Хто і чаму здае Бернардыны

Па кляштару бернардынаў у Мінску было ўжо дастаткова матэрыялаў на сайце Таварыства аховы помнікаў, дастаткова інфармацыі аб цяжкой, нават часамі пакутнай працы спецыялістаў грамадскага аб'яднання па прывядзенню праекта рэканструкцыі, рэстаўрацыі і прыстасавання комплекса ў адпаведнасць з нормамі заканадаўства аб ахове спадчыны.

Здаецца было зроблена шмат – распрацоўка эскізнага праекта рэстаўрацыі інтэр'ераў жылога корпуса кляштара, аналіз распрацаванай КУП "Мінскпраект" праектнай дакументацыі на адпаведнасць матэрыялам навуковых даследаванняў і дзеючаму заканадаўству, прапановы па карэктыроўцы дадзенай дакументацыі, доўгія дыскусіі на планёрках, нарадах, вынясенне праблемы на ўзровень Міністэрства культуры.



І быццам бы вось яно! Шэраг дакументаў ад Мінкульта, у тым ліку і прадпісанне на карэктыроўку праектнай дакументацыі ў адпаведнасці з нормамі і прынцыпамі прац на помніках і далейшае яе ўзгадненне праз навукова-метадычнаю раду.

А рада ўзгадняе праектную прапанову КУП "Мінскпраект", якая практычна не была адкарэктавана, якая парушае аб'ёмна-планіровачную структуру дваравога комплекса кляштара, змяняе, а значыць фальсіфікуе фасады будынкаў, што павінны быць адбудаваны ў рэжыме аднаўлення згодна з навуковымі матэрыяламі. І ўсё гэта прымаецца насуперак сваім ранейшым рашэнням і шматлікім нормам заканадаўства.

Праўда нельга не адзначыць, што часткова адкарэктаваны былі пэўныя пазіцыі па жылому корпуса кляштара. Хаця праблем там, асабліва з выкананнем прац, таксама хапае.

Яшчэ можна з горам папалам вытлумачыць пазіцыю заказчыка КУП "Мінская спадчына" і генпраектыроўшчыка КУП "Мінскпраект", якія не толькі выкарысталі велічэзныя бюджэтныя сродкі на праект і, адпаведна, працы несумяшчальнія з гісторыка-культурнай каштоўнасцю. І баяцца яны нязручных пытанняў з боку Камітэту дзяржкантроля і іншых органаў у выпадку дадатковых фінансавых выдаткаў на выпраўленне праектных хібаў. Атрымліваецца тады канстатацыя непрафесіяналізму, ды яшчэ і нанясенне шкоды помнікам, нашаму нацыянальнаму здабытку, за бюджэтныя, г.зн. за народныя грошы.

А чым тады вытлумачыць пазіцыю Міністэрства культуры, якое для разгляду і для падрыхтоўкі да рады прымае праектную дакументацыю неадпаведную нават сваім жа ранейшым дакументам, не гаворачы пра заканадаўства. Чым вытлумачыць пазіцыю членаў навукова-метадычнай рады, сярод якіх ёсць канешне асобы зацікаўленыя, але з большага незалежныя ад спраў па праектаванню і засваенню грошай на аб'ектах (такую працу язык не паварочваецца рэстаўрацыяй назваць). Чым вытлумачыць пазіцыю людзей, якія абцяжараны кандыдацка-доктарскімі дыпломамі, але прымаюць рашэнні на падставе чаго заўгодна, толькі не навуковага абгрунтавання і прававых нормаў, і ўжо сістэматычна не на карысць, а на шкоду помнікам?

Я асабіста вытлумачыць гэтага не магу. Не хапае элементарнай логікі. Ды і хай застаецца гэта на іх сумленні.

Ну а нам трэба ісці па новаму колу. Ужо падрыхтаваны ліст да Латушкі і ў Генпракуратуру. Робім чарговую спробу апратэставаць незаконнае рашэнне. Праўда надзеі мала, тым больш на Латушку, які ніводнага рэальнага кроку не зрабіў для паляпшэння сітуацыі з выкананнем заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Але гэта адзіны рэальны шлях, якім мы можам ісці. У гэтым жа лісце пазначана і праблема "ацыбульвання" Бабруйскай крэпасці, якая ўзнімалася ў нядаўнім матэрыяле.

Так што чакаем. Мо здарыцца цуд, і на праблемы ахвы спадчыны нарэшце паглядзяць сур'ёзна, прафесійна, кваліфікавана. Надзея памірае апошняй. Ну і як заўсёды няблага, каб і Вы, чытачы, пазнаёміліся з пэўнымі дакументамі па праблеме, як з боку Мінкульта, так і Таварыства.

А азнаёміцца можна па спасылцы http://pomniki.budzma.org/news/khto-i-chamu-zdaye-byernardyny />
Антон Астаповіч

10.06.11 2:21



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте
здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч