АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Захад-2017 Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Міліцэйскае свавольства Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Ізалятар "Акрэсціна". 1997г.

Чынушы, міліцыянты, пракуроры, суддзі,гэбісты... Карацей, усе, хто думае, што застрахаваў сябе ад сумы і турмы -- не палянуйцеся пачытаць гэты тэкст. Запісы на мове, цяжкавата будзе чытаць,але варта! Кажу: цікава!

Так сталася, што шаноўны Павел Севярынец, адседзеўшы нядаўна 15 сутак адміністратыўнага арышту, амаль не заўважыў паляпшэння ўмоваў утрымання арыштантаў у параўнанні з тымі, што былі 20 гадоў таму. 

Мне ж падаецца, што паляпшэнні ёсць. І даволі істотныя. У першую чаргу дзякуючы мужнаму змаганню супраць расчалавечвання ў беларускіх турмах майго калегі, дэпутата і афіцэра Валерыя Шчукіна. 

Узяць хаця б тое, што цяпер амаль кожны мае сваю шконку ці ложак. І нават пасцельную бялізну! Плюс якое-ніякое, але трохразовае харчаванне. А яшчэ адгароджанае  ад усеагульнага агляду месца для адпраўлення патрэбаў(парашу). Ну і нармальныя лыжкі для прыёму ежы, штодзённыя прагулкі і г.д.

І вось цяпер уявіце: у першыя гады ўсталявання лукашысцкай дыктатуры ўсяго вышэйпералічанага ў адміністратыўных турмах не было.


 Вось адшукаў цікавыя запісы пра ўмовы ўтрымання ў знакамітым ізалятары для часовага ўтрымання адміністратыўна асуджаных па вул. Акрэсціна у сваім архіве. У  лісце-парадзе да Паўла Севярынца шматгадовай даўніны. Адкарэктаваў тэкст, разбіў на абзацы і параграфы для зручнасці чытання.


Павел Севярынец тады не пакрыўдзіўся на мяне, за што яму мой рэспект! Бо СІЗА КДБ, дзе  ён сядзеў напачатку 2000-х, у параўнанні з ізалятарам "Акрэсціна"-1997  для адміністратыўна асуджаных, дзе сядзеў я ў сакавіку-красавіку 1997-га, выглядаў нейкім  піянерлагерам.

Сакавік 1997-га.Напярэданні Дня Волі.

Ітак, зазірнем ў сакавік 1997-га. Аўтар гэтых радкоў быў у ліку першых, каго міліцыянты проста схапілі па загаду з самага "верху" прама на вуліцы ў цэнтры Мінска. Потым вазілі, судзілі, зноў вазілі, зноў судзілі... Чыста па палітычных матывах, не зважаючы на захаванне нават  элементарных правілаў і чалавечай прыстойнасці пры правядзенні судовых працэсаў. 

 Лукашысцкія суды судзілі мяне ў сакавіку-красавіку 1997-га, у тым ліку і завочна, аж 13 разоў! За ўсе мітынгі апазіцыі бурлівага 1996-га! Гэта своеасаблівы абсалютны рэкорд, які імкліва разлажыў і знішчыў усю праваахоўную і судовую сістэму Беларусі!  

Міліцэйскі варанок кожныя пяць сутак вывозіў мяне з "Акрэсціна" на чарговы "судовы працэс".  Везлі спачатку ў РУУС якога-небудзь раёна г.Мінска, а потым у суд.  

У "судзе" суддзя ў залежнасці ад наяўнасці рэшткаў сумлення ці таго, што ад яго засталося, зачытваў(-ла) пастанову аб чарговых 5 сутках арышту. Тады на першых парах за ўдзел або няўдзел у мітынгу ці пікеце мінулага 1996 году(!)  мне як дэпутату парламента давалі па 5 сутак. Некаторыя "сумленныя" суддзі выпісвалі буйны буйны штраф. Але міліцэйскае суправаджэнне мяне пры гэтым не адпускала.

Міліцэйскія палкоўнікі і падпалкоўнікі звязваліся з кімсьці з лукашысцкага начальства па рацыі(сам чуў, седзячы ззаду за адгароджанымі кратамі "варанка"), запытваліся, куды везці далей "груз", г.зн. мяне. Потым  мяне адвозілі ў чарговы РУУС, а адтуль -- зноў у суд, дзе на месцы чарговы суддзя страчыў на машынцы (кампутараў тады ў суддзяў не было) паперку пра мой удзел у такім-та мітынгу ці пікеце мінулага 1996-га году. 

Дайшло да таго, што  нейкая чмошніца-суддзя Савецкага р-на г.Мінска 3 красавіка 1997г. заблыталася, настрачыла і зачытала паўторную пастанову аб маім арышце на чарговыя 5 сутак за мітынг 1996-га, за які я толькі што адседзеў на Акрэсціна. І каб я не нагадаў пра гэта -- дык і сядзеў бы дадаткова за адно і тое ж "парушэнне". 

Але я нагадаў! І  тут чмошніца-суддзя разгубілася і хуценька сваю пастанову парвала на маіх вачах.  Пры двух   міліцыянтах, што суправаджалі тады мяне, трымаючы пад рукі. 

І вось гэткая міліцэйска-судовая карусель накруціла мне тады  па  трынаццаці(!)  пастановах судоў розных раёнаў г.Мінска чатыры пяцісутачных адміністратыўных арышта плюс крыху пазней адзін 15-сутачны арышт завочна(яго я так і не адсядзеў, бо часова з'ехаў у ЗША),а таксама астранамічную суму штрафаў -- дзесьці агулам  каля 15 мільёнаў рублёў! 

Для таго часу пры курсе паўтары тысячы рублёў за 1$ і сярэднім заробку па Беларусі каля 50$ сплаціць такое выглядала неверагодным. Я і не плаціў.

У  раённых пракуратурах г. Мінска там-сям яшчэ сядзелі нармальныя пракуроры, якія не тузалі ні мяне, ні бедалагу-жанчыну -- судовую выканаўцу па прозвішчу Бейменава.

Праз некалькі гадоў пасля чарговай хвалі інфляцыі-дэвальвацыі, калі сума штрафу абясцэнілася ў дзесяць разоў, я з дапамогай праваабарончага цэнтра "Вясна" штрафы ўсё ж сплаціў. Але гэта так, дарэчы.  


Ніжэй -- радкі з ліста Паўлу Севярынцу. І наўпроставы, так бы мовіць, "груба натуралістычны", але з гумарам, расповяд пра маю першую адсідку.

Фрагмент з  ліста-парады да Паўла Севярынца. 2006 г.


"Для Паўла Севярынца СІЗА КДБ – як піянерлагер...

Прыкра чытаць такія развагі аб "катаваннях" з боку Паўла Севярынца. Гэта ці то бахвальства, ці то сведчанне страху Паўла. І таго факту, што да яго катаванні не прымянялі. 
Клерыкальны, гламурны палітык Павел Севярынец... Даруй, калі нечым пакрыўдзіў."

 Я распавяду некаторыя факты пра умовы ўтрымання на Акрэсціна часоў ранняга лукашызму – 1997г. Тады ўмовы былі быдлячыя: ні матрацаў, ні бялізны, ні прагулак. У камеры адзін суцэльны насціл з дошак, на якім і спалі, і елі,і сядзелі. Кармілі праз дзень, замест лыжак – абрубкі ад іх. А пра відэльцы, якія могуць стаць заточкай, і гаворкі быць не магло.

Камера на Акрэсціна. 1997г.

У камерах "Акрэсціна" у той час некаторыя з кантынгенту адміністратыўных  сядзельцаў з-за недахопу цыгарэтаў курылі нават вату. Ля парашы на дошчатым насціле, як правіла, месціліся смярдзючыя бамжы. Яны, як і ўсе, досыць часта сцалі і сралі ў гэтую парашу, што ўзвышалася побач на подыуме з пажоўклай кафельнай пліткі. 

