Пара пытанняў да граданачальніка

Старшыні

Мінгарвыканкама

М.А.Ладуцька

Адкрыты ліст старшыні Рэспубліканскага савета Грамадскага аб'яднання "Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры" Антона Астаповіча.

Шаноўны Мікалай Аляксандравіч!

Вось ужо некалькі год Вы ўзначальваеце Мінгарвыкангкам – выканаўчы орган улады сталіцы нашай дзяржавы, і самы вялікі, як па колькасці насельніцтва, так і па эканамічнаму патэнцыялу рэгіён Беларусі. І, практычна ўвесь час я інфармую, як сам Мінгарвыканкам, так і Вас асабіста, як сташыню Мінгарвыканкама, пра праблемныя пытанні ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны нашай сталіцы, асабліва пры правядзенні прац на тэрыторыі комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасці "Гістарычны цэнтр Мінска".

На жаль, ні на адну пазначаную праблему па правядзенню прац у Гістарычным цэнтры ні Вашымі падначаленымі, ні Вамі асабіста не было прадстаўлена адказаў па сутнасці. Ужо некалькі год запар застаюцца без адказу чатыры асноўныя пытанні па выкананню прац на тэрыторыі вышэйназванай гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння, а менавіта чаму працы, якія там праводзяцца прыводзяць да:

1. прынцыповага змянення гістарычнай планіровачнай структуры, ландшафту і спосабу забудовы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння "Гістарычны цэнтр Мінска";

2. фальсіфікацыі схемы чырвоных ліній гістарычнай забудовы;

3. знішчэння і страты без адпаведных навуковых фіксацый і належнага вывучэння, наяўных і абсалютна не вывучаных элементаў існай тут колісь высокашчыльнай гарадской гістарычнай забудовы;

4. стварэння новай горадабудаўнічай сітуацыі, якая пазбаўляе гісторыка-культурную каштоўнасць яе якасных характарыстык і не дазваляе праводзіць далейшую работу ў адпаведнасці з дзеючымі рэстаўрацыйнымі методыкамі.



Зараз я разумею, што Вы разам з усім складам гарвыканкаму, ды яшчэ падключыўшы ў якасці прыкрыцця Міністэрства культуры, не адкажаце на гэтыя пытанні з адной простай прычыны, таму што прыдзецца прызнаць відавочнае – татальныя парушэнні заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, якія легітымізаваны пазазаконнымі ўзгадненнямі на шматлікіх узроўнях. Таму хачу перайсці не да праблем мінулага і сучаснасці, а да праблем найбліжэйшай перспектывы. Ды яшчэ паразважаць дадаткова, як гэта ні крамольна гучыць, на "вольныя" тэмы.

А перспектыва – дзве тэрыторыі ў межах нашага Гістарычнага цэнтра. Адна, якая будзе засвойвацца да 2014 г., а другая – з друг. пал. 2014 па 2018 гг. Адпаведна, гэта правы бок вул. Зыбіцкай (для памяці – не так даўно вернутая гістарычная назва вул. Гандлёвай), і паўднёва-усходняя частка Мінскага замчышча.

Не буду пераказваць Вам сутнасць праблемы, самі павінны ведаць, бо нават неаднаразова адказы на лісты па дадзеных аб'ектах прыходзілі менавіта за Вашым подпісам. Хачу толькі пазначыць, што ні ў адным афіцыйным адказе на пастаўленыя пытанні, кім бы яны ні былі падпісаны (Вамі асабіста, Вашымі намеснікамі, кіраўніцтвам Камітэта архітэктуры, адміністрацыі Цэнтральнага раёна), так і не былі нармальна, абгрунтавана, па сутнасці, са спасылкамі на нарматыўна-прававыя акты, растлумачаны дзеянні гарадской адміністрацыі па рэалізацыі праектаў па Зыбіцкай (Гандлёвай) і Замчышчу, якія не маюць аніякага дачынення да прынцыпаў правядзення прац на тэрыторыях комплексных помнікаў горадабудаўніцтва.

А самым дзіўным з'яўляецца тое, што ўсімі праўдамі і няпраўдамі Вы і Вашыя падначаленыя хочаце пазбегнуць працэдуры грамадскага абмеркавання праектаў, і матывуеце гэта няўклюдна, пры дапамозе звычайных падменаў паняццяў, як, напрыклад, спасылаючыся на грамадскае абмеркаванне Дэтальнага плана Гістарычнага цэнтра ў 2005-м, які анічога агульнага не мае з архітэктурнымі праектамі забудовы вышэйназваных тэрыторый.

Не хачу зноўку паўтарацца, не хачу ў чарговы раз даводзіць элементарныя ісціны пра розніцу паміж дэтальным планам і архітэктурным праектам паасобных аб'ектаў. Думаю бескарысна. Пачуць гэта можа той, хто хоча пачуць. Вы ж з Вашымі падначаленымі, такое ўражанне, хочаце чуць толькі саміх сябе.

Таму задам Вам некалькі пытанняў, задам як старшыні выканкама, як вышэйшаму афіцэру, памятаючы пра нядаўняе прысваенне Вам воінскага звання генерал-маёр, як проста чалавеку, проста грамадзяніну Рэспублікі Беларусь.

Чым кіруецца Мінгарвыканкам і Ва асабіста, як яго старшыня, прымаючы рашэнні па Гістарычнаму цэнтру Мінска, якія не толькі супярэчаць элементарным нормам заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, але і супярэчаць духу і сутнасці Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 ліпеня 2004 г. N330 і зацверджанай ім "Канцэпцыі рэканструкцыі гістарычнага цэнтра г.Мінска", Асноўных палажэнняў дэтальнага плана рэканструкцыі, рэстаўрацыі, аднаўлення і добраўпарадкавання Гістарычнага цэнтра г. Мінска, зацверджаных Рашэннем Мінгарвыканкама ад 30 сакавіка 2006 г. N617?

Няўжо Вы не разумееце, што ўсе Вашыя намаганні пазбегнуць грамадскага абмеркавання праектаў па забудове правага боку вул. Зыбіцкай (Гандлёвай) і па паўднёва-усходняй частцы Мінскага замчышча выклікаюць, мякка кажучы, непаразуменне з боку гараджан, якія, як для Вас мабыць ні дзіўна гучыць, таксама думаюць пра перспектыву станоўчага і ўстойлівага развіцця свайго гораду, пра фарміраванне яго бездакорнага вобліку, у тым ліку, бездакорнага і навукова-абгрунтаванага вобліку Гістарычнага цэнтра сталіцы, вобліку, якім будуць ганарыцца сучаснікі і будучыя пакаленні?

Шмат хто, і я асабіста, мяркуе аб тым, што Вы і Вашыя падначаленыя свядома ігнаруеце прадугледжаную дзеючым заканадаўствам і іншымі нарматыўна-прававымі дакументамі працэдуру грамадскага абмеркавання праектаў, а ў нашым выпадку праектных рашэнняў па Зыбіцкай (Гандлёвай) і Замчышчу, толькі з двух прычын. Першая прычына – элементарная боязь меркавання грамадскасці ў дачыненні да распрацаваных і ўзгодненых праектаў, якія не вытрымліваюць крытыкі не толькі з пункту гледжання заканадаўства і методык у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, але і з пункту гледжання элементарнага густу. Другая – непавага да сваіх суграмадзян, да грамадзян Беларусі-жыхароў Мінску, нежаданне прыслохоўвацца да іх меркавання.

Складаецца ўражанне, што пытанні развіцця горада, пытанні фарміравання яго вобліку і адраджэння гістарычных гарадскіх абшараў датычны толькі Вас асабіста і невялікай купкі чыноўнікаў, якія прымаюць рашэнні, часам грунтуючыся толькі на прыцягненні пазабюджэтных інвестыцый, ці як мага хутчэйшым засваенні бюджэтнага фінансавання. А сіюхвілінныя фінансавыя выгоды пры прыняцці адказных і доўгатэрміновых рашэнняў пераважаюць над прававымі і маральнымі нормамі.

Пытанняў вельмі шмат. Самае цікавае, ці будзе хоць адзін шчыры і празрысты адказ хоць на самае дробнае з іх? Ці будзе з Вашага боку і боку Вашых падначаленых памкненне да пераасэнсавання памылковых рашэнняў у дачыненні да тэрыторый Гістарычнага цэнтра і да выпраўлення дапушчаных памылак, покуль яшчэ не позна? А дапамагчы ў гэтым можа адна з гарантый прыняцця ўзважаных, празрыстых рашэнняў – гэта голас і меркаванне мінчан, якія могуць быць пачуты праз адкрытую і празрыстую працэдуру грамадскага абмеркавання, публічнай дыскусіі.

Хочацца нагадаць, што не так даўно Вы сталі правадзейным генерал-маёрам, і высокае воінскае званне Вам было прысвоена, як камандуючаму тэрытарыяльнай абаронай г. Мінска. Як Вы ў час небяспекі для нашай Бацькаўшчыны будзеце ажыццяўляць камандванне тэрытарыяльнымі вайсковымі падраздзяленнямі, калі сваім нежаданнем выслухаць меркаванне суграмадзян Вы дэманструеце свае недавер і непавагу да іх?

Сапраўды, вельмі шмат і вельмі няпростых пытанняў. Прабачце, але накіпела. Вам вырашаць, адказаць на іх ці не. Пажадаю толькі адказаць на іх хаця бы для самога сябе асабіста. А публічна – толькі на элемнтарныя – ці будзе ўсё ж такі грамадскае абмеркаванне па перспектыўнай забудове правага боку Зыбіцкай (Гандлёвай) і па паўднёва-усходняй частцы Замчышча, а калі не будзе, то агучце сапраўдныя прычыны Вашага рашэння, а не тыя адгаворкі, якія ўжо амаль год выкладаюцца ў лістах з боку Мінгарвыканкама.

З павагай,

Старшыня РС ГА БДТАПГК А.Астаповіч

Член Рэспубліканскага грамадскага

савета па справах культуры і мастацтва

пры Савеце Міністраў Рэспублікі

Беларусь

11.03.12 1:50



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч