У чаканні нобелеўскай прамовы. Нататкі чытача


Ёсць у нас беларусаў такое слова – «вінаваціцца». У нашых слоўніках яно, на жаль, не фіксуецца, нават у «фінансавым» значэнні. Адзінокая маладзіца кажа: «Грошы я ніколі ні ў кога не пазычаю, бо не люблю быць некаму віннай. Як каму завінавацішся, тады ўжо ты не той як ёсць. Трэба тады перад тваім дабрадзеем па брытве хадзіць».

Але я думаю пра іншае значэнне слова. Яно пэўным чынам люструе наш нацыянальны моўны код. Некалі я пачуў яго падчас акадэмічнай экспедыцыі на Полаччыне: «Беларус, – ён заўсёды за ўсіх вінаваціцца... Яму муляе, і ён саромеецца за кожнага, нават не блізкага, чужога, за няўдалы, не вельмі людскі ўчынак ці сказанае слова. Мне здаецца, мы, беларусы, усе такія»... Прыблізна так сказаў мой інфармант, дзед гадоў за 80, седзячы на прыступках замкнёнай школы ў Шпакоўшчыне.

Атрымала наша Алексіевіч Нобелеўскую прэмію. І я вось вінавачуся за нашых беларускіх літаратараў, за іхнае «літаратурнае» маўчанне, за вялыя віншаванні, за іхную абыякавасць, за няздатнасць радавацца за свайго калегу, за пустую дыскусію наконт мовы мастацкай літаратуры ў нацыянальным дыскурсе. Вінавачуся за гвалт, падняты ў сеціве за нібыта абразу беларускай мовы Святланай Алексіевіч у інтэрв’ю нямецкай FAZ. Ніякай абразы ў нямецкім тэксце не гучыць. Як пісьменніца Алексіевіч разважае пра недастатковую стылёвую распрацаванасць беларускай літаратурнай мовы. Пра пэўную «вясковасць» сваіх новых літаратурных моваў разважалі і ўкраінцы, і літоўцы, і нарвежцы, і нават палякі на пачатку 20-га стагоддзя, калі пры неабходнасці карысталіся то расійскімі, то нямецкімі эквівалентамі, бо часам не мелі сваіх, доўгі час карыстаючыся ў гуманістычнай сферы лацінай.

Пра нашу дзяржаву я ўжо маўчу. Гляджу недзяржаўныя медыя. Прайшоў амаль месяц. Ніводнай глыбокай літаратурнай публікацыі, толькі плоскія палітызаваныя разважанні, дзе імя нобелеўскай лаўрэаткі палошчацца ў тэкстах-дрындушках у адной вадзе з Лукашэнкам.
Мне здаецца, што Святлане хацелася большага, яна так шчыра расказвае пра тую першую, вельмі «цесную» сустрэчу-інтэрв’ю, пра стаўленне выпадковых людзей да факту прысуджэння прэміі: «У людзей на вачах былі слёзы радасці». Я, канешне, магу памыляцца наконт «хацелася». Але ж як Святлана цёпла гаворыць пра сустрэчу ў Польшчы!

Дзе ейны дом? Цяпер, як і ўвогуле, Святлана моцны і самадастатковы чалавек. Яна – як Васіль Быкаў: чалавек можа зрабіць нешта толькі сам. Спадзяюся, біёграфы Алексіевіч заўважаць гэта. Знойдзе яна сабе апору.

Вінавачуся я і за Святлану. Кажучы, што яна – чалавек беларускага свету, выхаваная на расейскай культуры, яна, у сваім апошнім выступе перад польскай публікай, усё ж сказала «у нас в России». Такое я чуў ад яе гадоў дзесяць таму і ў Франкфурце-на-Майне, і ў Гётэборгу ў Швецыі на кніжных кірмашах. Там гэта неяк праходзіла. Але ў Польшчы... Я зноў жа – паводле сваёй псіхалогіі – трывожуся і перажываю за нашу лаўрэатку. На сёння яна – грамадзянка свету, як грынаўскія героі, праўда, не вельмі сонечная. У якую гавань яна скіруецца ў сваёй нобелеўскай прамове? Будзе ейны яшчэ не надрукаваны «Чудный олень вечной охоты « грынаўскім, вагнэраўскім, індуісцкім ці, можа, трошкі і нацыянальным, як у Максіма Гарэцкага ў «Дзвюх душах» ці ў Мілана Кундэры ў «Непаразуменні», дзе аўтар дэсакралізуе рамантыку кахання паміж Ірэнай і Ёзафам, уводзячы родную мову ў неад’емны складнік мілавання?

Пасля ўкраінскіх выказванняў Святлане будзе няўтульна на паркеце маскоўскіх літаратурных салонаў, дзе спрэс патрыёты, майстры «школы злословия» ды звычайныя зайздроснікі. Пра наша «хатняе амб’ентэ» я ўжо ўзгадваў. Святлане ў Беларусі не хапае не проста статусных, кшталту Быкава ці Адамовіча, суразмоўцаў, але і добразычлівых крытыкаў, як Леў Аненскі ці Аляксандр Архангельскі ў Расіі. Большасць нашых літаратараў, паводле маіх назіранняў, проста не чыталі ўважліва тэкстаў Святланы Алексіевіч («тут і так усё ясна!»), мала знаёмыя хаця б з тымі крытычнымі матэрыяламі, якія назапасіліся гадоў за 20 у еўрапейскіх камітэтах па літаратурных прэміях, дзе спрачаліся, ці можа нон-фікшн лічыцца літаратурай, да якой ступені аўтар можа апрацоўваць O-TON’ы (арыгінальныя запісы, жывыя галасы, вусныя гісторыі). У спісе рускамоўных кліентаў-літаратараў, якімі апякуецца кёльнскае літаратурнае агенцтва Галіны Дурстгоф (Galina Dursthoff), прозвішча Алексіевіч падаецца ў рубрыцы «нон-фікшн».

Мне цяжка сказаць, наколькі камфортна пачувае сябе Святлана ў Заходняй Еўропе. Яна, падобна Салжаніцыну ці Быкаву, не вельмі імкнецца авалодваць замежнымі мовамі. Нават у сяброўскім коле карыстаецца паслугамі перакладчыкаў або абмяжоўваецца кантактамі з тымі, хто валодае расейскай мовай. У гэтым, на мой погляд, ёсць і свой плюс: яна менш падлягае ўплыву модных павеваў і, дзякуй Богу, працягвае працаваць у «сацыяльным сектары», не заходзячы ў містыку і канструктывізм. Некалі Быкаў, адказваючы на падобнае пытанне ў Нямеччыне, ці то жартам, ці то ўсур’ёз адказаў: «Я чытаю толькі класіку. Чакаю, пакуль мода адстаіцца».

Для Скандынавіі, Японіі, Заходняй Еўропы тэксты з арыгінальных жывых запісаў – асабліва ў немцаў у літаратурна-гістарычным фармаце Alltagsgeschichte (анг. оral history) – даўно вядомая рэч. Немцы нават лічаць братоў Грым своеасаблівымі прадстаўнікамі гэтага жанру. Ёсць у немцаў свая Алексіевіч, толькі мужчынскага роду – Вальтэр Кэмпоўскі (Walter Kempowski) з ягонымі арыгінальнымі запісамі споведзяў з часу ІІ-й Усясветнай вайны, якія так і называюцца – «Эхалот». Французскі нобелеўскі лаўрэат па літаратуры 2014 г. Patrick Modiano (маці фламандка, бацька – італьянскі габрэй, піша па-французску) з сваім «Мастацтвам успамінаў» – таксама духоўны брат Святланы Алексіевіч, праўда, які можа сабе дазволіць быць непалітызаваным. Ён будуе свой віртуальны эмацыйны помнік часу, збірае душы памерлых па старых тэлефонных кнігах з нумарамі дамоў, праходзячы па вуліцах гораду, амаль як наш Леанід Маракоў па Мінску.

У англічан, амерыканцаў і немцаў ёсць спробы не толькі гістарычнай, але і літаратурнай апрацоўкі магнітафонных запісаў размоваў некалькіх тысячаў палонных нямецкіх афіцэраў высокага рангу ў амерыканскіх ды ангельскіх лагерах для ваеннапалонных у 1942–1945 гг. Запісы рабіліся ў рэжыме падслухоўвання. Друкаваныя тэксты складаюць 75 000 старонак. Дарэчы, тэксты запісваліся на паперу аўтаматычна па спецыяльнай камп’ютарнай праграме гука-тэкставым сінтэзатарам. Ёсць у Еўропе традыцыя напісання і аналізу драматургічных твораў з элементамі O-TON’у, якія былі вельмі папулярныя на пачатку 60-х гадоў. Нарэшце, Еўропа ведае з 2004 г. штогадовы літаратурны фестываль сучаснай аўстрыйскай літаратуры ў Вене. Ён так і называецца – O-TÖNE (можна перакласці як «жывыя галасы»). Адбываецца ён у музейным квартале Museumsquartier (скарочана MQW) пад адкрытым небам на розных пляцоўках музейнай тэрыторыі, дзе можна пачуць жывыя галасы аўтараў і літаратурных герояў. Чытанні адбываюцца паралельна, як на звычайных панэльных дыскусіях на канферэнцыях.

Канешне ж, у Еўропе ёсць таксама крытыкі, якія лічаць, што Алексіевіч недастаткова апрацоўвае арыгінальныя запісы або што яна тэндэнцыйна адбірае матэрыял. Хто хоча пачытаць нешта накшталт папулярнай акадэмічнай крытыкі, набярыце па-нямецку ў сеціве ключавыя словы Iris Radisch, Alexijewitsch, Nobelpreis. Ірыс Радыш – загадчыца літаратурнай старонкі раздзелу «Фельетон» 92-старонкавага нямецкага штодыднёвіка Die Zeit.
Як па мне, дык Святлана – чалавек таго беларускага свету, дзе беларус – савецкі чалавек, выхаваны не толькі на творах Талстога, Дастаеўскага, але і Тараса Шаўчэнкі, Чынгіза Айтматава, Надара Думбадзэ, Іона Друцэ, Казіса Саі і да т. п. Гаворачы пра ўплыў Быкава і Адамовіча, Святлана сутнасна папраўляе сябе. У сваім жанры яна – больш беларускі і нямецкі пісьменнік, чым расейскі. У тэкстах і выступах Алексіевіч я не чую ні Бярдзяева, ні Ільіна. ні ваяўнічых ідэолагаў сучаснай РПЦ. Леў Талстой з сваімі «відэакадрамі» жахаў вайны ў «Севастопальскіх апавяданнях» блізкі Святлане Алексіевіч, але цяжка сабе ўявіць. каб Святлана напісала такое: «Не может быть, чтобы при мысли, что и вы в Севастополе, не проникло в душу вашу чувство какого-то мужества, гордости и чтоб кровь не стала быстрее обращаться в ваших жилах...». Пры ўсім арганічным непрыманні вайны, як «противного человеческому естеству состояния», Талстой усё ж застаецца прадстаўніком імперыі, чые жаўнеры маршыравалі пад «Юнкерскі марш»: «Взвейтесь, соколы, орлами, полно горе горевать. То ли дело под шатрами в поле лагерем стоять..». Святлана Алексіевіч пацыфіст іншага кшталту. Для яе вайна і веліч несумяшчальныя. Пра гэтую асаблівасць расійскай літаратуры выдатна пісала Эва Томпсан у кнізе «Песняры імперыі». Яна ёсць у беларускім перакладзе.

