Перспектыва для Курапат

Давайце на момант забудзем, што ёсць насамарэч для нас Курапаты. Забудзем, каб эмоцыі не перашкаджалі аб’ектыўнаму ўспрыяццю сітуацыі. І праблему, якая складваецца апошнімі часамі вакол дадзенай гісторыка-культурнай каштоўнасці разгледзім толькі з фармальнага, прававога пункту гледжання. 

Шмат было размоваў вакол так званага “Бульбаш-холу”. Пэўныя рухі ў дачыненні да летніх домікаў-павіл’ёнаў, якія патрапілі ў межы зоны аховы Курапат. працягваюцца і зараз, пра што сведчыць адбыўшаяся прэс-канферэнцыя удзельнікаў грамадскай ініцыятывы па ініцыяванню грамадзянскага працэсу ў дачыненні да Генпракуратуры. 

Але неаднаразова прыходзілася папярэджваць пра асноўную небяспеку для гісторыка-культурнай каштоўнасці, а,  менавіта, пра ўсходнюю мяжу ўрочышча, не прыкрытую зацвержанай ва ўстаноўленым парадку зонай аховы, і распрацоўку праектнай дакументацыі на ўзвядзенне выставачнага цэнтра па ініцыятыве Гандлёва-прамысловай паланы на ўсход ад помніка. 

Неаднаразова выказвалася думка, што аб’екты прыдарожнага сэрвіса на  захад ад Курапат, навт тыя чатыры летнія збудаванні будуць з цягам часу ўспрымацца, як меньшае зло ў параўнанні з той навалай, якая насоўваецца на гісторыка-культурную каштоўнасць з усходу. І што нельга замыкацца толькі на рэстаранным комплексе, трэба ацэньваць сітуацыю з усіх бакоў і вызначаць прыярытэты ў працы па абароне помніка. Тым больш, што сам рэстаран, акрамя чатырох павіл’ёнаў заканадаўства і рэгламенты ахоўных зон не парушае. 

І, на жаль, меркаванне, якое неаднойчы агучвалася, зараз пераўтвараецца ў рэальнасць. Ужо з’явіліся  ў сеціве першыя ластаўкі – адзінкавыя рэндэры эскізных прапрацовак выставачнага цэнтру, згодна якім  ахоўнай, буфернай,  зоны з усходу ад Курапат увогуле не будзе, яе паспяхова нашыя праектыроўшчыкі замяняюць на пласкасную насемную аўтастаянку. 

А гэта немагчымасць у перспектыве выявіць і пазначыць на мясцовасці “дарогу смерці” і страта перспектыўнай магчымасці ўзвядзення побач з помнікам гісторыі музейна-даследчага цэнтру, прысвечанага аднаму са змрочных перыядаў нашай гісторыі – рэпрэсіям савецкай дзяржавы супраць уласнага насельніцтва. Гэта гаспадарчая дзейнасць на самой мяжы гісторыка-культурнай каштоўнасці.

І вяртаючыся да права. У чарговы раз заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны ігнаруецца, бо п. 3 арт. 29 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” забараняе  распрацоўку “горадабудаўнічай і землеўпарадкавальнай дакументацыі, а таксама іншай праектнай дакументацыі, рэалізацыя якіх можа аказаць уздзеянне на гісторыка-культурныя каштоўнасці, без нанясення ўстаноўленых зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей або без іх устанаўлення”. 

У чарговы раз ва ўгоду чарговага інвестпраекта прагібаюцца нарматыўна-прававыя акты, тэхнічныя нарматывы, і пачынаецца ўсё на стадыі нават не праектавання, а стадыі прыняцця рашэння. Прымаецца рашэнне, а затым цэлы шэраг ведамстваў  працуе, каб сваімі ўзгадненнямі легітымізаваць гэтае неправавое рашэнне, упакаваць яго ў псеўдазаконную абалонку.  Дзякуй Богу, што ёсць людзі, якія роазумеюць небяспеку склаўшайся сітуацыі. Дзякуй Богу, што працаваць з гэтымі парушэннямі прыходзіцца не ў самоце, а адчуваючы плячо адзінадумцаў. Будзем спадзявацца, што разам удасца адстаяць ад апаганьвання чарговы помнік, і не проста помнік, а месца агульнанацыянальнага болю, месца агульнанацыянальнай жалобы.



   

.
19.03.14 8:44



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч