Злёгку падумалася пра Віцебск

 


Вельмі патэтычна пішуць пра гістарычныя цэнтры нашых местаў у дзяржаўнай прэсе, асабліва ў рэгіянальных вячорках. Толькі словы іх з-за сваёй аблуднасці Богу ў вушы не трапляюць. Так і тут. Пра гістарычны цжнтр Віцебска ў "Вячэрнім Віцебску" (артыкул знайшоў дзякуючы http://www.skyscrapercity.com/showthread.php?t=665832&page=52)  ну такое пішуць, ну проста закрываю вочы і бачу акрамя ўзноўленых Васкрасенскай царквы і Успенскага сабору, вакол адной з самых старых нашых цэркваў – Добравешчанскай, якую калісці таксама зруйнавалі, але не да канца, таму ва ўзноўленым аб'ёме прысутнічаюць шматлікія аўтэнтычныя фрагменты,  што адраджаецца і планіровачная структура старога гораду,  будынкі і збудаванні. Адным словам, Віцебск сацыялістычны паступова пераўтвараецца ў Віцебск не тое, што губернскі, але нават у ваявадскі,  як за часамі  Рэчы Паспалітай. 

Быццам і праглынуў бы я  нажыўку,  спаў бы, сніў чароўныя сны, пра тое, што пад старасць пагуляю я  сярод адроджаных кварталаў, прайдуся побач з касцёлам Святога Антонія, Дабравешчанскай царквой, галоўнай віцебскай сінагогай, уздоўж камянічак, якія натхнялі... ну ўсе адразу зараз хорам: - Марка Шагала! Ну а я паарыгінальнічаю. Буду лічыць, што натхнялі гэтыя муры Нікіфароўскага, Шэйна, Сапунова ды і інш. віцебскіх даследчыкаў. Але мабыць не лёс. Па-першае, калі разважаць па аналогіі, то адразу просяцца прыклады, з якімі трэба параўноўваць любую з’яву, любую дзею, каб сапраўды знайсці пэўныя паралелі. І тут адразу хочацца параўноўваць са сталіцай, нашым слаўным Мінскам, які па тых калецтвах, якія ён зведаў за апошнія гады ад нашых выбітных дойлідаў пра непасрэдным, а то і вызначаючым удзеле мінгарвыканкамаўскіх і мінкультаўскіх чыноўнікаў і свяціл нашай акадэмічнай навукі, уперадзі планеты ўсёй. 

Што ёсць сталіца. Сталіца – гэта прыклад для правінцыі, сталіца – гэта вяршыня ерархічнай вертыкалі, такой ужо звыклай, аж да неабходнасці, не толькі сярод розных там структураў у  дзяржаўным уладкаванні, але і ў ерархіі нашых сінявокіх гарадоў, не гаворачы ўжо пра аграгарадкі. Таму, што б у сталіцы не адбывалася, у большай ці меньшай ступені гэта рэпрадукуецца ў правінцыі. І таксама ерахічна. Спачатку ў абласных цэнтрах, потым у раёных. І рэпрадукуецца не толькі нешта пазітыўнае, але і негатыў, праўда гэты негатыў падаецца, як з’ява станоўчая і прагрэсіўная. Гэта да таго, што на абласныя цэнтры, у тым ліку і на Віцебск, прыйшла ўжо хваля брутальнага абыходжання з тэрыторыямі гістарычных забудоваў, у тым ліку, якія пад аховай дзяржавы. 

Ужо з’явіліся  ў тым жа Віцебску, у самым яго сэрцы, на месцы былых кварталаў, якія сфармаваліся яшчэ ў магдэбурскім горадзе, якія перажылі, хоць са стратамі, але і Другую сусветную, не перажылі панаванне чырвоных партызан, якія доўгі час рулілі пасляваеннай БССР, піраміды, як пад Каірам. Луксорскія храмы мабыць яшчэ ў далёкай перспектыве, але бліжэйшая перспектыва ўжо праглядаецца. І ўпершыню я асабіста разглядзеў гэтую перспектыву тыдня тры таму, калі ў Мінску адбываўся чарговы архітэктурны фестываль, у межах якога была і вялікая экспазіцыя праектаў. Пра ўзровень нашых дойлідаў згодна выстаўленых прац покуль памаўчым, каб не мацюкнуцца ў сэрцах, але пэўныя тэндэнцыі вызначыць можна, у тым ліку і па віцебскаму гістарычнаму цэнтру, тэндэнцыі, якія закладаюцца віцебскім грамадзянпраектам у выглядзе дому ўрачыстасцяў. 

Вось тут і адразу лёгкі дысананс паміж прыгожымі журналісцкімі словамі і рэчаіснасцю, сумнай, шэрай і знішчальнай  для нашых культурных ланшафтаў. Зноўку абнародаваны праект, які не мае нічога агульнага не толькі з дзеючым заканадаўствам у сферы аховы помнікаў, ды не тое, што заканадаўства, нават тэхнічныя нормы ён парушае. А тэхнічныя нормы, як і заканадаўчыя  прадпісваюць рэгенерацыю гістарычных  тэрыторый, якія маюць ахоўны статус, і не проста рэгенерацыю, а аднаўленне страчанай гістарычнай планіровачнай структуры, і не толькі страчаных дамінантных архітэктурных аб’ектаў, але характару  і маштабу шэраговай забудовы.

Не хацелася б зноўку загружаць пунктамі, артыкуламі, нормамі прававых і тэхнічных дакументаў. Як іх не цытуй, як іх не трактуй, але прапанаваны варыянт забудовы абсалютна вывальваецца за элементарныя прававыя рамкі. А вось пра прафесійную этыку, пра элементарны ўзровень агульнага культурнага развіцця, пра прававую культуру  нашых дойлідаў і тых службоўцаў, якія прымаюць рашэнні, якія даюць узгадненні, пагаварыць можна, але таксама не шмат. Не тая тэма, каб яе мусоліць. Тут усё зразумела. Як можна ставіцца з павагай, як можна лічыць нармальнымі спецыялістамі тых, хто навязвае ў гістарычны асяродак, як нейкую вірусную інтэрвенцыю, неўласцівую, незаконную забудову, якая,  як гангрэна з’есць знутры з часам  ўвесь гістарычны цэнтр Віцебску. Як можна прапаноўваць свае амбіцыі там,  дзе павінна быць павага да мінулага, да працы нашых продкаў. Як зусім спакойна ды без эмоцый  “засвойваць” тысячагадовую гарадскую тэрыторыю, нават, я больш чым упэўнены, не вывучыўшы характару яе гістарычнай забудовы? Не думаю, што маючы элементарныя веды ў сферы гісторыі горадабудаўніцтва Віцебска, паднялася б рука побач з Добравешчанкай маляваць такое, не пабаюся сказаць, ражно?

Яскравае сведчанне таго, што Віцебск сацыялістычны трансфармуецца ў нейкае там  накшталт бананавага паселішча. Да чаго Мінск ужо датрансфармаваўся. 

Хаця, што тут ставіць праблемы маральнага плану. На жаль, як ужо падказвае сумны вопыт, мараль і праектаванне на гістарычных тэрыторыях у нас, у Сінявокай, не сумяшчальныя, тым больш несумяшчальныя  катэгорыі маралі і праца нашага чынавентства. Таму прыдзецца ставіць пытанні ў прававой сферы, хаця ў нашай, самай прававой дзяржаве, і гэта досыць праблематычна. 


Праект Дома ўрачыстасцяў

Гарадская высокашчыльная забудова на месцы перспектыўнай пабудовы Дома ўрачыстасцяў. Геападаснова, выкананая ў 1949 г

Вялікая сінагога і навакольная забудова пач. 20 ст.

Гарадская забудова ў пач. 20 ст.

Артыкул у “Вячэрнім Віцебску”

.
17.10.13 0:21



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч