Беларусы Масквы ушанавалі памяць ахвяр тэракта ў менскім метро

Беларусы Масквы ўсклалі кветкі на прыступкі беларускай амбасады ў памяць аб ахвярах тэракту 11 красавіка 2011 г.
Ужо перад 19:00 каля амбасады ляжалі першыя кветкі і стаялі запаленыя знічкі. У шапіку кветак каля бліжэйшай станцыі метро адзначылі, што ў гэты дзень было шмат пакупінікоў-беларусаў, што ішлі да пасольства.

Вакол амбасады была ўзмоцненая ахова, дадатковыя сілы паліцыі сачылі за людзьмі, што ўскладалі кветкі. Супрацоўнікі пасольства, у каго скончыўся рабочы дзень, выходзілі з дзвярэй дыпламатычнага прадстаўніцтва і ціха сыходзілі прэч.

Да прыступак перыядычна падыходзілі людзі і клалі кветкі. Простыя масквічы, што праходзілі міма, спыняліся і пыталіся пра тэракт, выказвалі спачуванні.
12.04.12 11:46

Алесь Чайчыц