Можа і не блохі, але вашывасці хапае



20 лютага 2012 г. на адкрытым сходзе былі падведзены вынікі грамадскага абмеркавання прыбудовы да гандлёвага цэнтру "Магніт" па вуліцы Першамайскай у Магілёве, у непасрэднай блізкасці да Магілёўскага абласнога мастацкага музея, у межах комплекснага горадабудаўнічага помніка "Гістарычны цэнтр Магілёва".

Праект прыбудовы ўжо можна назваць рэкардсмэнам, бо ён не прайшоў тры гарадскіх горадабудаўнічых савета, на архітэктурна-горадабудаўнічым савеце пры Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва было адназначна адзначана, што праектныя прапановы не адпавядаюць дзеючаму заканадаўству, і вось, нарэшце вынікі грамадскага абмеркавання.

Само грамадскае абмеркаванне пакінула вельмі шмат пытанняў, і асноўнае – хто ж у горадзе гаспадар – "Магніт", ці гарвыканкам? У парушэнне ўсталяванай дзеючым заканадаўствам працэдуры не была праведзена прэзентацыя праекта, адна з урнаў па збору прапаноў ад насельніцтва была ўсталявана не ў грамадскім памяшканні, а ў самім гандлёвым цэнтры "Магніт", на плошчах зацікаўленага боку, у склад камісіі па грамадскаму абмеркаванню не былі запрошаны прадстаўнікі грамадскасці – ініцыятары абмеркавання.

Найбольш цікава адбываўся падлік прапаноў па праекту, калі ўрны ўскрываліся не складам пастаяннай камісіі Магілёўскага гарвыканкама па правядзенню грамадскіх абмеркаванняў архітэктурных праектаў, якая зацверджана рашэннем выканкама, а толькі "вузкім" колам чыноўнікаў упраўлення архітэктуры гарвыканкама и прадстаўникоў "Магніту". Дарэчы, мяркуючы па зафіксаваных у акце ўскрыцця ўрнаў асобных меркаваннях, можна смела зрабіць высновы аб фальсіфікацыях з боку прыхільнікаў "Магніта" і некарэктных дзеяннях прадстаўнікоў выканаўчай улады пры апрацоўцы і падліку заўваг і прапаноў, што ставіць пад сумнеў адбыўшаясе абмеркаванне, як такавое





На адкрытых слуханнях аргументаванай пазіцыі праціўнікаў узвядзення прыбудовы, а гэта і парушэнні заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасці, экалагічных і іншых нормаў, прыхільнікі праекта супрацьпаставілі зняважлівыя выпады, аргументацыю на ўзроўні тэрміналогіі "дэбілы" і "ідыёты", што нават было заўважана і выказана памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўным інспектарам па Магілёўскай вобласці Генадзем Лаўранковым. Асабліва цынічным выглядала з боку інвестараў "Магніту" прыцягненне ў шэрагі сваіх прыхільнікаў інвалідаў-калясачнікаў.

Значная частка інвестараў і субінвестараў перспектыўнага будынка – індывідуальныя прадпрымальнікі, шмат з якіх мае гандлёвыя плошчы ўжо і ў старым будынку. І агульны тон на пасяджэнні не з лепшага боку раскрывае гэтую праслойку беларускага грамадства, паказвае яе няспеласць у такіх элементарных рэчах, як павага да свайго гораду, суграмадзян, любоў да гісторыі і культурнай спадчыны.

На жаль, складаецца ўражанне, што асабісты прыбытак, перспектыўныя дэвідэнты з'яўляюцца культам, у ахвяру якому можна прынесці і рэчы недатыкальныя. Узгадваючы даўнішнія прэзідэнцкія словы, прыходзіць думка, што магчыма прадпрымальнікі і не блохі, але, паглядзеўшы на частку магілёўскай прадпрымальніцкай карпарацыі, адназначна можна сказаць, што вышывасці тут хапае.

Але права, аргументы, здаровы сэнс заўсёды павінны перамагаць. І тут, нават калі праціўнікі ўзвядзення прыбудовы да гандлёвага цэнтра былі ў меньшасці, праект так і не быў ухвалены. Зноўку прадпісана прывесці прапановы ў адпаведнасць з дзеючым заканадаўствам, а з вуснаў Г.Лаўранкова прагучалі досыць рэзкія і прынцыповыя словы аб перспектыўным магчымым скасаванні інвестдамовы пры невыкананні жорсткіх прававых нормаў.

Чатыры горадабудаўнічыя саветы, грамадскае абмеркаванне, а канчатковая кропка не пастаўлена. Не хацелася б, каб яе паставіла Міністэрства культуры, узгадніўшы разглядаемы праект і такім чынам легітымізаваўшы яго. На жаль, прыгадваючы падобныя прыклады ўзгадненняў Мінкультам праектаў з ігнараваннем прававых, метадычных і нават працэдурных нормаў, застаецца вялікая доля рызыкі.

Старшыня ГА БДТАПГК А.Астаповіч

Рэпартаж гарадскога тэлебачання г. Магілёва аб сходзе можна пабачыць тут

http://tv2.by/news/zharsci-vakol-magnita-za-i-suprac-i-bezvynikova.html />
22.02.12 23:22



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте
здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч