Не хачу быць актывістам


Мінкульт узаконіў “Бульбаш-хол”!!!, Вакол  Курапат скарацілі ахоўныя зоны ўдвая!!!! Прадажны Мінкульт!!!!!


Яшчэ нейкі шэраг істэрычных публікацый пад блізкімі назвамі ва ўсёй медыяпрасторы, якія харчуюцца не аб’ектыўнай інфармацыяй, а эмацыйнымі выплескамі шэрагу асобаў, якія нават не абцяжарылі сябе ўключэннем элементарнага сэнсорнага пачуцця – слыху, гэта раз. І забылі пра тое, што пачутае трэба яшчэ і прааналізаваць, гэта два.

Але што прэса? А нішто. Замест таго, каб інфармацыю прааналізаваць, падаць карэктна і аб’ектыўна, распачынае функцыю “рупара дэмакратыі”. Стварае шчучную інфармацыйную нагоду на пустым месцы, выпячвае ўсё павярхоўнае, нават не тое, што недакладнае, але і надуманае, а на наступны дзень забывае пра праблему і пачынае абмяркоўваць майткі ці іншую дэталь гардэробу нейкай там псеўдазоркі.

І зараз таксама чарговая істэрыя. Істэрыя на грунце інфармацыі пададзенай так званымі актывіставмі, у шэрагі якіх чамусці і мяне залічылі. Шаноўнае прэса, у гэтай кампаніі я што ні ёсць пасівіст, актыўным я станаўлюся з людзьмі, з якімі можна працаваць,  палемізаваць, шукаць нейкія вырашэнні праблемаў, па крайняй меры абмяркоўваць праблемы больш меньш аргументавана і прафесійна. Прашу Вас, не атаясамляйце мяне з актывісцкім  асяродкам, перад калегамі, у першую чаргу маладымі,  сорамна.

Так вось,  нашая грамадска актыўная частка жыхароў беларускага абшару і следам за ёй СМІ прыкладаюць усе намаганні, каб праблему з Курапатамі, якія маюць статус помніка гісторыі, завесці некуды ў бок. І робіцца гэта нават шляхам брутальнай дэзінфармацыі. Возьмем нават ужо працытаваныя назвы.

Назва першая. “Мінкульт узаконіў “Бульбаш-хол”. Грубейшы падман. Комплекс рэстарану пабудаваны на падставе дзеючых нарматыўна-прававых і тэхнічных дакументаў, у зоне рэгуляванай забудовы. Ёсць канешне парушэнне – чатыры летнія гасцявыя домікі пабудаваны былі ў зоне аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці. І калі падыходзіць да справы з пункту гледжання прававых нормаў, то сапраўды, гэтыя аб’екты зараз у перспектыве могуць быць узаконены тым, што іх тэрыторыя перакваліфікавана будзе ў зону рэгуляванай забудовы з зоны аховы.  Так што размова не пра “Бульбаш-хол”, а трошку пра іншае. Вось Вам махлярства нумар адзін.

Назва другая. “Вакол  Курапат скарацілі ахоўныя зоны ўдвая!!!!” Як патэтычна, як трагічна, як надрыўна! Ну проста ўсё. З усіх бакоў скарацілі ўдвая!  Лепш бы ўтрая сказалі. Больш пераканаўча атрымалася б. А зараз паглядзім, як удвая.  Тэрыторыя курапат абмежавана з чатырох бакоў – поўначы, поўдня, усходу і захаду.  Паўночныя і паўднёвыя межы скарэляваны.

Дзе-нідзе яны троху меней за былыя, дзе-нідзе значна шырэйшыя.  Усходняя мяжа яшчэ не ўзгоднена. Яна будзе ўдакладняцца ў рамках распрацоўкі праекта дэталёвай пляніроўкі усёй тэрыторыі вакол Курапатаў і будучага выставачнага цэнтру, які плянуецца паміж Курапатамі і „Экспабелам“. Вось тут і ёсць асноўная  небясьпека на перспектыву. Дарэчы, шмат якім выданням сёння праблему гэтыю тлумачыў. Толькі “Свабода” ды “БелаПАН” рэпрадуктавалі словы, і то ў дамінуючым кантэксце пакінутых 50 метраў быццам бы па ўсяму перыметру.

Але, шо ні гавары – махлярства нумар два.

Ну а калі пра прадажны Мінкульт, то сёння пытанні разглядала Навукова-метадычная рада, у якую толькі тры супрацоўніка Мінкульта з, як я помню, чатырнаццаці чалавек уваходзяць. І ведаючы, як магло б пайсці абмеркаванне, як яно часта ідзе, я магу з адказнасцю адзначыць, што сёння пытанне па Курапатах разглядалася сур’ёзна, з адказнасцю, ды і праектная дакументацыя была выканана на бездакорных матэрыялах якія прадстаўляліся і сябрамі нашага грамадскага аб’яднання, у тым ліку на матэрыялах археалагічных даследаванняў, якія ні тое, што не выявілі аніводнага костнага парэштка ці артэфакту 20 – 30-х гг. ХХ ст., яны нават пры геалагічным аналізе раскопаў не падцвердзілі тэорыю пасляваеннай масавай эксгумацыі.

Пра гэта могу пісаць адказна, бо дпследаваннямі займаліся сумленныя і прафесійныя спецыялісты. Нават мой сын працаваў у камандзе, і менавіта ён адказваў за геалагічную частку археалагічнай справаздачы.

Выснова напршваецца сама сабой. Вельмі прыкра бачыць непрыкрытыя спекуляцыі на такой святой тэме, як Курапаты, калі самамэтай становіцца не тэрыторыя помніка, не памяць пра нявінна забітых, і не важна колькі іх там, нават калі б быў адзін, то ўсё роўна гэта трагедыя, а самамэтай становіцца нейуі шум вакол праблемы, я б не пабаяўся сказаць, што гэта спекуляцыя на прблеме, але не пазіцыя, якая дазваляе памкненні пэўных асобаў успрымаць усур’ёз.

Любую працу трэба рабіць прафесійна, любую працу трэба рабіць сумленна, без самападману і падману. А тут… Таму і не хачу ў шэрагі актывістаў. Нешта нам не па дарозе.



Фота http://www.svaboda.org

28.11.13 0:13



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч