Каляднае

Свята Нараджэння Хрыстовага сустракаю ў мінскім шпіталі. Урачы не даюць добрых прагнозаў. Хутка вылечыцца не атрымаецца – у лепшым выпадку толькі праз некалькі год дарагой тэрапіі змагу вярнуцца да больш-менш нармальнага жыцця.   Настрой ад гэтага дужа прыгнечаны. Як жа, марыў пра актыўнае жыццё, навучанне ды працу – а тут вось на табе.   Першае віншаванне з Раством атрымліваю ад маладога святара Данілы Сваяка, калі іду на аўтобусны прыпынак сустракаць сяброўку, хрысціянку Аксану, якая завітала на гадзінку, каб падзяліцца са мной калядным аплаткам.   Узгадваю, што камусьці зараз горай, чым мне. Да Алеся Бяляцкага, Яўгена Васьковіча, Змітра Дашкевіча, Эдуарда Лобава, якія чарговае Раство сустракаюць у турме, ніхто з аплаткай не прыйдзе. Васьковічу дык і паштоўкі не дойдуць – цэнзура не тлумачыць, навошта затрымлівае карэспандэнцыю.   Будзе не да святочнага настрою тысячам нашым землякоў, якія жывуць у беднасці, у хваробе ці не маюць ладу ў сям’і. Вызнаўцы Хрыста ў мусульманскіх краінах будуць святкаваць Раство пад пагрозай пераследу – а хтосьці з іх сустрэне свята ў турме, пад катаваннямі ці ў чаканні смяротнага пакарання. За Хрыста сёння забіваюць людзей болей, чым пры Рымскай імперыі, а мы гэта рэдка нават успамінаем.   Кагосьці сёння арыштуюць і будуць катаваць у Кітаі, дзе дасюль валадараць камуністычныя злачынцы. А ў якой трывозе святкуюць Раство жыхары Паўночнай Карэі, дзе расстраляць чалавека могуць толькі за тое, што ён трымае Біблію ў хаце?   А дзеці ў Афрыцы, што паміраюць ад голаду? А цяжкія хворыя, якія прыкаваныя да ложка, ці якія дажываюць апошнія дні?   Калі святкуеш Раство ў цёплай хаце ва ўтульным сямейным коле, і з асалодай назіраеш за тым, як сняжынкі кружляюць над зямлёю, нельга забывацца, што гэты свет – не рай і не казка.
Але такі пункт погляду дазваляе лепш зразумець сэнс Свята.
  У гэты свет, поўны несправядлівасці, пакутаў і далёкі ад дасканаласці, прыйшоў Сам Бог. Прыйшоў непрыкметна - нарадзіўся сярод ночы ў цёмным і смярдзючым хлеве.   Прыйшоў, каб стацца адным з нас. Каб прайсці пакуты разам з намі. Каб памерці цяжкай смерцю на крыжы – і праз гэта надаць сэнс нашаму гаротнаму жыццю.   Бо толькі вера ў Ісуса Хрыста, Нараджэнне Якога мы адзначаем гэтымі днямі, можа правесці нас з недасканалага гэтага свету да Нябеснага Валадарства, дзе ўжо не будзе ані слёзаў, ані смутку.   Са святам! Няхай Ісус, Які ёсць Дарога, Праўда і Жыццё (Яна, 14,6), дабраслаўляе вашую дарогу да Неба!.
24.12.12 19:54



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Кастусь Шыталь