Сэрца ў нашых за Кіеў баліць. Ці давайце выцягнем бервяно.

Гледзячы аўтарскія праграмы на нашым мясцовым тэлебачанні ў чарговы раз запэўніваешся, што нашая сінавокая – самая сінявокая ў свеце. Бо спачуваем мы замерзлай наскрозь Еўропе, і галодным дзецям, чамусці чорненькім, у Латвіі, і не застанецца без нашай увагі ні афрыканскі слон, ні друг степей калмык.

Вось і ў апошніх "Контурах" г-н. Аверкаў (прабачце, ён не "пан", а менавіта "г-н") разам з калегамі з вялікім клопатам і грамадзянскім гневам распавядалі пра татальнае знішчэнне гістарычнай забудовы ў Кіеве на Андрэеўскім спуску і вакол Сафійскага сабора, і з'яўленне на месцы знішчаных аб'ектаў новых сучасных пабудоў, гаспадароў якіх досыць складана адшукаць нават. Бо субінвестар на субінвестары сядзіць і субінвестарам паганяе.

І пасля кіеўскага сюжэту нехта з нашых чыноўнікаў распавядае пра падрыхтоўку нашай сінявокай да чэмпіяната свету па хакею (у мяне асабіста ўражанне, што гэта час "Ч", пасля якога канец свету настане, толькі пра гэты чэмпіянат і гаворка апошнім часам). Дык чыноўнік гэты а ні словам не ўзгадаў, што Гістарычны цэнтр Мінска практычна знішчаецца. Наадварот, ён у двух фразах адзначыў пра ашчаднае стаўленне да спадчыны, нават узгадаў комплекс бернардынскага кляштара.



Не будзем удавацца ў палеміку, а проста памяркуем. Чаму напрацягу ўжо некалькіх год пытанне Гістарычнага цэнтра Мінска дэбатуецца, нават перыядычна выплёскваецца на старонкі цэнтральных беларускіх выданняў, нават пэўныя службовыя асобы і прадстаўнікі архітэктурнага цэха ідуць на службовыя падлогі і фальсіфікацыі. Таму што сапраўды, хоць і малы наш Гістарычны цэнтр, але супер праблемны.

І вось, праблемы ў саміх пад носам, а нашым тэлевізійным свяцілам закарцела пра Кіеў распавесці. Ды нават з элементарнага пункту гледжання – любы праблемны матэрыял на ТБ – своеасаблівы папрок, своеасаблівая крытыка. А тут крытыка, значыць, у бок нашых суседзяў. Па тыпу – вось якія нягоднікі, самае дарагое, гістарычную спадчыну прадаюць дзеля бізнэс выгод. Божы дар мяняюць на яешню.

Але. Г-н. Аверкаў і яго таварышчы, не здаецца Вам, што папрок кідаць трэба, калі ў саміх ўсё ў парадку. А маючы воз праблем пад самым носам, ды пры гэтым вышукваць пад павялічальным шклом блышыц у бліжніх сваіх – прабачце, ужо занадта. Тут, як у Пісанні – выцягнуць бервяно спачатку трэба. І такім чынам вырашыць праблему забяспячэння мясцовымі відамі паліва! Бачыце, ужо і тэма для Вас, для чарговага бравурнага рэпартажу. За ганарарам пазней зайду.

А ўвогуле, усё сімптаматычна. Калі асноўнымі тэмамі, як для дзяржаўнай, так і для недзяржаўнай журналістыкі становяцца перабранкі і пінкі асобаў, якія вызначаюць свае персоны, як персоны палітычных дзеячоў, то са спадчынай можна рабіць што заўгодна. Яна маўклівая і пнуць, на жаль, нікога ў адказ не можа.

Старшыня ГА БДТАПГК А.Астаповіч

06.02.12 13:18



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч