АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Шпіёнаманія Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Забойства Паўла Шарамета

Меч у руцэ паэта, ці Эгаістычная рамантыка тэрору 09.07.2014 4

                                                                                        Юкио Мисима. Скажите, Юкио Мисима,
                                                                                        кому вы оставили страшную вашу страну?
                                                                                        Марина Муляр "Японский календарь"
Беларусы ў Бельгіі дасылалі цацачную зброю расіянам, якія распальваюць нянавісць да ўкраінцаў, паказваючы, што гэтыя людзі, відавочна, не дагулялі ў вайну http://www.novayagazeta.ru/news/1684403.html .

Сатыра датычылася тых, хто правакуе варожасць, седзячы на канапе, майструючы відэамантажы ці ў інтэрв'ю заклікаючы забіваць. Але ж зусім не хацелася б, каб цацачныя рэвальверы і салдацікі былі расцэненыя як здзек з іншай катэгорыі змагароў за шалёныя рускiя фантазіі - рамантыкаў, якія спачатку пісалі кнігі, а потым пачалі рэалізаваць... Во, палюбуйцеся: http://ru-bykov.livejournal.com/1960414.html . (Цікавую думку наконт данецкіх баевікоў/байцоў/бандытаў/тэрарыстаў/апалчэнцаў Д. Быкаў, выказаў і тут http://www.echomsk.spb.ru/projects/intervyu-na-ehe-moskvy/donetsk-rossiyskiy-izrail.html ).
Можа, ім дакладна бы лепей гуляцца ў цацкі; ва ўсялякім разе, то нясло бы меней бяды нон-камбатантам. Але ня буду здзеквацца з людзей, чыя гармонія пяра і мяча мне эстэтычна блізкая.

Меч у руцэ паэта - дрэнная прыкмета, спявалася ў адной песні пра Юкіо Місіму... Місіма быў шалёны мужык: японскі пісьменнік на свае сродкі стварыў міні-армію, спрабаваў падняць бунт на базе; а калі салдаты японскіх сілаў самаабароны, перад якімі ён выступіў з палымянай прамовай, паслалі яго на, - зрабіў харакіры, трагедыйнае шматкроп'е.
Болей удалы (але і горшы паводле наступствах кшталту смерці камбатантаў і нон-камбатантаў) прыклад драйва пяра і мяча - Патрык Пірс. У пачатку 20 ст. у Ірляндыі ідэя ўзброенай барацьбы падвыйшла з моды, - але паэт Патрык Пірс лічыў, што менавіта гэта ёсць шляхам да вызвалення, праштурхоўваючы ідэю, што нацыя будуецца на крывавым самаахвяраванні патрыятычных мужчын і жанчын (дзякуй спадару за фемінізм, шчэ ён так гожа пацісваў рукі дзяўчынкам на барыкадаў...). Захапіў спадар Пірс з паплечнікамі галоўпаштамт, гісторыя была рамантычная... ідэя здзейснілася. Але ж многа загінула, пакалечылася і атрымала пакуты людзей, якія, у адрозненне ад паэта Патрыка Пірса, зусім не марылі пра смерць дзеля ідэі, - шчэ болей трагічнае шматкроп'е.

Заўважыла б у ехідных дужках, што Патрык Пірс са стрэльбай і Юкіо Місіма з самурайскім мячом - актыўнічалі ў межах сваіх дзяржаў, а не дэсантыраваліся ў суседніх... Хаця чыя б карова мычала, а мая салідарная з Украінай бы маўчала, дый у Данецку я не была і склад апалчэнцаў не магу зацаніць.
Распальванне вайны - эгаістычнае задавальненне...

Трэба неяк рэалізаваць сваю патрэбу у змаганні, у тым самым "жахлівым харастве", пра якое пісаў, апяваючы дублінскае паўстанне 1916 г, Йетс:
Everything changed, changed utterly,
A terrible beauty was born
,- у мірным рэчышчы.
Не тое каб я марыла ўсім дагадзіць, - але ж хацелася б, каб мае мроі не разбуралі чыйсьці свет і тым болей не знішчалі чыесьці жыцці. Зусім не ахвота, каб гінулі людзі; і ўжо асабліва не жадаю смерці тым, хто пра гэта ніякім бокам не марыў.

Мо трэба і радавацца, што з'явіўся вораг, якога можна паважаць за ідэйнасць і гарачы вецер у галаве, з якога можна і пасмяяцца, - не прыніжальна, а з глыбокай павагай, як зазвычай пасмейваюся з храбрых актывістаў, у тым ліку з трагічнымі лёсамі...

Але зусім не хацелася б, каб мае адзінадумцы раздавалі маім апанентам німбы трагедыйнасці, ці каб вобразы баевікоў ДНР і ЛНР апынуліся ў адным шэрагу з шаноўнымі Місімам і Пірсам. Спадар Місіма, вы ж іх не падтрымліваеце?.. - Цьху, а з яго станецца, ён паважаў усіх ахвярных маладзёнаў, ад камуністаў да ультраправых. Добра што хоць ірляндскі нацыяналіст Пірс бы не стаў падтрымліваць імперскую акупацыю.
Людзі, мо будзьма пісаць фантастыку пра мірнае змаганне?.. Мо тады "матэрыялізацыя"будзе несці меней небяспекі бліжнім.


Эпітафія ідэйным 26.06.2014 3


Каларадскія Боні і Клайд
паляцелі змагацца з фашызмам…
А ніхто шчэ не паміраў
дзеля злу ці ідыятызму.
Хто змагаецца так ці інакш
за ідэю - заўжды за свабоду
ў нейкай версіі. А маньяк
згвалціў толькіі сваю прыроду.
Той, хто міфы ім канструяваў, -
атрымаў гемароі пікетаў
баб заплаканых, і прыдбаў
пыл нікчэмных жыццёвых мэтаў…
Каларадскія Боні і Клайд
у паўразбураным штабным будынку
чуюць выбухаў блізкі град,
шлях да трупаў на новым здымку…
Хай ім будзе прыемны спакой.
Ды і хочацца верыць: шчэ, мабыць,
Нехта зблізку махне рукой
дый падорыць экстаз і радасць…
Можа, нешта, як крык за вярсту,
разарве лабірынты наветаў…
Верыць хочацца ў прастату
і складанасць будовы свету.


Маніфестацыя несвабоды 07.05.2014 3

Я ня ведаю, што зараз трэба рабіць украінцам, прынамсі ўкраінскім уладам.

Але тое, што адбываецца, - і ў хроніках, і ў нашых (многіх украінцаў і тых хто спачувае) галовах і душах, - падобна вось на што:

Маштабная Маніфестацыя Несвабоды.

Многа нянавісці, якую нараджае страх. А страх звязаны з унутранай няволяй.

Унутрана свабодны, вольны чалавек - ня прагне знішчаць. Бо ён ведае і адчувае сваю богададзеную свабоду, ведае, што іншыя, у тым ліку палітычныя апаненты і ворагі, нічога з гэтай свабодай не здолеюць зрабіць!

І, адчуваючы гэтую непарушаную свабоду, ён робіць тое, што хоча. Калі трэба - слухаецца іншых; калі трэба - адстойвае свае правы; ёсць натхненне - дзейнічае...

А ўнутрана несвабодны чалавек (напрыклад, я, на мой сорам) - пакутуе і прагне вырвацца з няволі. Добра, калі находзіць вартыя спосабы і сапраўды вызваляецца, у тым ліку ўнутрана... Але часам - пачынае ад пакутаў, са страху іншых ненавідзець і прагнуць іх знішчэння.

Паколькі чалавек не ўсведаміў сваю свабоду, ён адчувае трывогу і пагрозы і хоча іх нейтралізаваць; а недахоп любові і павагі не дазваляе бачыць за гэтымі пагрозамі (рэальнымі і іррэальнымі) - людзей...

Дай Божа нам усім ад гэтага пазбавіцца... Спадзяюся на Ягоную няўяўную любоў, якая не знікае, колькі б разоў (на дзень? на гадзіну??.. на дзесяць хвілін?!..) мы б ні парушалі пяты запавет - не забіваць...



Яшчэ пра павагу да ворага 04.05.2014 3

Беларусы і рускія ўсе праблемы на сваіх тэрыторыях вырашылі, застаецца толькі дапамагаць братам-украінцам, папярэдне вызначыўшыся з арыентацыяй дапамогі... От зноў не ўстрымаюся ад следвання гэтай тэндэнцыі...

...Баюся моцна хваліць культуру самураяў, бо ведаю, што многа зла яны нарабілі. Але сярод дасягненняў гэтае культуры - павага да ворага. І яшчэ пранізвае сюжэты тут і там такая цудоўная катэгорыя, як "спагада ваяра" (у рускім перакладе - "сострадание воина").

Так, далёка не заўсёды паводзіны самураяў (і, так сказаць, пост-самураяў) адпавядалі гэтай ідэі. Але яна існавала і рэалізавалася. Часам вельмі фрагментарна, - калі падчас Другой Сусветнай храбра загінулых ворагаў з пашанай хавалі, а з жывых палонных найпаганейшым чынам здзекваліся... Часам лепей - падчас руска-японскай вайны пачатку ХХ стагоддзя да рускіх палонных ставіліся добра, што адзначаў і свяціцель Мікалай Японскі (Касаткін), і некаторыя замежныя назіральнікі...

Павага да ворага, да апанента, спагада да яго - вось што ў нас у вострым дэфіцыце. Асабліва павага.

Дужа мы хочам верыць, што наш вораг/апанент - сволач, нікчэмная, прадажная істота. Як быццам бы ўсведамленне, што ён насамрэч храбры і адданы, нас прынізіць.

Ці мо занадта начыталіся мы хрысціянскага "Ўладара Пярсцёнкаў" і думаем у катэгорыях "Гондор і Мордор", а хрысціянскага Дастаеўскага падзабылі, - а той жа няблага ўказаў на тэрыторыю, па якой праходзіць мяжа паміж "Гондорам і Мордорам": "Тут дьявол с Богом борется, а поле битвы - сердца людей".

Ёсць і іншы варыянт - не лічыць апанента за сволач, а болей верыць, што ягоныя матывацыі - не аўтэнтычныя, а яму аднекуль навязаныя. Напрыклад расійскай прапагандай ці госдэпам ЗША.

А як па мне, дык перакананая: там, дзе ў народзе няма матывацыі, - нічога звонку не навяжаш... Наконт жа маральных якасцяў праціўніка... Мне, як прыхільніцы Майдана і незалежнай Украіны, хацелася б верыць, што прарасійскасць = сволачнасць і нізасць. Тым болей што мяне, як праваслаўную беларуску дэмакратычных поглядаў, ужо ў каля-царкоўным асяроддзі "прарасійскі" кірунак думкі - мяне во як дастаў!!! Хоць гэта не так распаўсюджана ў Царкве, як здаецца, але ж - во дзе сядзіць!!..

Ды занадта добра я ведаю гэтую "прарасійскасць" і "антызаходніцкую міфалогію", і ведаю, што людзі, якія "вызнаюць" гэтыя ідэялогіі - у сваім мностве веруючыя, добрыя і мужныя людзі.

...Ну а наконт "прарасійскіх", якія гатовыя не залівацца інтэрнэт-брэхам, а нешта рабіць, і нават рызыкаваць сваімі жыццямі і гінуць... Прыходзіцца ўсведаміць, што яны заслугоўваюць павагі. Ну, я не кажу пра тых, хто здзекваўся з украінскіх актывістаў, - але астатніх можна паважаць за гатоўнасць змагацца за сваю зямлю так, як яны гэта лічаць правільным.

Прамільганула ў сацыяльных сетках выказванне, што маўляў кожны, хто ўзяў у рукі зброю, - злачынца. Гандзі і М.Л. Кінг па-ранейшаму для мяне крыніца натхнення, але ж мне падаецца так: амаль кожны, хто гатовы ўзяць у рукі зброю, каб абараняць бліжніх, сям'ю, ідэю - заслугоўвае павагі. Дый калі чалавеку проста заплацілі - па-першае, усё адно каб узяць зброю трэба мець пэўную храбрасць, а па-другое - калі ён і наняўся, то можа і верыць, што працуе на дабро.

Так, хацелася б лічыць "прарасійскіх" дый таямнічных прыезжых "баевікоў" за рабоў, "бяздушных наймітаў" ці злыдняў. Хаця чым такая раскладка нас бы ўзбагаціла? Нічым. А вось павага да ворага, спагада і малітва за ўсіх, хто пакутуе ці загінуў - узбагаціць кожнага.

Прынамсі, павага і малітва, нейкія праявы чалавечай (не кажу пра палітычную!) салідарнасці - ці не ёсць гэта часам адзіным спосабам рэалізаваць любоў?..

А што зусім жахліва і недапушчальна, дык гэта зларадства. Ці спачуванне загінулым ці параненым згодна з іх палітычнай арыентацыяй: адных шкадуем, іншых - не... Ну харашо, халера, не ўстрымаліся ад зларадства, нянавісці і іншых паганых пачуццяў... Але ж давайце ніколі не лічыць гэта за норму!..

Далоў зялёных чалавечкаў! 11.04.2014 2


Найменне "зялёныя чалавечкі" для ваенных без апазнавальных знакаў, якія з'явіліся найперш у Крыме, - прывяло мяне ў светлае захапленне.

Задорнаў неяк прыводзіў ведычную мудрасць пра тое, што, калі на праблему скардзішся, яна разрастаецца, а калі пасмяешся з яе - яна знікае... Спадзяюся, што "зялёных чалавечкаў" перарагочам. Перарагаталі ж Ярмошынскі боршч - так добра пасмяяліся, што не было нават стрэсу з нагоды таго сэксісцкага выказвання.

Аднак, калі казаць пра знікненне - агаваруся: мару пра тое, каб "зялёныя чалавечкі" зніклі як З'ЯВА, але ніяк не мару пра фізічнае вынішчэнне ці яшчэ якія кары для людзей, якія гэтую з'яву ствараюць.

Узброеныя людзі, якія ўдзельнічаюць у захопе будынкаў, выклікаюць у мяне многа больш сімпатыі, чымсі тыя, хто такія дзеі каардынуе ці апладыруе ім. Як мінімум, яны гатовыя рызыкаваць сваім жыццём і здароўем. Думаю, там многа храбрых і ідэйных.

Узброеныя людзі, якія ня ўдзельнічалі ў здзеках над украінскімі актывістамі і не ўхвалялі падобнага, асаблівай агрэсіі ў мяне не выклікаюць. Але выклікаюць яе шэраговыя грамадзяне, якія падтрымліваць "прарасійскія" настроі ва Ўкраіне. Ну, прыходзіцца змагацца з прыступамі агрэсіі.

Дзень Волі і "крымская" тэрапія 25.03.2014 1


З Днём Волі, спадарства. І з надыходзячым/надыйшоўшым святам Дабравесця! І дзякуй усім, хто ўдзельнічаў у святкаванні, асабліва тым, хто выйшаў на акцыю ў Беларусі!


Ну і  не ўстрымаюся ад украінскай тэматыкі. Можна лічыць гэта за аўтатрэнінг - нататкі, прызначаныя для навядзення парадка ў сваёй душы і апублікаваныя на выпадак, калі каму спатрэбяцца.

…Здаўся мне гэты Крым. Бес паблытаў замест таго каб ратаваць сваю душу і нават крыху выконваць пост - пагружацца ў балота нянавісці з нагоды таго, што адбываецца ў іншай краіне. Ды і бес, магчыма, і ня ўдзельнічаў - дурноты сваёй хапае… Вось каб змагацца з уласнай  дурнотай, і акрэслю для сабе некалькі тэзісаў.

а) Крым - спрэчная тэрыторыя. Рэгіён, які прапусціў праз сабе рэкордную колькасць людзей і культур: старажытныя грэкі, рымляне, туркі, татары, рускія, украіцы…

б) Пытанне аб тэрытарыяльных межах і іх зварушвання - маральна нейтральная справа. Калі рабіць яе нармалёвымі метадамі. Напрыклад, праз палітычную барацьбу і законныя ці хаця б негвалтоўныя акцыі.

в) Той цырк, які зрабіла Расія ў Крыме - нельга назваць рэферэндумам. Такі «рэфэрэндум» яшчэ ў большай ступені няварта прызнаваць, чымсі сумнеўныя выбары ў РБ. Ані на дзяржаўным узроўні, ані на ўзроўні нашай свядомасці. Зараз Крым - тэрыторыя Украіны, якая знаходзіцца ў акупацыі.

г) Мажліва, у Крыме і патрэбны рэферэндум. Але сапраўдны. З адкрытасцю розных каналаў інфармацыі, з мажлівасцю прапагандаваць усе опцыі выбару, з большай колькасцю варыянтаў… Калі такі рэферэндум ці яшчэ якое адэкватнае палітычнае рашэнне адбудзецца, тады і можна будзе нешта прызнаваць.  

д) Акупацыя адбылася без вялікай колькасці смерцяў, і мажліва сапраўды большасць людзей у Крыме хоча ў Расію - але гэта ўсё роўна менавіта акупацыя. Дарэчы, «бяскроўныя» захопы этнічна нямецкіх тэрыторый, калі не памыляюся, рабіў і Гітлер. А інфармацыя (трэба праверыць) пра здзекі з людзей у Крыме прымушае выкрэсліць слова «бяскроўны».

