Па дробязях, але дзяржаўныя сродкі рабазарваюцца 14.12.2017

Цікавая сітуацыя. Буду без прозвішч, але з пасадамі. Дырэктар Белдзяржмузея народнай архітэктуры і побыту абвяшчае вымову супрацоўніку. Вымома пад сабой не мае аніякіх юрыдычных падставаў. таму супрацоўнік падае ў суд. У гэтай сітуацыі нецікава, хто выйграў, дырэкцыя музея ці супрацоўнік. Хаця, магу заявіць, што супрацоўнік выйграў, тым больш, што касацыйная інстанцыя сёння падцвердзіла правату супрацоўніка.

У гэтай сітуацыі цікава наступнае. У штаце музея ёсць юрыст, гэтая вакансія не пустуе, занятая жывым чалавекам. А дзеля судовага працэсу, які быў ініцыяваны незаконна пакараным супрацоўнікам, каб аждстаяць свае правы супраць самадурства дырэктара і яго прыхлябайнікаў, з боку адміністрацыі музея за дзяржаўныя грошы дадаткова быў наняты адвакат.

Вы можаце сабе ўявіць сітуацыю - у штаце музея юрыст, якому за бюджэт, за нашыя з Вамі грошы, што мы ў якасці простых і ўскосных падаткаў пакідаем, зарплату плоцяць, А тут наймаюць старонняга адваката, і не проста, а супраць супрацоўніка, які адстойвае свае законныя правы. Дадаткова нагадваю, што супрацоўнік меў рацыю, што правата супрацоўніка падцверджана судовымі рашэннямі двух інстанцый.

Як на маю думку, то нават, не даючы аніякіх іншых ацэнак дзейнасці дырэктара і яго прыхільнікаў, яўна прасочваюцца прыкметы неметавага выкарыстання дзяржаўных, сродкаў, за што трэба несці адказнасць. Таму магу сказаць, калі самі супрацоўнікі музея не звернуцца ў кантрольныя і наглядныя органы, то гэта зраблю я асабіста, як фізічная асоба.

Меркаванне наконт аднаўлення Касцёла Святога Антонія ў Віцебску 08.11.2017



Сёння на сайце “Віцебскага кур’ера” з’явіўся матэрыял пра аднаўленне касцёла Святога Антонія ў Віцебску (https://vkurier.by/114097), дзе ксяндзом Вячаславам Барком паведамляецца пра ўзвядзенне аб’екта не на падмурках, а са змяшчэннем ад гістарычнага месцазнаходжання, і адначасова заяўляецца аб імкненні аднавіць яго, як аўтэнтычны аб’ект.

Артыкул на рускай мове, таму дам невялічкае ўдакладненне. Тэрмін “восстановление”, які сустракаецца ў матэрыяле - гэта “аднаўленне” па-беларуску. Аднаўленне - гэта “сукупнасць работ і мерапрыемстваў, накiраваных на навукова абгрунтаванае поўнае або частковае паўторнае стварэнне матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей (для нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей – абавязкова на месцы iх ранейшага знаходжання)” (п.1.1 арт. 114 Кодэкса аб культуры Рэспублікі Беларусь).

Міжнародны метадычны дакумент “Рыжская хартыя 2000 г.” таксама прадпісвае, што аднаўленне страчанага гісторыка-культурнага аб’екта не павінна парушаць гістарычную планіровачную структуру. Аднаўленне касцёла Святога Антонія не на падмурках, а са змяшчэннем парушае і міжнародныя методыкі, і прынцыпы, закладзеныя ў нацыянальных нарматыўна-прававых актах і ў тэхнічных нарматыўных дакументах.

Пры парушэнні гістарычнай планіровачнай структуры, што з аб’ектам не зрабі, якімі матэрыяламі і тэхналогіямі яго не збудуй, хоць па спецзаказу пальчатку для яго вырабі, але гэта ўжо ніяк не будзе стасавацца з аўтэнтыкай, з аўтэнтычным, гістарычна складаўшымся горадабудаўнічым кантэкстам. Калі касцёл будзе ссунуты хоць на метр ад сваіх падмуркаў, ён нічым не будзе адрознівацца ад псеўдааднаўленняў па тыпу мінскай гасцініцы “Еўропа” ды ідэі “аднаўлення” полацкага Сафійскага сабору ў Віцебску.

Трэба ці то вырашаць, як сказана, праблему з горадабудаўнічай сітуацыяй, а рашэнне ляжыць на паверхні і спецыялісты Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры неаднаразова яго агучвалі, ці перастаць апераваць пафаснымі фразамі - “аднаўленне страчанай спадчыны”.

Нахабства ці дурнота? 23.10.2017

Паднёс мне падаруначак і Бабруйскі райвыканкам амаль да дня народзінаў. Маю на ўвазе матэрыял на "Навінах" за 20-га кастрычніка (http://naviny.by/…/1508477348-kto-zatyagivaet-process-sozda…). Я да гэтага часу не разумею, калі досыць высокапастаўлены чыноўнік "базар не фільтруе" - гэта паталагічнае нахабства, ці паталагічная дурнота?

Калі і гаварыць пра стварэнне Музея Адамовіча, калі гаварыць пра тое, хто што канкрэтна зрабіў з боку райвыканкама і з боку грамадскасці, то з боку грамадскасці зроблена практычна ўсё, а з боку Бабруйскага райвыканкама толькі адкрыты дабрачынны рахунак, і тое пад націскам аблвыканкама, ды зацверджаны дакументы, якія мною асабіста складаліся.

А такія заявы я нікому не дарую, таму буду да канца змагацца. Тут не толькі спроба перакласці ўсё што можна з хворай галавы на здаровую, тут не толькі асабістая абраза, тут усё значна глыбей. Тут спроба дыскрэдытацыі грамадскага аб'яднання праз асобу яго кіраўніка. Нічога, паваюем. Не ў першы і не ў апошні раз. Па-добраму абрыдла. Па-добраму праблему толькі я асабіста з 2010 года вырашыць пытаюся, а ўвогуле, 20 год улады праблему стварэння музея ці ігнаруюць, ці сабатуюць.

Ну а на пачатак, хай пазнаёмяцца з лістом і адкажуць на яго. Не думаю, што тав. Варанко выбачыцца. Думаю, што і ў праваахоўныя органы пісаць прыдзецца, і ў суд падаваць. Але трэба прайсці ўсе прыступачкі, у тым ліку даць шанец на прабачэнне.





Інфармацыя для роздуму 23.08.2017

Толькі ўвечары ўчора вяhнуўся з поля ў Мінск, і адразу мяне даганяюць навіны, якія ні для кога не цікавы ўжо, бо даўнія, а для мяне, як зусім свежыя. У тым ліку і навіна ў НН пра непрацяг кантракту з Еўмяньковым - загадчыкам філіяла Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры "Музей-сядзіба Міцкевічаў «Завоссе»", якога чамусці НН называе дырэктарам музея. Матэрыял быў прадубляваны і на "Партызане".

Прачытаў і допіс у ФБ Глеба Лабадзенкі, які прысвечаны дадзенай тэме. Не хачу каментаваць усё, але цытую адно выказванне - "Анатоль Еўмянькоў -- унікальны чалавек, які павінен застацца на сваім месцы. у музеі, куды ён уклаў душу і здароўе".

Тлумачу, што ніякага здароўя і душы пан Еўмянькоў у музей не ўкладаў. Экспазіцыя музея рабілася ў 1998 г. і душу і здароўе ўкладалі ў яе  супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры. Еўмянькоў прыйшоў на пасаду, калі філіял працаваў, як заведзены гадзіннік,

Скажыце мне, якія змены ў экспазіцыю ім зроблены? Скажыце мне, якія новыя выставы ім арганізаваны? Якімі новымі музейным прадметамі і ў якой колькасці ён папоўніў фонды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры? Менавіта гэтым у першую чаргу ацэньваецца праца музейшчыка.

Давайце падыходзіць да ўсяго аб'ектыўна, а не з пункту гледжання - ён жа патрыёт, ён жа пра Бацькаўшчыну прыгожа прамаўляе. Добры апавядальнік - гэта не добры спецыяліст. І спачатку давайце разбярэмся, ці з'яўляецца Еўмянькоў дырэктарам (не з'яўляецца, з'яўляецца загадчыкам філіяла), даведаемся пра службовыя абавязкі на гэтай пасадзе, пра выкананне гэтых абавязкаў, а толькі потым будзем галасіць на ўвесь свет пра чарговыя зверствы крывавага рэжыму.

І яшчэ адна рэмарка. У мінулым годзе прывозіў у Завоссе палякаў. Грошы былі падсправаздачныя, таму патрэбны былі ўваходныя квіткі, каб закрыць сплочаную за наведванне музея і экскурсію суму. Калі сказаў пра гэта "дырэктару" (ніякі Еўмянькоў не дырэктар, а,як пісалася вышэй, загадчык філіяла), то просьба выдаць квіткі на рукі выклікала рэзкі спад настрою пана "дырэктара". Пры тым, што экскурсію праводзіў сам, бо пан Еўмянькоў быў заняты з іншай польскай групай, а плату ўзяў ён не толькі за ўваходныя квіткі, але і за экскурсійнае абслугоўванне, якое з боку установы культуры аказана не было.

Гэта так, для роздуму нашым ура-патрыётам.


Пра лібералаў і дэмакратаў у кантэксце гісторыка-культурнай спадчыны 15.06.2017

Я не ацэньваю архітэктурныя і мастацкія якасці забудовы Асмалоўкі. Я не ліберал, як Зісер, які свае густы ставіць вышэй за права, я, дзякуй Богу не "дэмакрат", як Дзмітрыеў, які раптам заклапаціўся развіццём горада, але мабыць не ведае, што дэмакратыя ў першую чаргу - гэта верхавенства закона. Для мяне, на дадзеным этапе, ПДП, які выкананы "Мінсграда" па заказе гарадской выканаўчай улады - дакумент, распрацаваны з парушэннем заканадаўства.

У канцы мінулага года Навукова-метадычная рада пры Міністэрстве культуры разглядала прапанову МГА "Гісторыка" аб наданні Асмалоўцы статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. Статус не быў нададзены, але і прапанова не была адхілена, а адпраўлена на дапрацоўку. Юрыдычна яна знаходзіцца ў працы, бо паўторна не разглядалася, пісьмовага паведамлення аб канчатковай адмове ў наданні статуса каштоўнасці "Гісторыка" не атрымлівала, а гэта азначае, што раён да прыняцця канчатковага рашэння па статусу знаходзіцца пад аховай дзяржавы.

А лібералам і "дэмакратам" хачу параіць у чарговы раз падвучыць матчастку, у прыватнасці пэўныя моманты з Кодэксу аб культуры Рэспублікі Беларусь.

Пункт 4 Артыкула 93 Кодэкса аб культуры Рэспублікі Беларусь. "Мясцовы выканаўчы i распарадчы орган базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, а таксама ўласнiк (карыстальнік) матэрыяльнай культурнай каштоўнасці, землекарыстальнік, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная культурная каштоўнасць, з дня атрымання пісьмовага паведамлення, i да дня прыняцця рашэння аб неабходнасцi (адсутнасцi неабходнасцi) надання матэрыяльнай культурнай каштоўнасці статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi прымаюць меры па прыпыненні работ або iншай дзейнасцi, якiя могуць аказаць уздзеянне на матэрыяльную культурную каштоўнасць".


Падтрымайма ініцыятыву! 14.06.2017


19 студзеня 2017 г. ў газеце “Беларусь сегодня” быў апублікаваны артыкул «Ля Чырвонага касцёла» пра легендарнага чалавека – Эдварда Вайніловіча, які шчыра любіў Мінск і нашу зямлю, які шмат зрабіў для яе росквіту, і які на доўгія гады быў незаслужана забытым. Не ўсе ведаюць, што велічны Касцёл Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) – адзін з сімвалаў горада – пабудаваў у свой час менавіта Вайніловіч, што на пасадзе маршалка шляхты Мінскай губерні Эдвард Вайніловіч усе сілы аддаваў эканамічнаму і сацыяльнаму развіццю Міншчыны.. Публікацыя стала зваротам да Мінгарвыканкама аб увекавечванні імя Эдварда Вайніловіча на плошчы (скверы) каля Чырвонага касцёла.

Але супраць дадзенай ініцыятывы кансалідавана выступілі прадстаўнікі нэабальшавіцкіх і чарнасоценных арганізацый. Пад валам іх зваротаў Мінгарвыканкам вынес ініцыятыву рэдакцыі “Беларусь сегодня” на грамадскае абмеркаванне, якое будзе цягнуцця да канца наступнага тыдня. Вельмі важная нашая падтрымка дадзенай ініцыятывы, інакш супраціўнікам удасца яе заблакаваць, як у свой час была заблакавана ініцыятыва па перайменаванні вуліцы Берсана ў вуліцу Вайніловіча.

Таму Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры падтрымала ініцыятыву і заклікае ўсіх неабыякавых да нашай гісторыі, да нашай культуры, звяртацца ў Мінгарвыканкам з прапановамі ў падтрымку ініцыятывы рэдакцыі газеты. Звяртацца можна, як у пісьмовым выглядзе на адрас - Мінгарвыканкам, 220050, пр-т. Незалежнасці, 8, г. Мінск, ці ў электронным выглядзе на старонцы для электронных зваротаў Мінгарвыканкама па спасылцы http://minsk.gov.by/ru/feedback/10/, ці па электроннаму адрасу mgik@minsk.gov.by.

Ніжэй прыводзіцца прыкладны тэкст зварота.

Старшыні Мінгарвыканкама А.В.Шорцу
Імя, імя па бацьку, прозвішча заяўніка.
Хатні адрас па месцы рэгістрацыі, тэлефон.
Электронны адрас ў выпадку электроннага зварота

Шаноўны Андрэй Віктаравіч!

19 студзеня 2017 г. ў газеце “Беларусь сегодня” быў апублікаваны артыкул «Ля Чырвонага касцёла» пра легендарнага чалавека – Эдварда Вайніловіча, які шчыра любіў Мінск і нашу зямлю, які шмат зрабіў для яе росквіту, і які на доўгія гады быў незаслужана забытым. Не ўсе ведаюць, што велічны Касцёл Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) – адзін з сімвалаў горада – пабудаваў у свой час менавіта Вайніловіч, што на пасадзе маршалка шляхты Мінскай губерні Эдвард Вайніловіч усе сілы аддаваў эканамічнаму і сацыяльнаму развіццю Міншчыны.. Публікацыя стала зваротам да Мінгарвыканкама аб увекавечванні імя Эдварда Вайніловіча на плошчы (скверы) каля Чырвонага касцёла.

Я падтрымліваю ініцыятыву газеты і хадайнічаю аб наданні плошчы (скверу), якая размяшчаецца паміж Касцёлам Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) і будынкам Музея гісторыі беларускага кіно, імя Эдварда Вайніловіча з наступным усталяваннем на гэтым месцы памятнага знака.

З павагай і надзеяй на падтрымку,

Дата Подпіс


Просім далучыцца і да калектыўнага электроннага звароту, які можна падпісаць па спасылцы http://zvarot.by/ru/nazovem-skver-u-krasnogo-kostela-v-chest-edvarda-vajnilovicha/



Аб парадку арганізацыі і правядзення конкурсу эскізных праектаў памятнага знака “Курапаты” 05.04.2017


Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры падтрымлівае распрацоўку праекта мемарыялізацыі месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты і выказвае ўдзячнасць органам дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь за праяўленне дзяржаўнага клопату аб дадзенай гісторыка-культурнай каштоўнасці, якая стала сімвалічнай для многіх грамадзян Беларусі, якія страцілі сваіх родных і блізкіх пад час масавых палітычных рэпрэсій, якія праводзіліся ў СССР. Тым больш, што спецыялісты архітэктурнай секцыі Таварыства выказалі жаданне прыняць удзел у дадзеным конкурсе. Але па шэрагу прычын, якія закладзены ў Палжэнне аб парадку арганізацыі і правядзення конкурсу эскізных праектаў памятнага знака “Курапаты”, немагчымы раўнапраўны ўдзел не толькі спецыялістаў архітэктурнай секцыі, але і шэрагу іншых творчых асобаў і калектываў. Асноўная прычына – патрабаванне па выкананню генеральнага плана мемарыяльнага знака на геападаснове маштабам 1:500, у той час, калі гэтая геападаснова патэнцыйным удзельнікам конкурса арганізатарамі, Міністэрствам культуры, не прадстаўляецца. Для даведкі, дадзены тапаграфічеы матэрыял згодна дзеючага заканадаўства з’яўляецца дакументам для службовага выкарыстання, што аўтаматычна закрывае ўдзел для творцаў і творчых калектываў, якія не маюць магчымасці гэтыя матэрыялы атрымаць. Іншай прычынай з’яўляецца непразрыстаць прыняцця рашэнняў конкурсным журы, склад якога не абнародаваны, хаця папярэдне дэкларавалася аб шырокім удзеле грамадства ў абмеркаванні мастацкай і архітэкурнай канцэпцыі мемарыяла. У сувязі з вышэйназванымі прычынамі  Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звярнулася да прэзідэнта, старшыні Савета міністраў і міністра культуры Рэспублікі Беларусь з прапановай адмяніць Загад Міністэрства Культуры Рэспублікі Беларусь ад 23 сакавіка 2017 г. № 69 і Палажэнне аб парадку арганізацыі і правядзення конкурсу эскізных праектаў памятнага знака “Курапаты”, якое гэтым загадам зацверджана, абвесціць конкурс паўторна і з новымі тэрмінамі, для чаго распрацаваць новае Палажэнне, якое будзе прадугледжваць папярэднію рэгістрацыю ўдзельнікаў конкурса з наступным іх забеспячэннем падставовымі матэрыяламі, а канкрэтна, геападасновай маштабам 1:500 для выканання генеральнага плана.
Дадаткова было прапанавана пры паўторным абвяшчэнні конкурса апублікаваць склад конкурснага журы і прадугледзіць у адкарэктаваным Палажэнні форму ўдзелу ў працы журы прадстаўнікоў Грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, як прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, якія ў сваёй статутнай дзейнасці прадугледжваюць ахову і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны.

Шклопакеты, бульдозеры і Крэўскі замак 20.03.2017


У суботу, быў у Вільні на запісу ток-шоў "Форум", якое прысвячалася праблемам гісторыка-культурнай спадчыны. Адпаведна, што быў не адзін а з калегамі, з тымі людзьмі, якія працуюць як з аховай помнікаў, так і ў рэстаўрацыі. Праз усе размовы нашыя, а калі мы разам збіраемся, то размаўляць пра сваё, пра "жаночае", мы можам бясконца, чырвонай ніткай ішла думка - паміж спецыялістамі ў гэтай галіне і грамадствам, якое перыядычна бывае тэмай заклапочана - прорва. Калі мы мыслім катэгорыямі прававой сістэмы, метадалогіі і г.д., то звычайныя грамадзяне ўсю праблему бачаць на ўзроўні - а чаму вось там і там у Мірскім замку шклопакет стаіць.

Гэта яскрава падцвярджаецца сітуацыяй з Крэўскім замкам, маю на ўвазе тыя фатаздымкі, якія пачалі гуляць па сеціву з гнеўнымі подпісамі па тыпу - крывавы рэжым нішчыць бульдозерамі Крэўскі замак, а ён жа наша ўсё. Пад раздачу патрапіла і Таварыства аховы помнікаў, і я асабіста з-за таго, што пасмеў напісаць у адным адказе на пытанне пра сітуацыю на замку літаральна наступнае - што Таварыства не ўзгадняючая арганізацыя, што мы не можам паставога выставіць да кожнага аб'екта, а ўвогуле, калі каго і цікавіць нейкая тэма, то пара навучыцца і самім збіраць інфармацыю, а не спадзявацца, што нейкі добры дзядзька з Таварыства будзе ўсю працу рабіць.

Ну і пра саму сітуацыю. У межах распрацоўкі праекта рэканструкцыі, рэстаўрацыі і аднаўлення замка трэба было правесці інжынерна-геалагічныя вышуканні. І менавіта на месцы закладкі свідравін і правядзення статычнага зандавання знаходзілася вялікая колькасць камянёў і каменнага друза, што проста рабіла немагчымым правядзенне запланаваных прац. І гэтыя тэрыторыі былі расчышчаны пры дапамозе цяжкой тэхнікі. Я не хачу сказаць, што гэта добра, я ўпэўнены, што работу гэта можна было б зрабіць ашчадней, але пачаўся пэўны працэс у межах рэстаўрацыі, і падобныя сітуацыі будуць узнікаць усё часцей і часцей.

Вось тут і выяўляецца ўзровень разумення праблемы. Не ў пластыкавым акне справа, не ў бульдозерных працах, а ў адсутнасці сістэмы, адсутнасці тэхнічных нарматыўных дакументаў, якія рэгламентуюць рэстаўрацыйныя працы, у адсутнасці кваліфікаваных спецыялістаў і спецыялізаваных прадпрыемстваў. Ставячы пытанне аб рэстаўрацыі таго ці іншага аб'екта заўсёды трэба быць гатовым, што нешта пойдзе не так, як бы нам хацелася, што нават прыдзецца развітацца з часткай аўтэнтыкі, а то з практычна ўсёй. Што ні гавары, а рэстаўрацыя і пурысцкая ахова спадчыны - гэта шмат у чам антаганістычныя з'явы.

Ну і на развітанне. Калі зноўку вярнуцца да сітуацыі з Крэўскім замкам, то пры выкананні гэтых прац з фармальнага пункту гледжання зроблена толькі адно парушэнне - працы праводзіліся ў адсутнасць археалагічнага нагляду. А з гэтай раблемай ужо працуе Інстытут гісторыі.

Кодэкс аб культуры - міна пад гісторыка-культурную спадчыну 16.03.2017

Здымак http://nn.by

style="margin-top: 6px; margin-bottom: 6px; font-family: Helvetica, Arial, sans-serif; color: rgb(29, 33, 41); background-color: rgb(255, 255, 255);">


Нарэшце, пасля скаргі ў органы пракурорскага нагляду за невыкананне нарматыўных тэрмінаў прадстаўлення адказаў на звароты, гарадская выканаўчая ўлада даслала ліст-адказ. А пытанне ў маім звароце падымалася пра выкананне нормаў заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, архітэктурнай горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці пры распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі шматфункцыйнага духоўна-асветнага комплексу будынкаў Беларускай праваслаўнай царквы ў межах вуліц Вызвалення, Шпалерная ў г. Мінску, на тэрыторыі Гістарычнага цэнтра Мінска, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Згодна праекта у шматфункцыянальным комплексе павінны размесцяцца пабудовы з паркінгам мяркуецца размяшчэнне працоўнага кабінета мітрапаліта, памяшканняў Упраўлення Беларускай праваслаўнай царквы, шматфункцыянальнага залы на 450 месцаў, сінадальнага залы, дапаможных службаў, асноўнай трапезнай, крамы царкоўных прыналежнасцяў, інфармацыйнага цэнтра, працоўнага кабінету памочніка мітрапаліта, памяшканняў персаналу, тэхнічных памяшканняў, нумароў для ганаровых гасцей.

Не буду зараз зноўку пералічаць усе тыя нормы, якія праектам парушаюцца, не буду гаварыць, што шмат у якіх пазіцыях праект не адпавядае рэгламентам праекта дэталёвага планавання Гістарычнага цэнтру Мінска, у тым ліку і па функцыянальнаму прызначэнню. Проста вельмі сімптаматычна, калі ў лісце, падпісаным намеснікам старшыні выканкама сцвярджаецца зусім адваротнае - адпавядае. Гэта магло б падзейнічаць, каб не было б у мяне на руках асноўных палажэнняў ПДП, які быў скарэктаваны ў 2013-м годзе.

Таксама хацелася б не акцэнтаваць увагу на тое, што ў лісце гарвыканкама не даецца адказ на адно з асноўных нашых пытанняў - а ці будзе выносіцца архітэктурна-будаўнічы праект на грамадскае абмеркаванне, што прадугледжана Палажэннем аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў у галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, якое зацверджана Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10.02.2014 г. № 109. З гэтым будзем працаваць.

Галоўнае тут вось што. У склаўшыхся абставінах, як у люстэрку можна ўжо прасачыць усю “прыгажосць” нашага Кодэксу аб культуры, адна з мэтаў якога хутчэй за ўсё - канчатковае знішчэнне нашых помнікаў гісторыі і культуры ў прававых межах. Тлумачэнне сітуацыі элементарнае. Дадзены праект, як гаворыцца ў лісце, атрымаў заключэнне па праектнай дакументацыі, як ад Акадэміі навук, так і ад Міністэрства культуры. Я ведаю, што такія заключэнні былі, але гэтыя заключэнні ўтрымлівалі шэраг заўваг, якія пры дапрацоўцы праекта павінны былі быць выпраўлены.

Да ўступлення Кодэкса аб культуры ў дзеянне, нават, калі пры адмоўным заключэнні праект нейкім чынам “працягвалі” праз эксперызу, а ў выпадку з гэтым аб’ектам праблем не будзе, бо распрацоўшчыкам дакументацыі з’яўляецца Упраўленне праектных прац дзяржаўнага прадпрыемства “Галоўбудэкспертыза” - орган, які сам сабе экспертную ацэнку рабіць будзе, то Міністэрства культуры, заняўшы прынцыповую пазіцыю, магло б не выдаць дазвол на будаўніцтва. І ў гэтым выпадку існавалі б юрыдычныя падставы для штрафных сануцый, спынення прац і прывядзення іх у адпаведнасць з заканадаўствам.

Але зараз Кодэкс прадугледжвае выдачу дазволу Міністэрства толькі на распрацоўку навукова-праектнай дакументацыі, а на выкананне прац на помніках ці на тэрыторыях гісторыка-культурных каштоўнасцей і ў зонах аховы зараз дазволу Міністэрства культуры не патрабуецца. І навват само, прадугледжанае нормамі Кодэкса, ўзгадненне дакументацыі губляе сэнс, яно становіцца чыста сімвалічным крокам, толькі таму, што так трэба. Дарэчы, мабыць з гэтай прычыны ў Кодэкс не ўвайшла норма пра права выдачы з боку Міністэрства прадпісанняў на спыненне прац, якія на гісторыка-культурных аб’ектах праводзяцца с ппарушэннем заканадаўства, бо зараз такіх парушэнняў фармальна практычна і не засталося. Застаецца перафразаваць Блока - гуляй інвестар без віна!

А калі вярнуцца непасрэдна да духоўна-асветнага цэнтру, то застаецца толькі адно. Будзем патрабаваць грамадскага абмеркавання праекта, на падставе яго неадпаведнасці рэгламентам ПДП. І яшчэ, а ці выкліча гэтая сітуацыя такі ж ажыятаж у грамадскасці, як Курапаты. Я не прыхільнік намётавых мястэчак на вуліцы Вызвалення, я пра грамадскі і інфармацыйны рэзананс.

Са зваротам да мясцовай адміністрацыі можна азнаёміцца вось па гэта спасылцы https://www.facebook.com/permalink.php?story_fbid=1372258469451477&id=100000020128512, а адказ Мінгарвыканкама публікуецца ніжэй.







http://pomniki.budzma.org/

Курапаты варта бараніць чыстымі рукамі 27.02.2017 3

А думаю зараз зноўку пра Курапаты. Па вялікаму рахунку, для мяне гэта такі ж аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны, як і астатнія. Ніколі не раблю паміж імі розніцы, калі заўважаю прыкметы парушэнняў заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Розніца толькі ў тым, што ні прэса, ні грамадства не рэагуе актыўна на падобныя парушэнні на іншых помніках, хаця не толькі ў зонах аховы, а непасрэдна на тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцяў фіксуюцца парушэнні самых розных планаў. У сувязі з гэтым ніхто не выстаўляе намётавых гарадкоў, не праводзіць масавых акцый, журналісты проста праблему ігнаруюць..

І вось я думаю, а чаму гэта так? Чаму людзям, якія зараз шчыльнымі радамі запісваюцца ў абаронцы Курапатаў, пляваць на іншыя гісторыка-культурныя аб'екты, чаму ў імя абароны Курапатаў у прастору выпускаюцца нават заведама ілжывыя звесткі пра будаўніцтва на касцях, хаця справа толькі ў працэдурных прававых парушэннях, калі апрыёры на гэтай пляцоўцы не можа быць пахаванняў, таму што гэта агароды ўскраінных сядзіб былой вёскі Зялны Луг.

Уяўляю сітуацыю - растрэлы, якія праводзіць НКУС на агародах, і не мог нават у страшным сне ўявіць. Але нічога дзіўнага, калі такое ўздзейнічае на масавую свядомасць. Вось ужо сёння пабачыў пад адным пастом каментар - гэтай будоўляй Лукашэнка хавае сляды сваіх злачынстваў, менавіта на гэтым месцы былі схаваны целы Ганчара, Захаранкі і Завадскага, і іх парэшткі хочуць назаўжды схаваць пад офіс-цэнтрам.

Можна было б і не заўважаць гэтай ахінеі, але яе лайкаюць, а адзін досыць вядомы ў апазіцыйных колах чалавек, які выступае, як праваабаронца, у сваім каментары гэтае трызненне падтрымлівае.

Нешта непамысна пасля гэтага становіцца. Неяк яшчэ можна растлумачыць падвышаны грамадскі інтарэс да Курапат, які грунтуецца на гісторыі гэтага аб'екта, а ў сувязі з гэтым любое дзеянне, звязанае з ім - грамадска-значнае дзеянне, якое адразу атрымлівае шырокае інфармацыйнае гучанне. А вось ужыванне інфармацыйных маніпуляцый ды непрыкрытага падману - гэта ўжо тлумачэнню не паддаецца.

Абарона Курапат, якая падаецца, як высокамаральная справа, павінна маральным шляхам і адбывацца.

Вымушаны, але неабходны крок 19.02.2017

Не люблю з пэўнага часу займацца гэтым аб'ектам. Занадта шмат вакол яго было спекуляцый, таму і не хочацца з гэтым мець нічога агульнага. Але несумненна, што перыядычна вакол Курапат узнікаюць і сітуацыі з парушэннем заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Зараз падобная сітуацыя, і ў баку застацца проста немагчыма. Нахабнейшым чынам залезлі ў зону аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці. Можаце глянуць самі. Здымак з пазначэннем плямы забудовы і схема ахоўнай зоны таксама з пазначэннем плямы забудовы. І ліст, які заўтра ўжо будзе ў Генпракуратуры.



Пляма перспектыўнай забудовы на спадарожнікавым здымку


Пляма перспектыўнай забудовы на схеме ахоўных зон





Суб'ектыўна пра першаснае і другаснае 16.02.2017

Не буду называць імёнаў, каб не займацца дыскрэдытацыяй, але тут мяне ткнулі нядаўна носам у тое, што адзін праект тэхнічнага дакумента, які распрацаваны па ініцыятыве нашага грамадскага аб'яднання, зроблены не на беларускай мове. І ў якасці такога станоўчага прыкладу прывялі беларускамоўны Кодэкс аб культуры.

Покуль не хапае сілаў на аналіз усіх раздзелаў кодэкса, глузды рвуцца толькі ад паглыбленага вывучэння блока, прысвечанага ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Вывучаючы гэты блок эпахальнага беларусамоўнага нарматыўна-прававога дакумента, маю на ўвазе Кодэкса, разумееш, што гісторыка-культурнай спадчыны хутка ў нас не будзе.

Момантаў вельмі шмат. Вось, напрыклад, адзін з іх. Гэта п. 15 артыкула 93, дзе чорным па беламу напісана: "Рашэнне аб наданні культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляецца ненарматыўным прававым актам..." І што гэта за статус такі, калі ён не мае юрыдычнай сілы, як нарматыўна-прававы акт? Гэта проста рэкамендацыя, на якую ўсе наплююць і не будзе механізмаў нармальнага прававога ўздзеяння на парушльнікаў.

Артыкул 94 Кодэкса проста да немагчымасці спрасціў пазбаўленне аб'ектаў статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. Зараз любы інвестар, якому перашкаджае помнік, звернецца ў аблвыканкам з прапановай аб пазбаўленні статуса, і гэтага статуса на раз-да і пазбавяць. Чаго не зробіш дзеля інвестара, асабліва, калі статус зафіксаваны дакументам, які не з'яўляецца нарматыўна-прававым.

Не буду пісаць далей, таму што чым далей, тым горш. Асабліва, калі кранаць пытанне выканання прац на гісторыка-культурных каштоўнасцях. Так што Кодэкс аб культуры - яскравы прыклад, калі падрыхтоўка да паступовага знішчэння гісторыка-культурнай спадчыны зроблена на беларускай мове. Таму яшчэ раз, паўторна за суткі задаю пытанне: - а што больш важна, законы якасныя, ці на беларускай мове.

Проста ад адпаведных людзей пра неабходнасць беларускай мовы ў заканадаўстве чую, а аб яго высокай якасці - ні слова. Дарэчы, учора, менавіта з гэтай нагоды не паставіў подпіс пад калектыўным зваротам да Андрэйчанкі з прапановай аб прыняцці законаў ці то ў двух мовах, ці то толькі на беларускай.

Страницы: 1 2 3 4 5 ... 19 След.
Читать другие новости

Антон Астаповіч