Курапаты варта бараніць чыстымі рукамі

А думаю зараз зноўку пра Курапаты. Па вялікаму рахунку, для мяне гэта такі ж аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны, як і астатнія. Ніколі не раблю паміж імі розніцы, калі заўважаю прыкметы парушэнняў заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Розніца толькі ў тым, што ні прэса, ні грамадства не рэагуе актыўна на падобныя парушэнні на іншых помніках, хаця не толькі ў зонах аховы, а непасрэдна на тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцяў фіксуюцца парушэнні самых розных планаў. У сувязі з гэтым ніхто не выстаўляе намётавых гарадкоў, не праводзіць масавых акцый, журналісты проста праблему ігнаруюць..

І вось я думаю, а чаму гэта так? Чаму людзям, якія зараз шчыльнымі радамі запісваюцца ў абаронцы Курапатаў, пляваць на іншыя гісторыка-культурныя аб'екты, чаму ў імя абароны Курапатаў у прастору выпускаюцца нават заведама ілжывыя звесткі пра будаўніцтва на касцях, хаця справа толькі ў працэдурных прававых парушэннях, калі апрыёры на гэтай пляцоўцы не можа быць пахаванняў, таму што гэта агароды ўскраінных сядзіб былой вёскі Зялны Луг.

Уяўляю сітуацыю - растрэлы, якія праводзіць НКУС на агародах, і не мог нават у страшным сне ўявіць. Але нічога дзіўнага, калі такое ўздзейнічае на масавую свядомасць. Вось ужо сёння пабачыў пад адным пастом каментар - гэтай будоўляй Лукашэнка хавае сляды сваіх злачынстваў, менавіта на гэтым месцы былі схаваны целы Ганчара, Захаранкі і Завадскага, і іх парэшткі хочуць назаўжды схаваць пад офіс-цэнтрам.

Можна было б і не заўважаць гэтай ахінеі, але яе лайкаюць, а адзін досыць вядомы ў апазіцыйных колах чалавек, які выступае, як праваабаронца, у сваім каментары гэтае трызненне падтрымлівае.

Нешта непамысна пасля гэтага становіцца. Неяк яшчэ можна растлумачыць падвышаны грамадскі інтарэс да Курапат, які грунтуецца на гісторыі гэтага аб'екта, а ў сувязі з гэтым любое дзеянне, звязанае з ім - грамадска-значнае дзеянне, якое адразу атрымлівае шырокае інфармацыйнае гучанне. А вось ужыванне інфармацыйных маніпуляцый ды непрыкрытага падману - гэта ўжо тлумачэнню не паддаецца.

Абарона Курапат, якая падаецца, як высокамаральная справа, павінна маральным шляхам і адбывацца.

27.02.17 18:40



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Антон Астаповіч