е) Гэты цырк з «зялёнымі чалавечкамі» няварты ані кроплі пралітай крыві ці нават слёзаў. І тым болей няварты таго, каб пагружацца ў нерэальны свет нянавісці.

ж) У тым, што чалавек ці народ стаўся ахвярай агрэсіі - няма нічога прыніжальнага. Прыніжае чалавека ці народ не адсутнасць некаторых магчымасцяў (ваенных ці эканамічных), а нягодныя паводзіны. Тое, што адбываецца ў Крыме - прыніжэнне не столькі для Ўкраіны, колькі для Расіі.

з) Малайцы ўкраінскія ваенныя, што не паддаліся на правакацыі, і прынамсі не пачалі страляць, калі захопнікі прыкрываліся жанчынамі і іншымі мірнымі і квазі-мірнымі дэманстрантамі…

і) Акрамя спаборніцтва ў ваеннай, эканамічнай і палітычнай моцы некаторых груп насельніцтва, ёсць іншае спаборніцтва, якое выйграць яшчэ больш важна - у маральнасці метадаў дзеяння. Што праўда, з некаторымі апанентамі выйграць паводле гэтага крытэрыю зусім няцяжка… Але тады можна спаборнічаць паміж сабой: хто здолее імкнуцца да палітычных мэтаў найбольш чыстымі і маральнымі метадамі?.. Можна зрабіць спаборніцтва «Украіна-Беларусь». У каго з патрыётаў будзе лепшы парадак са сродкамі барацьбы…


Апошняе, дарэчы, да тэмы свята. Яшчэ раз з Днём Волі!


Выкладзенае тут - гэта не нейкія парады, а толькі тэрапія ўласнага стану душы. Мае пацыфісцкія развагі пішуцца ў тым ліку з мэтай змагання з уласнай нянавісцю.


…А мо скласці анты-русафобскі спіс? Напішу: «Людміла Ўліцкая, Грыгорый Чхарцішвілі, Уладзімір Позней, а. Андрэй Кураеў, а. Пётр Мешчарынаў…» - і г.д., імёны расіянаў, якія прымушаюць мяне верыць у рускі народ. І праглядаць, калі здарыцца чарговы прыступ русафобіі. Можна прыкласці фатаграфіі з Маршу Міру (супраць захопу Крыма) 16 сакавіка ў Маскве. http://wozhyk.livejournal.com/561112.html

60-70-80 тысяч чалавек у Маскве, плюс ранейшыя несанкцыянаваныя акцыі ў розных гарадах - цудоўны паказальнік, асабліва ўлічваючы імперскае мінулае і татальную дэзінфармацыю ў расійскіх СМІ. Малайцы! Паказалі, што сапраўднае братэрства нашых народаў існуе і прынцыпова адрозніваецца ад таго ідэялагічнага сурагата, які прапануе Крэмль.

Ну і нагадаю яшчэ раз, што Патрыярх дабраславіў маліцца аб міры ва Ўкраіне. Дарэчы, афіцыйныя рэакцыі РПЦ мяне радуюць. Мо таму, што я чакала многа горшага. Дзякуй Ягонаму Свяцейшаству, умее ў сваіх зваротах не толькі даць духоўна карысныя рэчы, але і - што меней важна, але ж прыемна! - раздаць кожнай групоўцы па прыемнай фразачцы, на якую можна з задавальненнем спасылацца. Шчыра паважаю.


А тое, што на фатаграфіях - таксама тэрапія. Strongly recommended, дапамагае.



Прага да помсты 25.02.2014 5

«Хай выстаіць Майдан!» - гэтыя словы сталіся для мяне адным з найпершых жаданняў сэрца. Начамі сніліся салодкія сны пра перамогу; потым уключала кампутар, баючыся… І няглядзячы на ўвесь жах, радавалася таму, што тыя храбрыя людзі яшчэ стаяць.

Самае шчырае захапленне выклікала тое, што было бачна ў прамым эфіры з камеры ўкраінскага Радыё Свабода: гучаць стрэлы і выбухі - а людзі не разыходзяцца…

Але як можна растлумачыць тыя заклікі з боку пераможцаў, якія часам гучаць? Настойлівае жаданне пакараць усіх-усіх вінаватых, словы і жаданні, што найбольш нагадваюць помсту?..

Я не кажу пра людзей, якія страцілі блізкіх - не паварочваецца язык разважаць на тэму іхніх пачуццяў… Я кажу пра ўсіх астатніх, хто спачуваў і дапамагаў Майдану. Няўжо не зразумела, што прыхільнікі жорсткасці ўжо атрымалі самае важкое пакаранне?

Я пра паразу. Пра тое, што прыхільнікі рэпрэсій і сілавых сцэнараў рознай ступені жорсткасці атрымалі самае значнае грамадскае пакаранне - яны прайгралі, пагарэлі на гэтым! Тыя, хто заахвочваў Януковіча да сілавога разгону, прапанаваў яму крывавыя рэцэпты змагання, жадалі перамогі праз чалавечы страх - з’елі на гэтым сабаку!  І хай ядуць яны гэтага сабаку. Пад самымі разнастайнымі соўсамі. Тыя, хто думалі, што людзі, у сэрцы якіх ёсць любоў да свабоды і Айчыны, разбягуцца як міленькія ад грому шыльдаў, ад дубінаў - ці ад стрэлаў…

Смачна есці!.. Як па мне, дык іншых пакаранняў і не патрэбна.

Дакладней, патрэбна - але маюць быць пакаранымі толькі тыя, чыя віна бясспрэчная і даказаная, і хто сапраўды дакладна парушаў закон. Хто страляў у людзей, аддаючы выконваючы загады, беззаконнасць якіх бясспрэчная. Хай з гэтым бясстрасна разбіраюцца прафесіяналы.

Прынамсі, асаблівая тэма - беркутаўцы. Хацелася б, каб да законнай адказнасці прыцягваліся толькі тыя, хто дакладна рабіў беззаконне - калі, напрыклад, нейкім чынам дакладна выявяць тых асобаў, якія распраналі чалавека на марозе, перашкаджалі медыкам ратаваць людзей. Зрэшты, баюся даваць ацэнкі, бо я не юрыст. А наконт маральных ацэнак - на тое ёсць інстанцыі многа вышэйшыя за зямныя… Што да зямных - можна ўлічыць і такі псіхалагічны фактар, як сістэма, у якой гадавалася гэтае спецпадраздзяленне.

Ці давайце пасадзіце мяне ў турму на некалькі месяцаў за супрацоўніцтва з беларускай дыктатурай. Вось спіс правінаў: вадзіла дзяцей на прэзідэнцкія хакеі і іншыя мерапрыемствы, прызначаныя для псіхалагічнай апрацоўкі насельніцтва; агітавала ўступаць у піянеры і ў БРСМ. Ну, я пастараюся паапраўдвацца, тым што першае было выкананнем загаду, а ў стваральны патэнцыял другога я сапраўды верыла.

І яшчэ пра беркутаўцаў: чаму мы не шкадуем тых, хто загінуў з іхняга боку? Яны таксама ахвяры рэжыму. І не факт, што тыя, хто загінуў, збівалі медсясцёр ці распраналі чалавека на марозе. Мажліва, ніхто з тых, хто загінуў, не быў здольны на такія злачынствы. Тым больш, што злыя людзі часам бываюць хітрэйшыя і лепей ратуюць сабе.

А калі і былі здольныя, і рабілі - што, ў нас саміх мала жорсткасці, каб мы былі так упэўненыя ва ўласнай няздольнасці да злачынства?..  

P.S. Калі Лукашэнка нарэшце страціць уладу (спадзяюся, што пасля таго ён будзе яшчэ доўга і нядрэнна жыць) - хацелася б, каб яму ўдалося збегчы. Трэці, чацьвёрты тэрмін улады трэба забараніць хаця б з-за той шкоды для псіхічнага здароўя, якую гэтая практыка нясе (паглядзіце на Пуціна - як ён змяніўся! Якія адыёзныя канструкцыі і колькі дэмагогіі з'явілася ў ягонай мове - а раней жа рэдка казаў дурное!). Дала б крыху, калі б якія людзі скідваліся беларускаму экс-прэзідэнту на квіток у нейкі санаторый на цёплым востраве, - хай бы там папраўляў здароўе, пашкоджанае пабочнымі эфектамі неабмежаванае ўлады. Тым больш што страта ўлады ў такой сітуацыі - надта жорсткае выпрабаванне.

P.P.S. Патрыярх Кірыл дабраславіў усю Рускую Праваслаўную Царкву маліцца аб Украіне. Тут тэкст малітвы http://www.pravmir.ru/patriarx-kirill-blagoslovil-vsyu-russkuyu-cerkov-molitsya-ob-ukraine/  

Верыць у апанента 03.02.2014 6

Кажуць, калі чалавека чатыры разы назваць свіннёй – на пяты ён зарохкае.

Януковіч яшчэ не “зарохкаў” настолькі, наколькі яго абзываюць...

У дзіўную сітуацыю трапіў чалавек: калі ён робіць што дрэннае – лічаць за сволач і дыктатара; але ж калі робіць нешта лепшае (прабачце, але выказваюся паводле пра-майданаўскай пазіцыі, якую падзяляю), калі йдзе на саступкі, то... таксама называюць дыктатарам і мяркуюць, што ўсё гэта толькі пад ціскам...

Ціск ціскам, але Януковіч праўда не зрабіў многа зла, якое тэарэтычна мог бы зрабіць. Ён не ўхваліў жорсткія дзеянні беркутаўцаў. Ён пакуль не паддаўся на заклікі ўвесці надзвычайны стан ці паклікаць расійскія войскі... Ці толькі справа ў страху, у іміджы і ў ціску? Чаму мы прыпісваем яму толькі такія матывацыі? А можа, ён і праўда не гатовы да жорсткасці? Ці  НЕ НАСТОЛЬКІ гатовы?..

Згодная з жартаўлівым выказваннем, што да людзей трэба ставіцца як да катоў: не нагадзіў – ўжо малайчына. Януковіч калі і нагадзіў, то... не настолькі, наколькі мог бы.

Спадзяюся, што ён вырашыць пайсці ў адстаўку. І спадзяюся, што Клічко і некаторыя іншыя лідары ды ўвесь Майдан яму за гэта моцна ПАДЗЯКУЮЦЬ, УХВАЛЯЦЬ і выкажуць ПАВАГУ!..

Шкада, калі ён зробіць гэта з тае матывацыі, што не захоча крыві, - а гэта ні на грам не ацэняць. Калі так ставіцца – то гэтым можна толькі перашкодзіць чалавеку прыняць рашэнне. Цяжка, калі правільныя ўчынкі не ўхваляюцца...

Гандзі вучыў паважаць апанента, заўсёды верыць у ягоныя лепшыя пачуцці і матывацыі, і яшчэ - заўсёды даваць апаненту магчымасць захаваць твар...

Спадзяюся, што дэмакратычна настроеныя беларусы і ўкраінцы азнаёмяцца з ідэямі мірнага супраціву паводле М. Гандзі і М.Л. Кінга. Што беларускі і ўкраінскі нацыянальныя рухі будуць усё больш набываць тую паважлівую высакароднасць, якую праявілі Гандзі, Кінг і іхнія адзінадумцы.

...Будзьма маліцца за ўкраінцаў. Прынамсі, за тых, хто паранены, хто ў небяспецы... на любым з бакоў. Ну і заўсёды ёсць мажлівасць дапамагчы якімсьці чынам. Вось напрыклад:


P.S. Грошы на лекаванне Ольгі Галушко збірае яе мацi. Ніякіх братоў (якія цудадзейна аб'явіліся) няма (ужо заведзеная справа наконт махлярства). Кантакты, прыведзеныя тут, крыху зверыла, - яны нармальныя.

З нагоды Еўрамайдану 05.12.2013 7


Тры рэчы моцна радуюць сэрца з нагоды падзеяў ва Ўкраіне.

Па-першае – той эфект, які зрабіў начны разгон Майдану ў мінулую нядзелю; той факт, што эфект тут аказаўся роўна процілеглым таму, на які разлічвалі ўлады!.. Грамадства, абуранае жорсткім разгонам, хлынула на вуліцы і плошчы ў такіх вялізных колькасцях, якіх, мажліва, і не было бы, калі б не жорсткія дзеянні “Беркута”. Так трымаць!!!.. Самае цудоўнае пакаранне для прыхільнікаў жорсткіх метадаў – дазнацца, што падобныя метады ня дзейнічаюць, што вольналюбівыя праявы чалавечай душы не заўжды спыніш рэпрэсіўным апаратам...

І, калі ўжо гаварыць пра гэткі маральны складальнік – адзначу, што цяперашні выбух грамадзянскае актыўнасці ўкраінцаў ні ў якім разе не з’яўляецца нагодай абвінавачваць беларусаў у недастатковай адвазе. Гэта ледзьве не тое ж самае, што абвінавачваць людзей ў тым, што не выходзілі на плошчы ў часы сталіншчыны. Нездарма, беларуска, якая апынулася ў гушчы падзеяў у ноч калі адбыўся разгон, кажа: усё адно нашмат меней страшна, чым у Беларусі...  

...Па-другое, нагодай для радасці ёсць усведамленне, што для ўдзелу ў гэтых пратэстах грамадзянам Украіны ну зусім не патрэбныя русафобскіх ці нават моцна “заходніцкіх” настрояў. Дастаткова жадання жыць у рацыянальна арганізаванай, прававой дзяржаве.

На дадзеным этапе, мяркую, выбар “ЕЗ ці Расія” – не “цывілізацыйны”, а прававы. Нават калі ўкраінец з’яўляецца гарачым прыхільнікам расійскай культуры, святой Русі ці нат ідэі “Рускага свету”, - усё адно яму цяжка не зразумець, што з Расіяй – на дадзеным этапе! - ня варта ўступаць у палітычныя ці эканамічныя звязы. Цяперняя расійская дзяржава – гэта, на жаль, не Святая Русь, а алігархічная дыктатура, што імкліва робіцца ўсё больш рэпрэсіўнай. Таму - нават для пазначанага абстрактнага ўкраінца-славянафіла - лепей сваю любоў да Расіі выражаць у культурным і духоўным супрацоўніцтве, але ўступленне ў якіясьці саюзы адкласці да той пары, пакуль Расія эвалюцыяніруе ў адэкватную і вольную дзяржаву.

Цяперашняя Еўропа – далёка не ідэал. Хапае праблем, багата і людзей, якія апынуліся ў экстрэмальнай сітуацыі, і з’яваў, якія змушаюць сумнявацца ў дэмакратычнасці, і антыхрысціянскіх выпадаў, і нерацыянальных і дзіўных рэчаў...  Але ўсё ж на еўрапейскім Захадзе сістэмы функцыяніруюць рацыянальна; ёсць апрыёрная павага да чалавека; быць карупцыянерам тут небяспечна, абкрадаць народ – складана; ёсць сацыяльныя гарантыі; а ў інстанцыях да чалавека ставяцца паважліва й ветліва. На ўсё гэта ёсць мноства брыдкіх выключэнняў, - але яны пакуль што не перакулілі правілаў.  

Што ж датычыцца хрысціянскіх каштоўнасцяў – цяжка сказаць, дзе з гэтым горай: ці ў секулярнай Еўропе, ці у Расіі, у якой праваслаўе часам выкарыстоўваецца як брэнд-антураж. Асабліва калі браць за крытэрый стаўленне да людзей... Ну ды гэта асобны сюжэт, не хапае ў мяне духоўнага разумення, каб вызначыць, дзе больш благадаці ці дэманізму...

...Ну і трэцяе, што радуе, - падтрымка пратэстаў з боку прадстаўнікоў украінскіх уладаў і СМІ. Дарэчы, менавіта гэты паказальнік адлюстроўвае, наколькі розныя сітуацыі ва Ўкраіне і ў Беларусі. Парадуемся хаця б на такі (які паведамляе пра акцыю ў падтрымку Майдану перад украінскай амбасадай у Брусэлі): “Але більшість часу українці співали народних пісень, які оцінила навіть бельгійська поліція. /.../ Наприкінці до активістів вийшов Посол України в Бельгії  /.../ Він подякував українцям, які прийшли під посольство і сказав, що розуміє їх прагнення, оскільки його донька в Києві теж на Майдані.” “Пра доньку мог бы і прамаўчаць”, - адкаментавала ў маёй галаве беларуская паранойя.

У агульным жа, вельмі радасна бачыць цяперашні уздым грамадзянскай актыўнасці ў суседзяў. Спадзяюся, і на Беларусь перакінецца. Спадзяюся таксама, што гэты ўздым застанецца чыстым і радасным, вольным ад хлусні, страхаў і нянавісці. І што гэты імпульс ў любым выпадку выльецца ў стваральную працу, у дзеянні, якія ў розных адносінах палепшаць жыццё людзей.

чытаць іншыя навіны

Маргарита Тарайкевич