АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2018 Шпіёнаманія Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Дэкрэт пра дармаедаў Забойства Паўла Шарамета

Валерий Карбалевич: Зымбабвэ як успамін пра будучыню

Жыла-была адна цудоўная краіна. У параўнаньні з суседзямі эканоміка там квітнела. Краіна актыўна прадавала карысныя выкапні. Сельская гаспадарка была даволі эфэктыўнай. Усе гаварылі пра цудоўныя пэрспэктывы.


Але потым зьявіліся праблемы. Усё пачалося з таго, што кіраўніком дзяржавы стаў чалавек, які вельмі любіць уладу. Аб’явіўшы сябе героем, які выратаваў народ, ён стаў прыдумляць розныя спосабы, каб затрымацца на сваёй пасадзе. Палітычна і фізычна ён зьнішчаў апанэнтаў. Апазыцыя была маргіналізаваная і выкінутая з палітычнай сыстэмы. Акцыі пратэсту, падчас якіх людзі патрабавалі рэформаў і зьменаў выбарчага заканадаўства, разганяліся з асаблівай жорсткасьцю.

Спачатку людзі паверылі ў правадыра, але празь некалькі гадоў у народу ўжо ніхто і не пытаў.

Праводзіліся фальшывыя выбары і рэфэрэндумы, на якіх правадыр абавязкова ўсіх перамагаў. У выніку затрымаўся на пасадзе некалькі дзясяткаў гадоў і ня ўтойваў, што хацеў бы кіраваць пажыцьцёва. Спачатку людзі паверылі ў правадыра, але празь некалькі гадоў у народу ўжо ніхто і не пытаў.

Цалкам лягічна, што праз пэўны час уладар пачаў сваволіць у эканоміцы. Ён найперш займаўся тым, як падзяліць нацыянальны пірог, а ня тым, як яго павялічыць. Парушалася права ўласнасьці, ва ўласьнікаў брутальным чынам адбіралі маёмасьць і нерухомасьць. У выніку інвэстары былі распуджаныя, з кожным годам эканоміка прыходзіла ва ўсё большы заняпад, вытворчасьць падала, расло беспрацоўе.

Каб неяк выйсьці з крытычнай сытуацыі, там пайшлі, як здавалася, па самым лёгкім шляху: пачалі друкаваць пустыя грошы. У выніку краіна апынулася сярод сусьветных лідэраў па інфляцыі. Наступствы былі сумныя, адзіным выйсьцем стала далярызацыя эканомікі.

Кіроўныя кадры і сваё атачэньне ўладар найперш падбіраў з таго рэгіёну, адкуль ён сам паходзіць. Прынцып ляяльнасьці замяніў прафэсіяналізм і кампэтэнтнасьць.

Праз парушэньні правоў чалавека пачаўся канфлікт з Захадам. Заходнія краіны ўводзілі санкцыі. Дыктатар абрынуўся на іх з самымі рэзкімі абвінавачваньнямі. Ён дакараў ЗША і Эўропу за тое, што яны выкарыстоўваюць «двайныя стандарты», фінансуюць апазыцыю і ўвогуле ўмешваюцца ва ўнутраныя справы незалежнай краіны, усяляк шкодзяць яе эканоміцы. «Мы адхіляем спробы навязаць нам новыя правілы, якія супярэчаць нашым каштоўнасьцям, нормам, традыцыям», — казаў правадыр з трыбуны ААН. Таксама крытыкаваў палітыку Захаду ў дачыненьні сэксуальных меншасьцяў.

Гэта ўладар быў ня вельмі пераборлівым у асабістым жыцьці, у яго зьявіліся пазашлюбныя дзеці.

Праз пэўны час чальцы сям’і пачалі ўсё больш фігураваць на інфармацыйным экране, насельніцтва такое жыва абмяркоўвала, і гэта стала часткай палітыкі.

Вы здагадаліся, пра якую краіну я пішу? Пра Зымбабвэ.

У дадатак пару штрыхоў, якія адрозьніваюць сытуацыю ў Зымбавэ ад Беларусі. Робэрт Мугабэ кіраваў краінаю 37 гадоў. Інфляцыя ў пэўны момант дасягнула 321 000 000%! Мугабэ абвінаваціў свайго апанэнта ў вядзьмарстве.

Урэшце Мугабэ вырашыў зрабіць пераемніцай сваю жонку, маладзейшую за яго на 42 гады. Гэта яна, Грэйс Мугабэ, заявіла на мітынгу: «Аднойчы, калі Гасподзь прызначыць памерці Мугабэ, мы выставім на выбары ягоны труп у якасьці кандыдата. Вы ўбачыце, як людзі прагаласуюць за труп Мугабэ».

Стаўка на жонку стала фатальнай для Мугабэ. Вайскоўцы ня вытрымалі такой неадэкватнасьці і ўмяшаліся. Зымбавійская драма яшчэ не закончаная. А для Беларусі гэта ўспамін пра будучыню.

«Статья в рубрике «Особое мнение» является видом материала, который отражает исключительно точку зрения автора. Точка зрения редакции «Белорусского партизана» может не совпадать с точкой зрения автора.
Редакция не несет ответственности за достоверность и толкование приведенной информации и выполняет исключительно роль носителя.
Вы можете прислать свою статью на почту belpartisan@gmail.com для размещения в рубрике «Особое мнение», которую мы опубликуем».

загружаюцца каментары