Помнікі, беззаконне і халатнасць



Вельмі няпростая сітуацыя склалася вакол гісторыка-культурнай каштоўнасці, дома 80-х гг. 19 ст па Каміссарыяцкаму завулку ў г. Магілёве. Згодна даручэння старшыні аблвыканкама гарвыканкам павінен перадаць будынак нашаму грамадскаму аб'яднанню. Магілёўскі гарвыканкам да гэтага часу, ужо больш чым год пасля выканання ўсіх неабходных працэдур сабатуе даручэнне аб перадачы будынка. Апошнім часам Магілёўскі гарвыканкам, у прыватнасці яго старшыня У.М.Цумараў, нават перастаў адказваць на нашыя запыты, што прымусіла наз звярнуцца ў органы пракуратуры.

Але нашыя пракурорскія работнікі мабыць самі, замест таго, каб наглядаць за выкананнем прававых нормаў, з'яўляюцца ідэолагамі і натхняльнікамі правапарушэнняў. Прайшлі ўсе нарматыўныя тэрміны, але Пракуратура Магілёва так і не адказала аб мерах, прынятых у дачыненні да вінаватых у ігнараванні заканадаўства аб зваротах грамадзян, чым сама парушыла гэтае ж заканадаўства, пра што прыйшлося зноўку пісаць у абласную пракуратуру.

А покуль горад Магілёў са сваім кіраўніцтвам сабатуе даручэнне старшыні аблвыканкама помніку пагражае знішчэнне. Днямі былі зрэзаны і скрадзены металічныя ўваходныя дзверы, выбіты вокны. Такое ўражанне, што ЖРЭА, балансаўтрымальнік аб'екта, пры маўклівай згодзе выканаўчай улады і наглядных і кантрольных органаў рыхтуецца да знішчэння помніка. Ні вакон, ні дзвярэй, а ў выніку - адзін недапалак, і ўсё, няма помніка, няма і праблемаў.

Сітуацыя сапраўды на ўзроўні катастрофы. Перадача практычна ўсіх паўнамоцтваў у сферы аховы спадчыны мясцовым органам улады прывядзе да амаль поўнага заняпаду і паступовага знішчэння нашых помнікаў, бо па вопыту працы магу з поўнай адказнасцю сказаць, што першыя парушальнікі заканадаўства ў сферы аховы спадчыны менавіта мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.



28.12.17 21:44

Антон Астаповіч