Нясвізскія абноўкі.

У Нясвіжы весела. Два новых помніка пастаўлена па ініцыятыве мясцовых уладаў, а смеху, як у цырку. Узяць хаця б ільва з гарадскім гербам. Нават калі не разглядаць эстэтычныя вартасці гэтай бронзавай жывёлы, анічым іншым, акрамя ражна, якое ўлезла ў ахоўную  зону Нясвіжа, назваць гэтую творчасць архітэктара Сардарава і скульптара Фінскага немагчыма.

Чаму ражно?. За адказам далёка хадзіць не трэба. Не варта пералічаць пункты і артыкулы, якія скульптура і яе аўтары з заказчыкамі (мясцовы выканкам) парушаюць. Хопіць аднаго – праект гэтага твору і месца яго размяшчэння не ўзгаднялася , як прадугледжана, Мінкультам, а мантаж яго таксама выкананы ў адсутнасць мінкультаўскага дазволу.  І гэта пры тым, што Сардараў уваходзіць у склад навукова-метадычнай рады пры Мінкульце.

Не будзем разважаць пра элементарную прафесійную этыку, пра пазіцыю архітэктара помніка, як сябры кансультатыўнага органу, які пакліканы рабіць заключэнні па адпаведнасці праектных прапаноў не толькі навуковым абгрунтаванням, але і дзеючым нормам, як прававым, так і метадычным. Хай гэта застанецца покуль у яго на сумленні.

А ўвогуле, у дадзеным выпадку выяўлена пазіцыя мясцовай выканаўчай улады, якая проста ігнаруе ўсім вядомы факкт, што тэрыторыя цэнтру Нясвіжа, гэта той культурны ланшафт, які “трымае” суквецце архітэктурных помнікаў, у тым ліку тых, што маюць міжнародны юнэскаўскі статус, бо паводзіць гэтая ўлада сябе на гэтай пляцовачцы, як на сваем агародзіку – што хачу, тое і варачу. Хачу парушу рэгламенты ахоўнай зоны, хачу кубаметры культурнага пласта буду экскаватарам распрацоўваць  і  г.д.

Дарэчы, нават самую любімую гістарычную тэму нашых чыноўнікаў сярэдняга звяна, а гэта  Другая сусветная вайна, вызваленне Беларусі, падаць нармальна не могуць. На Стаўбцоўскім уездзе ў гонар подзвігу савецкага супрацьтанкавага разліку ў час вызвалення Нясвіжа ў 1944-м годзе на пастамент усцягнулі гармату, якая праз 11 год пасля гэтых падзей серыйна выпускацца пачала. Тое ж самае, калі б Сымон Будны, а помнік яму ўжо даўна ў Нясвіжы стаіць, быў бы ў красоўках і джынсах ізваяны.

Самае цікавае, што на навуковай канферэнцыі, якая праходзіла на мінулым тыдні ў Нясвіжы, і арганізатарам якой быў нясвізскі гісторыка-культурны запаведнік, прадстаўнік мясцовай вертыкалі і адначасова мясцовых СМІ з імпэтам у кулуарах распавядаў  удзельнікам форума, што менавіта з гэтай гарматы было падбіта аж сем нямецкіх танкаў.

Куды ні кінь,  весела, каб насамарэч не было б так сумна. А самае вясёлае, што нават тэкст на помніку-льву – таксама ражно. Што ў сутнасці фармуліровак пра культурны цэнтр, калыску тэатру, ну і што пра заснаванне Нясвізскай ардынацыі, якая на некалькі дзесяткаў год насамарэч пазней  паўстала. Галоўнае, што аўтары свае імёны ўвекавечыць не забыліся.

Шкада, скончыўся зарад акумулятараў у фотаапараце, калі выязджаў пасля канферэнцыі з Нясвіжа. Гармату нясвізскую сфотаграфаваць не ўдалося. Таму разам з арыгінальнымі здымкамі льва размяшчаю проста фота гарматы Д-48 са свайго архіву, якая ў Нясвіжы і стаіць. Ну,  а на заканчэнне ёсць крэатыўная ідэя. А што калі на гармату начапіць радзівілаўскую манаграму і выдаваць гэтую артылерысцкую сістэму за спадчыну славутага магнацкага роду?








02.05.14 1:07



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч