Прыемная навіна - вобшукі завершаны, а мяне адпускаюць 13.09.2013 1

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі:

Бабруйск, 15.05.2013 па штэмпелю

Хлопцы ў цывільным з чырвонымі пасьведчаньнямі прайшліся па пакоях. Яны былі відавочна разгубленыя, бо чакалі ўбачыць тут плойму народу. Затым яны са спрэчкамі выправадзілі з кватэры праваабаронцаў і журналістаў, запрасілі панятых. Галоўны хлопец у цывільным зазірнуў у прыбіральню, убачыў у стульчаку разьмяклы папяровы камяк, бо ня ўсё з таго, што я драў, змылася. Ён чмыхнуў, але ў стульчак не палез. Падумаў, штосьці зьмікіціў і закамандаваў іншыму хлопцу ў цывільным праверыць вокны. Той убачыў на варыўні, што краты адчыняюцца, вярнуўся і буркнуў пра гэта. Галоўны хлопец у цывільным чмыхнуў яшчэ раз. Позна, усьміхнуўся я сам сабе.

Пачаўся вобшук. Бліжэйшыя суседзі з пад’езду панятымі не пайшлі, паадмаўляліся, прыявілі негалосную салідарнасьць. Сядзелі незнаёмыя людзі з іншых пад’ездаў нашага дому і спачувалі. Галоўны хлопец у цывільным патэлефанаваў, мабыць, свайму начальніку і даклаў: “Пакуль яны зачыненыя сядзелі, “мурзілкі” усе падралі і змылі ў туалет, а ноўтбукі натоўп вынес, які ў кватэру зайшоў”. Я ізноў пасьміхнуўся сам сабе. Маніць галоўны хлопец яшчэ галаўнейшаму, ня хоча прызнавацца, што дапусьцілі нядбайнасьць, пра вакно на варыўні яны не дадумаліся. І сказаў жа як: “мурзілкі”. Тут, дзе я зараз знаходжуся, гэтае слова мае вельмі канкрэтны сэнс, але тады я яго яшчэ ня ведаў.

Вобшук ідзе па знаёмай мне ўжо схеме, як было гэта месяц таму – пакой за пакоем. Просяць мяне адчыніць усе верхнія шуфлядкі сталоў, зачыненыя на замочкі. Я шукаю ключыкі, якія валяюцца ў пісьмовых прыборах сярод змацовак і прысьцебак ды іншай канцэлярскай дробязі, знаходжу іх і адчыняю. У адным пакоі забіраюць з шуфлядкі стала нейкія неістотныя паперы. У другім пакоі знаходзяць ноўтбук у канапе, які туды схавала адная з вясновак. Яна пайшла з офісу яшчэ да асады, і мы нават ня ведалі, што гэты стары, цяжкі ноўтбук ляжыць ў шуфлядзе пад канапаю. Мне зусім ня шкода яго.

Хлопцы ў цывільным ніякім чынам не выказваюць сваіх эмоцыяў. Проста працуюць, будзённа, метадычна і наспрактыкавана. Яны шукаюць паперы, флэшкі, дыскі, усялякія носьбіты інфармацыі. Твары іхнія засяроджаныя і заклапочаныя. Старэйшы хлопец спрабуе жартаваць і хахміць. Я ніяк не рэагую на ягоныя прапановы сустрэцца ў больш спакойнай атмасферы і паразмаўляць, “папіць чайку”. Я пільна назіраю за тымі, хто праводзіць вобшук, каб ня дай Бог, нічога не падкінулі. Хаця, мабыць, калі захацелі б, дык падкінулі б, і маё пільнаваньне не дапамагло б. У чымсьці яны робяць ляпы, а ў нечым – прафесіяналы.

Урэшце вобшук сканчаецца, мне на рукі аддаюць акт з пералікам забраных паперак і ноўтбуку. Але яны не сыходзяць проста так. “Праедземце з намі”, – гаворыць галоўны хлопец у цывільным. “Куды?” – пытаюся я. “Ва ўправу”, – адказвае ён і пасьміхаецца. Мабыць, на допыт, думаю я, няўжо затрымаюць. Пустая справа. Пустая, як наш бедны офіс.

Асада кватэры пачалася дзесьці пасьля чатырох, каля пяці яны ўвайшлі ў офіс, зараз было дзесьці каля сямі гадзінаў вечара.

Мы выйшлі на вуліцу. Было ўжо цёмна. У студзені дзень зусім кароткі. На вуліцы стаялі чакалі журналісты і калегі-праваабаронцы. Я сказаў сваім вясноўцам, што мяне вязуць ва ўправу, мабыць, на допыт. Мы сядаем у машыну і яна кіруе … на плошчу Перамогі. Па дарозе мне паказваюць іншы ордэр на вобшук кватэры, дзе я жыву з жонкаю і сынам.

Калі праходзіла асада нашага офісу я патэлефанаваў жонцы і коратка паведаміў ёй. Яна ў той час яшчэ працавала. Вось жа мы пад’ехалі да нашага дому. Я сказаў, што ключоў ад кватэры ня маю, схітрыў, вядома. Ключы ляжалі ў мяне ў кішэні. Галоўны хлопец у цывільным звоніць да некага з суседзяў і просіць, каб адчынілі дзьверы ў пад’езд. Мы ўзьнімаемся на трэці паверх, падыходзім да дзьвярэй і звонім. Цішыня. Ніхто не адчыняе. “Жонка на працы, а сын недзе ходзіць”, – тлумачу я, гаворачы палову праўды. Сын у гэты час быў удома.

Адам потым распавёў, што падыйшоў і паглядзеў на экран відэадамафону, убачыў там мяне разам з некалькімі незнаёмымі мкжыкамі і зноў, як і ўранку, вырашыў не адчыняць, пайшоў спаць далей. “Ну, у цябе і нервы, Адам”, – пазайздросьціў яму я.

Мы з хлопцамі ў цывільным тым часам пайшлі ад кватэры ў дол лесьвіцы. Яны вырашылі, што стаяць пад дзьвярыма – марна губляць час.

У гэты час на вуліцы хлапцы ў цывільным раіліся, што рабіць далей: “Ну што, будзем чакаць?” “Паедзем у вёску”. І яны паказалі мне трэці за сёньня ордэр на вобшук у нашай вясковай хаце. “Ключы ад хаты ў Вас ёсьць?” – запыталіся ў мяне хлопцы ў цывільным. Я, пару секунд падумаўшы і прыкінуўшы, што вялікага сэнсу затрымліваць вобшук на вёсцы няма, адказаў: “Ёсьць”. “Тады паехалі”.

Мы пераселі з старой машыны, на якой мяне былі прывезьлі ад офісу да дому, на нейкую новую порсткую іншамарку з таніраваным шклом. Двое хлопцаў селі паабапал мяне, на заднім сядзеньні, а трэці – за рулём, і мы пакацілі ў Ракаў.

Надвор’е прыкметна псуецца, ідзе нейкі дождж зь лёдам, вось табе і студзень. Выезд па гродзенскай шашы хоць і шырокі і зручны, але дарога кепска праглядаецца, і кіроўца то дае газу так, што нас аж уціскае ў мягкую сьпінку сядзеньня, то рэзка скідвае, так, што мы рукамі ўпіраемся ў пярэднія сядзеньні. Машына дазваляе ехаць хутка і хлопец-кіроўца не пазбаўляе сябе асалоды лішні рах газануць.

Па дарозе мы размаўляем. Я ім кажу, што дарэмна яны ўлазяць у такія справы. Гэта не дадае ім ані лішніх балаў, ані павагі ў грамадзтве, а наадварот. Хлопцы ў цывільным часам перамаўляюцца паміж сабой, і з урыўкаў іхніх размоваў я даведваюся, што іхняя група – зборная, з усяе краіны.

Урэшце мы прыяжджаем у Ракаў. Там нас ужо чакае яшчэ адная машынка. У вёсцы рана кладуцца спаць, і стаіць ужо глухая студзеньская ноч. Хлопцы шукаюць панятых. Большасьць хатаў з цёмнымі вокнамі, усё ж знаходзяць суседзяў на другім баку вуліцы. Уяўляю сабе, што тыя думаюць. Сюды, мабыць, такія хлопцы не прыяжджалі з 50-х гадоў.

На ганку нашай хаты ляжыць прыблудны сабака па мянушцы Воўк, кудлаты як два ваўкі разам, бязкрыўдны і мала здатны да аховы. На чужых людзей ён то брэша, то маўчыць, пад свой настрой. Але зараз уначы ён выглядае пагрозьліва. Хлопцы ў цывільным яго апасаюцца. Ён ляжыць пад ганкавым дашком проста каля дзьвярэй. Нагрэў там сабе кілімчык, лянуецца, ня хоча ісьці пад дождж, так што я з цяжкасьцю спіхваю яго. Я адчыняю дзьверы і мы ўваходзім.

Ізноў вобшук пачынаецца з стандартнай фразы добраахвотна выдаць усе рэчы, зброю, каштоўнасьці, захоўваньне якіх незаконнае. Суседка-панятая гучна гаворыць хлопцам у цывільным з яўнаю падтрымкаю мяне: “Суседзі ў нас добрыя!” А тым усё-роўна, якія тут у суседзяў суседзі. Вобшук ідзе. Забіраюць некалькі старых квіткоўна аплату адвакацкай дапамогі. Старэйшы хлопец гаворыць, што пасьля гэтага вобшуку вернемся на плошчу Перамогі і вобшук працягнецца ў кватэры. Мой сотавы тэлефон па іхнім загадзе выключаны. Я прапаноўваю патэлефанаваць жонцы, якая ўжо мусібыць удома, з тым, каб там правялі вобшук бяз нас.хлопцы ў цывільным раюцца і пагаджаюцца. Я тэлефаную жонцы і кажу, каб запусьціла іншую каманду хлопцаў у цывільным на вобшук. Я прашу, каб яна з сынам пільна назірала за імі. Ужо каля дзесяці вечара. Сваім хлопцам я паведамляю: няхай іхнія калегі звоняць у дзьверы, жонка ўжо ўдома.

Дзесьці праз гадзіну мы едзем назад. Вынікі вобшуку ў вёсцы нулявыя.

Галоўны хлопец у дарозе ўсё жартуе: “Прыходзьце пасьля, пагаворым, спакойна, за гарбатаю”. Хоць і кажа жартаўлівым тонам, але відаць, што фразы гэтыя завучаныя напамяць і паўтараліся няраз. Я адказваю яму пытаньнем на прапанову: “Вы ведаеце, калі мяне ўпершыню іншы дзядзька ў цывільным запрашаў на гарбату? У 87-м годзе. Вы тады яшчэ ў школу хадзілі”. Ён ніякавата замаўкае. Ягоныя калегі коратка гагочуць.

Мы ўяжджаем у Менск. З боку гродзенскай шашы Менск хутка забудоўваецца. Паўз магістраль дамоў нарасло на вачах за апошнія гады, як грыбоў. Цяпер я ўжо з хлопцаў у цывільным знушчаюся: “Жывеце на ўсім гатовым, ні пра што не дбаеце. Дзяржава вас усім забясьпечвае”. І патрапіў у балючую кропку. Устрапянуліся і загаварылі ўрэшце чалавечымі галасамі: “Ды дзе там! Па 15 гадоў служым, а жытла свайго дасюль яшчэ няма!” Калі столькі служаць, значыць, маёры, раблю выснову я.

Мы пад’ехалі пад самы дом. Прыемная навіна – мяне адпускаюць. Я ўзьнімаюся ў кватэру. Вобшук там толькі як скончыўся. Два нашых кампутары стаялі зламаныя, без памяці. А болей і забіраць не было чаго. “Фу, – гідзіцца жонка, – усю бялізну перапаролі, прыйдзецца ўсё перамываць”.

На гадзінніку ўжо каля дванаццаці. Спаць зусім ня хочацца. Жонка распавядае, што калі хлопцы ў цывільным заходзілі на вобшук, Адам змусіў усіх прадстаўляцца. У выніку, з пяці ў кватэру зайшло толькі двое. Астатнія засталіся чакаць на лесьвічнай пляцоўцы, не захацелі засьвечваца.

Падыходзяць, нягледзячы на позьні час, калегі. Мы сядзім на варыўні, адчыняем пляшку і выпіваем яе. Усе ўзбуджаныя пасьля сёньняшняга доўгага дня. Здаецца, што зусім побач з намі прайшоў-прагрукатаў цягнік, і нас пагрозьліва хістанула хваляй гарачага паветра. Але не зачапіла.

Дык што ж робім далей? Радзімся. Вырашаем – працуем далей! Бо няма каму болей. Як у той казцы ў Аркадзя Гайдара. Прыйшоў час і на мальчыша-кібальчыша, а ў нашым выпадку – на праваабаронцаў.


Пра "мурзілкі" і скокі з вакна 09.09.2013 1

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі:

07-08 траўня 2013,  Бабруйск

17 студзеня 2011 году быў звычайны працоўны дзень, з тых “звычайных” студзеньскіх дзён, запоўненых бягучымі справамі, зьвязанымі з сьнежанскай трагедыяй. У агульнай атмасферы страху і паняверкі офіс "Вясны" выглядаў як мурашнік, дзе мы, як тыя працавітыя мурашы, няўтомна арганізоўвалі дапамогу ахвярам па ўсіх магчымых накірунках.

Зранку я ўжо быў быў на працы, калі патэлефанаваў сын Адам і сказаў сонным голасам, што ў дзьверы хтосьці званіў. Ён вучыўся ў магістратуры Акадэміі мастацтваў і звычайна працаваў за кампутарам па начох, а днём адсыпаўся. Таму, калі пачуў званок у дзьверы, прачнуўся, падыйшоў, паглядзеў на экран відэадамафону, убачыў там каля дзьвярэй траіх незнаёмых мужыкоў і ня стаў адчыняць. Ён патэлефанаваў мне, затым маёй жонцы, а сваёй маці, якая таксама была на працы, і пайшоў спаць далей.

Тацяна ўжо апісвала падзеі гэтага дня ў кніжцы Валера Каліноўскага, бо на яго якраз прападае яе дзень нараджэньня. Але я тым ня меньш паўтаруся за ёй, бо ў кожнага з нас, тых, хто быў тым днём на офісе "Вясны" – свае ўспаміны.

Амаль месяц ужо як мы працавалі ў надзвычайным рэжыме, без выходных і праходных, а калі да іх яшчэ дадаць чатыры месяцы назіраньня за выбарамі, дык можна сабе ўявіць стан агульнай стомленасьці і зморы. Я нават ня памятаю, ці зьбіраліся мы адзначаць дзень нараджэньня Тацяны, падараваць ёй які-небудзь сімвалічны падарунак ды выпіць па шклянцы віна, як звычайна мы рабілі, – наўрад ці. Не да дня нараджэньня нам тады было.

Пасьля званка Адама я пайшоў у іншы пакой, дзе працавалі нашыя юрысты, і сказаў ім пра гэты дзіўны візіт незнаёмых мужыкоў да мяне на кватэру. Юрысты выслухалі, шматзначна паківалі галовамі, і гэта была ўся іхняя рэакцыя. Урэшце, я таксама ня ўзяў да галавы гэты клопат. Затым патэлефанавала ўсхваляваная жонка, я адно што сказаў ёй: “Будзь пільнай і асьцярожнай”.

У гэты час на офіс прыйшла адная нашая знаёмая маладзіца з чатырохгадовай дачкой, пабыла ў нас з поўгадзіны і зазьбіралася дадому. Дачка ў яе была не па гадах сур’ёзная, кемлівая, вельмі любіла салодкае, але ёй не падабалася нудзіцца на офісе. Не пасьпелі яны выйсьці, як адразу ж вярнуліся назад і да нас у пакой убег узрушаны юрыст, які выгукнуў, што маладзіца гэтая ўбачыла каля нашага ад’езду падазроных асобаў у цывільным. Таму яна вярнулася, каб папярэдзіць нас. Зараз толькі да мяне дайшло, што гэта ж, мабыць, тыя самыя людзі, якія спрабавалі знайсьці мяне ўдома.  

Жанчына гэтая з дачкой ціхенька выйшла ізноў, я зазірнуў ва ўсе пакоі офісу, а ў нас людзей – поўна! У кожным з трох пакояў па некалькі чалавек – працуюць на адноўленых пасьля канфіскацыі, прыцягнутых з дому і падораных нам кампутарах, штосьці пішуць, кожны заняты сваёй справаю. Я ўсіх папярэдзіў, што чакаем няпрошаных гасьцей. Як казала мая бабуля: з поля вецер, з сракі госьці.

Уваходныя дзьверы адразу зачынілі на ўсе замкі, кампутары павыключалі, сьвятло пагасілі. І літаральна праз пару хвілінаў ужо быў званок у дзьверы. Я ізноў прайшоў па пакоях, было зразумела, што будзе хутчэй за ўсё вобшук, і пайшоў да свайго стала, набраў розных прыватных папераў, якія не хацеў каб бачылі чужыя цікаўныя вочы, і пайшоў у прыбіральню – драць іх і змываць. У гэты час у пакоях ліхаманкава раскручваліся працэсары і даставаліся з стацыянарных кампутараў блокі памяці.

Перыядычна ў дзьверы званілі і грукалі, у прыбіральні змывалася вада, а ў пакоі стаяў ціхі шэлест і шоргат. Хтосьці з вясноўцаў ужо тэлефанаваў журналістам і нашым калегам з іншых праваабарончых арганізацыяў.

Я ўсё яшчэ парадкаваў паперы, як з пакою прыбег ўзбуджаны Сяржук і запытаўся пра ключ ад замка, якім у нас замыкаліся ваконныя краты на варыўні. Усе вокны ў офісе былі закратаваныя, бо нашая кватэра знаходзілася на першым паверсе, а на кухні-варыўні краты на вакне былі на завесах і зачыненыя на замок. Мы зрабілі гэтак у мэтах пажарнай бясьпекі. “Пашукай у шуфлядках сталоў, – параіў я яму, – дзесьці там я бачыў гэты ключ”. Адарвацца ад прыбіральні я яшчэ ня мог. Сталоў у нас было багата і дзесьці хвілінаў праз пяць ціха падбег на дыбачках, каб не рыпеў паркет, яшчэ больш узрушаны Сяржук. Ён знайшоў ключ!

Вось жа, калі Сяржук адшукаў закінуты ў шуфлядку аднаго са сталоў ключ, я сказаў яму” “Ідзі на варыўню і паспрабуй адчыніць замок на кратах. І паглядзі, калі ласка, ці ёсьць там хто пад вакнамі. Толькі асьцярожна”. Вакно з варыўні выходзіла на тыльны бок дому. Хто яго ведае, можа гэтыя невядомыя хлопцы ў цывільным, якія так настойліва тарабанілі ў дзьвярны званок, і не дадумаліся стаць пад усімі вокнамі кватэры, можа яны і ня ведаюць, якія зь іх нашыя, а якія – не, падумаў я. А сам працягваў драць паперы і змываць іх у прыбіральні.

Яшчэ праз некалькі хвілінаў у мяне зазваніў тэлефон. Вызначальнік званкоў паказаў, што тэлефануе Сяржук. “Што там?” – спытаўся я ў яго. “Я ўжо выбраўся, – паведаміў ён, – тут нікога няма”. Вось табе і безнадзейная сітуацыя. Небясьпека ўключыла ўсе выратавальныя інстынкты і выйсьце знайшлося.

Тут я ўжо кінуў драць свае паперы і пабег па пакоях. Ліхаманкава была сабраная наступная партыя вясноўцаў. Неўзабаве з ноўтбукамі ў пляцаках, з кампутарнымі блокамі памяці за пазухай, яны былі гатовыя. Першымі дэсантуюцца з вакна хлопцы. Ад падваконьніка да долу крыху меней за два метры, амаль на поўметры ляжыць сьнег. Затым мы падсаджваем на падваконьнік дзяўчатаў, зсаджваем іх з падваконьніка на вуліцу, а хлопцы прыймаюць іх унізе пад вакном. Так сыходзіць і другая партыя. У дзьверы, як і раней, безперапынна звоняць і грукаюць. Але дзьверы ў нас моцныя, жалезныя, на рыгельным замку, з тоўстымі сталёвымі пальцамі–стрыжнямі ва ўсе чатыры бакі. Такія так проста ня возьмеш, іх трэба выбіваць жалезнай кувалдаю ці разразаць аўтагенам. Таму час у нас яшчэ быў. Засталася ў кватэры Тацяна – імянініца, Ірына ды мы з Валянцінам. Дзяўчаты паглядзелі з вакна – завагаліся. Ірына сказала: “Высока, я скакаць ня ўмею і баюся”. Я супакойваю іх і прысьпешваю: “Там сьнег, ня бойцеся, калі і ўпадзеце, дык не паб’ецеся, а мы ж вас трымаць будзем”. Тацяна і са сьмехам, і са скрухаю лямантуе: “Гэта ж трэба! Дажыць да такіх гадоў і ў свой дзень нараджэньня з вакна скакаць!” “Давайце, давайце, – угаворваю я дзяўчат, – часу мала, мы тут самі неяк рады дамо”. Урэшце яны пагаджаюцца і мы зсаджваем іх у вакно.

У дзьверы ўсё працягваюць званіць і грукаць. У кватэры-офісе нязвыкла пуста. Упершыню за апошні месяц удзень тут апроч нас дваіх нікога няма! Поўгадзіны таму як пачалася асада нашага офісу. Дзяўчаты з хлопцамі патэлефанавалі, яны ўсе выйшлі з-за дому бяз клопату. Хлопцы ў цывільным, якіх паболела каля пад’езду, не зьвярнулі на іх увагу.

Урэшце мы з Валянцінам адчыняем уваходныя дзьверы. На лесьвічнай пляцоўцы стаіць цэлая гурма людзей. Тут і хлапцы ў скуранках, і два міліцыянты ў форме, і два амапаўцы ў бронекамізэльках, тут і знаёмыя калегі-праваабаронцы з журналістамі разам.  І ўсе яны са зьдзіўленьнем паглядаюць на нас.

Пра тое, як адчыніліся дзьверы і пра першыя хвіліны заходу ў офіс хлапцоў у цывільным ёсьць цікавы відэаролік, які здолеў зьняць журналіст БелаПАН. Не пасьпеў я адчыніць дзьверы і пакуль высьвятляў паўнамоцтвы хлопцаў у цывільным, як гэты напорысты журналіст з відэакамерай першым заскочыў у кватэру і добрасумленна зазьняў усе нашыя перамовы.

Размаўляў я з спадаром з даволі распаўсюджаным прозьвішчам. Ён прадставіўся, адпусьціў нарад АМАПу з жэсаўскім сьлесарам, якога выклікалі узламваць дзьверы, і паказаў мне пастанову на вобшук. У санкцыі пракурора было напісана, што вобшук будзе праводзіцца ў межах крымінальнай справы № 10011110362, узбуджанай па масавых безпарадках. Ну вось, падумаў я, так можна пасьля гэтага вобшуку і ў “амерыканцы” апынуцца. Да нас даходзілі некаторыя зьвесткі, што кантора глыбокага бурэньня, якая валодала гэтым “гатэлем”, апошнім часам актыўна праводзіла пашуковыя працы ў накірунку “Вясны”.

Захоп офісу "Вясны" 22.08.2013 7

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі:

25 жніўня 2012, Бабруйск

На офіс “Вясны” мы прыйшлі ўсёй сваёй інтэрнацыянальнай кампаніяй. Настрой ва ўсіх быў змрочны і падаўлены. Нягледзячы на прадчуваньні і перасьцярогі, усё ж у гэты год і гэтым разам хацелася верыць, што розум і логіка жыцьця ў краіне возьме гару. Хай не адразу, няхай праз галаву, але ж мы будзем рухацца ў бок цывілізаванага сьвету.

Наіўныя спадзяваньні. Колькі разоў ужо за апошнія шаснаццаць гадоў жыцьцё сурова вучыла і жорстка правучвала. І кожны раз расчараваньне і паняверка ахоплівалі душу. Мы не складаем рукі, мы не апускаем галовы, бо верым у няўхільную перамогу дэмакратыі. Мы верым, што ў перспектыве мы мусім выйграць у гэтай зацягнутай у часе барацьбе. Мы вымотваем сілы апанентаў. Мы спрабуем рэалізавацца ў неспрыяльных умовах. Мы не зьяжджаем, не затойваемся, мы не прыстасоўваемся і не капітулюем. Мы ствараем, наладжваем, аберагаем і разьвіваем. Мы жэнімся і абжываемся. Мы нараджаем і выхоўваем дзяцей. Мы ходзім на канцэрты, сварымся, разводзімся і нават паміраем, не дажыўшы да іншага часу. Мы жывём у эпосе, якая, верагодна, будзе менавацца прозьвішчам аднаго чалавека, яе галоўнага архітэктара, кансерватара і рэтраграда, толькі з іншым канчаткам: -ізм. А зараз 16 гадоў нейкіх тактычных паразаў і адступленьняў, чарговых нястомных чапляньняў за наноў вырытыя акопы, умацаваныя рубяжы і фарты, і чарговае метадычнае іхняе зьнішчэньне і разбурэньне непрыяцелем.

На офісе ўсе былі прыбітыя і ўражаныя падзеямі, якія адбыліся каля Дому Ўрада. Уладзя Лабковіч таксама дабраўся без прыгодаў. А вось Алегу Гулаку пакінуць плошчу самастойна не ўдалося. Дакладней сказаць, з плошчы то ён адступіў, дайшоў да сваёй машыны, прыпаркаванай за пару кварталаў ад плошчы, і тут вось яго і ўзялі пад белыя ручкі “таптуны” – хлопцы ў цывільнай вопратцы, якія адсачылі яго і вырашылі затрымаць.

Нягледзячы на настрой, работа кіпела. Інфармацыя пра вынікі назіраньня ішла ад нашых назіральнікаў з усяе краіны. І калі патрэбныя для аналізу лічбы рахавала падрыхтаваная загадзя кампутарная праграма, то факты парушэньняў, важныя і цікавыя эпізоды і выпадкі, зафіксаваныя назіральнікамі, апрацоўваліся ўручную і адразу выстаўляліся ў інтэрнэт. Туды ж, паралельна выбарчай інфармацыі, мы пачалі выстаўляць інфармацыю, датычную зьбіцьця дэманстрантаў ды іх затрыманьня. Тэлефон на офісе зьвінеў не змаўкаючы, сьпісы затрыманых папаўняліся і папаўняліся. Былі зьбітыя і затрыманыя кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саньнікаў, Віталь Рымашэўскі, Рыгор Костусеў, найбольшая колькасьць людзей затрымлівалася ўжо пасьля разгону мітынгу на прылеглых вуліцах, на прыпынках, на вакзале.

Аказалася, што мы яшчэ шчасьліва пакінулі плошчу і выйшлі з эпіцэнтру затрыманьняў па вуліцы Карла Маркса.

У 1997 годзе мне пашанцавала меней. Тады пасьля дэманстрацыі, якая прайшла па праспекце і была спыненая амапам перад плошчай Незалежнасьці, я таксама “адступіў” па Карла Маркса і быў затрыманы ў раёне беларускага гуманітарнага ліцэю, зараз будынку суда Цэнтральнага раёну. І хоць я паспрабаваў прыкінуцца выпадковым мінаком, але мне не паверылі. А на дэманстрацыю тады я выйшаў з васьмігадовым сынам Адасём, бо жонка зьехала на навучаньне, і, шчыра кажучы, зьбіраўся трохі пабыць і сысьці. Але не атрымалася. Адася я пакінуў “на гадзінку” пад апеку Паліны, маёй сяброўкі, а сам пачаў актыўнічаць. У выніку, ноч я правёў у апорным пункце на вуліцы Леніна, у знакамітым доме, абвешаным памятнымі дошкамі, у якім месьціцца музей Пятруся Броўкі. А Адась – у цёткі Паліны.

А гэтым разам вось абыйшлося. Мы сядзелі на варыўні, пілі гарбату, мае замежныя сябры без перапынку перамаўляліся па тэлефонах. Журналісты са Швецыі і Нарвегіі тэлефанавалі ім, каб даведацца навіны з першых рук. Нядоўгаю была “адліга”. На вачох у дзесяткаў замежных назіральнікаў і журналістаў мірная дэманстрацыя была разагнаная, многія людзі зьбітыя і затрыманыя, арыштаваныя кандыдаты ў прэзідэнты. Маскі згоды і міралюбства скінутыя, спалі лядашчыя белыя адзеньні, а пад імі аказаліся бліскучыя латы і грозна клацнулі ваўчыныя зубы. А што яшчэ будзе.

Так мы прасядзелі з дзьве гадзіны. Урэшце стомленыя госьці пачалі зьбірацца ў гатэль. Перад ад’ездам Берыт спыталася ў мяне: “Алесь, чым я магу дапамагчы?” “Зараз нічым, — адказаў я. — Ідзі спаць, хутка і мы пойдзем, бо заўтра ж прэс-канфэрэнцыя”. “Я перанесла вылет на два дні”, — сказала Берыт. “Добра, — ухваліў я. — Твая прысутнасьць тут важная”. Я бачыў, як яна была ўзрушаная і ўсхваляваная. Яна вельмі хацела нечым дапамагчы, але чым тут можна дапамагчы, ня ведала ні яна, ні я. Берыт выклікала таксі, і нашыя госьці зьехалі.

Берыт была прыяжджала і на выбары ў 2006 годзе. Усе дні і ночы, пакуль стаяў намётавы лагер на плошчы Каліноўскага, яна была ў Менску. Яна затэлефанавала мне на сотавы пад ранак і сказала мёртвым голасам: “Алесь, намёты акружыла міліцыя. Яны ўсіх пагрузілі ў машыны. Лагеру больш няма”. Я тады падскочыў на ложку, як працяты токам. І ўжо так і не паклаўся спаць. Тады за плошчаю спынялі і Берыт. Але таптуноў уразіў яе нарвежскі пашпарт, і яе адпусьцілі.

Неўзабаве пасьля ад’езду сяброў мне патэлефанавала Валянціна Палевікова, былая старшыня жаночай партыі “Надзея”. Яна роспачліва крычала, што невядомыя ў масках ломяцца ў кватэру да старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. “Я жыву побач, жонка Анатоля патэлефанавала мне. Я зараз стаю тут, каля пад’езду, што рабіць, Алесь?!” — лямантавала яна ў слухаўку. Што я мог дзельнага параіць ёй? Я быў бясьсільны. “Супакойцеся, Валянціна”, — сказаў я. А з нявыключанага тэлефону чуў: “Што вы робіце!? Сволачы! Фашысы!”. “Што там, Валянціна?” — спытаўся я. “Яго вывалаклі з заламанымі рукамі і закінулі ў машыну”, — галосячы адказала яна. “Трымайцеся”, — сказаў я. Маё пажаданьне прагучала банальна і глупа. “Добра, Алесь, дзякуй,” — усхліпваючы адказала Палевікова і адключыла тэлефон.

Бліжэй да трох ночы дзяўчыны-вясноўкі таксама выбраліся на таксі дадому. Зьбіраліся сыходзіць і мы, сёньняшні ўжо дзень абяцаўся быць ня менш напружаным і цяжкім. Я сядзеў на варыўні, у кожным з двух пакояў нашага офісу працавалі вясноўцы, як раптам у калідоры-вітальні пачуўся нейкі грукат і тупат. “Міліцыя!” — пачулася адтуль. Я выляцеў з варыўні, толькі гэтага не хапала. Аказалася, што выходзячы з офісу стомленыя і затлумленыя працаю дзяўчыны нікога не папярэдзілі, і ўваходныя дзьверы ў наш офіс-кватэру былі незамкнутыя. Міліцыянты, якія, мабыць, чакалі пад вокнамі, безперашкодна ўвайшлі ў памяшканьне. Хлопцы павыскоквалі з пакояў. “Што вам тут трэба?” — пачулася, і міліцыянтаў пачалі выпіхваць з вітальні ва ўваходныя дзьверы. Тыя былі аж разгубіліся ад такога нахабства, але затым упёрліся і націск вытрымалі: “Хто гаспадар кватэры?” — узьвінчаным голасам, сапучы пытаўся адзін з іх. “Я”, — адказаў я. “Вось пастанова на агляд кватэры!” — ён дастаў з папкі паперку. “Якая пастанова? Пофіг нам вашая пастанова!” — узарваўся яшчэ не астылы ад штурханіны адзін з маіх калегаў. Ён выхапіў паперку ў міліцыянта, падраў яе і кінуў на падлогу. Ізноў хлопцы закрычалі: “Вы хто такія?” “Міліцыя! А вы хто такія?” “Хто вам дазволіў сюды увайсьці?” “У нас дазвол начальніка раённай міліцыі на агляд памяшканьня!” “Дзе? Які дазвол? Пакажыце яго!”. “Дык вы ж яго падралі!”. Енкі і лямант стаялі працяглы час. Але міліцыянтаў у вітальні станавілася усё болей і болей, іх набілася і ў форме, і ў цывільным, і нарад з аўтаматамі, у касках і бронекамізэльках, чалавек з дзесяць. Стала зразумела, што ні выпхнуць, ні адгаварыцца ад іх не атрымаецца. Пачаліся перамовы.

Урэшце ў кватэры на час агляду застаўся я і Валянціна Сьвяцкая, а 12 чалавек павезьлі “для ўдакладненьня асабістых дадзеных” у РУУС. Дзеля агляду прыйшлі панятыя: суседка з другога пад’езду, якую здолелі ўзьняць у такое раньне, з нашага пад’езду ніхто з суседзяў не пагадзіўся. І юрыст з гарвыканкаму, з прапітым тварам, як аказалася, былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, былы калега па ВС Сямдзянавай Галіны, якая актыўна назірала ў нашай грамадзянскай кампаніі.

І вось агляд распачаўся, ён нічым не адрозьніваўся ад вобшуку. Нягледзячы на мае пратэсты, міліцыянты палезьлі і па шафах, і па скрынях, і па шуфлядках. Яны метадычна, адзін за другім пераглядалі, ператрушвалі ўсе пакоі. Найбольш іх цікавілі носьбіты інфармацыі: паперы, ноўтбукі, кампутары, дыскеты, флэшкі. У першым пакоі залезьлі яны і пад канапу, куды, калі барукаліся і цягаліся з імі ў вітальні, адзін з нашых калегаў пасьпеў засунуць два ноўтбукі, і дасталі іх адтуль. Затым міліцыянты перайшлі ў іншы пакой і пакуль ад’ядноўвалі і запісвалі нумары працэсараў, я вярнуўся ў першы пакой, шкода было знойдзеных пад канапаю ноўтбукаў, тым больш што яны былі яшчэ не запісаныя, схапіў адзін з ноўтбукаў і ізноў сунуў яго пад канапу. Затым я вярнуўся ў пакой, дзе праходзіў агляд, паклаў у кішэню сотавы тэлефон, забыты ў сьпешцы адным з калегаў, сказаў, што гэта мой, таксама засунуў у кішэню 3G-мадэм і флэшку. Усё іншае міліцыянты апісалі, запакавалі ў кардонныя скрынкі, у якіх у нас ляжалі ўлёткі з напісам “Не сьмяротнаму пакараньню!”, вынесьлі і павезьлі ў РУУС. Усяго атрымалася, што забралі 17 кампутараў. Вынесьлі і відэарахіў, відэакасеты, якія я прынёс на офіс, каб іх перапісаць на дыскі. Забралі міліцыянты таксама і ворах малазначных папераў, якія валяліся ў нас па шуфлядках.

Агляд праходзіў каля дзьвюх гадзінаў. Валянціна таксама пасьпела прыхаваць свой нэтбук у торбе, з якой звычайна хадзіла, міліцыянты не даглядалі асабістыя рэчы. Было зразумела, што прыход міліцыянтаў быў зьвязаны і з назіраньнем, якое мы праводзілі, і з разгонам дэманстрацыі, які адбыўся 19 сьнежня. Пэўна што загад правесьці гэты агляд, канфіскаваць кампутары і дакументы аддавалі з таго самага цэнтру, які меў дачыненьне да разгрому дэманстрацыі.

І гэта быў яшчэ адзін кепскі знак. У нашым офісе на гэтай кватэры мы знаходзіліся ўжо дзесяць гадоў і ні разу справы не даходзілі да ўварваньня міліцыі і да канфіскацыі кампутараў. Былі трывожныя часы ў 2007 і 2008 годзе, калі па дзяржаўнай тэлевізіі паказвалі зьнятыя відэакамерай вокны нашай кватэры і “журналісты” паведамлялі: у гэтай кватэры знаходзіцца офіс незарэгістраванай арганізацыі, куды глядзяць праваахоўныя органы. Гэта быў фактычна данос. Але і тады справы не даходзілі да ўварваньня ў кватэру.

Як толькі скончыўся агляд кватэры, нашых калегаў адпусьцілі. Нягледзячы на ўзрушанасьць, мы вырашылі разьехацца па хатах і трохі адпачыць перад прэс-канфэрэнцыяй. Арганізатары агляду і канфіскацыяў ня ведалі, што апрацоўка дадзеных нашых назіральнікаў праводзіцца зусім у іншым месцы і што яшчэ да пачатку вобшуку-агляду апрацоўка дадзеных была ў асноўным ужо скончаная.

Тры чалавекі з затрыманых дванаццаці вярнуліся на офіс, бо вырашылі не матацца туды-сюды і паспаць на офісных канапах. Як толькі яны прыехалі з РУУСу, я адразу паехаў дадому.

Страницы: 1
Читать другие новости

Алесь Бяляцкі