А за базар адказваць трэба. Народная мудрасць

Калі чалавек трызніць вербальна – куды ні шло. Калі на паперы, і не толькі трызніць, але і нахабна падманвае, і не проста на паперы, а ў афіцыйным дакуменце, то гэта фініш. Фініш у маім разуменні. А для начальства ад архітэктуры гэта мабыць норма жыцця, як цвярозасць для работніка аграпрамысловага комплекса. Да Вашай ўвагі "песня" ад Гаўхфельда з навуковымі каментарамі даследчыкаў яго эпісталярнай творчасці.



Прыйшоў адказ ад М.Гаўхфельда, галоўнага архітэктара КУП "Мінскпраект". Мусім па яго просьбе яго публікаваць і даваць свой адказ. Лепш бы ён аб гэтым не прасіў.







Шаноўны Міхаіл Львовіч, адказ на наш ліст, у якім даваўся пералік нарматыўна-прававых актаў і міжнародных метадычных дакументаў і былі сфармуляваны да Вас 4 (чатыры) канкрэтныя пытанні па праектах у Гістарычным цэнтры Мінска, распрацаванымі Вашымі падначаленымі (http://pomniki.budzma.org/news/para-pytannyaw-da-mikhaila-hawkhfyelda), прыйшоў даволі хутка.

Так як ён падпісаны асабіста Вамі, то ёсць усе падставы выказаць Вам абгрунтаваныя прэтэнзіі ва ўхіленні ад канкрэтных адказаў на канкрэтныя пытанні. Вы так і не пералічылі пункты, артыкулы, у першую чаргу, нарматыўна-прававых дакументаў Рэспублікі Беларусь, якімі спецыялісты прадпрыемства, дзе Вы займаеце пасаду галоўнага архітэктара, кіраваліся і кіруюцца ў распрацоўцы праектнай дакументацыі па Замчышчу і праваму боку вул. Гандлёвай (сучасная Зыбіцкая) у Гістарычным цэнтры Мінска.

Зноўку, як гэта намі прагназавалася і было выказана (http://pomniki.budzma.org/news/u-pracyah-dyskusii), Вы сваю пазіцыю абгрунтоўвалі не палажэннямі дзеючага заканадаўства, а наяўнасцю усіх узгадненняў. Застаецца чарговы раз Вас запытаць аб тым, як Мінскпраекту узгадняюць дакументацыю, а пры гэтым галоўны архітэктар прадпрыемства не можа зрабіць спасылку на нарматыўна-прававую базу, на падставе якой тая дакументацыя распрацавана? Падзяліцеся перадавым вопытам. Шмат хто Вам удзячы будзе.

Вельмі Вы цікава пішаце пра высокую адзнаку праекта Замчышча. Не спрачаюся пра архітэктурны конкурс. А вось адкуль Вы ўзялі высокую грамадскую адзнаку? Хіба Вы праводзілі грамадскае абмеркаванне? Таварыства аховы помнікаў амаль год не можа яго дамагчыся, што дае падставы меркаваць пра нежаданне, як гарадской адміністрацыі, так і Вас, як аднаго з кіраўнікоў праектнага прадпрыемства, ведаць грамадскую думку і ўлічваць яе. Узнікае чарговае пытанне – Вы можаце прад'явіць дакумент, у якім прапісана высокая адзнака грамадскасці? Калі не, то Вы проста, мякка кажучы, злукавілі.

Што тычыцца Вашых спасылак на Венецыянскую хартыю, то ўважліва паглядзіце на праекты Вашых падначаленых і ўдумліва прачытайце цытату, якой Вы аперуеце, і адразу, без напружання, заўважыце іх (праектаў) неадпаведнасць прыведзенаму вызначэнню. А што да Рыжскай хартыі, то хіба нават на ўзроўні элементарнага такту недапушчальна вырываць з кантэксту дакумента абрывак вызначэння, каб прыкрыць сваю хісткую пазіцыю. А вось пра пра лагічны працяг гэтага вызначэння Вы "забыліся".

Не хачу спрачацца па кожнай фразе, але чаму з той жа Рыжскай хартыі Вашымі падначаленымі ігнаруецца пры працы над вышэйназванымі праектамі п. 6. Прабачце, не хачу загружаць чытачоў залішняй інфармацыяй. Усе спасылачкі на дакументы, усе цытаты з іх, будуць ніжэй. Для асабліва цікаўных.

Што тычыцца Вашых спасылак па Дэтальнаму плану, то тут увогуле Вы займаецеся ў афіцыйным дакуменце (я пра ліст, падпісаны Вамі, бо ён на бланку і зарэгістраваны, адпаведна не прыватная перапіска) непрыкрытай фальсіфікацыяй. Я пра шырыню вуліцы Гандлёвай (Зыбіцкай) у чырвоных лініях. Унізе, як абяцалася, будуць выстаўлены выкапіроўкі з гэтага горадабудаўнічага дакумента, згодна якім бачна, што шырыня вуліцы павінна быць не больш 11метраў.

Дзе Вы 19 узялі? Мо сарока прынесла? Так архітэктары ж працуюць адпаведна нарматывам, а не птушышых навінаў. А пра калектар Вы таксама дарма. Бо яго адназначна ўсунулі ў абыход Дэтальнага плана, чым заклалі перспектыўныя парушэнні пры правядзення прац на дадзеным участку Гістарычнага цэнтра.

Ну а апошні абзац Вашага ліста удзячныя чытачы ацэняць. Гэта з разраду – на белае мы скажам чорнае і наадварот.

Шаноўны Міхаіл Львовіч. Згубілі мы інтарэс да Вас, як да ўдзельніка дыскусіі. Не атрымоўваецца яна з Вамі кваліфікавана, аргументавана. Таму будзем звяртацца да Вашага непасрэднага кіраўніцтва, каб пад яго кантролем Вы забяспечылі нам адказ па сутнасці, як заканадаўствам прадпісана, на нашыя, лічым, даволі нескладаныя пытанні.

Старшыня РС ГА БДТАПГК А.Астаповіч

Вытрымка з Рыжскай хартыі 2000 года

аб аўтэнтычнасці і гістарычнай рэканструкцыі

ў адносінах да культурнай спадчыны


6. у выключных выпадках рэканструкцыя з'яўляецца дапушчальнай, калі спадчына была страчана ў выніку стыхінага або справакаванагачалавекам бедстваў, калі ў гісторыі і культуры рэгіёна помнік вызначаецца вы-датнымі мастацкімі, сімвалічнымі якасцямі або мае асаблівае

значэнне ў захаванні асяроддзя (гарадскога або сельскага), пры ўмове, што

• ёсць доступ да адпаведных даследаванняў і гістарычных дакументаў (уключаючы іканаграфічныя, архіўныя і матэры-яльныя сведчанні);

• рэканструкцыя не скажае агульнагарадскі кантэкст або краявід; і

• пры рэканструкцыі аб'екта не будзе пашкоджана існую-чая гістарычная структура;

і пры абавязковай умове, калі рэканструкцыя прызнаецца неабходнай у выніку грунтоўных і адкрытых кансультацый паміж прадстаўнікоў

дзяржаўнай і мясцовай адміністрацыі і зацікаўленай грамадскасці

Вытрымкі з Асноўных палажэнняў Дэтальнага плана рэканструкцыі, рэстаўрацыі, аднаўлення і добраўпарадкавання Гістарычнага цэнтра горада Мінска





11.01.12 12:05



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч