Сціплая чароўнасць беларускай бюракратыі.

Даўно, у канцы мінулага году, накіраваў ліст Шорацу, начальніку г. Мінска, з прапановамі для абмеркавання паміж кіраўніцтвам выканкама і кіраўніцтвам Таварыства аховы помнікаў. Не проста так, а таму што Шорац пасля прызначэння вельмі красамоўна заклікаў грамадзян высоўваць прапановы па паляпшэнню ўсіх сфер сталічнага жыцця.

На ліст адказу не атрымаў. Дарэчы, гэта быў чаканы вынік, а ліст быў проста мячом, які мы закінулі на іх поле, каб у чарговы раз упэніцца, што ўсё распілена і ані пра якія прапановы размовы быць не можа. Ну а заявы? Папера і тое не такое вытрымлівае, а тут слова, якое да справы не прышпіліш. Дзеля краснага слаўца, як гаворыцца.

Прыйшлося пісаць "цялегу" у Генпракуратуру. Закон жа аб чалабітных быў парушаны. З пракуратуры нічога покуль няма. Ранавата па тэрмінах, але калі і прыдзе, то не будзе знойдзена падставаў для мераў пракурорскага рэагавання. Ілюзій няма. Некалькі дзён таму па іншай тэматыцы стандартны адказ атрымаў. Але ёсць ад зварота ў пракуратуру хоць дробны, але вынік.

Мабыць, каб не дакучалі халопы, прабачце, грамадзяне, памахалі палчыкам з пракуратуры і адказ гарвыканкамаўскі прыйшоў. І, шчыра кажучы, мне сорамна стала за наш выканаўчы орган. Наколькі мяняецца ўзровень і не ў лепшы бок.

Раней на падобныя нашыя звароты адказы рыхтавалі ў Камітэце архітэктуры, падпісваліся яны намеснікам гарадскога начальніка і абавязкова намеснікам па капітальнаму будаўніцтву і рамонту. Адзін раз нават з ім сустрэча адбывалася. А з кабінету Нікіціна, быў такі ў нас галоўны сталічны архітэктар, не вылазілі, гаворачы ні пра што. Пра справу з ім гаварыць не атрымлівалася.

Па профілю адказвалі, не гаворачы пра вялікія падзякі ў адказах за нашую няспыную дзейнасць "на карысць роднай Беларусі і роднага гораду", А ўжо ў канцы ліста са спасылкамі на аб'ектыўныя цяжкасці планетарнага характару і г.д. прыгожа адмаўлялі і ў сустрэчах, і ў сур'ёзным разглядзе нашых прапаноў. Прафесійна пісалі, нічога не скажаш.

А зараз што? Упраўленне "тры ў адным" адказ рыхтавала - гэта па ідэалогіі, культуры і справах моладзі, такая неабходная нашым людзям кіраўнічая структура, а галоўны мінскі ідэолаг, вельмі папулярны сярод выбранага кола менчукоў, намеснік начальніка сталіцы Карпенка, падпісаў. Так хоць бы толькі гэта. Справа яшчэ і ў змесце адказу.

А змест, шчыра кажучы, непрыкрытае - і пайшлі вы на.... са сваімі прапановамі. Толькі жыць спакойна перашкаджаеце, ды і ўвогуле лезеце, дурненькія, туды, дзе за Вас усё рашылі, узгаднілі, зрабілі. А вы, пацахі, апраніце наморднікі і радуйцеся.

Так што хацелася б даведацца, а можа яшчэ нехта "павёўся" на граданачальственыя абяцанкі? Хацелася б вынік ведаць, цікава ўсё ж такі.


18.02.15 10:07



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч