Ідэялагічны фільтр


У пятніцу, 23-га верасня, павінна адбыцца ганаровае адкрыццё мемарыяльнага знака на месцы былой сядзібы Жорнаўка ў в. Дубрава Асіповіцкага р-на. Праца пачыналася добра, з энтузіязмам, сумеснымі намаганнямі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Асіповіцкага райвыканкама ды мясцовых краязнаўцаў.

Праведзены былі талокі па добраўпарадкаванню тэрыторыі, завезены і ўсталяваны валун, выраблена мемарыяльная шыльда, якую планавалася прымацавць да валуна напярэдадні святочнага дня. Поўным ходам ідзе падрыхтоўка мерапрыемства, якое планавалася, як сумеснае, з удзелам, як мясцовых калектываў, так і гасцей з Мінску.

У якасці сталічных гасцей разам з прадстаўнікамі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры павінны былі прыняць удзел у мерапрыемстве нашыя навукоўцы і літаратары. Але... Сёння было тэлефанаванне з райвыканкама ад начальніка аддзела ідэялагічнай працы, культуры і па справах моладзі. І не проста тэлефанаванне, было сказана нашае цвёрдае: "Не!"

Не ўсім "не" было сказана, а нашым літаратарам - Леаніду Дранько-Майсюку, Эдуарду Акуліну, Змітру Бартосіку... Пытаюся: "У чым прычына? Мы ж, паслухаўшы радыё ды паглядзеўшы ТБ, жывем у свабоднай і дэмакратычнай краіне, гэтыя літаратары рэгулярна выступаюць у Беларусі на афіцыйных пляцоўках. Растлумачце, чаму іх не жадаеце бачыць?".

У адказ: "Ведаем мы тут на якіх пляцоўках яны выступаюць!". Далей дыскусія была ўжо бескарыснай. Прыйшлося афіцыйна заявіць, што Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ў такім выпадку не ўдзельнічае ў мерапрыемстве. А так як мы не ўдзельнічаем, то і навукоўцы не прыедуць. А як мы можам удзельнічаць, калі на яго не дапускаюць сяброў Саюза беларускіх пісменнікаў, прадстаўнікоў нашай партнёрскай арганізацыі.

Не ведаю, якое будзе там мерапрыемства, бо днямі буду на радзіме і проста забяру мемарыяльную шыльду, якая зроблена (дзякуй Богу яшчэ не змантавана) збольшага за мае грошы. Адкрываць у такіх умовах мемарыяльны знак не лічым магчымым. Толькі на парытэтных пачатках, толькі з удзелам нашых прадстаўнікоў і прадстаўнікоў партнёрскіх арганізацый мы бачым магчымасць давесці справу да лагічнага фіналу.

Ну а на развітанне хачу канстатаваць. Ідэялагічная служба пастаўлена ў Беларусі на вышэйшым узроўні. Дзякуючы ёй мы застрахаваны ад усіх варожых вылазак, і ад шмат чаго яшчэ. У тым ліку і ад якаснай літаратуры.


.
19.09.16 15:39



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч