Чаму савецкая акупацыя Беларусі была акупацыяй

Чамусьці ў дачыненьні да панаваньня бальшавікоў на Беларусі не прынята казаць “савецкая акупацыя”, хаця менавіта слова “акупацыя” цалкам апраўданае як па сутнасьці, так і з фармальнага пункту гледжаньня. Савецкая ўлада на Беларусі не была выражэньнем волі беларускага народа, але была нічым іншым, як акупацыяй з боку вонкавай і чужой палітычнай сілы, чые памагатыя зь ліку беларусаў гулялі толькі прыслужніцкую ролю.


Трэба падкрэсьліць: у ідэі аб тым, што бальшавісцкая ўлада на Беларусі насіла выразны акупацыйны характар, няма нічога антырасейскага. Для Расеі бальшавізм зрабіўся такой жа самай (а можа і большай) трагедыяй, як і для Беларусі. Але датычна Расеі гэта была свая, унутраная зьява, якая выцекла з гісторыі разьвіцьця расейскага грамадзтва. Беларусь, далучаная да Расеі ўсяго толькі сто зь нечым гадоў перад гэтым, проста рухалася ў расейскім фарватэры, пад уплывам тэндэнцый, што, зноў-ткі, нараджаліся ў Маскве і Пэтэрбургу.


З фармальнага пункту гледжаньня я асабіста зыходжу з таго, што волевыяўленьнем беларускага грамадзтва быў Першы Ўсебеларускі зьезд, які быў праведзены самімі беларусамі без умяшальніцтва будзь-якой вонкавай сілы і які сфармаваў органы, што потым абвесьцілі пра стварэньне самастойнай Беларускай Народнай Рэспублікі.


Узброены захоп бальшавікамі тэрыторыі БНР і стварэньне на ёй альтэрнатыўнай марыянэткавай псэўда-дзяржавы - гэта проста адна зь першых “адпрацовак” схемы, якая ў 1939 годзе была выкарыстаная ў дачыненьні да краінаў Балтыі і правалілася ў дачыненьні да Фінляндыі, у 1944-45 - ужытая ў дачыненьні да Польшчы і часткі Нямеччыны, пасьля вайны - у дачыненьні да Карэі, Віетнама і іншых. Гэта што тычыцца фармальнага боку.


Што ж датычна сутнасьці, на маю думку дастаткова хіба такіх фактаў:


1. Першыя 37 гадоў савецкай улады (больш за палову ад усяго часу, што ў Беларусі гаспадарылі камуністы) беларусы лічы што ніколі не стаялі на чале ССРБ-БССР. Кіраўнікамі ЦК КПБ (то бок рэальнымі начальнікамі ў краіне) пасьлядоўна былі гаўляйтэры, прысланыя з Расеі і якіх зь Беларусьсю нічога ня зьвязвала: армянін Мясьнікян, латыш Кнорыньш, эстонец Гей, грузін Цанава, кубанец Панамарэнка і гэтак далей. Адзінае (даволі фармальнае) выключэньне - адзін з “айцоў” наркамаўскай моўнай рэформы Шаранговіч, які стаяў на чале Кампартыі Беларусі на працягу нейкіх 5 месяцаў у 1937 годзе, спрычыніўся да хвалі рэпрэсій супраць БССРаўскай намэнклятуры, пасьля чаго і сам быў расстраляны.


Крэмль ня мог даручыць палітычнае кіраўніцтва Беларусьсю нават нацыянал-камуністам 20-х гадоў (многіх - зь яшчэ БНРаўскай закалкай). Гэтых людзей, а таксама многіх заходнебеларускіх сацыялістаў-сэпаратыстаў кшталту Тарашкевіча, камуністы мэтанакіравана зьнішчалі.



2. Цікавы факт, які ілюструе натуральную небеларускасьць бальшавікоў: сярод першапачатковага вышэйшага "агульнасаюзнага" бальшавіцкага кіраўніцтва не было ніводнага этнічнага беларуса. Беларускі паляк Дзяржынскі і купка малавядомых беларускіх габрэяў сярод карнікаў другога эшэлёну - зразумела, ня лічацца. Латышы (Кнорыньш, Пэтэрс і інш.) - былі, расейцы (Ленін, Молатаў) - былі, грузіны (Джугашвілі, Цанава і інш.) і габрэі (Троцкі, Сьвердлаў і іншыя) - былі, нават летувісы (Убарэвіч) - былі. Беларусаў - не было. Беларусы не стаялі ля вытокаў бальшавіцкага руху.


савецкая статыстыка: на фоне людзей іншых нацыянальнасьцяў, беларусаў было непрапарцыйна мала сярод бальшавікоў: сярод усяго насельніцтва Расеі яны складалі 4,2%, сярод сасланых у 1907 - 1917 расейскіх рэвалюцыянэраў - толькі 0,4%. Крыніца: ЖЖ dolboeb


Намінальныя беларусы ў агульнасаюзным кіраўніцтве зьявіліся прыкладна тады ж, калі беларусам дазволілі кіраваць БССР - у другой палове 50-х. Да другой паловы 50-х у Беларусі канчаткова высьпела пакаленьне ўласных калябарантаў і палітрукоў, усіх гэтых сурганавых і машэравых, каму Крэмль змог аддаць кіраваньне рэспублікай. У 1956 годзе Першым сакратаром ЦК КПБ робіцца Кірыла Мазураў - дэ-факта першы ўраджэнец Беларусі на гэтай пасадзе.


Праз год, у 1957 годзе, “пашпартны” беларус упершыню дасягае і высокай агульнасаюзнай палітычнай пасады: Андрэй Грамыка прызначаны міністрам замежных справаў СССР і потым увойдзе ў гісторыю як сымбаль савецкай вонкавай палітыкі ў найбольш вострыя часы Халоднай Вайны.



3. Зьнішчэньне беларускай нацыі было мэтанакіраванай палітыкай савецкае ўлады. І гэта не лёзунг з сайта pieramoha.org, а факт: савецкая ўлада актыўна ішла на стрымліваньне разьвіцьця беларускай нацыянальнай сьвядомасьці. Прычым для гэтага камуністы актыўна выкарыстоўвалі гвалтоўныя і тэрарыстычныя мэтады: масавыя забойствы, катаваньні, зьмяшчэньне людзей у канцэнтрацыйныя лягеры, высылку ў далёкія ад Беларусі і складаныя для пражываньня рэгіёны.


Па і без таго кволай і малалікай беларускай інтэлектуальнай і грамадзкай эліце, якая ледзьве нарадзілася ў канцы 19. - пачатку 20. стагодзьдзя і ў наступныя пару дзесяцігодзьдзяў толькі пачала напрацоўваць нейкі ўласны багаж дасьледваньняў, літаратуры і ідэяў, савецкая тэрарыстычная сыстэма ўдарыла з усёй сілай у 1930-я.


Вось што кажа Леанід Маракоў, адзін з галоўных дасьледчык савецкіх рэпрэсій у Беларусі:


“За няпоўныя 15 месяцаў расстралялі больш за 10 тысяч чалавек. Падкрэслю: мэтанакіравана знішчалася эліта беларускай нацыі. (...) У 1937-м толькі за тры восеньскіх месяцы органы рэпрэсавалі больш за 600 грамадскіх і культурных дзеячаў. Усяго ж супрацоўнікі НКУС расстралялі ці выслалі ў канцлагеры 90% беларускіх літаратараў (ва Украіне - 35-40%, у Расіі не больш за 15%), 100% святароў, без малога усіх дырэктараў заводаў, кожнага трэцяга настаўніка, інжынера ... Рэпрэсіі, якія прыйшлі на змену "беларусізацыі", пад корань выразалі сотні самародкаў. Інтэлектуальны генафонд нацыі, напрацаваны за стагоддзі, у гады сталінізму быў практычна знішчаны! Наша паўсюдная няўпэўненасць, страх, абыякавасць — следства гэтага генацыду.”

 

 

Такім чынам, мэтанакіраванае агрэсіўнае вынішчэньне спынілася тады, калі гэтая праца, што вялася на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў, дала свае вынікі.


Цікава, што гэты час, час нейкага канчатковага пераходу савецкай акупацыі да звыклага стану “а так заўсёды было”, даволі дакладна можа быць акрэсьлены: згаданыя ўжо вышэй сярэдзіна і другая палова 50-х гадоў.


Значная частка беларускай незалежніцкай інтэлектуальнай і грамадзкай эліты, якая не была зьнішчаная да вайны, пасьля 1944 года апынулася ў эміграцыі, у 50-я гады канчаткова спыніўся антысавецкі партызанскі рух што ў Беларусі, што ў краінах Балтыі і ва Ўкраіне.


Грамадзтва сьціхла, актывістаў зьнішчылі або выціснулі ў эміграцыю або прымусілі маўчаць - і новыя пакаленьні беларусаў расьлі ўжо ва ўсьведамленьні савецкага акупацыйнага рэжыма як чагось натуральнага. Вада, так бы мовіць, самкнулася над нашым тапельцам.


У 1954 годзе, таксама сярэдзіна 50-х, нарадзіўся Аляксандр Лукашэнка, каму праз сорак год будзе наканавана сыграць ня самую лепшую ролю ў беларускай гісторыі і фармаваньне чыёй асобы і мэнталітэта прыйдзецца акурат на пік гэтага акупацыйнага застоя. Дзякуючы яму ў 2013 годзе Беларусь - апошняя краіна ў Эўропе, дзе 7 лістапада застаецца дзяржаўным сьвятам.

.
06.11.13 13:34



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Алесь Чайчыц