Бывайце бернардыны! Частка першая.

Бернардынскі мужчынскі кляштар у г. Мінску. Помнік архітэктуры 17-га ст. нацыянальнага значэння. Архітэктурны ансамбль, які знаходзіўся пад аховай дзяржавы яшчэ ў даваенны перыяд, як адзін з самых старажытных мураваных аб'ектаў горада. Помнік з досыць стандартным лёсам. Гэта пазбаўленне статусу касцёла і кляштара пасля вызвольнага паўстання 1863 г., перапрафіліроўка пад свецкія дзяржаўныя ўстановы – турма і архіў, дарэчы функцыі не змяніліся да апошныгы часу, а архіўныя ўстановы і зараз знаходзяцца ў мурах касцёла Святога Юзафа.

Тэрыторыя кляштарнага двара, а гэта цэлы шэраг будынкаў, як і жылы корпус кляштара, які захаваўся разам з касцёлам з 17-га ст., забудоўвалася ў розныя перыяды, з 17-га па кан. 19-га стст., а зараз з'яўляецца суцэльнай будаўнічай пляцоўкай. Вядзецца рэканструкцыя і рэстаўрацыя, калі па афіцыйнаму, як у тытуле праекта, "комплекса зданий NN6, 8 по ул. Кирилла и Мефодия с приспособлением под гостиничный комплекс и объекты торгово-бытового назначения".

Не будзем разглядаць функцыянальнае прызначэнне архітэктурнага ансамблю. Тут вельмі шмат спрэчак, у першую чаргу, звязаных з праблемамі права ўласнасці. Нас гэта не павінна цікавіць. Бо ахова гісторыка-культурнай спадчыны – справа, якая не займаецца пытаннямі праваўладання маёмасці, а займаецца пытаннямі выканання заканадаўства і адпаведных методык пры эксплуатацыі ці правядзенні прац на помніках, каму б яны не належылі, якія б функцыянальныя нагрузкі не неслі.



І тут размова пра тое, як працы праводзімыя на "комплексе зданий NN6, 8 по ул. Кирилла и Мефодия" практычна нічым не адрозніваюцца ад прац на жывёлагадаўчым комплексе.

Мадыць тэрмін "комплекс" ужо сам па сабе настройвае на адпаведны лад. Бо ва ўсім нармальным свеце помнік 17-га стагоддзя, ды і любога іншага стагоддзя, не назавуць комплексам. І калі на хвіліну ўявім, што Мінск знаходзіцца ў Еўропе не толькі геаграфічна, а здарыўся цуд, і мы патрапілі ў еўрапейскую цывілізацыйную прастору, то кляштар айцоў-бернардынаў зваўся б у нас ансамблем. Ансамблем будынкаў былога бернарынскага кляштара.

Ну а зараз пра самі працы і да чаго яны прывялі. Вынік Вы зможаце пабачыць на фотаздымках. Гэта пашкоджанні аўтэнтычных канструкцый, аслабленне іх, якое вядзе да дэградацыі і страты іх нясучых здольнасцяў, замаканні канструкцый, іх размарожванне, знішчэнне найвыдатнейшых канструкцыйных і інтэр'ерных элементаў – скляпенчатых перакрыццяў у калідорах на верхнім паверсе, замуроўка інтэр'ерных сценавых нішаў, топачных хадоў, з'яўленне такіх неўласцівых элементаў, як грувасткія санвузлы, якія ў сваю чаргу становяцца ледзь не архітэктурнымі дамінантамі ў інтэр'ерах, ды сваёй вагой трушчаць муроўку скляпечатых перакрыццяў.

Шмат можна распавядаць, як пры правядзенні прац у помніку проста забіваецца аўтэнтыка, як будынак 17-га стагоддзя літаральна выхалошчваецца непрадуманымі, неабгрунтаванымі праектнымі рашэннямі. Як шжо амаль год "забываюцца" зрабіць над мурамі новую страху. Варта адзначыць, што такія ж працэсы адбываюцца і з дваравой забудовай, калі дзеля рэалізацыі ну проста бяздарнага праекту падземнага паркінга і павелічэння койка-месцаў гатэля знішчаюцца ў культурным пласце аўтэнтычныя падмуркі 17-га стагоддзя, фальсіфікуецца гістарычная аб'ёмна-планіровачная структура забудовы кляштарнага ансамбля.

Усе спадзевы на правядзенне прац навукова-абгрунтавана і ашчадна выпарыліся. Зноўку дзеля рэалізацыі нездаровых амбіцый мясцовых органаў улады, архітэктараў з сумніўным прафесійным узроўнем, пры поўным раўнадушшы Міністэрства культуры і органаў пракурорскага нагляду ідзе фактычнае знішчэнне помніка. Бо татальныя пашкоджанні і страты аўтэнтыкі толькі знішчэннем і можна назваць. І пры гэтым смешна выглядаюць патрабаванні да будаўнікоў, якія займаюцца тынкоўкай. Ну вельмі хочацца нашаму начальству, каб тынкоўка была высокаякаснай, ідэальна роўненькай, з канцікамі, аб якія парэзацца можна. Гэта ж "красіва", па іх разуменню ў гэтым самы сталічны гламур. Якая тут можа быць спроба наблізіць тынкі да фактуры 17 – 18 стст.

Пра тых, хто на наш погляд вінаваты ў тым, што адбываецца, аб спробах нармалізаваць сітуацыю, аб механізме прыняцця рашэнняў, які працуе ў дачыненні да нашай спадчыны, аб асноўных праблемах ансамблю – ў наступных частках рэпартажу, якія будуць рыхтавацца паралельна з матэрыяламі ў праваахоўныя органы. А зараз, на развітанне, паглядзіце толькі фотаздымкі, невялікую частку фотаздымкаў, якая дае ўражанне аб тым, што ўжо з помнікам зроблена.

Для даведкі. 10 сакавіка М.Ладуцька – сталічны граданачальнік, наведваў аб'ект. Ці пабачыў ён усё гэта?

А фотаздымкі можаце паглядзець тут

http://pomniki.budzma.org/news/byvaycye-byernardyny-chastka-pyershaya />
12.03.12 0:24



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте
здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч