Пра барацьбу з прававым бязмежжам

У матэрыялы на "Онлайнеры" пра прававое бязмежжа пры ўзвядзенні шматфункцыйнага комплексу ў Гістарычным цэнтры Мінска на пляцоўцы, абмежаванай вуліцамі Інтэрнацыянальнай, Энгельса і Музычным завулкам (Верхні горад, тэрыторыя, якая мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці) http://realt.onliner.by/2014/04/02/bespredel,  занадта аўтар дэманізуе забудоўшчыка, ЗАТ "Мортэкс БЦЗ", а з нашых дзяржорганаў, у прыватнасці з Мінкульта і Генпракуратуры,  лепіць гераічных змагароў з прававым бязмежжам, якія па шэрагу містычных мабыць абставін проста ну аніяк на забудоўшчыка паўплываць не могуць.
 
У мяне на гэтую праблему погляд трошку іншы. Ніякага бязмежжа пры будаўніцтве аб'екта на тэрыторыі базыльянскага кляштарнага саду з боку забудоўшчыкаў няма. Ёсць проста імпатэнтная пазіцыя нашых дзяржорганаў. Замест прадпісанняў, якія проста паперкамі з'яўляюцца, чаму тыя ж Генпракуратура ці Мінкульт не звяртаюцца ў суд са скаргай на невыкананне прадпісанняў, чаму праз суд не аспрэчваюць завышаныя адзнакі будынка і праз суд не патрабуюць змяньшэння яго вышыні?

А ўсё проста. Спачатку навукова-метадычная рада адабрае, а потым Мінкульт узгадняе праект, які парушае рэгламенты дэтальнага плану па павярховасці. Навуковы кіраўнік Гістарычнага цэнтра, Багласаў, таксама не супраць. Рэгламент - 2 паверхі, а праект адразу 4 прадугледжваў. І ні ў рады, ні ў Мінкульта пытанняў чамусці не ўзнікае. Калі распачынаем перапіску па аб'екту, то Мінкульт піша, што ўзгаднілі ўсё законна, Генпракуратура таксама нічога не ўглядзела крамольнага, АБЭП па выніках праверкі таксама ані халеры не ўгледзіў. Усё як заўсёды.

А потым пачынаецца імітацыя бурнай дзейнасці. І тады, калі нават ішаку зразумела, што будынак ніхто перарабляць не будзе, позна, цягнік сышоў. Калі і рабіць дэмантаж паверхаў, то толькі па рашэнню суда, а нашыя дзяржорганы працуюць на ўзроўні прадпісанняў, якія "Мортэкс БЦЗ" выкарыстоўвае мабыць у нейкім месцы зусім па іншаму прызначэнню.

Вельмі паказальным было пасяджэнне навукова-метадычнай рады ўвосень 2011 г. Памятую, адбывалася яно ў зале пасяджэнняў вучонага савета Універсітэта культуры. Разглядалі там у чарговы раз гэты аб'ект. І нягледзячы на тое, што я ўзяў слова, пазначыў праблему з павярховасцю будынка, з ігнараваннем радай і Мінкультам элементарных нормаў і рэгламентаў пры папярэднім разглядзе праекта, ўсе зрабілі выгляд, што мяне не пачулі, і пачалі абмяркоўваць розныя дробненькія гзымсікі на фасадах. А на пасяджэнні прысутнічаў прадстаўнік Генпракуратуры. І яму таксама ўсё было фіялетава.

Вось таму забудоўшчыкі і пляваць хацелі на ўсе прадпісанні ўсіх дзяржорганаў. Яны цудоўна ведаюць, што карт-бланш ім дадзены, а ўсё астатняе - гэта імітацыя, локшына на вушы для мінакоў.


.
02.04.14 21:32



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч