Лэйзер Бегуг у гісторыі Брэста. Да пытання ролі асобы ў гісторыі


23 лістапада адбудзецца навукова-практычны семінар па праблемах захавання, выкарыстання і інтэрпрэтацыі Брэсцкай крэпасці. Мерапрыемства гэтае не самастойнае, а будзе праходзіць у межах канферэнцыі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэту, прысвечанай ролі асобы ў гісторыі.


Тэма вельмі цікавая, і ўзгадалася, што пры працы над шэрагам праблем па змене горадабудаўнічай сітуацыі ў Брэсте ў перш. пал. 19 ст. спецыялістамі Таварыства аховы помнікаў быў выяўлены вельмі цікавы дакумент, які не мае канкрэтнай датыроўкі, але паразважаўшы над гісторыяй і храналогіяй фарміравання архіву Віленскай акругі шляхоў зносін, зараз гэта  фонд 2466 у нашым Беларускім нацыянальным гістарычным архіве, дадзены дакумент можна аднесці да храналагічнага прамежку ад пач. 30-х да 50-хгг. 19 ст. Гэта час узвядзення Брэсцкай крэпасці, вынасу гораду на фарштат, і стварэння новай гарадской  інфраструктуры.


Менавіта ў гэты час адбываюцца істотныя змены ў жыцці жыдоўскай грамады гораду. Старая берасцейская сінагога, узведзеная яшчэ ў 16-м ст. зруйнавана дзеля патрэб пабудовы крэпасці, новая, на фарштаце,  ў гэты перыяд, у сяр. 19-га ст., толькі пачынала  будавацца. А дзе сінагога, там павінна быць недалёка і міква.



Увогуле, міква - спецыяльная пабудова ў іўдзейскай традыцыі  для рытуальнага ачышчэння ад скверны. Аснова міквы – водны рэзервуар ад 250 да 1000 л. вады. Вада павінна быць праточнай, таму міквы практычна заўсёды будаваліся на берагах рэк ці азёр. У беларускіх мястэчках міквы зачастую будаваліся на дзве паловы, адна непасрэдна для рытуальнага амавення, другая для падрыхтоўкі для гэтага працэсу, а гэта памяшканне, дзе трэба было мыцца.


Вельмі часта памяшканні для падрыхтоўкі выконвалі падвойную функцыю. У іх уладкоўваліся яшчэ і грамадскія лазні, у якіх за ўмераную плату можна было мыцца, як іўдзейскаму, так і хрысціянскаму насельніцтву.


Валодаючы такой інфармацыяй ўжо іншымі вачыма пачынаеш глядзець на дакумент з фонду 2466, 1-га вопісу, справы 1275 з Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі пад  назвай “Чарцёж купальні на пароме, прапанаваны для пабудовы брэсцкім жыхаром Лэйзэрам Бегугам на левым баку Брэсцкай прыстані на рацэ Мухавец”. Разумееш, што па структуры – вельмі шмат індывідуальных памяшканняў з рэзервуарамі блізкімі да стандартнага аб’ёму міквы, вялікае агульнае аддзяленне для падрыхтоўкі да рытуалу, ды і вада заўсёды праточная, аніякай праблемы з водазабеспячэннем, - гэта стопрацэнтная міква!


Ну а што назва аб’екта – “купальня”, а не “міква”, то нічога дзіўнага няма. Не першы раз сустракаюцца ў архіўных фондах старадаўнія праектныя справы 19-га ст., на якіх афіцыйны тытул – проста “дом” ці “пабудова”, а насамрэч гэта сапраўдная сінагога, бо ў будынку і адпаведная колькасць вакон, і малельная зала і галерэя для жанчын. Ну а як інакш у межах аседласці было рабіць, не кожны праект пад тытулам “сінагога” узгадняўся да рэалізацыі. Магчыма,  такі абыходны шлях быў абраны і для ўзгаднення перспектыўнага  спраектаванай Лэйзерам Бегугам міквы. Прасцей было “купальняй” назваць.


Праўда, нават і з такімі абыходнымі манеўрамі праект хутчэй за ўсё так і не быў рэалізаваны. Прычыны нам не вядомы. Ёсць проста факт – на плане Кобранскага фарштату Брэста 1852 г. (НГАБ, Ф.2466, Воп. 1, Спр 1331)  гэтага аб’екту з любога боку прыстані на Мухаўцы, як   ні круці,  знайсці немагчыма. Так,  покуль застаецца загадкай лёс Лэйзэра Бегуга, які толькі невялічкім штрыхом увайшоў у гісторыю Брэста, але якога можна лічыць аўтарам  досыць цікавага вынаходніцтва.


Крыніцы:

1. НГАБ, Ф.2466, Воп.1, Спр.1275

2. НГАБ, Ф.2466, Воп.1, Спр. 1331

3. Буйная фантазія аўтара

.
22.11.13 22:28



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч