Верхавенства права па-нашаму

Будынак былой сінагогі па вул. Вялікай Грамадзянскай, 13 у Магілёве. Нягледзячы на прадпісанне Мінкультуры пра спыненне прац, будаўнічыя працы пры падтрымцы гарвыканкама працягваюцца. Ужо два тыдні, як інфармацыя пра парушэнні заканадаўства Генпракуратурай і Пракуратурай Магілёўскай вобласці перадалі матэрыял для рэагавання ў Пракуратуру Магілёва, але гэты наглядны орган аніякіх крокаў па нармалізацыі сітуацыі не прадпрымае.

І вось чарговы неадэкват. Усходні фасад будынка, фасад, які ўмоўна можна назваць алтарным, бо ў малельнай зале да ўсходняй сцяны мацаваўся Арон-кодэш - каўчэг, дзе захоўваліся скруткі Торы, які фактычна выконваў функцыю алтара ў сінагозе. Над Арон-кодэшам была люкарна (круглае вакно), якая была выяўлены пры правядзенні комплексных навуковых вышуканняў і пазначана ў эскізнай праектнай прапанове.

Вось на фотаздымках адзін з вынікаў прац без узгодненага архітэктурна-будаўнічага праекта, без экспертызы, без дазволу інспекцыі дзяржбуднагляду, без аўтарскага нагляду і пры поўным ігнараванні рэкамендацый навуковага кіраўніка з боку заказчыка і генпраектыроўшчыка. На ўсходняй сцяне рэстаўруемага аб'ёма малельнай залы люкарна адсутнічае. Праігнараваны вельмі істотны архітэктурна-канструктыўны элемент гістарычнага будынка.

Пры падтрымцы Магілёўскага гарвыканкама, пры папушчальніцтве пракуратуры ігнарюцца дзеючае заканадаўства, законыя патрабаванні ўпаўнаважанага органа дзяржкіравання, што прыводзіць да істотных зменаў ў аўтэнтычным выглядзе аб'екта. Вось Вам лакальны прыклад выканання заканадаўства, дакладней яго ігнаравання, і "высокай" прававой культуры беларускіх чыноўнікаў.

Звярнуўся ў Генпракуратуру паўторна. Але без спадзеву на станоўчы вынік.



10.10.16 20:27

Антон Астаповіч