Што святкуем?


Заўтра 23 лютага, які с прадонняў савецкай гісторыі лічыцца днём стварэння Рабоча-сялянскай чырвонай арміі. Нам з дзяцінства закладалі ў глузды, што ў гэты дзень першыя чырвонаармейскія аддзелы гераічна спынілі пад Псковам і Нарвай наступ кайзераўскіх полчышч, якія ішлі на Петраград, каб задушыць вялікі кастрычнік у яго ж калыбелі.

Зараз толькі лянівы, ці проста ідыёт не ведае, што 23 лютага 1918 г. - гэта ганьба для савецкай дзяржавы, бо пад Нарвай бравы Дыбенка, які смелы быў, каб кувалдай трушчыць галовы марскіх афіцэраў у Кранштаце, наклаў поўныя штаны са сваімі матросікамі, і нават не ўступіўшы ў баявое сутыкненне з перадавымі дазорамі Рэйхсвера, захапілі чыгуначны эшалон і драпанулі так, што вылавілі іх толькі праз месяц у Самары. Пад Псковам першыя аддзелы Чырвонай арміі не выйшлі нават на пазіцыі.

Нямецкі наступ, дарэчы, не ставіў за мэту ліквідацыю бальшавіцкага ўраду. Навошта ліквідоўваць тых, хто прыклаў усе намаганні па развалу арміі, фронта, навошта ліквідоўваць тых, хто дэклараваў выхад Расіі з сусветнай вайны і перавод імперыялістычнай вайны ў грамадзянскую. Проста трэба было падхляснуць саўнаркам па-хутчэй выканаць абавязкі перад Германіяй за фінансавую падтрымку перавароту, падпісаць мірную дамову, закрыць для Германіі пытанне на ўсходзе, тым больш Троцкі адмаўляўся юрыдычны гэты крок рабіць.

Мэта была дасягнута. З 23-га на 24-га лютага паляцела ў Берлін з Піцера тэлеграма пра гатоўнасць бальшавіцкага ўраду падпісаць мір з Германіяй на германскіх умовах, расплаціцца па-поўнай і за фінансы, і за пламбіраваны вагон, і шмат яшчэ за што. А 25 лютага ў "Праўдзе" выйшла перадавіца "Цяжкі, але неабходны ўрок" аўтарства Ульянава-Леніна, дзе ён, не хаваючыся, пісаў аб ганебных паводзінах чырвонаармейцаў пад Псковам і Нарвай.

Хопіць гісторыі. Гэта доўгая прэамбула. Проста хачу разабрацца. Я канешне ведаю пра невыкараняльную любоў нашага галоўнакамандуючага і яго паплечнікаў, і прыхільнікаў да камуна-савецкай і плюс яшчэ менавіта да рускай ідэялогіі і гістарычнай традыцыі. Я разумею, што заклікаць гэтую публіку не тое, што канчаткова адмовіцца ад тых прыярытэтаў, а проста зазірнуць троху глыбей у гісторыю, дакрануцца да больш глыбокіх каранёў - гэта проста бескарысна. Паталогія занадта глыбокая і лячэнню не падлягае.

Але нават з камуна-савецкіміі прыярытэтамі хіба нельга было для свята выбраць дату, якую можна сапраўды залатымі літарамі ўпісаць у гісторыю РСЧА на першых этапах яе станаўлення? Каб людзі не смяяліся над датай, над 100-гадовым юбілеем ганьбы, якая выведзена на дзяржаўны ўзровень. Дарэчы, апошнія месяцы шмат інфармацыі вакол нашага войска ганебнага зместу. Мабыць нездарма, бо як параход назвалі, так ён і плыве.

Ну а для мяне, як для рэканструктара, і не проста рэканструктара, а для шэраговага 19-га ландсвернага сілезскага палка, заўтрашні дзень - гэта дзень перамогі вялікай кайзераўскай зброі пад Псковам і Нарвай. І абавязкова вечарам вазьму куфаль піва падыму, і перад тым, як сербануць, крыкну - Ehre sei Kaiser, Ruhm dem großen Deutschland!!!

22.02.18 19:47

Антон Астаповіч