Разам для Беларусi?

З прыкрасцю даведаўся сёння аб заяве лідара кампаніі "Еўрапейскай Беларусі" аб маім выключэнні з гэтай арганізацыі.

Мне шкада, што нам, беларусам, зноў не ўдалося дамовіцца паміж сабой і я вымушаны сёння даваць тлумачэнні па гэтай сітуацыі.

Змушаны з’ехаць адразу пасля выбараў 2010, я пачаў   рабіць у Варшаве тое, што можна было рабіць для Беларусі, для палітвязняў, для іх сем’яў, - звонку краіны. Менавіта дзеля гэтага я намагаўся зарэгістраваць  у Варшаве, фундацыю «Еўрапейская Беларусь». У яе Радзе такія знаныя асобы, як Станіслаў Шушкевіч, пакойны Віктар Івашкевіч і дэпутат Сэйму Адам Ліпіньскі.

Таксама сумесна з "Рухам за Свабоду" нам удалося арганізаваць Беларускі дом у Варшаве.

Цягам 2 гадоў ён стаў вядомай пляцоўкай, якая яднае беларусаў Польшчы і тых, каму цікавая Беларусь і беларусы.  

Ідэя зарганізаваць у Варшаве нядзельную беларускую школку вырасла ў Клуб беларуска-польскіх сямей Rodzinka. Мы правялі дзесяткі розных, - культурных, літаратурных, навуковых, дыскусійных, - імпрэз. Мы ладзілі нядзельную школку для маленькіх беларусаў і Дні беларускай кухні для дарослых, святкавалі Дзень Волі і збіралі сем’і на Ялінку, вучыліся аутэнтычным традыцыям Калядаў ды Купалля і нават разам выяжджалі на турзлёты.

Збіраючыся разам, абмяркоўваючы новыя ідэі, агульныя мэты і шляхі да іх, мы выходзім на новыя аудыторыі, новыя суполкі беларусаў у замежжы, мы бачым новыя далягляды.

Такім чынам паўстала кампанія "Разам для Беларусі», мэтай і задачамі якой з’яўляецца праца па аб’яднанні беларускіх дыяспар па ўсёй Еўропе.Я думаю, гэта тая справа, якую я магу і мушу рабіць у сённяшніх умовах, тут і зараз. І праца над ёй вымагае вялікіх высілкаў і шмат часу.

На жаль, кіраўніцтва "Еўрапейскай Беларусі" не зацікавіў гэткі кірунак нашай дзейнасці. Мяне папрасілі перадаць ім фундацыю Еўрапейская Беларусь і маю заснавальніцкую частку ў Беларускім Доме ў Варшаве. З першым я абсалютна згодны, бо не ёсць аўтарам брэнду "Еўрапейскай Беларусі". А вось Беларускі Дом у Варшаве даўно выйшаў за межы нейкай звычайнай юрыдычнай адзінкі і не можа належыць да вузкага палітычнага кола. Гэта - пляцоўка. Пляцоўка рэалізацыі жыццяздольных ідэй  для ўсіх беларускіх палітычных і грамадскіх арганізацый і актыўных беларусаў. Менавіта гэткі прынцып быў закладзены пры стварэнні Беларускага Дому як ягоная місія.  

Але я ўсё адно ўдзячны за тыя 12 гадоў досьведу, якія дала мне праца ў "Еўрапейскай Беларусі", а асабліва за цяжкі, але бясцэнны вопыт апошняй выбарчай кампаніі.

Я са шкадаваннем заяўляю, што спыняю сваю працу рэгіянальным каардынатарам "Еўрапейскай Беларусі". Але працягваю працаваць дзеля будучыні дэмакратычнай  еўрапейскай Беларусі як судырэктар Беларускага Дома ў Варшаве і кіраўнік кампаніі «Разам для Беларусі».

07.10.13 21:18



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Змiцер Бародка