АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Чырвоны чалавек і чалавек савецкі 08.05.2016 2

Мы двое были белы цветом кожи,
А женщина была черна,
И все же с нами цветом схожа
Среди всех них
была одна она.
Мы шли втроем навстречу глаз свинцу,
Шли взявшись под руки, через расстрел их,
Шли трое красных
через сотни белых,
Шли как пощечина по их лицу.

К.Симонов "Красное и белое"


Вельмі трапна выказваецца Святлана Алексіевіч пра савецкага чалавека - і вельмі няўдала называе яго "чырвоным чалавекам". А мы падхопліваем - і дарма.


Спадарства, савецкі чалавек як тыпаж - аніразу не чырвоны!


Чырвоны - колер сацыяльнай салідарнасці і барацьбы за роўнасць, за правы сацыяльна прыніжаных і эксплуатаваных. Гэта колер рэвалюцыі - мірнай ці нямірнай. Гэта колер Чэ Гевары і Анджэлы Дэвіс, народавольцаў і Чарльза Дыкенса... Спіс доўгі; і ім суседствуюць вялікія гуманісты і тэрарысты, але яднае іх рэвалюцыйная барацьба за свабоду.


Паказальны шлях чырвонага чалавека ў дваццатым і дваццаць першым стагоддзях - жыццяшлях Анджэлы Дэвіс, вучонай, актывісткі і выкладчыцы ўніверсітэта, барацьбіта супраць смяротнага пакарання, дыскрымінацыі і гамафобіі; якая ў маладосці была левым радыкалам і камуністкай, але парвала з амерыканскай кампартыяй калі тая падтрымала ГКЧП.


Чырвоны чалавек спрычыніўся да стварэння страшнага сацлагеру. Але менавіта чырвоны чалавек і дапамог адносна-свабоднаму свету Захада выйграць халодную вайну - рэалізаваўшы левую ідэю ва ўмераным варыянце, што спрычынілася да падвышэння якасці жыцця шырокіх мас на Захадзе, так што перавага дэмакратычных краінаў над аўтарытарнымі зрабілася відавочнай (у часы калі змагаліся Лулумба і Гевара - такой відавочнасці не было, была жорсткая рэальнасць дзікага капіталізму, якую і сёння можна ўбачыць у псеўдачырвоным Кітаі і іншых краінах дзе правы працоўных не абароненыя і пануе эксплуатацыя).


Мяне чырвонай ідэі навучыў не постСССР, а Захад. Дзе людзі добра памятаюць дыкенсаўскую рэальнасць дзікага капіталізма і ўсведамляюць, што для таго каб наяўныя правы і сацыяльныя гарантыі захаваліся, неабходна, каб барацьба за іх не спынялася; дзе свята Першамаю захавала свой аўтэнтычны сэнс, а не ператварылася ў дэманстрацыю вернападданніцкага канфармізму.


Сярод савецкіх людзей былі чырвоныя. Гэта тыя, хто насамрэч верыў у ідэялы роўнасці, дружбы народаў, салідарнасці. Але яны былі ў меньшасці. Часам з-за сваёй веры, выхаванай правільнымі словамі, за якімі імперыя хавала паганыя справы, - апыналіся ў дысідэнтах.


А хома саветыкус у сваіх тыповым выглядзе, з яго канфармізмам, двайной мараллю, прыстасавальніцтвам і страхам - не чырвоны. Ён ці шэра-бура-малінавы, ці проста шэры, ці нават падманліва-белы як сталінскі мундзір з пагонамі. Яго, гэтага баязлівага і таталітарнага прыстасавальніка, і варта з сабе выціскваць.


Настальгія па Саюзу, які насамрэч быў не саюзам а імперыяй, нясенне кветак на магілу Сталіна - усё гэта зусім не чырвонае. Гэта контррэвалюцыя у дрэнным значэнні гэтага слова. А чырвоны чалавек - гэта рэвалюцыянер. Шукайма яго хоць у антыдыскрымінацыйнай плыні, хоць сярод анархістаў, хоць у асобе Пятра Паўленскага і аматараў ягонага мастацтва - але ў рэвалюцыі. Там, дзе ёсць барацьба за свабоду і справядлівасць.


На жаль, вельмі часта ў гісторыі, а то і ў сучаснасці, чырвоны чалавек скептычна ставіцца да Царквы. Але ў гэтым столькі ж віны хрысціянаў і царквы з маленькай літары, колькі ў чырвоным чалавеку - хрысціянскага. Хрысціянскага жадання дабра людзям і барацьбы за іх правы, барацьбы супраць зла. На жаль, часам хрысціяне не падтрымлівалі барацьбу за свабоду і за правы чалавека, а то і надварот заклікалі да згоды з несвабодай і несправядлівасцю - і гэта зрабілася спакусай для чырвонага чалавека. На шчасце, у многіх выпадках спакуса гэтая перадоленая.


У сваім мірным варыянце (з хрысціянскай павагай да асобы і да прыватнай уласнасці) чырвоны чалавек змяніў свет да лепшага. І працягвае гэта рабіць.

Тыбецкая маніфестацыя 20.09.2013 6

Скандаванні і стракатыя сцягі прывабілі ўвагу – трэба ж паглядзець, за што маніфестуюць. То было ў цэнтры Брусэля.


Аказалася – тыбецкая дыяспара змагаецца за незалежнасць Тыбета - і супраць катаванняў тыбецкіх вязняў кітайскімі ўладамі. Гэта было ясна са скандаванняў: « Годзе катаваць вязняў у Тыбеце! Годзе катаваць вязняў у Тыбеце! Чаго мы хочам? - Мы хочам свабоды! Чаго мы хочам? - Мы хочам справядлівасці!..»


Паняткі «свабода» і «праўда» стаяць поруч – такое часта бывае ў экстрэмальных умовах. Многім беларусам гэта знаёма.


Іншая культура – іншая расстаноўка. Азіяцкая. Тое, як геаметрычна-прама стаялі людзі, як перпендыкулярна трымалі сцягі, які размераны быў рытм скандаванняў, - нагадала геаметрычнасць і пустату фонаў, бачаныя, напрыклад, у фільме «Герой»*. Натуральная прамата, адмеранасць і рытмічнасць – у гэтым бачылася азіяцкая структура...


І гэтую структуру напаўняў жывы боль.


Акрамя болю, адчувалася мужнасць і дух свабоды з азіяцкім тварам. Апошняе вам добра знаёма, калі любіце ўсходняе кіно.


(Заўвага: фота ўзятае з паведамлення пра іншую падобную акцыю)


Я ўжыла тэрмін «змагаецца». Якое змаганне ў Брусэлі? Але паводле ўражання, паводле настойлівасці, якая праяўлялася ў няспыннасці скандаванняў, - слова падыходзіць.


Людзі добра пастараліся. Было ўкладзена істотнае. Шчырасць і ўпартасць. І, мяркую, істотная рызыка – у кітайскага ўраду рукі доўгія, могуць і да Брусэля дастаць. А тыя людзі, для каго арганізацыя і ўдзел і ня неслі непасрэднай небяспекі - уклалі сваю гатоўнасць пайсці на яе, калі спатрэбіцца, і шчырасць - і гэта разносілася ў паветры выразным рытмам...


Упэўненая, што гэтая акцыя эфектыўная.


Цікава, што не знайшла, хаця і шукала, навінаў менавіта пра гэтую акцыю, хаця ў сеціве поўна паведамленняў пра іншыя акцыі за Тыбет (з аднаго з такіх паведамленняў узятае прыведенае тут фота). Падобна, што бачанае было звычайнай, шэраговай з'явай. Значыць, людзі настойліва працуюць.


Для мяне гэта быў цудадзейны прыклад дзеяння ў замежжы. Але тут складальнік эфекту – боль.


* «Герой» - фільм 2002 г., рэж.Чжан Імоў, у гал.ролі Джэт Лі.

Пра Захад 11.05.2013 74

- Гэта мае прыватныя ўражанні, - калі будуць абвінавачваць у фрагментарнасці, то ня буду спрачацца.



- Ёсць імігранты, у тым ліку беларусы, у якіх уражанні ад Бельгіі і бельгійцаў процілеглыя маім. Часам уражанні процілеглыя і ў людзей з адной і той жа сям'і.


- Калісьці чула фразу пра Японію, што, каб яе зразумець, трэба там некалькі год пажыць. Пажыўшы тры гады ў Бельгіі, лічу, што гэтакжа можна сказаць пра кожную краіну.



- Чарка і размовы за жыццё з афрыканцамі бываюць такія ж змястоўныя, як і са славянамі. То залежыць ад людзей.



- Файна, што ёсць месцы, дзе людзі з розных куткоў Зямлі жывуць, працуюць, ядуць і п'юць разам, і трэба, каб такія месцы былі. Кантакты падчас турыстычных і іншых паездак - гэта ня тое.



- Скептычна стаўлюся да размоваў пра духоўны крызіс Захаду. Дакладней, гэта так, толькі ня ведаю, у каго большы духоўны крызіс - мяркую, што ў нас.



- Так жа скептычна - і да сцвярджэнняў пра недахоп пасіянарнасці ў еўрапейцаў. Столькі тут народу валанцёрамі розныя добрыя справы робіць дый па розных Афрыках з гуманітарнымі мэтамі цягаецца - і хіба пасіянарнасць заўсёды праяўляецца ва ўзброеных захопах?..



- Пустыя і паўпустыя храмы - гэта сумна. Але ж і храмаў тут багата. Застаецца спадзявацца, што нашыя цэркаўкі бы не пуставалі, калі бы іх камуністы не разбуралі.



- Згаджуся з пратаіерэем Георгіем Мітрафанавым: "Аб заходняй цывылизацыі можна сказаць словамі Чэрчыля аб дэмакратыі: заходняя цывілізацыя - вельмі секулярызаваная цывілізацыя, але іншай цывілізацыі, у якой хрысціянскія каштоўнасці ажыццявіліся бы ў такой паўнаце, не існуе!"



- Праз навязванне рускай мовы савецкі ўрад міжволі зрабіў паслугу цяперашнім эмігрантам з былога СССР - валоданне рускай мовай падвышае колькасць людзей, з якімі можна пагутарыць.



- Пры гэтым душэўна-каштоўнасная блізасць не залежыць ад блізасці рэгіянальнай - часам з чалавекам з другога кутку Зямлі лягчэй паразумецца, чымсі з суседам. Але з людзьмі з постсавецкай прасторы ў нас больш агульная вобласць ведаў.



- Не магу пасябраваць з чалавекам толькі таму што ён беларус.  



- Расізм (тут так завецца любая ксенафобія) - гэта непрыстойна. Таму адпаведныя выказванні папярэджваюцца завярэннем "я не расіст".



- Але расізм ёсць. Праяўляецца ў прыватных размовах і ў выніках галасаванняў.



- Ёсць тут стр-р-рашныя флямандскія ультраправыя. Але як глянеш выказванні суайчыннікаў у Беларусі, то флямандскія нацыяналісты пададуцца пушыстымі зайкамі.



- Многія лічаць этнічныя анекдоты за дурны тон. Што праўда, этнічныя жартачкі тут злейшыя, чым у нас. Ёсць і зусім няўяўныя для нас анекдоты пра яўрэяў і канцлагеры.



- Суайчыннікі, запомніце: слова "негр" можна казаць, толькі калі ты сам... падпадаеш пад гэтае вызначэнне :-).



- Розніца паміж беларусамі якія жывуць на Захадзе і беларусамі якія паехалі ў Расію: першыя, прыязжаючы дамоў, жахаюцца ад цяжкасці псіхалагічнай атмасферы ў Беларусі, а другія... адпачываюць у "маленькім утульным Мінску".



- Утульна. Свабода, што з Божае ласкі напаўняе заходнееўрапейскае паветра, - яна (у адрозненне ад экстрэмальнага духу вольнае Ўкраіны ці рускай "вольной волюшки") болей лагодная.



- Прыемна, што магу, калі хачу, паесці маслінаў. Ем і думаю: "Каўбасная эміграцыя як яна ёсць".



- Такі прыемна, што, нават калі буду мыць падлогу, мяне будуць зваць "мадам". Асабліва прыемна гэта ў святле таго, што пазначанай працай даводзілася займацца.



- Дарэчы, "нават калі буду мыць падлогу" - фразачка з "нашынскага" менталітэту. Тутака ж падобная праца больш паважаецца. Ёю на палову-чвэрць стаўкі часам займаюцца паважныя хатнія гаспадыні, каб больш падзарабіць.



- Дашчэнту разбурыўся стэрэатып пра нейкую "несапраўднасць" ці недастатковую каларытнасць еўрапейскіх людзей.



- Што нібыта еўрапейскія жанчыны непрыгожыя - брахня! Дакладней - міф. Створаны мужчынамі, якія прызвычыліся ўспрымаць толькі такі вобраз які славянскія жанчынкі вымушаныя на сабе напяльваць-намалёўваць з-за дэмаграфічнай сітуацыі "дзесяць баб на аднаго мужыка".



- У Бельгіі на пікет патрэбны дазвол. Бываюць і праблемы з яго атрыманнем.*



 - Паліцыя стварае прыемнае ўражанне. Ва ўсялякім разе, пакуль ты законапаслухмяны.



- З хамствам паліцэйскіх, аднак, чалавек з маёй сям'і сутыкнуўся. Але ўсё ж на паліцэйскіх магічна падзейнічалі словы "я маю права".



- Французы і бельгійскія франкафоны добра размнажаюцца, тры дзіцёнкі ў сям'і - тут норма. Гэта я для тых, у каго дэмаграфічна-расісцкія апасенні.



- Супэрнебяспечныя кварталы і іншыя сацыяльныя праблемы - гэта ёсць.



- Але часам калі спадарства якое не жыве ў Заходняй Еўропе разважае пра этнакультурныя праблемы на Захадзе, то гэта робіцца падобным на адбітак у крывым люстэрку.



- Напрыклад, палохаюцца колькасці каляровых твараў, забываючыся, што большасць гэтых твараў належыць нармалёва адаптаваным у грамадстве людзям. (Змаўчу і пра колькасць бачаных п'яных ці падазорных з выгляду чыстакроўных еўрапейцаў).  



- Наконт песімістычныхт прагнозаў - паглядзім.



- Спадзяюся, што Госпад захавае Еўропу якую мы любім.



- Спадзяюся, што ў каштоўнаснай барацьбе пераможа ўсё самае светлае, файнае і вясёлае.



- Хачу вярнуцца. У перспектыве.



- Ці можа беларус ў замежжы рэалізаваць сабе як беларус? І не, і так.









* Пра нюансы з палітычнымі акцыямі пісала ў артыкуле "Еўрапейская свабода мітынгаў і налепак" http://bchd.info/index.php?newsid=5865


чытаць іншыя навіны