Першым жывым голасам вайны ў нас у Беларусі стаў зборнік пасляваенных запісаў дзіцячых успамінаў «Ніколі не забудзем». Натуральна, там не было квяцістых метафар. Там была апісана звычайная смерць ды жахі вайны, бачаныя дзіцячымі вачыма. Дарма сёння адзін наш малады крытык назваў гэтую кніжку прапагандысцкай. Адамовіч, Брыль, Калеснік, Гранін далі Святлане ўзор для будучых «відэакадраў» са споведзяў і сцэн, што падаюцца ў ейных спавядальна-апакаліптычных тэкстах. Гэта і ёсць «атамы» мастацкай чуйнасці да галасоў часу. Вось жа ў «Я з вогненнай вёскі» дзяўчынка просіць немцаў не страляць яе:

– Дзядзі, не бярыце мяне з бабуляй, я вам спяю тую песеньку, каторая «Пасею гурочкі»

У Адамовіча з Граніным у «Блакаднай кнізе» падчас бамбёжкі нованароджанаму дзіцяці перавязваюць пупавіну валасамі маці. У самой Святланы: галоднае дзіця смокча гузік, бо ён падобны на кругленькую цукерку. Адзінокая жанчына падбірае на пасляваенным базары бязногага інваліда, купляе пляшку і валачэ да сябе на руках дадому, каб потым легчы з ім у ложак. Хто мае вушы, той пачуе. У нямецкага аўтара Георга Штайнэра («Лагакраты») ацалелы вязень з Асвенціму ўзгадвае, як за два крокі перад уваходам у крэматорый два габрэі дыскутуюць пра тлумачэнне пэўнага месца з Торы. Побач жах смерці і веліч чалавечага духу…

«Відэакадры» і калажы, якія Святлана намалявала, услухаўшыся ў галасы і фарбы часу, вельмі зразумелыя сталым людзям і ейным сучаснікам: жыццё адначасна і прыгожае, і жудаснае. Каб катастрофа не наблізілася, каб жудаснае не паўтарылася, пра яго трэба гаварыць, нават крычаць. Тым і ратавацца. І тут галасы жывых сведак – мацнейшыя за прыдуманыя аўтарскай фантазіяй.

Святланін геній змрочны. Трэба быць вельмі моцным чалавекам, каб прапусціць праз сябе такі матэрыял і не зламацца. На адной з сустрэч я запытаў Святлану, якая з канфесій ёй бліжэй паводле ейнага псіхічнага складу. Яна адказала: пратэстантызм. Для мяне гэта быў адэкватны адказ. Я толькі падумаў: але ж каб прапусціць праз сябе тыя квадратныя кіламетры жахлівых споведзяў, трэба быць пратэстантам-эпікурэйцам: шэсць дзён абложнай працы, а ў нядзелю – віно, сябры, спевы. Як нобелеўская лаўрэатка з гэтым спраўляецца? Які будзе тэкст пра каханне і сяброўства? Няго зноў змрочны? Чым выратуецца і супакоіцца сэрца нашай зямлячкі? На англійскай мове ў літаратурных агенствах будучы раман-споведзь «Чудный олень вечной охоты», заяўлены як «The Wondrous Deer of the Eternal Quest». Англамоўныя асацыятыўныя слоўнікі з абодвума злучэннямі назоўніка і прыметніка адсылаюць хутчэй да Вагнэра, чым да Аляксандра Грына. Значыць, зноў нешта змрочнае, безнадзейнае, страчанае? І не спраўдзіцца прыгажосць чакання шчасця? І не народзяцца дзве новыя душы ад учынкаў кахання?

Спадзяюся, што ў нобелеўскай прамове Святлана скажа : «У нас у Беларусі..». або, працытаваўшы колькі сказаў з сваіх беларускіх настаўнікаў Васіля Быкава і Алеся Адамовіча на беларускай мове, прадэманструе высокім гасцям яе незамыленую архаічную прыгажосць. Канешне, вершы гучаць у такім выпадку лепш.

Дзеля рэабілітацыі нобелеўскага лаўрэатсва, якое зганьбіў Ёсіф Бродскі, напісаўшы шавіністычна-расійскі вершык пра Ўкраіну і для падтрымкі нашай змагарнай суседкі, фантастычна было б, каб Святлана ўзгадала і свае ўкраінскія карані.

Няхай Святлану Аляксандраўну не пакідае творчае натхненне пры напісанні Нобелеўскай прамовы, няхай ёй здаровіцца на пачатку зімы ў паўночным Стакгольме...

02.11.15 19:18



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Петр Садовский