Жалезная логіка ці суменсная пастанова Генпракуратуры і Мінкульта ў дзеянні.

Каму што баліт, тот пра то і гаварыт. У простай фразе не толькі жалезная, я сказаў бы, жэстачайшая логіка. Але гэта ўсё ад народа. Фальклор, так сказаць. Мудрасць з самых нізоў да самага верху. Тым больш мне нішто так не баліць, як гісторыка-культурная спадчына, а дакладней тое, што з ёй адбываецца ў тэрэнах нашай сінявокай. Нездарма ж адзін мой цудоўны прыяцель з Познані, на той час яшчэ студэнт мясцовага ўніверсітэту імя Міцкевіча, неяк жартам сказаў, што калі я памру, то вапруся да апостала Пятра з піўкам і буду распавядаць яму пра беларускія помнікі.

Ну вось, мяне, як заўсёды, на лірыку цягне. А тут пра логіку трэба. І не пра народную, а зусім пра іншую.

Ёсць такая логіка. Не народная, а логіка нашых вялікіх інтэлектуалаў. Як бы там пакойны Уладзімір Ілліч Ульянаў-Ленін не праходзіўся па інтэлегенцыі і інтэлектуалам, але насуперак класіку марксізму-ленінізму нават у гэтай прагнілай праслойкі (дарэчы сам да яе адношуся) логіка таксама ёсць. І таксама жалезная. Нават з нержавеючай бляхі. Гэта не мае фантазіі, а назіранні з жыцця. З натуры.



Не раз я звяртаўся ў матэрыялах да нашай навукова-метадычнай рады пры Мінкульце, да той рады, ў руцэ якой лёс нашай гісторыка-культурнай спадчыны. У склад яе ўваходзяць не пралетары, не буржуі клятыя, а менавіта інтэлегенты, інтэлектуалы. Дарэчы, склад гэтага органу ўжо не раз быў абнародваны. Самі можаце ўпэўніцца, што сацыяльнае становішча яе ўдзельнікаў мною вызначана правільна. І таму, на прыкладзе апошняга пасяджэння, хочацца паразважаць пра жалезную логіку не шырокіх народных мас, а невялічкай праслойкі, і канкрэтна некаторых яе персаналій.

А справа ў наступным. Быў калісці ў Менску на Рэвалюцыйнай вуліцы (былая Койданаўская) дом пад нумарам 24-а, а побач стаяў невялічкі дамок 26-а. Абодва дамы – помнікі, ды яшчэ ў межах Гістарычнага цэнтра, які таксама дзяржавай ахоўваецца і з'яўляецца помнікам міжнароднага значэння. Яшчэ ў 2009-м было прынята рашэнне аб іх дэмантажы. Прычыны такога рашэння распісваць доўга і нудна. У прынцыпе – пытанне спрэчнае. Але рашэнне было прынята, прынята ў дыскусіі, на падставе важкіх абгрунтаванняў. І саме галоўнае, што пастановай навукова-метадычнай рады прадугледжвалася навукова-абгрунтаванае аднаўленне знесеных помнікаў.

Не будзем узгадваць дэтэктыўную гісторыю пра працэс зносу будынкаў, асабліва Рэвалюцыйнай 24-а. Хто цікавіцца нашай спадчынай, той памятае падзеі, бо яны з рамак юрыдычнай перапіскі выскачылі на старонкі прэсы, у тым ліку і дзяржаўнай. Лепей узгадаем самы канец 2010 г. Адбываецца чарговае пасяджэнне рады, на якое выносіцца прапанова заказчыка ТАА "Тэкстур" і праектыроўшчыка "Мінскграмадзянпраект" па пабудове на месцы знішчанага помніка пятнаццаціпавярховага гатэлю, такога шклянога тлусценкага фаласу пасярод гаротнай Нямігі, а ў яго атрыюме – быццам бы адноўлены дамок з Рэвалюцыйнай, 24-а.

Худа-бедна, праект не ўзгаднілі, адправілі на дапрацоўку. Прычыны ўзгадваць не буду, але скажу, што не апошнюю ролю згуляла маё выступленне на пасяджэнні, у якім я пералічыў усе парушаныя магчымыя і немагчымыя пункты заканадаўства дадзеным праектам.

І вось жнівень 2011. Чарговае пасяджэнне рады, якое адбываецца пасля шматлікіх нарадаў і абмеркаванняў, як гучала з вуснаў В.Кураша – "гарачых", і праект па гаротнаму, знесенаму гістарычнаму будынку, так сказаць праект быццам бы яго аднаўлення, зноўку выносіцца на разгляд высокага форуму. Я б нават сказаў сінедрыёну, бо сапраўды людзі, якія ўваходзяць у раду выносяць прысуды нашым помнікам, з каго злітасцівіцца, а каго да "рэстаўрацыі" прысудзіць. Праўда "аднаўленне" знішчаных помнікаў на самой справе – чарговы монстр са шкла і бетону, але якое дасягненне, якая перамога нашага слаўнага ўпраўлення па ахове спадчыны і паасобных "гласных" сінедрыёна – паверхаў у монстра не пятнаццаць, а трынаццаць, і аднаўляць быццам бы збіраюцца не толькі Рэвалюцыйную 24-а, але ж і 26-а, ды і як крэатыўна аднаўляць! Чарговае вынаходніцтва нацыянальнага маштабу. На фіг нам вопыт замежны, у нас імпартазамяшчэнне!

Адным словам знесены ў свой час 24-а прапанавалі выканаць фрагментарна, у якасці пэўнага дэкору, антуражу першага паверха гатэлю (менавіта такая функцыя ў монстра быць павінна), а 26-а ў адпаведнасці з праектам павялічваецца ўдвая, замест аднапавярховага становіцца двух. Такое вось аднаўленне, і ні аднаго канкрэтнага пытання з боку членаў рады. Мабыць аргументацыя распрацоўшчыкаў праекта была такой лагічнай, што высокаму сходу ўсё было зразумела. Асабліва, калі было заяўлена, што 26-а павялічваецца па просьбе "Мінскай спадчыны". Ды як адмовіць можна "Спадчыне", "Фарту", "Мортэксу" ды і іншым забудоўшчыкам? Яны ж так просяць, і аргументы ў іх такія лагічныя, проста жалезныя, жэстачайшыя, я б сказаў.

Ну зараз покуль не пра логіку, а пра Закон. Растлумачыць, чаму праектам спрэс парушаецца заканадаўства, чаму праектыроўшчыкі ідуць на парушэнне прафесійнай этыкі, чаму такія праектныя прапановы даходзяць да абмеркавання на радзе, а быццам бы не павінны, прасілі не "гласныя", а Ваш пакорны слуга, ён жа заклікаў раду не ўзгадняць чарговае парушэнне заканадаўства.

Але тут уключылася ў чарговы раз жалезная логіка контрагрументаў. І ўключыў яе ніхто іншы, як дэкан Архітэктурнага факультэта БНТУ, доктар архітэктуры Армэн Сардараў. Прызнаўшы маю пазіцыю падмацаванай літарай закона ён заклікаў сваіх калег закон праігнараваць і карыстацца пры разглядзе склаўшайся горадабудаўнічай сітуацыяй на Нямізе, апелюючы да таго, што Няміга ўжо забіта новай, нехарактэрнай для яе забудовай. Заўважце, калі не браць пад увагу сумнавядомы дом Мусінскага (узведзены яшчэ ў савецкія часы), уся астатняя "прыгажосць" насупраць шэдэўру Мусінскага з'явілася ў апошнія гады, і з'явіліся гэтыя цалкам незаконныя аб'екты толькі дзякуючы таму, што іх "адмыла" сваімі рашэннямі навукова-метадычная рада. Як старога складу (да 2006 г.), так і новага. Вось Вам і жалезная логіка. Калі нашкодзілі адзін раз, то трэба шкодзіць далей. Бо прыдзецца прызнаць сваю шкоду.

Ну а галоўны архітэктар Мінска Віктар Нікіцін ўвогуле дагаварыўся да абсурда, заявіўшы, што Няміга ўжо не гістарычны цэнтр. Прычын не ведаю, я не псіхааналітык, але чыноўніку гарадскога ўзроўню сваімі словамі адмяняць пастанову Саўміна – гэта ўжо сур'ёзна. Па крайняй меры адпачнуць троху трэба ад кіпучай працы. А можа я чаго і не разумею, можа гэта таксама логіка, жэстачайшая да апошняй мяжы.

Але, як бы там не было, логіку не пераможаш. Рада чаговы фуфел у гістарычным цэнтры ўзгадніла, мабыць кіруючыся не літарай закона, а сваёй жалезнай логікай, той логікай, якая дазволіла ўзгадніць і паркінг, і неадэкватную забудову па суседству на Нямізе, амаль катэджы побач з былымі жаночымі бернардынамі, баракі па Гандлёвай бліжэй да Журавінкі, ды ўсіх лагічных узгадненняў і не пералічыць.

Застаецца толькі ўзгадаць пра апошнюю пастанову сумесную Мінкульта і Генпракуратуры, у якой яны задэкларавалі спадчыну бараніць разам (http://blog.belaruspartisan.org/authors/astapovicz/4e3086790d480/). Цікава, яна ўжо дзейнічае, і апошняе рашэнне навукова-метадычнай рады з'яўляецца яе вынікам, ці ў дзеянне яна ўступіць толькі з наступнай пяцігодкі?

24.08.11 0:08



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч