўдачы, але і колькасць забітых людзей, а то і дакладную жорсткасць, і крывавы экстрэмізм. Дарэчы, ідэальна “японскім” паводле стылю дзеянняў беларускім персанажам можна назваць і Ігната Грынявіцкага... Пытанне “што зрабіць для краіны” у японцаў часта трансфармавалася ў пытанне “каго забіць”. Гэткая трансфармацыя нам дакладна непатрэбная.
  Шанаванне кожнага героя мае быць выбарачным. У таго ж Каліноўскага ёсць адыёзныя выказванні пра праваслаўе. Але ёсць рэчы, якія можна зразумець у кантэксце эпохі і чалавечай недасканаласці, а ёсць - мяжа тут не заўжды відавочная - і істотныя перашкоды для гераізацыі. (Дарэчы, сведчанні пра жорсткасці паўстанцаў 1864 г. патрабуюць даследвання: наконт праўдзівасці інфармацыі, маштабаў і ступені віны ўдзельнікаў і кіраўнікоў паўстання, - але гэта іншая тэма).
  Па-другое – гэта суіцыдальныя тэндэнцыі. На жаль, пры ўсіх рамантызацыях паразы японскі менталітэт не дазваляў працягваць жыць з паразай. Напэўна, то таксама ад няўсведамлення каштоўнасці самога жыцця, у адрыве ад сацыяльных мэтаў…  Суіцыд у японскіх сюжэтах прадстае і як “вырашэнне” праблемаў і дылемаў, і як “пазбаўленне” ад пачуцця віны ці слабасці, і як сацыяльнае прадпісанне ці ледзьве не… нейкая вычварная язычніцкая спроба пакаяння (харакіры). Часам разумеючы матывацыю, мы можам канстатаваць, што ўсё гэта - трагічныя памылкі. Усведамленне безумоўнай каштоўнасці жыцця, дадзенага і адмеранага чалавеку звыш, і ўсведамленне мажлівасці пакаяння і выпраўлення (што не проста «вой, прабачаюся», а адказная і значная праца над сваім жыццём) ў любой сітуацыі, - павінныя засцерагчы ад падобных учынкаў людзей усіх культур. Дарэчы, на жаль, беларусы па суіцыдзе даўно абагналі японцаў, - лепей бы ў чым іншым іх абганялі…
  Калі падсумаваць сказанае, мы лічым, што знаёмства з японскай гераічнай традыцыяй можа дапамагчы нам шанаваць і нашых, беларускіх дзеячаў – незалежна ад прыналежнасці да той ці іншай палітычнай плыні. Пытанне аб гераізацыі мае вырашацца паводле маральных крытэрыяў.
  Паўстанне 1864 г. прыведзенае тут як прыклад – мы не прэтэндуем на канчатковасць высноваў, а толькі ўказваем, якія крытэрыі ацэнкі мы лічым слушнымі, а якія – не.
  Мы ўказваем на некаторыя рысы японскай традыцыі, якія могуць дапамагчы з адказамі на некаторыя беларускія пытанні. Аднак нашае захапленне японскай традыцыяй – выбарачнае: некаторыя рысы мы лічым за сумныя памылкі культуры.
  Таксама мы сцвярджаем, што спазнанне каштоўнасці мужнага і светлага ўчынку незалежна ад яго паспяховасці можа дапамагчы перадолець боязь няўдачы ці недарэчнасці, - перадолець бар’еры, якія перашкаджаюць беларусам дзейнічаць. У розных вобласцях жыцця.

  Крыніцы:
 
  Айван Моррис «Благородство поражения. Трагический герой в японской истории»
  Инадзо Нитобэ «Бусидо – душа Японии» http://www.mosbudokan.ru/public/bushido0.html

  Антрекот “Япония. Истории времён смуты» http://www.wirade.ru/babylon/babylon_japan_stories.html  

  Мисима Юкио "Хагакурэ Нюмон" (урыўкі з твора Ямамото Цунэтомо "Хагакурэ" з каментарыямі Місімы)

  Марыйка Мартысевіч "Мужчыны якіх мы выбіраем" і інш.

 
  Пра фільмы планую напісаць пазней, але пакуль прывяду мой улюблёны:
  "Последний мечсамурая" / «When the Last Sword is Drawn » / « Mibu gishi den » - фільм  2003 г., рэж. Ёдзіро Такіта. Ну проста каллекцыя традыцыйна-японскіх сцэн і сюжэтаў. Ззяе як дыямент, душу грэе, слязу выбівае, двубояў (і ня толькі "дву-", але і "куча на кучу") - болей чым хапае.
  Дый рызыкну ўзгадаць Нakuouki ("Демоны бледно-розовой сакуры") - анімэ http://ru.wikipedia.org/wiki/Hakuouki Прыгожая ілюстрацыя да тэмы эстэтыкі паразы.
   


Пра Захад 11.05.2013 74

- Гэта мае прыватныя ўражанні, - калі будуць абвінавачваць у фрагментарнасці, то ня буду спрачацца.



- Ёсць імігранты, у тым ліку беларусы, у якіх уражанні ад Бельгіі і бельгійцаў процілеглыя маім. Часам уражанні процілеглыя і ў людзей з адной і той жа сям'і.


- Калісьці чула фразу пра Японію, што, каб яе зразумець, трэба там некалькі год пажыць. Пажыўшы тры гады ў Бельгіі, лічу, што гэтакжа можна сказаць пра кожную краіну.



- Чарка і размовы за жыццё з афрыканцамі бываюць такія ж змястоўныя, як і са славянамі. То залежыць ад людзей.



- Файна, што ёсць месцы, дзе людзі з розных куткоў Зямлі жывуць, працуюць, ядуць і п'юць разам, і трэба, каб такія месцы былі. Кантакты падчас турыстычных і іншых паездак - гэта ня тое.



- Скептычна стаўлюся да размоваў пра духоўны крызіс Захаду. Дакладней, гэта так, толькі ня ведаю, у каго большы духоўны крызіс - мяркую, што ў нас.



- Так жа скептычна - і да сцвярджэнняў пра недахоп пасіянарнасці ў еўрапейцаў. Столькі тут народу валанцёрамі розныя добрыя справы робіць дый па розных Афрыках з гуманітарнымі мэтамі цягаецца - і хіба пасіянарнасць заўсёды праяўляецца ва ўзброеных захопах?..



- Пустыя і паўпустыя храмы - гэта сумна. Але ж і храмаў тут багата. Застаецца спадзявацца, што нашыя цэркаўкі бы не пуставалі, калі бы іх камуністы не разбуралі.



- Згаджуся з пратаіерэем Георгіем Мітрафанавым: "Аб заходняй цывылизацыі можна сказаць словамі Чэрчыля аб дэмакратыі: заходняя цывілізацыя - вельмі секулярызаваная цывілізацыя, але іншай цывілізацыі, у якой хрысціянскія каштоўнасці ажыццявіліся бы ў такой паўнаце, не існуе!"



- Праз навязванне рускай мовы савецкі ўрад міжволі зрабіў паслугу цяперашнім эмігрантам з былога СССР - валоданне рускай мовай падвышае колькасць людзей, з якімі можна пагутарыць.



- Пры гэтым душэўна-каштоўнасная блізасць не залежыць ад блізасці рэгіянальнай - часам з чалавекам з другога кутку Зямлі лягчэй паразумецца, чымсі з суседам. Але з людзьмі з постсавецкай прасторы ў нас больш агульная вобласць ведаў.



- Не магу пасябраваць з чалавекам толькі таму што ён беларус.  



- Расізм (тут так завецца любая ксенафобія) - гэта непрыстойна. Таму адпаведныя выказванні папярэджваюцца завярэннем "я не расіст".



- Але расізм ёсць. Праяўляецца ў прыватных размовах і ў выніках галасаванняў.



- Ёсць тут стр-р-рашныя флямандскія ультраправыя. Але як глянеш выказванні суайчыннікаў у Беларусі, то флямандскія нацыяналісты пададуцца пушыстымі зайкамі.



- Многія лічаць этнічныя анекдоты за дурны тон. Што праўда, этнічныя жартачкі тут злейшыя, чым у нас. Ёсць і зусім няўяўныя для нас анекдоты пра яўрэяў і канцлагеры.



- Суайчыннікі, запомніце: слова "негр" можна казаць, толькі калі ты сам... падпадаеш пад гэтае вызначэнне :-).



- Розніца паміж беларусамі якія жывуць на Захадзе і беларусамі якія паехалі ў Расію: першыя, прыязжаючы дамоў, жахаюцца ад цяжкасці псіхалагічнай атмасферы ў Беларусі, а другія... адпачываюць у "маленькім утульным Мінску".



- Утульна. Свабода, што з Божае ласкі напаўняе заходнееўрапейскае паветра, - яна (у адрозненне ад экстрэмальнага духу вольнае Ўкраіны ці рускай "вольной волюшки") болей лагодная.



- Прыемна, што магу, калі хачу, паесці маслінаў. Ем і думаю: "Каўбасная эміграцыя як яна ёсць".



- Такі прыемна, што, нават калі буду мыць падлогу, мяне будуць зваць "мадам". Асабліва прыемна гэта ў святле таго, што пазначанай працай даводзілася займацца.



- Дарэчы, "нават калі буду мыць падлогу" - фразачка з "нашынскага" менталітэту. Тутака ж падобная праца больш паважаецца. Ёю на палову-чвэрць стаўкі часам займаюцца паважныя хатнія гаспадыні, каб больш падзарабіць.



- Дашчэнту разбурыўся стэрэатып пра нейкую "несапраўднасць" ці недастатковую каларытнасць еўрапейскіх людзей.



- Што нібыта еўрапейскія жанчыны непрыгожыя - брахня! Дакладней - міф. Створаны мужчынамі, якія прызвычыліся ўспрымаць толькі такі вобраз які славянскія жанчынкі вымушаныя на сабе напяльваць-намалёўваць з-за дэмаграфічнай сітуацыі "дзесяць баб на аднаго мужыка".



- У Бельгіі на пікет патрэбны дазвол. Бываюць і праблемы з яго атрыманнем.*



 - Паліцыя стварае прыемнае ўражанне. Ва ўсялякім разе, пакуль ты законапаслухмяны.



- З хамствам паліцэйскіх, аднак, чалавек з маёй сям'і сутыкнуўся. Але ўсё ж на паліцэйскіх магічна падзейнічалі словы "я маю права".



- Французы і бельгійскія франкафоны добра размнажаюцца, тры дзіцёнкі ў сям'і - тут норма. Гэта я для тых, у каго дэмаграфічна-расісцкія апасенні.



- Супэрнебяспечныя кварталы і іншыя сацыяльныя праблемы - гэта ёсць.



- Але часам калі спадарства якое не жыве ў Заходняй Еўропе разважае пра этнакультурныя праблемы на Захадзе, то гэта робіцца падобным на адбітак у крывым люстэрку.



- Напрыклад, палохаюцца колькасці каляровых твараў, забываючыся, што большасць гэтых твараў належыць нармалёва адаптаваным у грамадстве людзям. (Змаўчу і пра колькасць бачаных п'яных ці падазорных з выгляду чыстакроўных еўрапейцаў).  



- Наконт песімістычныхт прагнозаў - паглядзім.



- Спадзяюся, што Госпад захавае Еўропу якую мы любім.



- Спадзяюся, што ў каштоўнаснай барацьбе пераможа ўсё самае светлае, файнае і вясёлае.



- Хачу вярнуцца. У перспектыве.



- Ці можа беларус ў замежжы рэалізаваць сабе як беларус? І не, і так.









* Пра нюансы з палітычнымі акцыямі пісала ў артыкуле "Еўрапейская свабода мітынгаў і налепак" http://bchd.info/index.php?newsid=5865


чытаць іншыя навіны