Лукашэнка перамог!

У польскім горадзе Торуні калісьці назіраў як мясцовыя людзі рыхтуюцца да сустрэчы з папай Янам Паўлам ІІ. Найперш здзівіў мой калега з тамтэйшага універсітэту – крытычна настроены да касцёла, выкупіў квіткі на сустрэчу для ўсёй сям'і. Потым я ішоў па вуліцы і ўбачыў гаспадара крамы, які мыў сваю вітрыну, а калі гадзіны праз чатыры вяртаўся, той самы немалады чалавек, стоячы на лесвіцы, надалей старанна цёр ужо нябесна зіхоткае вітрыннае шкло. І так увесь горад, бо заўтра меўся быць польскі папа... Адчуў зайздрасць да палякаў, бо яны маюць такі маральны аўтарытэт, такую з'яву, што аб'ядноўвае, цэментуе ўсю нацыю ад прэзідэнта з прэм'ерам да самага апошняга апазіцыянера. А ў нас? Можа, Васіль Быкаў? Несумненна варты, але ці аб'ядноўвае?

А яшчэ палякаў аб'ядноўваюць поспехі іх спартоўцаў і іх мова, якую нават бароніць спецыяльная дзяржаўная праграма. Аказваецца, усе нацыі ў нашай Цэнтральна-Усходняй частцы Еўропы стварыла мова. У 19 – першай палове 20 ст. пераможна прабіла сабе дарогу мадэрная ідэя нацыі як супольнасці носьбітаў адной мовы. А там, дзе не прабіла, як на Беларусі, то няма і нацыі. Чэхі ў 1848 г. падчас Вясны народаў бязмерна здзівілі сваіх немцаў, калі выдалі: "Чэх – гэта той, хто гаворыць па-чэшску!". У выніку маем цудоўную краіну Чэхію, а не шэраговую зямлю Багемію ў Нямеччыне. У Летуве пачатку 20 ст., па сведчанні Чэслава Мілаша, чалавек мог нават з дакументамі ў руках даказаць, што ён летувіс ад дзеда-прадзеда, але калі не ведаў мовы, летувісам яго ніхто не прызнаваў. У выніку маем цікавую краіну, хай сабе і не такую багатую (але не бяднейшую за нас) з самабытнай культурай, якую надалей цэментуе, зноў жа мова.

У адрозненне ад эканомікі, Лукашэнка ніколі не змяняў сваю палітыку адносна беларускай мовы і культуры. Наш нацыянальны цэмент ён планава і метадычна разбаўляў пясочкам. Найперш, знішчана нацыянальная адукацыя, вычышчана ад мовы кіно, тэлебачанне і FM -радыё (успомніце апошнюю гісторыю з "Аўтарадыё", што круціла зашмат песняў па-беларуску). Ужо пры нібыта беларускамоўным міністры культуры паціху перавялі на расейскую справаводства ў бібліятэках. Цікава, што сказаў бы Якуб Колас, пабачыўшы расейскамоўны лагатып акадэмічнай бібліятэкі свайго імя? Пасведчанне кіроўцы мне замянялі – запіс ужо па-расейску. У КДБіста, які дапытваў Някляева, дзіцё пачуўшы мову ў садку, прыняло яе за ангельскую. І самае галоўнае, на расейскую ўсё больш пераходзіць эліта, якая дэкларуецца як апазіцыйная і дэмакратычная і хоча будаваць новую Беларусь. Аб'яднаная Грамадзянская Партыя, праўда не пераходзіць, яна заўсёды і была расейскай. Вось як сусед па блогу сп. Балыкін, нават задаволены існуючай у Беларусі культурніцкай сітуацыяй: "Нам необходимо выражать интересы людей, которые видят и понимают необходимость изменений, но при этом не считают, что такие изменения связаны в первую очередь с культурным возрождением. Основными достоинствами современного белорусского общества я лично считаю мультикультурализм, полиязычность, поликонфессиональность и толерантность народа." Можа хто падкажа бліжэйшы прыклад дабрабытнай дэмакратычнай краіны, збудаванай не на нацыянальна-культурнай аснове? Хіба не Прыднястроўе... Дарэчы, ці прыпадак, што менавіта АГП на прэзідэнцкія выбары высунула самага... цяжка знайсці акрэсленне, нікчэмнага кандыдата?

Апускаючы ўсе маральныя аспекты, кшталту, унікальнасць мовы, культурная каштоўнасць у скарбніцы чалавецтва, светлая памяць тысячаў, аддаўшых за яе жыццё (хоць для эліты, гэта хіба не пустыя словы), варта ўсё-такі глянуць на практычны бок справы. Мова можа нас сцэментаваць і ад эліты залежыць, ці так будзе. Нават па каментах інтэрнаўтаў адчуваецца сумота расейскамоўных беларусаў па сваёй мове. Мне бачыцца ў гэтым праява не да канца нават усвядомленага імкнення да самапавагі, перажывання пачуцця ўласнай годнасці, спрадвечнага беларускага імкнення людзьмі звацца. Каму, як не эліце быць у гэтым першымі? Бо адзіным аргументам расейшчыны ў беларуса, дакладна акрэсленым Сяргеем Дубаўцом, з'яўляецца – "так удобнее". Мы цяпер невядома хто. Дрэйф у бок буйнога усходняга суседа ўсё большы. Калі прачытаў, што ў Менску адзін кіроўца страляў у другога з-за непаразумення на дарозе, адразу думка – як у Маскве... Па вуліцах беларускіх гарадоў ездзяць машыны з георгіеўскімі стужкамі на антэнах і іх шмат. Лукашэнка перамог?

22.06.11 11:30



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Аляксандар Краўцэвіч