Вучыцца ў суседзяў

На жаль, да гэтага часу ў незалежнай дзяржаве Рэспубліка Беларусь, у дзяржаве, якая ратыфікавала практычна ўсе міжнародныя дакументы па ахове спадчыны, распрацавала ўласную нарматыўна-прававую базу, праводзіць за бюджэтны кошт рэстаўрацыйна-аднаўленчыя працы, перадае помнікі архітэктуры прыватным інвестарам, адсутнічае не толькі навукова-метадычнае выданне, прысвечанае праблемам аховы гісторыка-культурнай спадчыны, кансервацыі і рэстаўрацыі помнікаў, але нават не створаны элементарны інтэрнэт-рэсурс, у якім была б закумулявана ўся патрэбная інфармацыя, ад навуковай да прававой.

Ды і што размаўляць пра інфармацыйныя рэсурсы, калі навукова-практычныя канферэнцыі па праблемах кансервацыі, рэстаўрацыі, рэканструкцыі ладзяцца не пад эгідай Міністэрства культуры, а намаганнямі Саюза будаўнікоў і спецыялізаваных будаўнічых выданняў, а апошнюю канферэнцыю ў чэрвені 2011 г. Мінкульт увогуле праігнараваў.



Афіцыйны ж сайт міністэрства можна смела назваць антышпіёнскім. Недзе нутром я адчуваю, што мяжа паміж дыпламатыяй і разведкай вельмі размытая. І тым, і іншым прыходзіцца язык трымаць за зубамі, кантраляваць кожную фразу, кожнае слова. Але, Павел Паўлавіч, Вы ўжо не дыпламат, а культура – далёка не накірунак шпіёнскай дзейнасці. А менавіта пры Вашым кіраўніцтве сайт і стаў антышпіёнскім. Са старога сайту можна было скачаць любы нарматыўна-прававы дакумент, у тым ліку па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, напрыклад, той жа Дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

А зараз – прыгожыя карцінкі, а за імі інфармацыйная пустэча. Нават пратакол калегіі кастрычніка 2010 г., якая праблемам аховы спадчыны была прысвечана, не апублікаваны. Ахова спадчыны – не сельскія дыскатэкі. Гэта пытанне стратэгічнае. На ўзроўні нацыянальнай бяспекі. Так што размова тут не толькі пра адзін пратакол, а яшчэ пра законы, пастановы, загады і г.д., усё тое, што трэба шукаць дзе заўгодна, бо Мінкульт чамусці іх схаваў.

Ахова помнікаў – не толькі пытанне нацыянальнай бяспекі, гэта пытанне прэстыжу дзяржавы, як на міжнароднай арэне, так і сярод уласных грамадзян. І ізаляваць грамадзян ад інфармацыі, не той інфармацыі, якую ўкідваюць у прастору афіцыйныя СМІ, і якая не толькі недахопаў не адлюстроўвае, а нават фальсіфікацыі помнікаў падае, як велічэзнае дасягненне рэстаўрацыйнай думкі, ад канкрэтных дакументаў, аперуючы якімі звычайны чалавек можа зрабіць адпаведныя высновы па таму ці іншаму аб'екту гісторыка-культурнай спадчыны самастойна – вельмі падобна да жадання схаваць рэальны стан справаў і выключыць магчымасці грамадскага кантролю.

Адным словам, ні інтэрнэт-рэсурса, ні спецыялізаванага навукова-метадычнага выдання. А сайт органа дзяржкіравання, адказнага за адпаведны накірунак – звычайная каляровая пустышка. У той жа час у нашых суседзяў (не бярэм зону Еўразвяза, каб не абвінавацілі ў некарэктнасці, а возьмем Расійскую Федэрацыю і Украіну, якія ў нас шмат па якіх пытаннях лаяць прывыклі) выдаюцца грунтоўныя перыядычныя выданні, існуюць змястоўныя інтэрнэт-парталы, накіраваныя як на спецыялістаў, так і на любога, хто цікавіцца праблемамі аховы помнікаў.

У інфармацыйных праектах прымаюць удзел, як дзяржаўныя органы, так і прафесійныя асацыяцыі рэстаўратарў. Так, ёсць такія ў суседзяў. У той жа Расіі існуе асацыяцыя рэстаўратараў, у якую ўваходзяць, як мастакі-рэстаўратары, так і архітэктары, практыкуючыя ў сферы кансервацыі, рэстаўрацыі і аднаўлення нерухомых матэрыяльных помнікаў. Дарэчы, свядома не ўжыў тэрмін "рэканструкцыя", бо такі від прац у дачыненні да помнікаў у Расіі і на Ўкраіне ўвогуле забаронены. А ў нас, які праект ні возмеш, назва гучыць наступным чынам: "Рэканструкцыя, рэстаўрацыя..." і так далей.

Вяртаючыся да асацыяцыі рэстаўратараў. Калі пераношу сітуацыю з Расіі ў Беларусь, то адразу разумею, што нам у Беларусі такая асацыяцыя не пагражае. Сапраўдных рэстаўратараў можна практычна ўсіх па пальцах пералічыць, большую частку асабіста ведаю, а падрыхтоўка новых кадраў ці то не вядзецца, ці вядзецца, але кім заўгодна, а не прафесіяналамі ў сваёй галіне. Вельмі сумнеўна, што вырасце вартая замена адзінкавым і, на жаль, старэючым кадрам.

І тут зноўку ўзнікае пытанне. Каб наладзіць нармальную працу, каб вырасціць спецыялістаў, патрэбны не толькі комплекс прафесійных ведаў, патрэбны адпаведны стан душы, адпаведныя адносіны да помніка, як рухомага, так і нерухомага. Адсюль і выцякае патрэба ў прафесійным этычным кодэксе кансерватараў, ну для нас больш прывычна гаварыць – рэстаўратараў. Бо, шчыра кажучы, зараз прафесійная этыка і беларуская ахова помнікаў – рэчы вельмі далёкія.

Да прыкладу, калі на пасяджэнні навукова-метадычнай рады ў жніўні 2011 г. мною быў агучаны аргумент са спасылкай на прафесійную этыку архітэктара ў дачыненні да помнікаў, то мяне, такое ўражанне, не зразумелі, ні праектыроўшчыкі, ні члены рады. Гэта паказчык, і паказчык сумны.

Кодэкс прафесійнай этыкі мастака-рэстаўратара, тым больш архітэктара, які працуе з помнікамі і гістарычнымі абшарамі, абавязаны быць распрацаваны і падпісаны ўсімі асобамі, якія адпаведна працы маюць дачыненне да спадчыны. Прафесійная этыка – альфа і амега рэстаўратара, для якога, як і для ўрача павінен існаваць асноўны прынцып – "не нашкодзь". Толькі, дзе гарантыя, што этычныя нормы будуць беларускімі спецыялістамі выконвацца, бо ў сумленнага чалавека, сумленнага спецыяліста ніколі не ўзнікне патрэбы нешта там падпісваць, каб выконваць працу "чыстымі" рукамі.

Як ні дзіўна, нам асабліва нічога самім не трэба прыдумваць, нічога не трэба распрацоўваць. Практычна ўсё прыдумана да нас і без нас. Нам проста трэба вучыцца ў суседзяў.

Па-першае, дзяржаве даўно пара акрамя вылучэння вялікіх, бывае нават вельмі вялікіх фінансавых сродкаў на аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны, навучыцца не выстаўляць дырэктыўных тэрмінаў здачы аб'екта да пэўнага свята, даты, выбараў, бо ўсё гэта прыводзіць не да кансервацыі і рэстаўрацыі помніка, не да рэренерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў, а да прафанацыі дадзеных разуменняў і дэградацыі нашай гісторыка-культурнай спадчыны.

За прыкладамі хадзіць далёка не трэба. Кожны год дажынкі праводзяцца, і практычна заўсёды ад гэтага пакутуюць помнікі, не на карысць ударныя тэмпы пры падрыхтоўцы святаў славянскага пісьменства. Давайце ўзгадаем "вялікае добраўпарадкаванне" вакол Мірскага замку, якое знішчыла гісторыка-культурны ландшафт, пэўныя праекты ў гістарычных цэнтрах гарадоў.

Нашыя суседзі, нават на постсавецкай прасторы, адмовіліся ад савецкіх дырэктыўных падыходаў да рэстаўрацыі. У Расійскай федэрацыі пастаянна ўдасканальваецца нарматыўна-прававая база па ахове і рэстаўрацыі. І не шляхам прыняцця новых рэдакцый законаў, што потым прыводзіць да паралюша, покуль не распрацуюцца падзаконныя дакументы, а шляхам ўнясення зменаў, і зменаў, якія сапраўды ўдасканальваюць сістэму, а не пагаршаюць, як назіраецца ў нас.

Зноўку вяртаючыся да Расійскай федэрацыі – гэта зборнікі нарматываў па праектных працах на помніках архітэктуры і на гістарычных тэрыторыях, гэта нарматывы нават на асобна ўзятыя гістарычныя цэнтры розных расійскіх гарадоў. У нас усяго толькі 9 гарадскіх гістарычных цэнтраў пад аховай дзяржавы, няўжо ж цяжка распрацаваць асобны зборнік па праектаванню і правядзенню прац?

Дарэчы не цяжка. Проста трэба ўсе нормы, якія тычацца гісторыка-культурных каштоўнасцяў і якія раскіданы па самых розных ТКП (Тэхнічны кодэкс праектавання), звесці ў адно цэлае. І ўсе справы.

І яшчэ што ў суседзяў вельмі пазітыўна ў параўнанні з намі. У Расіі дзейнічаюць практычна ўсе інструкцыі па працы з помнікамі, якія былі прынятыя яшчэ за савецкім часам. Магу сказаць, што сучасныя беларускія дакументы па якасці і па зместу побач нават не стаяць з той савецкай спадчынай у сферы правядзення рэстаўрацыйных прац.

Дарэчы, чамусці тыя ж расіяне не саромяцца вучыцца ў іншых, браць ад іх усё лепшае, а не прыдумваць ровар, як мы. Прыдумваем мы ровар, прыдумваем, а ў сферы правядзення прац на помніках усё роўна едзем на крывой і шалудзівай кабыле. Да прыклада – рэстаўратары з абшараў нашага ўсходняга суседа ў якасці этычнага эталону выкарыстоўваюць Этычны кодэкс Амерыканскага Інстытута Кансервацыі гістарычных і мастацкіх каштоўнасцяў. І ніколькі ад гэтага не камплексуюць.

Па вялікаму рахунку, шмат можна гаварыць пра пазітыўны вопыт, накоплены вакол нас нашымі суседзямі. Галоўнае, каб рана ці позна нешта з гэтага вопыту прыйшло і ў нашую беларускую сістэму. Ну, а на заканчэнне хацелася б парэкамендаваць наведаць расійскі інфармацыйны рэсурс "Мастацтва рэстаўрацыі" (http://art-con.ru/). Бо ёсць спадзеў, што людзі ўсё ж такі істоты разумныя, і чым набіваць шышкі, як я ўжо гаварыў – выдумляць ровар, лепей скарыстаць чужы вопыт, вопыт пазітыўны, тым больш яго ніхто не хавае.

http://pomniki.budzma.org/
01.09.11 23:56



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч