Яшчэ раз пра канспірацыю і не толькі

Люблю я нашых рэвалюцыянераў мясцовага разліву, правільней не рэвалюцыянераў, бо такія разуменні, як Сінявокая і рэвалюцыя несумяшчальныя, а віцэ-рэвалюцыянераў, бо ўжо які раз запар з іх боку назіраецца спроба дапамагчы  гайдамацкім  рэвалюцыям  ў паўднёвай нашай суседцы.

Асабліва з канспірацыяй у іх выдатна. Некалькі дзён увесь інтэрнэт, як іржой старая труба, раз'ядаўся інфармацыяй пра аўтобусную паездку ў Кіеў на еўрарамонт. Тфу, прабачце, на еўрамайдан. І тут аўтобус з майданшчыкамі затрымліваецца ў 60-і км. ад Мінска! Вынік быццам бы запланаваны, чаканы, і таму па адбыўшамуся алгарытму дзеянняў арганізатараў паездкі ўзнікаюць чарговыя пытанні.

Пытанне першае. А было жаданне даехаць да Кіеву? Здаецца, што за мэту Кіеў і яго разрабаванне купкай беларусаў не ставілася. Такое ўражанне, што было жаданне ў чарговы раз засвяціцца ў СМІ, бо  рэакцыя беларускіх недзяржаўных СМІ на падзеі за паўднёвымі межамі Бацькаўшчыны проста не пакідае практычна аніякіх шанцаў на асвятленне той мышынай вазні, якая завецца нашым палітычным жыццём. А тут нагода, невялікая, але...

Пытанне другое. Ці знаходзяцца арганізатары паездкі ў здаровым розуме і цвярозай памяці? Чаму такое пытанне? Элементарна. Кожны ведае, у якой краіне мы жывем, толькі лянівы не ведае, што аўтобусы з адпаведным кантынгентам перыядычна затрымліваюцца пільнымі органамі. На канцэрты бывае не выпускаюць, а тут на майдан аўтобус, ды яшчэ з папярэдняй інфармацыйнай помпай.

Пасля такога цікава часам некаторыя каментары ў медыяпрасторы  чытаць, дзе некаторыя асобы задаюцца пытаннем наконт права, па якому быў затрыманы аўтобус. Я лічу, што такія пытанні здольны задаваць вельмі сацыяльна-небяспечны элемент. Гэта ж элементарная страта здольнасці да аналізу і ацэнкі сітуацыі.

Падабаюцца думкі пэўных каментатараў  пра пошукі крата ўнутры арганізацыі. З улікам масірванай інфармацыйнай атакі пра падарожжа,  такіх каментатараў хочацца адразу шпіталізаваць. Нельга ж каб чалавек так пакутаваў, а ў шпіталі памогуць, там спецыялісты добрыя кваліфікаваныя, у лепшых традыцыях інстытута Сербскага выхаваны.

Можна і далей займацца аналізам чарговага здарэння, каб па выніках наступнага сінтэзу зрабіць выснову - чарговы ляп касмічнага маштабу і касмічнага глупства. Проста на развітанне давайце змадэлюем сітуацыю. Нацыская акупацыя, Мінск. Група маладых камсамольцаў-падпольшчыкаў вырашыла падпаліць нямецкі склад амуніцыі. І за тыдзень да аперацыі праінфармавала грамадскасць пра падзею праз акупацыйную прэсу.

07.12.13 15:48



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч