Сумныя вынікі архітэктурнага фэсту.

Скончыўся днямі анрхітэктурны фестываль. Прайшлі конкурсы, майстар-класы, выставы, канферэнцыя. Прайшла эйфарыя ад перамогі аўтарскага калектыву Таварыства аховы помнікаў ў рэстаўрацыйнай намінацыі конкурса "Леанарда".

Застаўся час паразважаць і падвесці вынікі. Паразважаць ёсць над чым, і над узроўнем нацыянадьнай архітэктурнай школы, і над адносінамі беларускіх архітэктараў да сваёй спадчыны, і над узроўнем прафесійнай этыкі нашых прадстаўнікоў цэху дойлідаў.

Адразу хачу сказаць, што практычна ўсе моманты, звязаныя з фестывалям вельмі сімптаматычныя і трывожныя. І моманты гэтыя адлюстроўваюць, што крызіс у нас не толькі ў эканоміцы, крызіс і ў нашых галовах, бо крызіс у нацыянальнай архітэктурнай школе – з'ява неад'емна звязаная з начыннем галавы.



Падцвярджаецца гэта і нашай перамогай у "Леанарда". З сямі намінацый, толькі ў адной перамаглі беларусы. Падцвярджаецца гэта і тым, што акрамя беларусаў у намінацыі ніхто не ўдзельнічаў. Ды і мы перамаглі не столькі якасна, колькі колькасна. З чатырох праектаў па гісторыка-культурнай спадчыне – тры былі нашымі.

Вось і трэба задумацца над адсутнасцю ў маладых нашых архітэктараў канцэптуальных ідэй, вартых высокіх конкурсных адзнак. А для мяне асабіста, у сувязі з маімі прафесійнымі заняткамі па ахове спадчыны, намалавалася яшчэ адна трывожная тэндэнцыя – адсутнасць у прафесійнай моладзі цікавосці да праблем рэстаўрацыі помнікаў, што адлюстравана колькасцю прац у намінацыі, а аналізуючы праект нашых канкурэнтаў, прыйсці прыйшлося да высновы аб адсутнасці ў маладых праектыроўшчыкаў прававых і метадычных падыходаў для працы з помнікамі.

Асобная размова пра прафесійную этыку. Бо не магу зразумець, як на міжнароднай выставе могуць з'явіцца праекты чарговага дабівання Гістарычнага цэнтру ў Мінску. А гэта і шкляная высотка, што зваяна Даніленкам у Мінскграмадзянпраекце на месцы зруйнаванага дома па Рэвалюцыйнай 24-а, і балаганнае замчышча Багласава, якое піярылася ўсімі дзяржаўнымі СМІ, а зараз праект выстаўляўся, мабыць, як навялікшае дасягненне рэстаўрацыйнай думкі.

Цікава, няўжо аўтары такога, не буду называць чаго, не разумеюць, што робяць. Хутчэй за ўсё не, бо на канферэнцыі Багласаў смяротна быў на мяне пакрыўджаны за жорсткую крытыку яго "геніяльнага" твора, і персаніфікацыю яго неадэквату ў мультымедыйнай прэзентацыі, якая суправаджала мой даклад. Але мабыць і разумеюць, бо на адкрыцці фестывалю Даніленка пытаўся перада мною няўклюдна апраўдацца.

Пра заявы некаторых нашых абаронцаў спадчыны лепей увогуле памаўчаць, бо абмяркоўваць у СМІ не актуальныя пытанні, а праектныя прапановы, якія ўжо мохам параслі – навошта гэта? Хіба толькі каб чарговы раз нагадаць пра сябе.

Адным словам, паўсюль нешта сумна. І перспектыў асаблівых не бачна. Мабыць лёсам наканавана нам забудаваць Беларусь безгустоўнымі аб'ектамі, знішчыўшы дзеля гэтага гісторыка-культурную спадчыну.

07.11.11 21:40



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч