Слабых не чапаюць

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі:

20 лістапада 2012 г., Бабруйск

Увесну 2011 года споўнілася 15 гадоў ад стварэньня “Вясны”. Я ўжо двойчы пісаў пра гэта яшчэ будучы на волі, і кожны раз мне падаецца, што я не ўсё сказаў, што забыўся на штосьці істотнае, самае галоўнае. Напісанае на паперы закранае нейкія ўрыўкі, фрагменты, успаміны абставінаў і жаданьняў. З апісанага высклізвае дух “Вясны”. Я расчароўваюся, бо я не здольны перадаць атмасферу яе зачацьця. Зрабіць аказалася прасьцей, чым перадаць той уздым і віхор эмоцыяў і пачуцьцяў, які прывёў да нараджэньня “Вясны”. А зьява ж адбывалася важная і знакавая для мяне асабіста, ды сотняў вясноўцаў, для іншых людзей, хто ў большай ці меншай ступені дачыніліся да праваабарончай дзейнасьці ў “Вясьне”, зь “Вясною” і каля “Вясны”. Важнай была і застаецца праца па дапамозе, па зборы і распаўсюду інфармацыі, па навучаньні. А яшчэ больш важнае і значнае сімвалічнае, духоўнае значэньне гэтага дзіцяці, якое было зачата на Чарнобыльскім шляху ў Менску ў 1996 годзе падчас зьбіцьця дэманстрантаў і масавых арыштаў. І не пасьпела “Вясна” ўпэўнена стаць на ногі, як была пазбаўлена Мінюстам законных правоў на існаваньне ў 2003 годзе. Але ж не памерла, акрыяла і ярасна і весела чаплялася за жыцьцё і жыла напоўніцу ўсе наступныя нялёгкія гады.

Тое, што “Вясна” ў такіх жахліва неспрыяльных умовах праіснавала, пражыла 15 гадоў, ды як пражыла, стала найбольш актыўнай, крэатыўнай, найбольш уплывовай і пазнавальнай з праваабарончых суполак, — гэта можна назваць цудам. Найбольшы цуд, аснова “Вясны” — гэта людзі, якія былі ў ёй ад пачатку, якія стваралі “Вясну” ў яе яркасьці і адметнасьці, а тыповасьць — у тым, што, дзякуй Богу, не толькі адная “Вясна” можа ганарыцца 15-гадовым узростам і гісторыяй. Дзясяткі, а то і сотні іншых беларускіх няўрадавых арганізацыяў маюць таксама некароткі і багаты на падзеі жыцьцёвы шлях. “Вясна” — роўная іншым, і “Вясна” — у авангардзе, у першых радох, там, дзе і мусіць быць па сваёй ідэі, па сваёй задуме і пакліканьні. За гэты час мы не аслабелі, не змадзелі, не змаргіналізаваліся. Наадварот, мы сталі больш вопытнымі, жыцьцяздольнымі, крэатыўнымі.

Усе гэтыя думкі апаноўвалі мяне напярэдадні юбілею “Вясны”. Яшчэ ў 2010 годзе ў гамонках і абмеркаваньнях выкрышталізоўвалася некалькі пунктаў, якія хацелася б нам зрабіць да юбілею, да красавіка 2011 года. Кніжку інтэрв’ю актывістаў “Вясны”, кніжку эсэ і ўспамінаў пра жыцьцё “Вясны”, пра нашую праваабарончую дзейнасьць, фотавыставу, шэраг вечарынаў і сустрэчаў.

Ідэя падрыхтаваць і выдаць кніжкі была маёй. Бо, стоячы ля вытокаў стварэньня “Вясны”, я, як ніхто хіба, адчуваў хуткаплыннасьць часу. Гэтыя 15 гадоў прамільгнулі, як 15 дзён. Я адчуваў пільную патрэбу зафіксаваць перажытае і нажытае за гэтыя гады ў “Вясьне”.

Праца над запісам інтэрв’ю пачалася яшчэ ў 2010 годзе. Але потым падзеі 19 сьнежня 2010 года замарудзілі стварэньне кніжак. А вось фотавыставу за 15 гадоў жыцьця і дзейнасьці мы разьмясьцілі на сьценах свайго офіса ў вялікім фармаце, у прыгожых асадах. Яе адкрыцьцё мы сумясьцілі з прыёмам дыпламатаў і журналістаў, зладжаным намі ў зьвязку з 15-мі ўгодкамі “Вясны”. Прыйшлі пяцёра амбасадараў і яшчэ дыпламатычныя работнікі іншага рангу замест амбасадараў, якія прыйсьці не здолелі.

Я сьцісла, хаця атрымалася не зусім коратка, распавёў пра шлях разьвіцьця праваабарончай думкі, ідэяў і руху праваабаронцаў у Беларусі. І пачаў з другой паловы XVIII стагодзьдзя. Вялікае Княства Літоўскае, дзяржава беларусаў і літоўцаў, у той час у саюзе з Польшчаю ўтварала Рэч Паспалітую. У нашай шматнацыянальнай, з рознымі веравызнаньнямі краіне, несумненна еўрапейскай дзяржаве існавала надзвычай багатая і перадавая як на той час філасофія, была разьвітая грамадска-палітычная думка.

У тыя часы ў Беларусі поўным ходам ішло асэнсаваньне чалавечага я, праваабарончых каштоўнасьцяў у сучасным іх разуменьні. Зьяўляліся тэарэтычныя філасофскія трактаты, прысьвечаныя роўнасьці чалавека, разглядаліся іншыя фундаментальныя чалавечыя правы, прапаноўваліся тэорыі і планы больш справядлівага ўладкаваньня грамадства. Часта заканадаўцамі грамадзянскай, духоўнай і палітычнай думкі выступалі сьвятары, натхнёныя ідэямі чалавечай роўнасьці, якія прапаведавала еўрапейскае хрысьціянства. Таксама роўнасьць чалавека падтрымлівалі прадстаўнікі вышэйшага стану, якія атрымалі адукацыю ў Еўропе. Больш таго, у духу асьветніцтва і рэфарматарства, новых эканамічных тэорыяў праводзіліся зьмены ў эканоміцы, адукацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Слабасьць каралеўскай улады моцна спрыяла разьвіцьцю талерантнасьці і вальнадумства.

Па разуменьні свабодаў, каштоўнасьці правоў чалавека, актыўнай прапагандзе новых ідэяў і іх распаўсюдзе ў шырокіх колах адукаванага грамадства, а праз адукаваных людзей — яшчэ глыбей і шырэй Вялікае Княства Літоўскае, як частка Рэчы Паспалітай, ішло літаральна сьлед у сьлед за Францыяй, дзе адбылася дэмакратычная рэвалюцыя і была прынятая і абвешчаная Дэкларацыя правоў чалавека.

У Рэчы Паспалітай і ВКЛ “заразу” вальнадумства прыдушылі суседнія абсалютысцкія, таталітарныя дзяржавы — Расія, Прусія і Аўстрыя. Менавіта з-за боязі распаўсюду вальнадумства з Рэчы Паспалітай гэтая дзяржава была разарваная на тры часткі, у выніку чаго Вялікае Княства Літоўскае было акупаванае Расійскай імперыяй. Гэта падзея карэнным чынам зьмяніла накірунак разьвіцьця Беларусі і ўцягнула яе ў бясконцую чараду стратаў і трагедыяў.

Усе паўстаньні, якія адбываліся ў Беларусі ў 1794, 1830, 1863 гадах, мелі вызвольны і дэмакратычны характар. Ужо ў 1796 годзе галоўнакамандуючы паўстанцкім войскам у Вялікім Княстве Літоўскім Якуб Ясінскі літаральна праз пару тыдняў пасьля захопу ўлады ў Вільні абвясьціў гістарычны акт — вызваленьне сялянаў Беларусі і Літвы ад прыгону. Дзякуючы гэтаму акту, які не пасьпеў запрацаваць напоўніцу, палова ягонага насьпех сабранага войска складалася зь сялянаў-касінераў, якія ішлі біцца з маскалямі, адстойваць у прамым, літаральным сэнсе сваю свабоду. Такім чынам, адмена прыгону ў Беларусі першы раз адбылася на 65 гадоў раней за паўторную адмену, якая прайшла ў межах Расійскай імперыі.

А знакамітыя словы Кастуся Каліноўскага, якія ён выгукнуў у 1864 годзе, стоячы пад пятлёй. Калі ў прысудзе яго назвалі “дваранінам Каліноўскім”, ён паправіў: “У нас няма дваранаў. У нас усе роўныя!” Грамадзянская і палітычная роўнасьць, валоданьне правамі чалавека ўсімі без выключэньня жыхарамі Вялікага Княства Літоўскага — гэта тое, чаго дабіваліся паўстанцы 1863 года для ўсяго беларускага народа.

І ў XX стагодзьдзі беларусы працягвалі змагацца за роўнасьць і правы чалавека. Ва Устаўных граматах Беларускай Народнай Рэспублікі, абвешчанай у 1918 годзе, дзяржава гарантавала ў межах пражываньня беларускага народа захаваньне асноўных грамадзянскіх і палітычных правоў. У 30-я гады ў Заходняй Беларусі беларускія палітычныя партыі ў сваіх палітычных праграмах афіцыйна выступалі супраць сьмяротнага пакараньня. У пасьляваенныя гады беларускія моладзевыя падпольныя арганізацыі мелі на мэце пабудову незалежнай дэмакратычнай Беларусі. У 1968 годзе беларускія дысідэнты выступілі супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію.

У выніку змаганьня за правы чалавека ў пасьляваенны час сотні беларусаў пацярпелі ад таталітарных камуністычных уладаў, былі асуджаныя, сасланыя, перасьледаваліся іншым чынам. Так, беларускі дысідэнт, праваабаронца Міхась Кукабака адсядзеў у псіхушках і лагерах 18 гадоў і быў апошнім вязьнем сумленьня, які ў 1989 годзе быў вызвалены з лагераў.

У 1988 годзе ў Менску была створаная першая беларуская праваабарончая арганізацыя “Мартыралог Беларусі”. А ў 90-я гады зьявіўся цэлы шэраг праваабарончых арганізацыяў. Таму зьяўленьне і праца “Вясны” мае лагічны гістарычны кантэкст. А яе актуальнасьць абумоўленая вялікаю патрэбаю, якая ўзьнікла ў беларускім грамадстве ў такой арганізацыі пасьля 1994 года.

Мой выступ перад замежнымі амбасадарамі быў пункцірным, але канцэптуальным. Інфармацыя была для іх малавядомай, таму, хоць і гаварыў я даўгавата, хвілінаў з 20, госьці не занудзіліся і слухалі ўважліва. Мы самі ведаць не ведаем, наколькі ў свой час беларусы былі ўключаныя, інтэграваныя ў агульнаеўрапейскія працэсы. Тым больш пра гэта не ведаюць іншыя. Такім чынам распачалося сьвяткаваньне 15-х угодкаў “Вясны”.

Увесну 2011 года мы пасьпелі сабрацца і адсьвяткаваць наш юбілей разам з рэгіянальнымі актывістамі. А вось сустрэчу з калегамі-праваабаронцамі ў Менску зладзіць не пасьпелі, хоць і планавалі яе. Як не пасьпелі выдаць і дзьве кнігі, пра якія я пісаў вышэй. Урэшце кніга інтэрв’ю актывістаў вясны выйшла ў 2012 годзе, да наступных, 16-х угодкаў.

Але хіба што самай яркай падзеяй, якая сімвалічна падвяла рысу пад 15-гадовай гісторыяй “Вясны”, была гісторыя, зьвязаная з маім арыштам. Гэтая падзея намі зусім не планавалася, але яна стала своеасаблівым вынікам, вяршыняю нашай дзейнасьці. Слабых не чапаюць. Гісторыя “Вясны” яшчэ не скончаная, яна працягваецца далей.


.
04.11.13 12:05



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Алесь Бяляцкі