Каб усім было відаць гэтую працэдуру адпраўлення натуральных патрэбаў! А не толькі нюхаць пахі ды слухаць час ад часу "кулямётную стральбу" з заднепраходнай адтуліны якога-небудзь смярдзючага бамжа...

У 11-й камеры з разлікам на 10 чалавек падчас маёй адсідкі(20 сакавіка-3 красавіка 1997г.) запіхнулі аж 21 чалавека! Спалі ўсе 15 сутак запар у тым, у чым прывялі. Мяне ўратоўвала паліто:і за коўдру служыла, і не так балелі косці. 

Спаць на дошках – добрая закалка на ноч! І скаліёз лечыць, як нас супакойваў калідорны дзяжурны ахоўнік, што часцяком зазіраў у вакенца нашай камеры, каб пераканацца, што ўсё ў парадку. Але 15 і болей  сутак  так спаць – гэта катаванне.

Каб павярнуцца на другі бок – трэба гэта рабіць усім разам, адначасова. Ну,карацей, спалі мы як селядцы, раскладзеныя шчыльненька на дошцы.

Быў адзін начны шмон,а таксама звычайныя шмоны ў пошуках заточак і цыгарэт! Яшчэ прыгадваюцца трызненні двух псіхічных хворых, якіх потым, на другія-трэція суткі па нашых просьбах усё ж адправілі ў псіхіятрычны шпіталь у Навінкі...



Пару слоў пра  вакенца ў камеру з калідора, праз якое калідорны дзяжуны ахоўнік перыядычна зазіраў у камеру, і праз якое выдавалі ежу. Такі квадрацік  прыкладна 25см Х 25 см,як раз на ўзроўні трошкі ніжэй жывата. 

Ну, вось уявіце карціну падчас выдачы "пайкі".  Дзяжурны па камеры, які прымае і перадае  арыштантам "пайку", г.зн.  алюмініевыя міскі з кашай, алюмініевыя кружкі з гарбатай і кавалкам хлеба зверху ды паднос з абрубкамі ад лыжак, увесь час у позе, як кажуць у народзе, "ракам" назірае праз вакенца перад сабою шырынку ад штаноў ахоўніка.

Кажуць, што на такой вышыні акенцы ў турмах рабілі для зручнасці працы аховы яшчэ ў часы Расійскай імперыі.  Мабыць, каб міньет ды іншыя  сэкс-паслугі зручней было рабіць жанчынам-арыштанткам (і не толькі). І, як бачым, з тых часоў у гэтым плане амаль нічога не змянілася. 

Галадоўка як паратунак ад хваробаў.

 Каб я не галадаў і не "парыў" ногі халоднай вадой з-пад крана над парашай -- для закалкі і павышэння імунітэту да ўзроўня бамжацкага – то, мусіць, падхапіў бы такія інфекцыі і хваробы, што прывялі б да туберкулёза ці, нават, у іншы свет.

Мне было вядома, што ў рэжыме галадоўкі небяспечным мікробам-інфекцыям у арганізме нашмат цяжэй выжыць. Бо яны ж таксама хочуць есці! Арганізм асэнсавана галадае, а ўсім працэсам кіруе мозг. І небяспечныя мікробы атакуюцца з усіх бакоў здаровымі мікробамі так, што шанец выжыць у першых невялікі. Да той пары, пакуль арганізм не знясілее канчаткова...

І яшчэ ўрывак з ліста Паўлу Севярынцу( 2005г.): "Не буду далей працягваць. І так бачу на фота, што Павал Севярынец пасля выхаду з СІЗА КДБ выглядае добра: паголены, халёны, у гарнітуры... Якія там "пыткі- катаванні?" 

 Мяне мая жонка тры дні адмывала пасля 15-сутачнага "Акрэсцінскага бамжатніку"  у сакавіку 1997 года. І камерны смурод яшчэ тыдзень выветрываўся з арганізму. І гэта толькі пасля 15 сутак! 

Што ж казаць пра тых, хто сядзеў болей! Хаця мушу ўдакладніць – першыя суткі, да 24гадзін ночы - я сядзеў у іншай камеры на 6 чалавек. Але апоўначы - лязг дзвярэй і гучны вокліч ахоўніка, што ўвашоў у камеру: "Знавец, с вещами на выход!" 

Камера-дымка

І так я патрапіў з "прыстойнай" камеры ў камеру-дымку  №11.


 У ёй ад палення акуркаў і нават ваты стаяў такі дым-смурод, што засцілаў усё паветра і святло навокал. Бачнасць была блізкая да нуля, а святло ад "лямпачкі Ільіча", якая кругласутачна свяціла ўверсе над дзвярыма, быццам растварылася, утварыўшы дымку-імглу.

Вышэйапісаная карціна пад назовам "Акрэсціна.Камера № 11 у дымцы" дагэтуль часам усплывае перад вачыма.

Быў у той камеры хлопец па мянушцы "Паэт"(у мяне мянушка была "Дэпутат").  Ён з пафасам некалькі разоў чытаў нам вершы, ходзячы ўзад-уперад па вузенькім цэнтральным праходзе паміж двума насціламі(справа і злева). Вершы ў яго былі як свае, гэтак і "чужыя", У тым ліку і на беларускай мове. "Паэт" падчас пафаснай дэкламацыі вершаў рабіў шыкоўныя жэсты, указваючы імі на аб'екты камеры-дымкі. Чым і цешыў публіку.

Пацешны паэт.


 Ну хіба забудзеш, напрыклад, як гэны "паэт" дэкламаваў такія радкі: 

НА НЕБЕ МЕСЯЦ -- БЫЦЦАМ СРАКА,

Невялічкая паўза, "Паэт" паказвае жэстам правай рукі на "лямпачку Ільіча", абрысы якой у дымцы ледзь віднеліся над дзвярыма камеры № 11. 

Потым яшчэ паўза, "Паэт" разводзіць рукамі і, паказваючы на  агеньчыкі арыштантаў, "курящих ватные самодельные бычки-сигареты", дэкламуе другі радок:

ЗІЯЮЦЬ ЗОРКІ ДЗЕ-НІДЗЕ... 

І зноў паўза. Раптам гучна, паказваючы на ванючага бамжа ля парашы, "Паэт" амаль што выкрыквае трэці радок:

ВУНЬ, У КУЦЕ, НАСРАЎ САБАКА! 

Словазлучэнне  "насраў сабака", гледзячы на бамжа, "Паэт"  агучыў  з пафасным націскам  -- так, што бедалага-бомж -- барадаты мужык гадоў 50-ці, аж ускочыў ля парашы! На гэты ўскок бамжа "Паэт" махнуў яму рукой уніз -- і бомж зноў лёг на дошчаты насціл, літаральна прыціснуўшыся да парашнага подыюма з пажоўклай кафельнай пліткі. 

Пасля чаго праз паўзу завяршальны радок вершыка "Паэт" дэкламуе гэтак спакойненька, лірычна, уздымаючы рукі ўгору, каб усе адчулі і прыкольны пафас верша, і "водар" смярдзючых пахаў дыму і парашы:

А  ПАР ІДЗЕ, ІДЗЕ, ІДЗЕ... 

І ўявіце цяпер такую карціну: 20 чалавек камеры-дымкі, чвэрць з  якіх паліла бычкі-самакруткі, хто лежачы на дошчатым насціле, а хто прыўзняўшыся на локці пасля заключных слоў "Паэта", недзе з хвіліну моўчкі, філасафічна глядзяць на гэты пар-дым, што ў тусклым свеце "лямпачкі Ільіча" запаланіў усё навокал.
 
Уявілі ўсё гэта? То та ж...

 Было ўсё ж неяк весела і пакутліва адначасова. Бо ўдыхаць мне, непалёнцаму, смурод дыму ад ватных "бычкоў" і бамжацкіх пахаў было асабліва цяжка, амаль невыносна... 

У бамжа былі нейкія праблемы  са страўнікам. І ён кожныя дзве гадзіны страляў кулямётам над парашай. Добра, што калідорны ахоўнік праз дзень правёў дэзінсэкцыю яго смярдзючай вопраткі: яна стала смярдзець не меней, але структура араматаў нагадвала спаленую сметніцу. Бо пражарка смярдзючага адзення забіла часткова клапоў і вошаў. Але бруд і пахі сталі, так бы мовіць, больш жаркімі і вострымі. 

Цяпер і Павел Севярынец ужо зведаў  бамжацкі водар. І слушна заўважыў, што, нягледзячсы на некаторыя паляпшэнні, "Акрэсціна"-2017 па-ранейшаму ўсё ж не піянерлагер. 

А што ж было тады, у гады ранняга лукашызму!

Быдлячыя ўмовы, забарона прагулак на вуліцу. І так 15 дзён! Харчаванне -- фактычна праз дзень, бо адзін дзень быў разгрузачны, без абеду, калі з раніцы і пад вечар давалі алюмініевую кружку гарачага пойла тыпу пазаўчорашняй "гарбаты" і кавалак хлеба. Абедамі кармілі праз дзень, таму каб наесціся ў разгрузачны дзень арыштанты сушылі хлеб на батарэі. 

Я трымаў галадоўку – дык мне яно было па барабану. А іншым?

Ну а калі да быдлячых умоваў утрымання дадаць маральныя ды іншыя аспекты, якія прыніжаюць чалавечы гонар і годнаць – гэта можна было кваліфікаваць як катаванні...


Выжыць і перамагчы ці памерці ў "знак пратэсту"?


Такім няпэўным напачатку  адсідкі быў мой настрой. Я разумеў, што 15 дзён -- усё ж не 15 год. І галадаць можна і трэба. Тым больш, што здаровы арганізм можа пазбегнуць страшных інфекцый і туберкулёзу ў такіх умовах толькі ў рэжыме галадання. Я гэта ўсведамляў. І мусіў галадаць.

 Я разумею Аўтуховіча і яго працяглыя галадоўкі, якія дапамаглі яму выжыць. Я дагэтуль лічу  Аўтуховіча, Казуліна, Саннікава, Скрабца ды іншых героямі. Людзьмі з вялікай літары. 

Былі тады думкі наконт "памерці ў знак пратэсту"...  Але што гэта дасць?  Мо Лукашэнка пасля маёй смерці сам ласты склеіць? Ці народ пасля маёй смерці асмялее і раптам выйдзе і зрыне Лукашэнку і яго хеўру?

Такія пытанні  тады я, малады  29-гадовы дэпутат і палітык,  задаваў сам сабе, спрабуючы знайсці на іх дакладны адказ.
 

 Хлопец-ахоўнік.  

Гэты адказ мне дапамог знайсці хлопец-ахоўнік. І вось як гэта адбылося.

Як ужо згадвалася,  напачатку адсідкі я абвясціў сухую галадоўку. Прагаладаў тры дні, але ніхто нават не звярнуў на гэта увагі. Недзе ў глыбіні душы я разумеў, што хоць маё імя і было тады на слыху, але ж мая смерць не выкліча нейкіх забурэнняў і хваляванняў у грамадстве. 

Але ж і адступаць назад таксама не хацелася. На чацвёрты дзень, калі ў жываце ўжо ўсе калола, і кішкі склейваліся, быў чарговы шмон. Шмон, які і ўратаваў маё жыццё. 

Шукалі, як заўжды, заточкі і цыгарэты. І вось пад час шмону, нас вывелі ў калідор і пастроілі. Адзін з ахоўнікаў, салдат унутраных войск,  малады хлопец, трымаў у руцэ скручаную  газету "СВАБОДА" .  І, абшукваючы мяне, ціха сказаў на вуха: "Кінь дурное са сваёй галадоўкай, спадар Знавец!  Бо сканаеш  на радасьць нашаму вусатаму "бацьку"!"

Яшчэ той хлопец-ахоўнік, адзін з чатырох салдат унутраных войск, што нас абшуквалі ў калідоры турмы, нагадаў мне ціхенька,  паўшэптам словы Зянона Пазьняка, яго фразу аб тым, што:

 "ХВОРАЕ ГРАМАДСТВА АБРАЛА ХВОРАГА ПРЭЗІДЭНТА".

 Той ахоўнік уратаваў маё жыццё. Яму я бязмежна ўдзячны. Ён астудзіў мой маладзёвы максімалісцкі адчай, нагадаў аб бессэнсоўным і непрадуманым  характары абвешчанай сухой галадоўкі, якая не дасягне пастаўленай мэты... 

Адным словам, вярнуў розум у галаву.


Лукашэнка не варты нават пазногця майго мізінца!


Вось такой фразай  хлопец-ахоўнік у 1997-м  вярнуў  думкі і розум майго мозга і галадаючага арганізма з нейкіх  уяўных вышынь і нябёсаў на нашую грэшную  зямлю. І пераканаў, што трэба яшчэ жыць і змагацца. 

Менавіта тады, калі мы стаялі ў  калідоры акрэсцінскай адміністратыўнай турмы падчас шмону, ахоўнік, трымаючы ў руках газету "Свабода", паўшэптам сказаў мне вынесеныя ў падзагаловак словы аб тым, што Лукашэнка не варты нават пазногця майго мізінца! А не тое што жыцця! 

І  я ўрэшце зразумеў, што мы ўсе апынуліся ў вялікай турме пад назовам "Лукашысцкая Беларусь". Усур'ёз і надоўга. 

На пяты дзень я спыніў сухую галадоўку.

Той хлопец-ахоўнік, мабыць, ужо даўно эміграваў. Як і шмат хто з тых, каго я ведаў, з кім сутыкаўся па жыцці. Як, напрыклад, мой сябар студэнцкіх часоў Павел Шаўцоў, што пісаў мне лісты ў 1997-98м, настойліва  заклікаў "не быць дурнем, саскочыць на Захад"...

Ведаю шмат маіх равеснікаў, якія былі тады маладымі і разумнымі, чыталі газету "СВАБОДА". І пасля дзяржаўнага перавароту 1996-га, зразумеўшы, што лукашызм -- гэта ўсур'ёз і надоўга, саскочылі на Захад. 

Бо не пажадалі жыць у "Лукамор'і" -- краіне-турме.



 
І вось мінула шмат гадоў – і мы па-ранейшаму жывем у гэтай крыху мадэрнізаванай турме з тым жа назовам: "Лукашысцкая Беларусь". Хіба што да статуі  "жалезнага Фелікса" насупраць будынка КДБ лукашысцкія ўлады дадалі статую царскага гарадавога ля будынка МУС. 

Чаму так сталася, чаму мы ўсё яшчэ баімся і застылі ў лукашызме,  што і як трэба рабіць – гэта ўжо зусім іншая тэма. 


 Здаецца, прышчэпку ад дыктатуры нашае беларускае па назве, але пакуль тутэйшае па духу грамадства ўжо атрымала. 

Але яе ўздзеянне мы адчуем пазней. Падчас сапраўдных забурэнняў, якія ўжо непазбежна чакаюць Беларусь наперадзе.

Постскрыптум.


А прадстаўнікам нашых "праваахоўных органаў" і тым, у каго моцныя нервы, хто жадае хаця б віртуальна праз кіно пабачыць і адчуць, якімі былі чэкісты, як яны судзілі, выконвалі свае прысуды і што рабілі ў часы Фелікса Дзяржынскага,і што потым рабілі з імі  -- спасылка на вельмі жорсткі натуралістычны фільм часоў перабудовы пад назовам "Чекист".

   
https://www.youtube.com/watch?v=v_l5I4FooOA




.
13.04.17 5:37
загружаюцца каментары

Павел Знавец