Абаронца ці адбельвацель?

Вельмі прыкрая сітуацыя складаецца ў сферы аховы спадчыны. Розныя там курашы і чарняўскія прыкладаюць усе намаганні, каб прадэманстраваць грамадству сваю беспакаранасць і робяць гэта яны натуральна здзекуючыся над самым святым, што ёсць у краіны і яе народа – над гісторыка-культурнай спадчынай. Здзекуюцца вельмі брутальна. Практычна кожны раз у дачыненні да нашых помнікаў прымаюцца рашэнні, якія іх ці то нішчаць, ці то фальсіфікуюць. І магчымым гэта становіцца праз саўдзел у сапраўдным злачынстве па знішчэнні падмуркаў культуры нашага народа цэлага шэрагу асобаў, з якіх складаецца Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, калегіяльны орган, якім, мяркуючы па яго кіпучай працы, у будучыні беларусы будуць палохаць сваіх непаслухмяных дзетак.

Але не пра раду размова, а пра аднаго яе ўдзельніка, які з'яўляецца яшчэ вялікім грамадскім дзеячом – кіруе грамадскім назіраннем за аховай гісторыка-культурнай спадчыны, дапамагае кіраваць пытаннямі па культуры і мастацтву, якія сярод грамадскасці з'яўляюцца, а таксама мацуе не шкадуючы ні часу, ні сілаў, беларуска-польскае сяброўства, ды шмат чаго яшчэ рабіць паспявае. Калі ўсё ўзгадваць, то цэлую біяграфію з серыі ЖЗЛ пісаць прыдзецца.

Не буду задаваць інтрыгуючых загадак па тыпу: "Он и маршал и герой, отгадайте, кто такой?". Скажу адразу – гэта Антатоль Іванаваіч Бутэвіч. Шмат апошнім часам накапілася да яго пытанняў. Пытанняў, якія звязаны з яго дзейнасцю менавіта па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Да гэтага часу не зразумела на чыім ён баку? Курашаў-чарняўскіх, ці спадчыны? Таму і хачу перайсці зараз да жанру эпісталярнага, жанру ўжо ў наш час практычна падзабытага, жанру нават архаічнага. Але збяруся з сіламі і напішу ліст са сваімі пытаннямі і развагамі да Анатоля Іванавіча. Думаю яму, як літаратару, такі жанр нават і даспадобы будзе.



Шаноўны Анатоль Іванавіч!

Добры Вам дзянёчак і прывітанні ад усіх маіх паплечнікаў!

Атрымалі зусім нядаўна вестачку, што былі Вы ў Пінску, ды не адзін, а ў пачэснай кампаніі ўсіх членаў нашай навукова-метадычнай рады, і вырашалі Вы супольна надзвычай важныя пытанні развіцця арганізму палескай сталіцы. І па майму меркаванню гэты арганізм цалкам паразітычны, як практычна ва ўсіх нашых гарадоў, бо развіваецца ён чамусці толькі за кошт гістарычнай забудовы, якая засталася нам з сівой даўніны, як неацэнны дар нашых продкаў.

Ну ды не ў гэтым справа, а ў Вас. Проста ўзгадваю, што былі Вы міністрам культуры калісці, але міністры прыходзяць ды зыходзяць, усіх у галаве не ўтрымаеш. А на асабістым маім шляху сустрэліся Вы толькі ў 2009 г., бо менавіта тады ўтварылася Грамадская назіральная камісія па ахове спадчыны, Вы яе ачолілі і менавіта з гэтага моманту сталі не толькі абаронцам, але і вялічэзным аўтарытэтам ў справе абароны нашых лядашчых помнікаў гісторыі і культуры.

Ну грамадская справа і ёсць грамадская. Чым яна добрая? Правільна, як Ігар Мяфодз'евіч Чарняўскі гаворыць, поўнай безадказнасцю. Агучыў праблему – і ў кусты. А вось, каб яшчэ грамадскасць за чыноўнікаў працу ўсю рабіла, а яны толькі аклады ды надбаўкі з прэміяльнымі атрымлівалі, во тады б было сапраўднае дзяржаўна-грамадскае партнёрства, пра якое так часта наш паважаны міністр Павел Паўлавіч Латушка гаворыць.

А калі сур'ёзна, то сапраўды, на жаль, амаль няма ў нас механізмаў, каб грамадскасці паўплываць на пэўную сітуацыю. І калі ў 2010 г. Вас, Анатоль Іванавіч, увялі ў склад навукова-метадычнай рады па пытаннях аховы спадчыны, то асабіста я быў усцешаны, бо ўзгадваючы Вашыя палымяныя словы, якія гучалі са шматлікіх трыбунаў, пра тое, што спадчыну трэба ахоўваць, ахоўваць дбайна, ахоўваць самаахвярна і г. д., спачатку спадзяваўся – нарэшце, спраўдзілася, столькі год дамагаліся, каб прадстаўнік грамадскасці ўвайшоў у склад рады, і нарэшце дачакаліся. Справы зараз зусім па іншаму пойдуць.

Па крайняй меры думалася, што хоць інфармацыя будзе пра дзейнасць гэтага органа, бо рада ў нас вельмі часта працуе ў рэжыме амаль поўнай сакрэтнасці. Ды і ёсць што хаваць. Бо амаль заўсёды яе члены ну такое ўзгадняць, што не тое, што за межы закона і навукі вылазіць, а вылазіць бывае нават за межы элементарнага здаровага сэнсу.

Але ж не тут та было. Усё засталося па-старому. А Вы чамусці з палымянага змагара пераўтварыліся ў звычайнага чыноўніка на грамадскіх пачатках. І першае вялікае выпрабаванне, якое Вы не здолелі прайсці – лістапад 2010, калі пры Вашым удзеле было ўзгоднена руйнаванне першай мінскай электрастанцыі. Адбыўся прэцэдэнт, калі далі дазвол зруйнаваць помнік, нават не паклапаціўшыся спачатку пазбавіць яго афіцыйнага статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. І Вы прымалі ў гэтым удзел. Цікава, а як сумленне? Па майму меркаванню – усё ў парадку, нават не ўскалыхнулася.

Ну, як гаварыць пра сумленне, калі нават на пытанні міліцэйскга оперупаўнаважанага, які працуе па справе руйнавання электрастанцыі, Вы мякка кажучы злукавілі, і Вашыя паказанні ўшчэнт разыходдзяцца з паказаннямі іншых членаў рады, а менавіта ў пазіцыі ўзгаднення дэмантажу практычна ўсяго аб'ёма будынка, за выключэннем двух невялічкіх фрагментаў.

Ну ладна, нарабілі касякоў, трэба і выпраўляцца неяк, рэабілітавацца. Зноўку былі словы пра прынцыповыя падыходы, пра жорсткую пазіцыю. Ату я Вас, супастаты! Зараз толькі па Законе працаваць будзем. Ды мабыць ніколі Вы ў Закон аб ахове спадчыны і не заглядалі, ні раней, ні зараз, як і астатнія члены рады. Такое ў мяне меркаванне. Шмат пыхі ад былых і сучасных заслуг, ад пасадаў, кандыдацка-доктарскіх дыпломаў, шмат амбіцый – вось партрэт нашага калегіяльнага органа па ахове спадчыны. Адным словам усё, акрамя элементарных прававых ведаў і здаровага сэнсу.

У мінулы тыдзень, пятага ліпеня адбываецца выязная рада ў Пінск. І што? Зноўку шэраг гістарычных дамоў прыгавораны пад знос, праўда адзін пастанавілі не проста знесці, а аднавіць дзе-небудзь у гістарычным цэнтры. А ведаеце Вы, Антоль Іванаваіч, што пазбаўляць будынкі статуса помніка можна толькі, калі яны страцілі сваю адметнасць, архітэктурную, гістарычную, а не калі па віне мясцовых чыноўнікаў даведзены да стану руін, і не калі гэтым жа чыноўнікам захацелася магістраль на іх месцы правесці?

А вядома Вам, шаноўны, што ў гістарычным цэнтры Пінска пад аховай дзяржавы гістарычная планіровачная структура? Столькі Вам пра гэтую трасцу і я, і моладзь з Таварыства ў вушы ўкладалі на прыкладзе гістарычнага цэнтру Мінска, а Вы быццам бы і не ў тэме зусім. А мо Вы проста не ведаеце, што ў Пінску гістарычны цэнтр ёсць, і ён ахоўваецца дзяржавай? Вам у прынцыпе даравальна. З-за сваёй актыўнай грамадскай дзейнасці Вам магчыма няма калі ў Закон ці Дзяржспіс паглядзець.

А вярнуўшыся да гістарычнай планіровачнай структуры хачу Вас павіншаваць з уступленнем у клуб фальсіфікатараў гісторыка-культурнай спадчыны. Бо як, па Вашаму меркаванню, стасуецца перанос будынка з месца на месца ў сістэме гістарычна склаўшайся планіроўкі? Гэта і ёсць фальсіфікацыя, чыстай вады. Ды і дом зруйнаваны ніхто аднаўляць не будзе ні ў якім месцы. Выдатна Вы гэта ведаеце, бо колькі разоў падобныя рашэнні рады ігнараваліся. Далёка хадзіць не трэба. Перад вачыма Рэвалюцыйная, 24-а ды Кірыла і Мяфодзія, 8 у Менску.

Праўда гаварылі Вы ўчора па тэлефоне мне, што быццам бы галасавалі супраць зносу аднаго дамка. Але прабачце, калі Вы супраць зносу, калі ў Вас прынцыповае меркаванне, то чаму пасля рады не выступілі з заявай ці публікацыяй у СМІ, чаму не настаялі на ўнясенні ў пратакол навукова-метадычнай рады свайго асобнага меркавання? Вы прамаўчалі, чым садзейнічалі знішчэнню помнікаў. І Вашае маўчанне раўназначна голасу "за". І калі наўздагон нейкіх там праблемных пытанняў я чую і ад іншых членаў рады: "Дык я ж галасаваў супраць", то я не веру, не веру і ўсё.

Шмат я ўжо Вам напісаў. Пара пакінуць думкі на наступны ліст. Хачу пажадаць Вам на развітанне ўсяго найлепшага, перадаць ад усіх паклоны і задаць апошняе пытанне. Дык у чым Вашая місія? Абараняць нашую спадчыну, ці адбельваць ад імя грамадскасці ўсю чарнуху, якая ў гэтай сферы пры дапамозе Мінкульта і астатніх робіцца?

Антон Астаповіч

РS: А ў постскрыптуме я ўжо не да Вас, Анатоль Іванавіч, звяртаюся, а да ўсіх чытачоў. Заўсёды быў упэўнены, што Радзіма павінна ведаць сваіх герояў, таму публікую спіс герояў дня, склад Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

Віктар Кураш – намеснік міністра культуры, старшыня рады

Ігар Чарняўскі – начальнік Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры, намеснік старшыні рады

Вольга Кітова – вядучы спецыяліст Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры, сактатар рады

Сяргей Багласаў – намеснік начальніка майстэрні "Мінскпраект"

Анатоль Бутэвіч – старшыня Грамадскай назіральнай камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры

Марыя Бяспалая – загадчык Кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтва

Тамара Варфаламеева – старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнагафіі і фальклору

Надзея Высоцкая – прафесар Гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта

Іван Жураўлёў – галоўны спецыяліст Белдзяржэкспертызы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва

Андрэй Карпук – вядучы архітэктар "Праектрэстаўрацыя"

Аляксандр Лакотка – дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнагафіі і фальклору

Вольга Ляўко – кіраўнік цэнтра Інстытута гісторыі

Віктар Нікіцін – старшыня камітэта архітэктуры Мінгарвыканкама

Армэн Сардараў – дэкан Архітэктурнага факультэта БНТУ

Уладзімір Сіняўскі – галоўны архітэктар "Белрэстаўрацыя"

14.07.11 21:56



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч