Байкот забудоўшчыкам-знішчальнікам спадчыны.



Не першы дзень Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры спрабуе з аргументаваных нацыянальным заканадаўствам, міжнароднымі метадычнымі дакументамі ды і проста элементарным здаровым сэнсам, давесці да органаў выканаўчай улады нашай стіаліцы і Міністэрства культуры неправамернасць і памылковасць праектнай прапановы па ўзвядзенню забудовы ў межах гісторыка-культурнай каштоўнасці "Гістарычны цэнтр Мінска" на правым баку вуліцы Зыбіцкай (былая Гандлёвая).

Аднак, нягледзячы ні на што, у парушэнні цэлага шэрагу палажэнняў заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, без належнай дыскусіі, без прадугледжанай Пастановай Савета Міністраў працэдуры грамадскага абмеркавання праектных рашэнняў на тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцяў, працягваецца праектаванне, рэалізацыя якога прывядзе да:

1. прынцыповага змянення гістарычнай планіровачнай структуры, ландшафту і спосабу забудовы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння "Гістарычны цэнтр Мінска";

2. фальсіфікацыі схемы чырвоных ліній гістарычнай забудовы;

3. знішчэння і страты без адпаведных навуковых фіксацый і належнага вывучэння, наяўных і абсалютна не вывучаных элементаў існай тут колісь высокашчыльнай гарадской гістарычнай забудовы;

4. стварэння новай горадабудаўнічай сітуацыі, якая пазбаўляе гісторыка-культурную каштоўнасць яе якасных характарыстык і не дазваляе праводзіць далейшую работу ў адпаведнасці з дзеючымі рэстаўрацыйнымі методыкамі.



Інвестарамі па вул. Зыбіцкай (Гандлёвай) выступаюць тры прадпрыемства – ТАА "БелінжынірынгбудІнвест", ТАА "ІнтэрРосПрамБуд", СТАА "Славічы". І ўжо 22 лютага бягучага года на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь узгадняецца для далейшага праектавання архітэктурна-планіровачныя рашэнні квартала N1 па праваму боку Зыбіцкай (Гандлёвай), заказчыкам па якому з'яўляецца ТАА "БелінжынірынгбудІнвест".

Мяркуючы, што вышэйназваная кампанія зарэгістравана ў Мінгарвыканкаме меньш года таму, можна зрабіць выснову, што асноўная мэта яе не правядзенне дасканалых прац на ўнікальным помніку горадабудаўніцтва, а ўзвядзенне аб'екта, які не мае нічога агульнага з гістарычным Мінскам, дзеля атрымання найбольшых прыбыткаў. Гэта азначае, што ў чарговы раз нашая спадчына становіцца ахвярай фінансавых інтарэсаў абмежаванай купкі асобаў, якім не цікавы інтарэсы грамадства, інтарэсы дзяржавы.

Рэалізацыя праекта не будзе магчымай, калі ён не будзе мець камерцыйных перспектыў. А перспектывы – гэта ўдзел суінвестараў, набыццё ў будучым плошчаў ва ўзведзенай нерухомасці, ці яе арэнда.

Спадзяемся, што прадпрымальнікі нашай краіны не толькі шукаюць выгаду любымі шляхамі, спадзяемся, што прадпрымальнікі маюць пачуццё адказнасці, адказнасці перад грамадствам, перад Бацькаўшчынай, перад яе гісторыяй і культурай.

Таму заклікаем забудоўшчыкаў і іх партнёраў адмовіцца ад рэалізацыі сваіх планаў, якія прынясуць неацэнную шкоду гісторыка-культурнай-каштоўнасці "Гістарычны цэнтр Мінска". Заклікаем прадпрыемствы, установы і прадпрымальнікаў, якія плануюць удзельнічаць у праекце, ці ў перспектыве эксплуатаваць памяшканні ў новапабудаваным комплексе, адмовіцца ад сваіх намераў. Заклікаем грамадзян Мінска і Рэспублікі Беларусь, заклікаем сродкі масавай інфармацыі падтрымаць байкот аб'екта ў Гістарычным цэнтры Мінска, які канчаткова знішчыць перспектывы навукова-абгрунтаванага аднаўлення адной з самых каштоўных гістарычных тэрыторый нашай сталіцы.

Праявіце грамадзянскую адказнасць, праявіце грамадзянскую мужнасць, скажыце цвёрдае і рашучае "НЕ" чарговаму ўдару па нашай нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыне.

24.02.12 12:48



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч