Развагі аб прафесіяналізме. Адкрыты ліст да рэдакцыі “Народнай волі”

Яшчэ ў канцы красавіка мусіў звярнуцца ў Мінскі аблвыканкам і Міністэрства культуры наконт усталяванай скульптурнай кампазіцыі ў выглядзе льва з геральдычным шчытом, якая была ўсталявана ў Нясвіжы, на сутыку вуліц Слуцкай і Леніна, недалёка ад Слуцкай брамы.

Не буду зараз асабліва аналізаваць вынікі перапіскі, хаця адказ з Мінкульта ўжо атрымаў, і да гэтага адказу ўзнікае проста  вельмі шмат пытанняў, якія палягаюць у прававой плоскасці.

Хацелася б тут паразважаць пра публікацыю Алены Малочка “Час – сястра праўды”  ў “Народнай волі”, якая з’явілася  13 мая 2014 г. Публікацыя па сутнасці, як я зразумеў, з’явілася адказам Чэмберлену, тут можна ўдакладніць – пазіцыі Таварыства аховы помнікаў ў маёй асобе, якая была сфармулявана ў вышэйзгаданых лістах і невялічкім матэрыяле ў маім асабістым блогу на “Партызане” з нагоды з’яўлення бронзавага афрыканскага драпежніка пасярод сціплага беларускага гарадскога ланшафту.

Пазіцыя адназначная. Эстэтычныя якасці твору Аляксандра Фінскага і Армэна Сардарава мною не разглядаліся. А з пункту гледжання права, менавіта дасканалага выканання ўсіх пазіцый заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, моё меркаванне адназначнае – гэта чарговае парушэнне, чарговы прыклад, якім чынам падобныя аб’екты не павінны з’яўляцца ў гістарычных асародках нашых гарадоў, мястэчак і вёсак. Тым больш, калі такія асяродкі маюць статус помніка горадабудаўніцтва, ці, як у Нясвіжы, статус ахоўных зонаў гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Не хачу паўтараць увесь той пафас, з якім пані Малочка падавала з’яўленне скульптурнай кампазіцыі ў Нясвіжы. Проста нагадаю, што журналістка  маю пазіцыю, якая грунтуецца на прынцыпах дасканалага выканання ўсіх прававых працэдур пры працах з помнікамі, ці на іх тэрыторыі,  паставіла на адну планку змагання, тут ужо працытую, “супраць вялікага спорту, “Еўоабачання”, георгіеўскіх стужак, рэферэндуму, патэрналізму, постмадэрнізму, постпостмадэрнізму”. Аждным словам для аўтаркі  публікацыі ў “Народнай волі”  няма розніцы паміж прававой сістэмай і сугуба асабістымі рэфлексіямі.

Даруем гэты дробны хіб. На жаль, падаўляючая большасць нашых сацыяльна актыўных грамадзян жыве ўласнымі рэфлексіямі, не зважаючы на той падмурак, на якім грунтуецца любая дзяржава, на той падмурак, на якім грунтуецца дэмакратычная сістэма – гэта права і дасканалае выкананне ўсіх працэдур, якія прадугледжаны заканадаўствам. Так ужо павялося, што нават дэмакратычны лад шэраг грамадска актыўных асобаў разглядае не як панаванне Закону, а як падпарадкаванне навакольнага свету ўласным жаданням і меркаванням.

Да права і прававых працэдур мы яшчэ вернемся. Хачу зноўку зараз пра рэфлексіі. Аўтарка артыкулу прызналася, што чакае “бомбу”, маецца на ўвазе, культурную бомбу у выглядзе нечага скульптурнага ці архітэктурнага, якая ўзарве і нашую сталіцу. Тут я хачу трошку адкрыць журналістцы вочы. Такіх “бомбаў” ужо дастаткова, асабліва ў нашым сталічным гістарычным цэнтры, якія ўзарвалі практычна ўсе крытэрыі, па якім зусім маленькі лапік сталічнай зямлм, дзе цудам захавалася калева гістарычнай забудовы, траціць усе якасныя характарыстыкі помніка горадабудаўніцтва. Няўжо мала бомбаў?

Хопіць лірыкі. Вяртаемся да нашых баранаў, прабачце, льва. Зноў такі,  не хачу займацца  аналізам яго эстэтычных вартасцяў. Права перадусім. У гэтай іпастасі пагаворым і далей. Аўтарка артыкула ў “Народнай волі” сцвярджае, што ўсе дазволы ад Акадэміі  навук і Мінкульта на ўсталяванне скульптурнай кампазіцыі атрыманы. Каб такое сцвярджаць, трэба быць упэўненым у сваіх словах, гэта раз. А два –  трэба валодаць тым прадметам, пра які ідзе гаворка.

Тут хачу растлумачыць, што ніякіх дазволаў ад Акадэміі навук на правядзенне прац у зонах аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў не патрабуецца, калі гаворка толькі не ідзе пра археалогію. А дазвол на правядзенне прац Міністэрства культуры павінен выдавацца па ўсталяванай нарматыўна-прававымі дакументамі форме, дазволу павінна папярэднічаць працэдура ўзгаднення праектнай дакументацыі, якая таксама жорстка рэгламентавана. Нічога падобнага, аніводнага дакумента, аніводнай працэдуры, зроблена не было.

І гэта дакументальна падцверджана лістом Мінкульта, які я атрымаў літаральна ўчора. Так, ёсць ліст міністэрства Нясвіжскаму райвыканкаму датаваны яшчэ 2012-м годам і падпісаны тагачасным яшчэ намеснікам міністра В.Курашам, у якім міністэрства не супраць усталявання льва і ўладкавання фантану. Але гэта проста ліст, а не дазвол, прадугледжаны дзеючым заканадаўствам, і, адпаведна, гэты ліст не мае аніякай юрыдычнай сілы, як дазваляльны дакумент. Тым больш праект скульптурнай кампазіцыі не разглядаўся на навукова-метадычнай радзе, на яго не выдавалася заключэнне па праектнай дакументацыя, як прадкгледжана заканадаўствам.

У адказе Мінкульта на мой зварот  ідзе апеляцыя і да праекта дэтальнай планіроўкі (ПДП) гістарычнага цэнтру Нясвіжа. Але гэтая апеляцыя выглядае па меньшай меры смешнай, а калі сур’ёзна, то гэтая апеляцыя чарговае падцвярджэнне шэрагу неправавых крокаў міністэрства. Тлумачу. На момант з’яўлення быццам праекта помніка і неправавога яго ўзгаднення, маю на ўвазе ліст двухгадовай даўніны,  ПДП гістарычнага цэнтру горада быў яшчэ ў стадыі распрацоўкі, зараз ПДП у стадыі ўзгаднення і зацвярджэння.  Адпаведна, гэты дакумент не мае юрыдычнай сілы, і апеляваць да яго, як мінімум, некарэктна.

Пра што я гэта. А пра тое, што журналістыка павінна быць прафесійнай, а не на ўзроўні – адна баба сказала. Калі ўжо і падымаць тэму, то яе трэба вывучыць з усіх бакоў, а калі лянота вывучаць, то адлюстраваць хаця б розныя пункты гледжання на праблему. Любы недакладны журналісцкі матэрыял, на маю думку, знаходзіцца далёка па-за межамі прафесійнай этыка, ды і ўвогуле, нават без этыкі, на па-за межамі прафесіяналізму.

Давайце далей наконт Акадэміі навук. У адказе Мінкульта на мой зварот ёсць звесткі, што тэкст, які нанесены на картуш скульптурнай кампазіцыі ўзгоднены акадэміей. Тут вось і сабака парыўся. Узгадаем, што на картушы аўтары помніка напісалі пра Нясвіж, як пра цэнтр Нясвіжскай ардынацыі з пач. 16 ст.  Ні для каго не сакрэт, што Нясвіжская ардынацыя заснавана Мікалаем Радзівілам-Сіроткам у 1586 годзе. Добры такі пачатак стагоддзя. А сапраўды, інфармацыя па заснаванні ардынацыі не сакрэтная. Яна ў дакументальных крыніцах, у навуковых публікацыях,  нават у інтэрнэце!

Вось, Вам, пані Алена,  тэма. Пра непрафесіяналізм нашай Акадэміі навук. Непрафесіяналізм, які пісьмова засведчаны  Мінкультам. Пішыце, гэта і цікава будзе, і актуальна. Навошта нам такія спецыялісты, ды яшчэ якія пад эгідай бессмяротных  працуюць, калі яны не ўстане адрозніць пачатак ад апошняй чвэрці стагоддзя, ці проста ані халеры не валодаюць інфармацыяй, ці гультаі да такой ступені, што лянота ім кнопкай мышы кампутарнай клікнуць, каб спраўдзіць інфармацыю.

Шмат можна разважаць над артыкулам, але тут пра тэндэнцыю, і пасыл мой менавіта рэдакцыі. Нешта “Народная воля” за вясну ўжо другі матэрыял публікуе, дзе закранаецца праблема гісторыка-культурнай спадчыны, і матэрыялы гэтыя, мякка кажучы, некарэктныя. А я б сказаў, што тэндэнцыйныя, непрафесійныя, практычна  на ўзроўне жоўтай прэсы, хаця не пазбаўленыя пафасу. Узгадваю артыкул нейкага Вячаслава Дашкевіча “Што ёсць здрада?”, які быў апублікаваны 28 сакавіка.

Не буду раскладаць па пліцах кожны раздзел, кожны абзац артыкула. Ды і небяспечна гэта рабіць, бо там акрамя пафасу нічога няма. У мяне асабіста ад пафасу нават глузды сарвала з насіжанага месца. А вось раздзел  у артыкуле пра Брэсцкую крэпасць, пра праект “Брэст-2019”, у межах якога пад кіраўніцтвам Дзітэра Богнэра распрацавана была канцэпцыя захавання і развіцця крэпасці – гэта ўжо і знявага асабіста аднаму з найбольш прафесійных у Еўропе метадолагаў па ахове спадчыны і музеяфікацыі, гэта абраза ўсіх спецыялістаў, якія прымалі ўдзел у распрацоўкцы канцэпцыі, гэта маніпуляцыя фактамі, проста непрыкрыты падман у дачыненні да самой канцэпцыі і механізму яе распрацоўкі.

“Народная воля” газета  паважаная. Сам назіраю, што актыўна яе купляюць у шапіках “Белсаюздруку” розныя сацыяльныя і ўзроставыя катэгорыі насельніцтва. Таму, паважаная рэдакцыя, не хацелася б каб газета, якая яшчэ да ўсяго лічыцца рупарам дэмакратычнай супольнасці, пераўтваралася ў звычайны таблоід. А публікацыя падобных артыкулаў штурхае выданне да той мяжы, за якой акрамя жоўтай іншыя каляровыя гамы адсутнічаюць.



http://pomniki.budzma.org/news/razvahi-ab-prafyesiyanalizmye-adkryty-list-da-redakcyi-narodnay-voli


30.05.14 14:13



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч