Развагі над раскопам

| Панядзелак, 30 верасня 2013 у 21:07

Апошнія дні ў сеціве, як на інфармацыйных рэсурсах, так і на старонках ЖЖ ды ФБ не сціхае дыскусія  па Берасцейскаму замку, а дакладней  аб тым, што адкрыта археолагамі на мінулым тыдні на стамым старажытным месцы сучаснай Брэсцкай крэпасці, на Берасцейскім гарадзішчы, на месцы Берасцейскага замку,  у непасрэднай блізкасці ад археалагічнага музея “Бярэсце”. Не хачу зараз разважаць, а што ж менавіта адкрыта на самой справе – фрагменты канструкцый сераднявечнага замку ці рэшткі канструкцый парахавога склепу. Хаця маё меркаванне схіляецца да парахавога склепу па шэрагу прычын, і ў першую чаргу, па прычыне лагічна выбудаванай аргументацыі прыхільнікаў дадзенай тэорыі. Ад прыхільнікаў замкавай тэорыі можна пачуць проста вялікае, на ўзроўні навязлівага, жаданне, каб знойдзеныя канструкцыі мелі хаця б аддаленае дачыненне да былых замкавых пабудоў.


Зараз хацелася б паразважаць пра прычыны, якія выклікалі археалагічныя даследаванні і пра перспектыўныя вынікі, да якіх гэтыя даследаванні могуць прывесці пры дапамозе нашых рамантычна-закамплексованых аматараў тэорыі пра Беларусь, як краіну замкаў.  І  не проста  разгледзіць вынікі, а падмацаваць іх ужо адбыўшыміся фактамі, а менавіта прыкладамі,  да чаго даводзяць рамантычныя комплексы, сфармаваўшыеся на падставе жадання,  каб усё было, як у людзей – шматлікія замкі, палацы ў візуальнай прасторы,  у гісторыі толькі гераічныя і высакародныя старонкі, каб усё негатыўнае было толькі ад суседзяў,пры . Есць, на жаль, у шэрагу нават інтэлектуалаў такі прусак у мазгах, што тая спадчына, якая захавалася,  не заўсёды задавальняе нашыя ўяўленні аб велічы нашай гісторыі і культуры, у выніку чаго яны не ведаюць , як яе інтэрпрэтаваць у тым выглядзе, які ёсць. Адпаведна, што сярод іх дамінуе ідэя аб паляпшэшші  гісторыка-культурных здабыткаў, каб іх  зрабіць больш вартымі для ўласнага хваравітага гонару.


Не трэба далёка хадзіць, каб прыклады пабачыць. Гэта і праект так званага аднаўлення Мінскага замчышча, распрацаваны Сяргеем Багласавым, ў якім, як у люстэрку, адбіваецца жаданне аўтара і тых, хто яго падтрымлівае, паказаць старажытны Мінск ледзь не пупом сусвету, штучна прадэманстраваць значнасць гораду, якой ніколі не было ні ў раннесярэднявечны перыяд, ні пазней, акрамя адной светлай старонкі – правядзення пасяджэнняў Трыбуналу ВКЛ. Нешта падобнае, на жаль, ужо рэалізуецца непасрэдна на гісторыка-культурным аб’екце 16 ст. – Любчанскім замку, дзе па ініцыятыве І.Пячынскага, кіраўніка фонду “Любчанскі замак”,  ўжо з’явіліся фахверкавыя канструкцыі, нічым не абгрунтаваныя, нават недарэчныя, але на думку ініцыятараў зусім, як у Еўропе, бо мы ж не горш.  Мазырскі замак з яго псеўдаабарончымі вежамі-пагадамі і ўзгадваць не хочацца. І ўсё, што пералічана робіцца ў поўным ігнараванні дзеючых нормаў заканадаўства ў сферы аховы спадчыны, элементарных методык, нават без элементарнага навуковага абгрунтавання, у адсутнасці адпаведнага матэрыялу.


Вось  і археалагічныя раскопкі на тым месцы, дзе калісці знаходзіўся Берасцейскі замак, з’яўляюцца не проста раскопкамі ў межах нейкага там акадэмічнага даследавання. Яны носяць сугуба прыкладны характар і з’яўляюцца неад’емнай часткай архітэктурнага праекту па “аднаўленні” Берасцейскага замку, дазвол жа на адпаведнае праектаванне выдадзены Міністэрствам культуры яшчэ ў ліпені бягучага году. Заказчыкам прац з’яўляецца УКС Брэсцкага гарвыканкаму, а генпраектыроўшчыкам творчая майстэрня, якую ўзначальвае брэсцкі архітэктар  М.Гайдуковіч.  І тут паўстае пытанне, як і што будуць аднаўляць. На які перыяд, у якім выглядзе і на падставе якога матэрыялу. Як вядома, горад Берасце і Берасцейскі замак ўпершыню былі зафіксаваны на графічнай выяве ў сяр. 17-га ст., а канкрэтна  былі зафіксаваны,  як агульны панармны выгляд з вялікай доляй умоўнасці, так і планіроўка, якая выканана наадварот з вялікай ступенню дакладнасці.   Гэта знакамітая гравюра Дальберга, на якой адлюстравана аблога Бярэсця шведскімі войскамі.


Далей – практычна паўтары стагоддзя правалу ў наяўнасці графічных дакументаў. Наступная графіка – шматлікія планы гораду, наваколляў, абмерныя чарцяжы будынкаў і збудаванняў. Увесь гэты матэрыял пачаў з’ячўляцца на падрыхтоўчым этапе будаўніцтва Брэсцкай крэпасці. Ніхто тут не адмаўляе багаты пласт архіўных тэкставых дакументаў друг. пал. 17 – 18 стст., дзе можна знайсці шматлікія апісанні гарадской гаспадаркі і гарадскіх аб’ектаў, але любое апісанне – гэта матэрыял для аналізу, а не для ўвасаблення ў канкрэтных архітэктурных формах. Для дакладнага і навукова-абгрунтаванага праекту аднаўлення і рэстаўрацыі, як паветра патрэбны графічны матэрыял, і не прыблізны, не ўмоўны, а дакланы – фотаздымкі, праектныя справы, абмерныя чарцяжы, матэрыялі картаграфіі і г.д. І вельмі важным фактарам з’яўляюцца дадзеныя археалогіі, якія дазваляюць проста найбольш дакладна вызначыць планіровачную структуру, як асобных страчаных будынкаў, так і горадабудаўнічых ансамбляў, вызначыць характар і матэрыял канструкцый.


Аналізуючы архіўныя графічныя дакументы выдатна бачна, што напрацягу 17 – 18 ст замак. Як мінімум, зведаў карэнныя змены ў сваёй планіроўцы і канструкцыі. Калі ўзяць пад увагу спробу рэканструкцыі Берасцейскага замку на друг. пал. 16 ст., якую прадставіў В.Сарычаў у сваёй кнізе “Ў пошуках страчанага”, а затым прааналізаваць тыя змены,  якія з замкам адбываліся,  то выснова напрошваецца сама сабой – на працягу амаль трох стагоддзяў замкавая тэрыторыя неаднаразова зведвала карэнныя змены, не толькі ў планіровачнай структуры самой тэрыторыі, але і ў планіроўцы саміх абарончых збудаванняў.  Існуе шмат аргументаў, што аднаўленне замку старажытнага Бярэсця можна выканаць у лепшым выпадку гіпатэтычна, што з’яўляецца недапушчальным з пункту гледжання рэстаўрацыйна-аднаўленчых методык. Рэстаўрацыя – дакладная навука,  і гіпатэтычныя падыходы тут магчымы на ўзроўны пэўных дыскусій і аналізу, а не пры непасрэдным выкананні прац. “Рэстаўрацыя сканчываецца там, дзе пачынаецца загадка”. Вось святая святых для ўсіх рэстаўратараў, якая сфармулявана ў самым важным і асноўным метадычным дакуменце – “Венецыянскай хартыі”.


Ну і тут непасрэдна пераходзім да археалагічных вышуканняў на тэоыторыі былога Берасцейскага замку. Мяркуючы па імпэту гарвыканкаму Брэста, мяркуючы па проста маніякальнаму жаданню архітэктара Гайдуковіча спраектаваць замак і рэалізаваць праект, мяркуючы па пазіцыі шэрагу асобаў у Брэсце, якія ўзброены геарадарамі і “аўтарытэтам” сярод пэўных абл. і гарвыканкамаўскіх адказных супрацоўнікаў, існуе вялікая небяспека, што знаходкі канструкцый у культурным пласце будуць інтэрпрэтаваны ў рэчышчы страчаных замкавых пабудоў, і, урэшце рэшт, вынікі вышуканняў будуць выкарыстаны для юрыдычнага прыкрыцця праекту аднаўлення замку, які , як ні круці, ні пры якіх абставінах не будзе мець нічога агульнага ні з нормамі заканадаўства аб ахове спадчыны, ні з метадалагічнымі прынцыпамі, ні нават з элементарным здаровым сэнсам. . Бо пра які здаровы сэнс можна гаварыць, калі дзеля псеўдазамкавага навадзелу прыдзецца руйнаваць значныя фрагменты існуючай аўтэнтычнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.


Археалагічныя вышуканні  на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці патрэбны, бо гэта тэрыторыя старадаўняга Бярэсця, якая да канца не вывучана, дзе знаходзіцца вельмі шмат белых плямаў. Але вышуканні павінны праводзіцца ў першую чаргу дзеля накаплення матэрыялу,  для далейшага яго аналізу, для вывучэння і спазнання страчанай планіровачнай структуры і знішчаных архітэктурных аб’ектаў гораду,  які па значнасці і багаццю ў Вялікім Княстве Літоўскім  канкураваў са сталіцай дзяржавы – з  Вільняй. Гораду, які ў адначассе быў знішчаны практычна пад нуль дзеля рэалізацыі стратэгічных планаў Расійскай імперыі, гораду, які шмат у каго ў свядомасці існуе віртуальна і матэрыялізоўваць які праз знішчэнне аўтэнтычнага і вельмі каштоўнага помніка фартыфікацыйнага дойлідства недапушчальна.




Замак у 1566 г. Рэканструкцыя В.Сарычава

.

Замак на плане  1657 г

Замак на плане  1657 г.

Замак на плане  1657 г.

Панарама Бярэсця ў 1657 г.

Замак на плане 1807 г.

Замак на плане 1823 г.

Замак на плане 1828 г.

Тэрыторыя замку на плане 1830 г.

Тэрыторыя замку на плане 40-х гг. 19 ст.

Тэрыторыя замку на плане  1856 г.

Тэрыторыя замку на аэрафотаздымку 1941 г.

Сучасны план тэрыторыі замку



Графічныя матэрыялы з www.ibrest.ru





.
30.09.13 21:15



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч