Безадказнасць спараджае злачынства


Колькі было зваротаў у пракурорскія органы, у органы ўнутранных спраў аб прыцягненні да адказнасці асобаў, якія вінаватыя ў руйнаванні ці пашкоджанні помнікаў, у прыняцці рашэнняў, якія супрацьмовяць нормам заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, і таму такія рашэнні прыводзяць да нанясення відавочнай шкоды помнікам гісторыі і культуры. Сапраўды, цяжка звароты такія падлічыць. А вынік – ніякага выніку. Гісторыка-культурныя каштоўнасці знікаюць, а вінаватых няма. Праваахоўныя органы нашыя ну проста ва ўпор не жадаюць бачыць у знішчэнні нашай спадчыны складу злачынства.


Але рэгулярна праводзяцца праверкі сферы аховы спадчыны, то з боку пракурорскіх органаў, то з боку КДК, вынікам якіх з’яўляецца справаздачка ў прэсе пра адсутнасць там-сям ахоўных шыльдаў, ці аб няпоўным складзе ўліковай дакументацыі, і далей у такім жа рэчышчы. Адным словам, з гарматы ды па вераб’ях. Пальчыкам па выніках праверак пагразілі, усе зрабілі выгляд, што спалохаліся, а справа з месца не кранаецца. Ніхто не нясе сур’ёзнай адказнасці, а безадказнасць, як вядома, спараджае злачынства.


За прыкладам хадзіць не трэба. Мядзельскі раён, вёска Шэметава, былая сядзіба Шэметаўшчызна. Тое што засталося ад сядзібы, як вядома, мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўваецца дзяржавай. У выніку ад такой аховы застаецца толькі ўдавіцца хочацца. Стаяла вялікая стайня, з чырвонай цэглы, стаяла, нікога не чапала, а прыязджаю ў нядзелю ў Шэметава – ад стайні толькі фрагмент сцяны тарцавой застаўся, ды абломкі канструкцый страхі. Руін нават няма. Цэгла ўся кудысці па гаспадарску забраная.



Чаму так? Я не хачу разважаць пра нейкі там гіпатэтычны культурны ды адукацыйны ўзровень нашых чыноўнікаў ды гаспадарнікаў, ды і проста грамадзян. Пры гэты ўзровень можна паразважаць у выпадку, калі бульдозерам праехалі па аб’екце, які не мае ахоўнага статуса, які юрыдычна з’яўляецца проста нейкай спарудай, калі можна апеляваць сапраўды толькі да уяўнага ці наяўнага  узроўню. Тут жа – афіцыйны помнік, тут жа – “табу”. Але пляваць на закон, пляваць на ўсё. А чаму?


Ды проста, колькі ні існуе незалежная Беларусь, знішчальнікі помнікаў адчуваюць сябе вальготна. Столькі прыкладаў ужо ёсць, што руйнуй налева, руйнуй направа, і як з гуся вада. Сапраўды, татальная безадказнасць спараджае крымінальнае злачынства, а можа нават лепей сказаць, што пазіцыя праваахоўных органаў, якая яскрава покуль дэманструе адсутнасць жадання прыцягваць да адказнасці за знішчэнне гісторыка-культурнай спадчыны,  спараджае злачынства.


Не надта верыцца ў вяршынства закону, але факт знішчэння помніка адбыўся, і гэты факт мы, як грамадзяне, не можам не заўважыць. Таму падрыхтаваны чарговыя звароты, як у праваахоўныя органы, так і ўва выканаўчыя органы ўлады аб прыцягненні вінаватых да адказнасці. Паглядзім, што яны скажуць. Адказ  будзе адбіткам нашага часу, па якому можна рабіць пэўныя  высновы.






http://pomniki.budzma.org/news/byezadkaznasc-sparadzhaye-zlachynstva



.
18.11.13 1:45



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч