Антон Астаповіч: На жаль, мала спадзеву, што рэгенерацыя Асмалоўкі будзе праведзена так, каб захаваць яе адметнасці




Больш за тысячу жыхароў Мінска падпісалі інтэрнэт-петыцыю ў абарону Асмалоўкі. Гэты раён гістарычнага цэнтра горада ўяўляе сабой два невялікія кварталы, абмежаваныя вуліцамі Камуністычная, Куйбышава, Кісялёва і Максіма Багдановіча і разрэзаныя вуліцай Чычэрына. Спраектаваў раён, які будаваўся з канца 1940-х па пачатак 1950-х гадоў, мінскі архітэктар Асмалоўскі для высокапастаўленых чыноўнікаў, супрацоўнікаў тагачаснага штаба Беларускай ваеннай акругі.

"Раён унікальны тым, — тлумачыць старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, — што тут, у асноўным, узведзены дамы па тыпавых праектах — гэта першыя тыпавыя дамы ў Мінску, якія з`явіліся разам з жылой забудовай раёнаў трактарнага і аўтамабільнага заводаў. Але ж у параўнанні з гэтымі раёнамі Асмалоўка кампактна забудаваная, і яе можна назваць першым спальным раёнам Мінска".

На думку эксперта, забудова тут хоць і тыпавая, але мае выразныя мастацкія рысы і, згодна са сваёй планіровачнай структурай, архітэктурнай марфалогіяй, гэты раён з`яўляецца вельмі каштоўным у горадабудаўнічым плане. Некалькі разоў таварыства аховы помнікаў звярталася ў Мінкульт з прапановамі аб наданні статусу гэтаму раёну, але па розных фармальных прычынах міністэрства адмаўляла ў гэтым.

"Зараз актыўна мусіруецца інфармацыя аб тым, што гэты раён будзе рэканструявацца, — працягвае Астаповіч, — але дакладных планаў не ведае ніхто, у электронных СМІ з`яўляліся толькі пэўныя рэндары эскізных праектаў. Дакладна вядома толькі, што адным з інвестараў гэтай пляцоўкі будзе выступаць Аляксандр Шакуцін (старшыня савета дырэктараў холдынга "Амкадор", член Савета Рэспублікі. — БелаПАН.), які збіраецца ўкласці сродкі ва ўзвядзенне ці рэканструкцыю старога будынка пад студыю гуказапісу сваёй пратэжэ Алены Ланской".

Паводле слоў старшыні таварыства аховы помнікаў, рэканструкцыя раёна, калі яна будзе праведзена з архітэктурнага пункту гледжання з выкананнем усіх методык, калі будуць працаваць кваліфікаваныя архітэктары, ніякіх вялікіх страт раёну не нанясе. "Але ж, улічваючы архітэктурны вопыт Мінска апошніх гадоў, які, за рэдкім выключэннем, негатыўны, застаецца мала спадзеву, што рэгенерацыя гэтага раёна будзе праведзена так, каб захаваць яго адметнасці, — робіць ён агаворку. — Ёсць верагоднасць, што мы страцім яшчэ адзін унікальны архітэктурны і горадабудаўнічы куток нашай сталіцы".


Відэа Васіля Сямашкі, БелаПАН.

19.08.14 0:24



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч