АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Шпіёнаманія Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Забойства Паўла Шарамета

Прага да помсты 25.02.2014 5

«Хай выстаіць Майдан!» - гэтыя словы сталіся для мяне адным з найпершых жаданняў сэрца. Начамі сніліся салодкія сны пра перамогу; потым уключала кампутар, баючыся… І няглядзячы на ўвесь жах, радавалася таму, што тыя храбрыя людзі яшчэ стаяць.

Самае шчырае захапленне выклікала тое, што было бачна ў прамым эфіры з камеры ўкраінскага Радыё Свабода: гучаць стрэлы і выбухі - а людзі не разыходзяцца…

Але як можна растлумачыць тыя заклікі з боку пераможцаў, якія часам гучаць? Настойлівае жаданне пакараць усіх-усіх вінаватых, словы і жаданні, што найбольш нагадваюць помсту?..

Я не кажу пра людзей, якія страцілі блізкіх - не паварочваецца язык разважаць на тэму іхніх пачуццяў… Я кажу пра ўсіх астатніх, хто спачуваў і дапамагаў Майдану. Няўжо не зразумела, што прыхільнікі жорсткасці ўжо атрымалі самае важкое пакаранне?

Я пра паразу. Пра тое, што прыхільнікі рэпрэсій і сілавых сцэнараў рознай ступені жорсткасці атрымалі самае значнае грамадскае пакаранне - яны прайгралі, пагарэлі на гэтым! Тыя, хто заахвочваў Януковіча да сілавога разгону, прапанаваў яму крывавыя рэцэпты змагання, жадалі перамогі праз чалавечы страх - з’елі на гэтым сабаку!  І хай ядуць яны гэтага сабаку. Пад самымі разнастайнымі соўсамі. Тыя, хто думалі, што людзі, у сэрцы якіх ёсць любоў да свабоды і Айчыны, разбягуцца як міленькія ад грому шыльдаў, ад дубінаў - ці ад стрэлаў…

Смачна есці!.. Як па мне, дык іншых пакаранняў і не патрэбна.

Дакладней, патрэбна - але маюць быць пакаранымі толькі тыя, чыя віна бясспрэчная і даказаная, і хто сапраўды дакладна парушаў закон. Хто страляў у людзей, аддаючы выконваючы загады, беззаконнасць якіх бясспрэчная. Хай з гэтым бясстрасна разбіраюцца прафесіяналы.

Прынамсі, асаблівая тэма - беркутаўцы. Хацелася б, каб да законнай адказнасці прыцягваліся толькі тыя, хто дакладна рабіў беззаконне - калі, напрыклад, нейкім чынам дакладна выявяць тых асобаў, якія распраналі чалавека на марозе, перашкаджалі медыкам ратаваць людзей. Зрэшты, баюся даваць ацэнкі, бо я не юрыст. А наконт маральных ацэнак - на тое ёсць інстанцыі многа вышэйшыя за зямныя… Што да зямных - можна ўлічыць і такі псіхалагічны фактар, як сістэма, у якой гадавалася гэтае спецпадраздзяленне.

Ці давайце пасадзіце мяне ў турму на некалькі месяцаў за супрацоўніцтва з беларускай дыктатурай. Вось спіс правінаў: вадзіла дзяцей на прэзідэнцкія хакеі і іншыя мерапрыемствы, прызначаныя для псіхалагічнай апрацоўкі насельніцтва; агітавала ўступаць у піянеры і ў БРСМ. Ну, я пастараюся паапраўдвацца, тым што першае было выкананнем загаду, а ў стваральны патэнцыял другога я сапраўды верыла.

І яшчэ пра беркутаўцаў: чаму мы не шкадуем тых, хто загінуў з іхняга боку? Яны таксама ахвяры рэжыму. І не факт, што тыя, хто загінуў, збівалі медсясцёр ці распраналі чалавека на марозе. Мажліва, ніхто з тых, хто загінуў, не быў здольны на такія злачынствы. Тым больш, што злыя людзі часам бываюць хітрэйшыя і лепей ратуюць сабе.

А калі і былі здольныя, і рабілі - што, ў нас саміх мала жорсткасці, каб мы былі так упэўненыя ва ўласнай няздольнасці да злачынства?..  

P.S. Калі Лукашэнка нарэшце страціць уладу (спадзяюся, што пасля таго ён будзе яшчэ доўга і нядрэнна жыць) - хацелася б, каб яму ўдалося збегчы. Трэці, чацьвёрты тэрмін улады трэба забараніць хаця б з-за той шкоды для псіхічнага здароўя, якую гэтая практыка нясе (паглядзіце на Пуціна - як ён змяніўся! Якія адыёзныя канструкцыі і колькі дэмагогіі з'явілася ў ягонай мове - а раней жа рэдка казаў дурное!). Дала б крыху, калі б якія людзі скідваліся беларускаму экс-прэзідэнту на квіток у нейкі санаторый на цёплым востраве, - хай бы там папраўляў здароўе, пашкоджанае пабочнымі эфектамі неабмежаванае ўлады. Тым больш што страта ўлады ў такой сітуацыі - надта жорсткае выпрабаванне.

P.P.S. Патрыярх Кірыл дабраславіў усю Рускую Праваслаўную Царкву маліцца аб Украіне. Тут тэкст малітвы http://www.pravmir.ru/patriarx-kirill-blagoslovil-vsyu-russkuyu-cerkov-molitsya-ob-ukraine/  

Верыць у апанента 03.02.2014 6

Кажуць, калі чалавека чатыры разы назваць свіннёй – на пяты ён зарохкае.

Януковіч яшчэ не “зарохкаў” настолькі, наколькі яго абзываюць...

У дзіўную сітуацыю трапіў чалавек: калі ён робіць што дрэннае – лічаць за сволач і дыктатара; але ж калі робіць нешта лепшае (прабачце, але выказваюся паводле пра-майданаўскай пазіцыі, якую падзяляю), калі йдзе на саступкі, то... таксама называюць дыктатарам і мяркуюць, што ўсё гэта толькі пад ціскам...

Ціск ціскам, але Януковіч праўда не зрабіў многа зла, якое тэарэтычна мог бы зрабіць. Ён не ўхваліў жорсткія дзеянні беркутаўцаў. Ён пакуль не паддаўся на заклікі ўвесці надзвычайны стан ці паклікаць расійскія войскі... Ці толькі справа ў страху, у іміджы і ў ціску? Чаму мы прыпісваем яму толькі такія матывацыі? А можа, ён і праўда не гатовы да жорсткасці? Ці  НЕ НАСТОЛЬКІ гатовы?..

Згодная з жартаўлівым выказваннем, што да людзей трэба ставіцца як да катоў: не нагадзіў – ўжо малайчына. Януковіч калі і нагадзіў, то... не настолькі, наколькі мог бы.

Спадзяюся, што ён вырашыць пайсці ў адстаўку. І спадзяюся, што Клічко і некаторыя іншыя лідары ды ўвесь Майдан яму за гэта моцна ПАДЗЯКУЮЦЬ, УХВАЛЯЦЬ і выкажуць ПАВАГУ!..

Шкада, калі ён зробіць гэта з тае матывацыі, што не захоча крыві, - а гэта ні на грам не ацэняць. Калі так ставіцца – то гэтым можна толькі перашкодзіць чалавеку прыняць рашэнне. Цяжка, калі правільныя ўчынкі не ўхваляюцца...

Гандзі вучыў паважаць апанента, заўсёды верыць у ягоныя лепшыя пачуцці і матывацыі, і яшчэ - заўсёды даваць апаненту магчымасць захаваць твар...

Спадзяюся, што дэмакратычна настроеныя беларусы і ўкраінцы азнаёмяцца з ідэямі мірнага супраціву паводле М. Гандзі і М.Л. Кінга. Што беларускі і ўкраінскі нацыянальныя рухі будуць усё больш набываць тую паважлівую высакароднасць, якую праявілі Гандзі, Кінг і іхнія адзінадумцы.

...Будзьма маліцца за ўкраінцаў. Прынамсі, за тых, хто паранены, хто ў небяспецы... на любым з бакоў. Ну і заўсёды ёсць мажлівасць дапамагчы якімсьці чынам. Вось напрыклад:


P.S. Грошы на лекаванне Ольгі Галушко збірае яе мацi. Ніякіх братоў (якія цудадзейна аб'явіліся) няма (ужо заведзеная справа наконт махлярства). Кантакты, прыведзеныя тут, крыху зверыла, - яны нармальныя.

Спадзевы на цуд 24.01.2014 2

Захапляюся людзьмі, якія не баяцца стрэлаў, якія гатовыя рашуча аддаць жыццё за сваю (і не толькі сваю...) краіну.

Гэта не першы раз, калі захапленне выклікаюць людзі, чые дзеянні лічу памылковымі...

І калі захапленне храбрасцю людзей змяшваецца з болем. Бо разумею, што для многіх актывістаў некаторыя іх суайчыннікі зрабіліся не людзьмі, а толькі бязлікімі ворагамі. Разумею, што ў падраздзяленнях кшталту “Беркута” падборка людзей спецыфічная; дый, на жаль, сама не магу пахваліцца здольнасцю стрымліваць нянавісць... Але ж я не асуджаю, а толькі крытыкую, і не эмоцыі, а схемы менталітэта.

Кактэйлі Молатава на Майдане – царскі падарунак для ўраду Януковіча. Бо гвалт і бойкі – гэта мова, на якой ураду значна лягчэй размаўляць. Гвалтоўныя дзеянні – гатовая санкцыя на прымяненне сілы. А там лягчэй і маніпуляваць грамадскай свядомасцю, выкарыстоўваючы аргументы кшталту “яны першыя пачалі”, “а што рабіць” і г.д.

Што здарылася? Падаецца, бываюць сітуацыі, калі, зрабіўшы ўсё магчымае са свайго боку, варта проста пачакаць. А маладыя рашучыя людзі хочуць хуткіх вынікаў...  

Падзеі ва Ўкраіне бурляць, непрадказальныя як сам чалавечы фактар; час ад часу сітуацыя разварочваецца на ўсе 180 градусаў. Зараз яны пачалі разварочвацца ў жахлівы бок, у бок экстрэмізму і нянавісці.

Падчас украінскіх падзеяў ўжо адбыўся адзін цуд. Маю на ўвазе ноч на 11 снежня, спробу разгону, калі ў цэнтр Кіева падцягваліся войскі, калі пачаліся спробы выціснуць дэманстрантаў; людзі не аказвалі гвалтоўнага супраціву, але не адступалі колькі было сілы дый маліліся, - і астатняе давяршыў цуд; адсутнасць загаду на жорсткі разгон ці яшчэ нейкія фактары, якія паўплывалі на вынік у тую ноч, я лічу за кампаненты гэтага цуду...
Шчыра спадзяюся, што адбудзецца яшчэ адзін цуд - што пратэст зноў зробіцца мірным. Што народ не адступіць, што Майдан выстаіць, - але ня будзе і гвалту. З боку дэманстрантаў. Так, экстрэмісцкія дзеянні з боку дэманстрантаў мяне турбуюць больш, чым агідныя паводзіны спецвойскаў - бо хацелася б, каб на баку дэманстрантаў заставалася праўда.

Сама не гарантую, што не збегла бы, толькі пабачыўшы шэрагі амапаўцаў ці "беркутаў". Але ж наконт падзеяў ва Ўкраіне - працягваю спадзявацца на цуд.



P.S. Паводзіны некаторых прадстаўнікоў духавенства http://www.pravoslavie.ru/jurnal/67767.htm  http://www.pravoslavie.ru/news/67764.htm і акцыя жанчын http://www.svaboda.org/content/article/25241059.html узмацняюць гэты спадзеў... Калі ж хто лічыць за прыніжэннем станавіцца на калені - хай сам паспрабуе паўтарыць падобную акцыю, ці проста ўзгадае, што пазначаныя жанчыны прасілі не за сабе.

P. P. S. Дарэчы, калі хто ведае, - падкажыце: якія з лідэраў, актывістаў і арганізацый украінскай апазіцыі найбольш прынцыпова прытрымліваюцца мірнага характару пратэсту?  


Мы адказныя за тое, да чаго падключыліся 22.12.2013 5

Падчас абмеркаванне падзеяў ва Ўкраіне, дапусціла дурнавата-агрэсіўнае русафобскае выказванне - і ня толькі пашкадавала, але і спалохалася…

Выбачаюся, калі мяне «заносіць» у акультызм (і не прэтэндую на багаслоўскую дакладнасць), - але кожны раз, калі мае пачуцці і прыхільнасці пэцкаюцца злобай, адчуваю, што быццам бы забруджваю не толькі ўласную душу, але і тое самае, што люблю. А зараз, паколькі мяне неяк падхапіла плынь украінскага вызвольнага руху, - узнікла адчуванне, што, калі буду дапускаць злобу і нястрыманасць, гэта будзе тое ж самае, калі б хто прыйшоў на Майдан і нагадзіў. Мы «падключаемся» да таго, што мы любім і падтрымліваем; калі мы нясем зло, мы пэцкаем і тое, да чаго «падключыліся».

Калі юнака, які любіць хэві-метал, заносіць у сатанізм, - ён пэцкае і псуе прыгажосць гэтае музыкі і тае радасці, якую яна нясе… Гэтакжасама і з іншымі калектыўнымі ўтварэннямі. Да прыкладу, прыступы русафобіі ў мяне даўно выклікаюць адчуванне, што, кожны раз, калі не ўдаецца стрымацца ад гэнае брыдоты, - гэтым самым пэцкаю і псую беларускую нацыянальную ідэю; уношу негатыўны «унёсак» у тое духоўна-душэўна-грамадскае ўтварэнне, якое гэтая ідэя сабою ўяўляе. Часам (калі не заўсёды) мы адказныя за тое, да чаго далучыліся.

Выбачылася, пакаялася… Кожны раз, калі узнікае агрэсія, трэба яе стрымліваць; а калі раптам нагадзілі - прыбраць за сабой… Агрэсія калі і прыносіць нейкі станоўчы вынік, то толькі тады, калі яна стрыманая і перасэнсаваная; калі яе, з Божай дапамогай, адхіліць убок халодная развага… Дарэчы, калі ўдаецца стрымаць злосць і проста паразважаць, - часам узнікае разумнае слова, якое не крыўдзіць апанента, але пралівае святло на ягоныя памылкі; што ж да ягоных праўдаў - то яны аказваюцца зусім не варожымі…

У чым бы мы ня ўдзельнічалі, які б калектыўны "пірог" не замешвалі, - варта рабіць гэта з добразычлівасцю і развагай, каб прадукт стаўся карысным і смачным, а не надварот. Любая грамадская справа мае рабіцца з добразычлівасцю да ўсіх людзей і з шуканнем праўды… Кажу гэта не таму, што гэта ў мяне добра атрымліваецца, а таму, што хацела б да таго імкнуцца…

Будзьма малітоўна (і не толькі) падтрымліваць украінцаў і Майдан!..

Пра еднасць славянаў 09.12.2013 10

Хто хоча заахвоціць беларусаў ці ўкраіцаў кінуцца у абдымкі расійскае дыктатуры, той часам здзяйсняе занятную падмену паняткаў.

Эксплуатуюцца такія добрыя (у сваёй аснове) катэгорыі, як духоўная еднасць, святая Русь, “славянам трэба трымацца разам”... Пры гэтым сітуацыя прадстаўляецца так, як быццам бы эканамічна-палітычны саюз з цяперашняй расійскай дзяржавай ёсць рэалізацыяй гэтых самых каштоўнасцяў.

Акуратна забываецца спадарства на тое, што цяперашняя расійская сістэма, з яе алігархіяй, карупцыяй і вычварнымі праявамі непавагі да чалавека – наўрад ці падыходзіць пад вызначэнне “святая Русь”; што эканоміка-палітычная інтэграцыя з гэтым утварэннем наўрад ці паспрыяе духоўнай еднасці ўсходніх хрысціянаў – затое дакладна паспрыяе прыходу драпежніцкага капіталізму расійскіх алігархаў; што яднанне, якое прапануе цяперашняя Расія – гэта яднанне зусім не духоўнае і не культурнае; што, для захавання і развіцця культуры і духоўнасці славянам зусім непатрэбна, каб іхнія мафіі ўзмацняліся і аб’ядноўваліся; што няма доказаў, каб еўраінтэграцыя перашкаджала творчаму супрацоўніцтву славян і развіццю славянскай духоўнай культуры – затое гэтаму дакладна перашкаджае палітыка, якая падаўляе нацыянальную своеасаблівасць і разнастайнасць славянскіх народаў; што, нарэшце, дыктатура – сумнеўная “дапамога” ў справе рэалізацыі маральных і духоўных каштоўнасцяў народа.

Якую еднасць прапануе цяперашні Крэмль? Пра якія каштоўнасці йдзе гаворка, калі ад Януковіча патрабуюць жорсткага навядзення парадку, прымянення сілы супраць уласнага народу? Адразу бачна, якая тут еднасць... Каб не распаляць русафобіі, узгадаем, што і да ўласнага народу расійскія палітыкі гэтакжасама ставяцца.  

Еднасць славянаў – рэч патрэбная. І ня толькі славянаў, але і ўсіх народаў - калі гаворка ідзе пра еднасць на падставе сапраўдных каштоўнасцяў. Такіх, напрыклад, як любоў да Радзімы, павага да кожнага чалавека і ягонай свабоды, павага да ўласнай культуры і да іншых народаў, салідарнасць... Еднасць такога кшталту і прадэманстравалі беларусы на Майдане ці рускія на Плошчы 2006 г. у Мінску...

Калі казаць пра духоўную еднасць, то адзін са спосабаў зараз яе прадэманстраваць – гэта маліцца за людзей ва Ўкраіне! І найперш аб тым, каб усе засталіся жывымі і здаровымі фізічна і маральна, – і дэманстранты, і ўсе астатнія, уключаючы міліцыянтаў...

Дарэчы, хто ведае – можа, сядзіць зараз у аўтобусе са спецназам які-небудзь хлопец, які моцна-моцна жадае, каб не было загаду збіваць людзей. Бо ўжо вырашыў, што такіх загадаў ня будзе выконваць... А каб усё выйшла добра, каб людзі з абодвух бакоў утрымаліся ад зла – за іх трэба маліцца.

З нагоды Еўрамайдану 05.12.2013 7


Тры рэчы моцна радуюць сэрца з нагоды падзеяў ва Ўкраіне.

Па-першае – той эфект, які зрабіў начны разгон Майдану ў мінулую нядзелю; той факт, што эфект тут аказаўся роўна процілеглым таму, на які разлічвалі ўлады!.. Грамадства, абуранае жорсткім разгонам, хлынула на вуліцы і плошчы ў такіх вялізных колькасцях, якіх, мажліва, і не было бы, калі б не жорсткія дзеянні “Беркута”. Так трымаць!!!.. Самае цудоўнае пакаранне для прыхільнікаў жорсткіх метадаў – дазнацца, што падобныя метады ня дзейнічаюць, што вольналюбівыя праявы чалавечай душы не заўжды спыніш рэпрэсіўным апаратам...

І, калі ўжо гаварыць пра гэткі маральны складальнік – адзначу, што цяперашні выбух грамадзянскае актыўнасці ўкраінцаў ні ў якім разе не з’яўляецца нагодай абвінавачваць беларусаў у недастатковай адвазе. Гэта ледзьве не тое ж самае, што абвінавачваць людзей ў тым, што не выходзілі на плошчы ў часы сталіншчыны. Нездарма, беларуска, якая апынулася ў гушчы падзеяў у ноч калі адбыўся разгон, кажа: усё адно нашмат меней страшна, чым у Беларусі...  

...Па-другое, нагодай для радасці ёсць усведамленне, што для ўдзелу ў гэтых пратэстах грамадзянам Украіны ну зусім не патрэбныя русафобскіх ці нават моцна “заходніцкіх” настрояў. Дастаткова жадання жыць у рацыянальна арганізаванай, прававой дзяржаве.

На дадзеным этапе, мяркую, выбар “ЕЗ ці Расія” – не “цывілізацыйны”, а прававы. Нават калі ўкраінец з’яўляецца гарачым прыхільнікам расійскай культуры, святой Русі ці нат ідэі “Рускага свету”, - усё адно яму цяжка не зразумець, што з Расіяй – на дадзеным этапе! - ня варта ўступаць у палітычныя ці эканамічныя звязы. Цяперняя расійская дзяржава – гэта, на жаль, не Святая Русь, а алігархічная дыктатура, што імкліва робіцца ўсё больш рэпрэсіўнай. Таму - нават для пазначанага абстрактнага ўкраінца-славянафіла - лепей сваю любоў да Расіі выражаць у культурным і духоўным супрацоўніцтве, але ўступленне ў якіясьці саюзы адкласці да той пары, пакуль Расія эвалюцыяніруе ў адэкватную і вольную дзяржаву.

Цяперашняя Еўропа – далёка не ідэал. Хапае праблем, багата і людзей, якія апынуліся ў экстрэмальнай сітуацыі, і з’яваў, якія змушаюць сумнявацца ў дэмакратычнасці, і антыхрысціянскіх выпадаў, і нерацыянальных і дзіўных рэчаў...  Але ўсё ж на еўрапейскім Захадзе сістэмы функцыяніруюць рацыянальна; ёсць апрыёрная павага да чалавека; быць карупцыянерам тут небяспечна, абкрадаць народ – складана; ёсць сацыяльныя гарантыі; а ў інстанцыях да чалавека ставяцца паважліва й ветліва. На ўсё гэта ёсць мноства брыдкіх выключэнняў, - але яны пакуль што не перакулілі правілаў.  

Што ж датычыцца хрысціянскіх каштоўнасцяў – цяжка сказаць, дзе з гэтым горай: ці ў секулярнай Еўропе, ці у Расіі, у якой праваслаўе часам выкарыстоўваецца як брэнд-антураж. Асабліва калі браць за крытэрый стаўленне да людзей... Ну ды гэта асобны сюжэт, не хапае ў мяне духоўнага разумення, каб вызначыць, дзе больш благадаці ці дэманізму...

...Ну і трэцяе, што радуе, - падтрымка пратэстаў з боку прадстаўнікоў украінскіх уладаў і СМІ. Дарэчы, менавіта гэты паказальнік адлюстроўвае, наколькі розныя сітуацыі ва Ўкраіне і ў Беларусі. Парадуемся хаця б на такі (які паведамляе пра акцыю ў падтрымку Майдану перад украінскай амбасадай у Брусэлі): “Але більшість часу українці співали народних пісень, які оцінила навіть бельгійська поліція. /.../ Наприкінці до активістів вийшов Посол України в Бельгії  /.../ Він подякував українцям, які прийшли під посольство і сказав, що розуміє їх прагнення, оскільки його донька в Києві теж на Майдані.” “Пра доньку мог бы і прамаўчаць”, - адкаментавала ў маёй галаве беларуская паранойя.

У агульным жа, вельмі радасна бачыць цяперашні уздым грамадзянскай актыўнасці ў суседзяў. Спадзяюся, і на Беларусь перакінецца. Спадзяюся таксама, што гэты ўздым застанецца чыстым і радасным, вольным ад хлусні, страхаў і нянавісці. І што гэты імпульс ў любым выпадку выльецца ў стваральную працу, у дзеянні, якія ў розных адносінах палепшаць жыццё людзей.

чытаць іншыя навіны

Маргарита Тарайкевич