Ці адродзіцца традыцыя магілёўскага барока?


У Магілёве праводзяць грамадскае абмеркаванне аб'екта: "Будаўніцтва комплексу будынкаў з аднаўленнем Свята-Пакроўскай царквы з рэстаўрацыяй і музеефікацыяй падмуркаў званіцы з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі па вуліцы Вялікая Грамадзянская». Заказчыкам выступае Свята-Мікольскі жаночы манастыр.Эскізная  праектная  прапанова была распрацавана спецыялістамі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Менавіта гэтыая праца становіцца лаўрэатам ХІ рэспубліканскага конкурса на лепшы архітэктурны праект ў намінацыі “рэстаўрацыя”. Прапанова была распрацавана на падставе комплексных навуковых вышуканняў і прадугледжвала аднаўленне царквы ў традыцыях магілёўскай архітэктурнай школы 17 – пач. 18 стст.

Па матэрыялах эскізнай прапановы,  архітэктурны праект, стадыя “АР”,  распрацаваны  ААТ “Магілёўграмадзянпраект”. Дадзеная распрацоўка прадугледжвае аднаўленне царквы ў выглядзе пасля перабудовы 1863 – 66 гг., калі ў выніку праведзеных прац былі знішчаны арыгінальныя рысы мясцовага магілёўскага барока, рэгіянальнага архітэктурнага стылю, які ў Магілёўскім Падняпроўі выкрышталізаваўся ў 17-м ст., а ў 18-м. з земляў Магілёўшчыны мясцовымі майстрамі быў прынесены на землі Кіеўшчыны і левабярэжнай Украіны, дзе стаў асновай для фарміравання так званага мазепінскага барока. Нават Барталамэа Растрэлі  выкарыстаў  матывы магілёўскага дэкору пры ўзвядзенні Успенскага сабору ў Смаленску.

Магілёўскі адметны архітэктурны стыль характэрызуецца крыжова-купальнай планіроўкай цэркваў, яруснымі франтонамі, якія былі дэкараваны нішамі.  Такія франтоны выконвалі функцыю сімвалічных вынасных вулічных іканастасаў, традыцыя гэта ў Беларусі практычна страчана, але гэтая ўнікльная з’ява да нашага часу бытуе на тэрыторыі Украіны, захаваліся роспісы нішаў і ў Смаленску, на франтоне галоўнага фасаду Успенскага сабора. Калісці цэрквы арыгінальнай маглёўскай школы былі распаўсюджаны ад Оршы і практычна да Быхава. У дадзены момант захавана толькі Свята-Мікольская царква ў Магілёве.

Аднаўленне Свята-Пакроўскай царквы ў стылістыцы магілёўскай рэгіянальнай школы барока – гэта не толькі адраджэнне страчанага архітэктурнага аб’екта, гэта адраджэнне культурнай з’явы, гэта адраджэнне традыцыі архітэктуры, генэзіс якой можна прасачыць яшчэ з часоў  рэнесансу, з пач. 16 стагоддзя.  Гэта праява еўрапейскага дойлідства, якое прыйшло да нас з Любліншчыны, а далей праз Вільню, Мінск  на падняпроўскія землі, дзе  ў Магілёве, трансфармавалася пад уплывам мясцовых культурных традыцый і нарадзіла ўнікальны стыль, які пазней распаўсюдзіўся далёка за межы Беларусі.

Грамадскае абмеркаванне праектнай прапановы ААТ “Магілёўграмадзянпраект” па аднаўленню царквы з завяршэннем франтонаў і даху ў класічным стылі  будзе праведзена Магілёўскім гарвыканкамам у перыяд з 23 студзеня па 16 лютага 2016 года. Экспазіцыя праекта будзе размешчана з 1 лютага 2016 у холе Магілёўскага гарвыканкама па адрасе: вул.Першамайская, 28а. Заўвагі і прапановы па рэалізацыі праекта накіроўваюцца ва ўпраўленне архітэктуры горадабудаўніцтва гарвыканкама. З умовамі грамадскага абмеркавання і графічнымі матэрыяламі праекта можна пазнаёміцца на сайце Магілёўскага гарвыканкама па наступнай спасылцы

21.01.2016 г. у Магілёўскі гарвыканкам будзе перададзена для разгляду і ўдзелу ў грамадскім абмеркаванні і праектная прапанова Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, якая прадугледжае аднаўленне не толькі аб’ёму царквы, але і аднаўленне ўнікальнай культурнай з’явы – дэкору франтонаў і форм завяршэння даху царквы ў магілёўскім стылі, менавіта тых яскравых рысаў, якія і стварылі адметнасць магілёўскай праваслаўнай культавай архітэктуры ў 17 – пач. 18-га ст. Ад вынікаў абмеркавання залежыць адраджэнне практычна знішчанай традыцыі, адраджэнне страчанага культурнага ланшафту Магілёва, стварэнне пазітыўнага турыстычнага іміджу горада над Дняпром.

Не заставайцеся ўбаку, прымайце ўдзел у грамадскім абмеркаванні. Рабіце выбар, карыстаючыся не лакальнымі імгненнымі інтарэсамі, а дбаючы пра будучыню, якая можа быць збудавана пры ўмове захавання і адраджэння нашай спадчыны. Магілёў мае станоўчы вопыт адраджэння архітэктурных помнікаў. Амаль дзесяць год таму была адноўлена ратуша. І горад адразу змяніў свой твар, стаў іншым, стаў лепшым, больш прывабным. Давайце супольна зробім так, каб аднаўленне Свята-Пакроўскай царквы стала чарговым крокам па аднаўленні страчанага гістарычнага аблічча Магілёва, калісці аднаго з самых значных і прыгожых беларускіх гарадоў. Свята-Пакроўская царква – гэта агульны скарб, і нам рабіць выбар, ці стане адроджаны помнік сапраўдным нацыянальным скарбам.



Праектная прапанова Таварыства

Праектная прапанова “Магілёўграмадзянпраекта”

.
20.01.16 2:53



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч