Што я ведаю пра Еўропу? За махлярства там б'юць, як і ў сінявокай...

Сімптпматычна гэта і характэрна для пэўных "дзеячоў" ад імя нашага трэцяга сектара. Калі за плячыма нічога няма, трэба нешта прыдумаць і выдаць за ўяўнае. Каб трывалей было, грунтоўней, па-даросламу, адным словам. Бо аўтарытэту і ад нараджэння няма, а так хоць надзіманнем шчокаў, ды дробным махлярствам можна пусціць пыл у вочы.

А да чаго я гэта? Проста тэлефануюць сёння мне, як старшыні Таварыства аховы помнікаў, і пытаюцца самую розную арганізацыйную, прабачце за выраз, "хрэнь" пра конкурс школьных каманд "Што я ведаю пра Еўропу". А я ні сном ні духам. Мне пытанне ў лоб: "Вашае грамадскае аб'яднанне – арганізатар конкурса!". Мне дзіўна, хто ж нас запісаў у арганізатары? Але людзі, што тэлефануюць невінаватыя. Таму ветліва растлумачыў, што іх мабыць дэзінфармавалі, параіў знайсці сапраўднага арганізатара конкурса і з ім высвятляць усе акалічнасці. Ну, і пацікавіўся, адпаведна, а дзе ж інфу пра Таварыства ўзялі?



А мне і гавораць, што абвесткі, як мае быць, на шматлікіх інтэрнэт-рэсурсах, і там нашае грамадскае аб'яднанне сярод асноўных. Тут я ў першыню пашкадаваў, што практычна не цікаўлюся беларускім грамадска-палітычным жыццём, таму і па сайтах асабліва не гойсаю. У сваё апраўданне магу канешне сказаць: якое жыццё – такая да яго і цікавосць. Адным словам, і тут, і там – Клуб еўрапейскіх настаўнікаў і Таварыства, Таварыства і Клуб еўрапейскіх настаўнікаў!

Я нічога не маю супраць гэтага клуба, я можа нават толькі за гэты клуб. Але, прабачце, фармальна быццам бы я кіраўнік аб'яднання, а тут, на табе, абвесткі ўжо спачатку месяца гуляюць па прасторы, увесь перадавы еўрапейскі люд лікуе ад таго, што Таварыства – арганізатар і ўдахнаўляльнік, амаль як КПСС, а адзіны хто пра гэта не ведае – таксама я.

Праўда, не ўсё так проста, ну і я не зусім ужо такі просты, бо пра конкурс даўно ведаў. І звяртаўся адзін да мяне чалавек, прозвішча называць не буду, бо сярод трэцяга сектара гэта асоба вядомая, таму назавеш – камянямі закідаюць. І ў памагатыя "крывавага" рэжыму запішуць, і да апаганьвальнікаў ўсяго лепшага, беларускага далучаць. Ёсць у пэўных дзеячоў пункцік – хоць дзярмо, але сваё, бо супраць празідэнта, таму любіць і лялеяць яго трэба.

Так чалавек гэты прапаноўваў увайсці ў арганізатары, а я адмовіўся. Прычыны тут не важныя, бо была адмова, а ўсё роўна Таварыства аховы помнікаў у тытуле конкурса.

Тут я ўзгадаў аналагічную сітуацыю ў мінулым годзе, практычна роўненька год таму. Калі пачалі з'яўляцца некаторыя заявы ад нацыянальнай платформы форума Усходняга партнёрства. І сярод падпісантаў была асоба, якая дзейнічала ад імя нашага грамадскага аб'яднання, хаця Таварыства аховы помнікаў і бокам да Ўсходняга партнёрства не стаяла. Прыйшлося звяртацца да ініцыятараў тых зваротаў. Недарэчнасць, якая, ў першую чаргу, падрывала аўтарытэт нацыянальнай платформы, была выпраўлена, вельмі ўдзячны пану Вялічку, які асабіста прасіў прабачэння за гэты, заўважце не яго, непрыгожы ўчынак.

І вось праходзіць год і сітуацыя зноўку аналагічная. І самае цікавае, што і чалавек гэты адзін і той жа. Вось Вам і сімптаматыка, над якой трэба задумацца актывістам недзяржаўнай сферы. Бо толькі прынцыповай пазіцыяй і толькі сумленным шляхам, без падману, без пускання ў вочы пылу грамадскія аб'яднанні сапраўды могуць заняць досыць сур'ёзную нішу сярод нашых людзей, а не працаваць у рэжыме – паравоз для машыніста.

Не хацелася б далей маралізаваць. Толькі на развітанне падзялюся думкаю. Мы ўсе заяўляем пра імкненне ў Еўропу. Вышэйназваны конкурс прыдуманы для таго, каб шлях у Еўропу быў карацейшым. Толькі за махлярства па вушах б'юць не толькі ў нас, у сінявокай, але і ў Еўропе.

21.10.11 23:25



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч