Угодкі Віленскага мэмарандуму: разам у абарону незалежнасці Беларусі - Сакратар Інфармацыі Рады БНР

Два гады таму лідарамі асноўных незалежніцкіх палітычных сілаў і Старшынёю Рады БНР быў падпісаны Мэмарандум "Аб захадах для забесьпячэньня незалежнасьці Беларусі".

Аб актуальнасьці Мэмарандума ніжэй прыводжу афіцыйны камэнтар Сакратара Інфармацыі Рады БНР Міколы Пачкаева.

Ад сябе дадам: для беларускай дыяспары ў краінах Захаду вельмі важна зараз весьці працу па прасоўваньні інтарэсаў дэмакратычнай Беларусі, каб беларуская праблематыка не патанула на фоне ўкраінскіх падзеяў. Каб з аднаго боку Беларусь не зрабілася наступнай ахвярай небясьпечных вонкавапалітычных авантураў кіраўніцтва Расеі, а з другога - каб паляпшэньне стасункаў афіцыйнай Беларусі з Захадам (вельмі неабходнае і карыснае для ўсіх бакоў) суправаджалася рэальнымі крокамі па дэмакратызацыі ў Беларусі, а не дасталася існуючаму рэжыму "за так".

Пішэце сваім дэпутатам, пішэце ў МЗС краінаў, дзе жывяце, будзьце актыўнымі. Ва ўкраінскай Вярхоўнай радзе, як паведамляецца, мае зьявіцца дэпутацкая група ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі. Хай такія групы ствараюцца ў як мага большай колькасьці краінаў.


***

Сёньня, 3 лістапада, спаўняецца два гады з даты нарады старшыняў і кіраўнікоў шэрагу беларускіх палітычных і грамадзкіх арганізацыяў са Старшынёй Рады БНР і падпісаньня мэмарандуму «Аб захадах для забесьпячэньня незалежнасьці Беларусі», да якога пазьней далучылася яшчэ некалькі іншых удзельнікаў.

Два гады таму Рада БНР выступіла з гэткай ініцыятывай і заклікам да незалежніцкіх, дэмакратычных і про-беларускіх сілаў Беларусі і беларускага замежжа на падставе ўнутранага аналізу разьвіцьця становішча ў рэгіёне.

У той час патэнцыял падзеяў, якія бы наўпрост пагражалі незалежнасьці краінаў у нашай частцы сьвету, далёка ня ўсім падавалаўся істотным. Аднак падзеі наступных двух гадоў яскрава засьведчылі аб фундамэнтальнай слушнасьці аналізу, на якім грунтуецца занатаванае ў Віленскім мэмарандуме паразуменьне ўдзельнікаў.

Гэтыя падзеі надаюць дадатковай актуальнасьці патрэбе той працы, аб якой пагадзіліся падпісанты гэтага дакумэнту.

Унутры Беларусі, у рэаліях дыктатарскай палітычнай сыстэмы, зьнішчаныя якія-колечы мэханізмы, якія былі б здольныя перашкодзіць любым асабістым рашэньням Аляксандра Лукашэнкі аб:

- здачы кантролю над усё новымі стратэгічнымі прадпрыемствамі Беларусі ў расейскія рукі, за якімі стаіць Крэмль;

- пашырэньні на беларускай зямлі непасрэднай расейскай ваеннай прысутнасьці, стварэньні ваенных базаў і дыслякацыі войскаў РФ;

- мацнейшым прывязаньні Беларусі да расейскага палітычнага праекту Эўразійскага саюзу, які ствараецца як антытэза пэрспэктывам эўрапэйскай інтэграцыі;

- любых далейшых кроках, якія азначалі б страту Беларусьсю здольнасьці да сувэрэннай палітыкі, незалежнага існаваньня, або нават і фармальнай незалежнасьці.

Беларускі народ далей застаецца пазбаўленым статусу суб’екта і першаснага гаранта незалежнай дзяржаўнасьці Беларусі. Улады найчасьцей адказваюць рэпрэсіямі на праявы палітычнай дзейнасьці, якая б супярэчыла палітыцы кіраўніка дзяржавы або нават проста была б «несанкцыянаванай». У краіне застаюцца палітвязьні.

Тым часам у рэгіёне вакол Беларусі сілы расейскага нэа-імпэрскага рэваншу перайшлі да жорсткіх, сілавых дзеяньняў.

Відавочна, што стратэгія Крамля палягала ў тым, каб перш вырасьціць унутраную, мясцовую праблему, потым скарыстацца ёй, робячы закранутыя гэтаю праблемай бакі максымальна залежнымі ад сябе. Пасьля, калі атручана ўсё здаровае і здушана ўсё жывое пад уладаю карумпаванага аўтарытарнага сатэліта - скарыстаць праблему для ўцягваньня ў нэа-імпэрскі «эўразійскі» праект.

Калі Ўкраіна разарвала павуціньне карумпаванага аўтарытарызму ва ўласным нацыянальным доме і стала сувэрэнна рэалізоўваць свой зьнешнепалітычны выбар, яна сталася аб'ектам эканамічнага здушэньня, а пасьля збройнай агрэсіі.

Запэўненьні ядзерных дзяржаваў аб бясьпецы і непарушнасьці сувэрэнітэту, дадзеныя пры ядзерным раззбраеньні, аказаліся пазбаўленымі практычнай актуальнасьці. Аб'ектам ціску таксама сталася Малдова.

Гэткай буйной праблемай у Беларусі зьяўляецца самаўладны, ідэёва-антынацыянальны рэжым дыктатуры Лукашэнкі.

Як і вызначаў «Віленскі мэмарандум», аўтарытарны палітычны рэжым, які пануе ў Беларусі - гэта галоўнае, што падрывае імунітэт Беларусі перад націскам з Масквы.

Беларусь ператворана ў закладніцу рэжыму ўлады Лукашэнкі. Дзеля свайго самазахаваньня гэты рэжым напрацягу 20 гадоў падаўляў нацыянальныя і дэмакратычныя незалежніцкія сілы, падрываючы такім чынам уласную здольнасьць беларускай дзяржавы і беларускага грамадзтва да нацыянальнага самазахаваньня.

Адначасова звонку Беларусь апынулася самаізаляванаю ад усіх, хто мог бы быць ёй саюзьнікам у абароне ад нэа-імпэрскае агрэсіі. Пазытыўным фактам пакуль застаецца хіба што недапушчэньне скарыстаньня беларускай тэрыторыі для вядзеньня баявых дзеяньняў.

Стан Беларусі ў якасьці «закладніцы» дадаткова стварае дылему для дэмакратычных сілаў у Беларусі і партнэраў на Захадзе.
З аднаго боку, для забесьпячэньня доўгатэрміновай абароненасьці беларускай дзяржавы ад расейскіх замахаў на яе сувэрэнітэт неабходны дэмантаж рэжыма асабістай улады А. Лукашэнкі. З другога боку, дэмантаж гэтага рэжыму не павінен адбыцца на карысьць сілаў расейскага нэа-імпэрыялізму.

Менавіта маючы на ўвазе гэтыя меркаваньні былі сфармуляваныя напрамкі патрэбнай дзейнасьці ў віленскім дакумэнце 3 лістапада 2012 г.
Суаднясеньне пунктаў Мэмарандуму з разьвіцьцём пазьнейшых падзеяў таксама яскрава дэманструе, што беларуская дэмакратычная і незалежніцкая грамадзкасьць, разам з арганізацыямі беларускага Замежжа, маюць вострую патрэбу ў тым, каб канкрэтызаваць супольную палітыку і тое, як яна мае ўвасабляцца ў супольных практычных дзеяньнях.

Застаецца актуальнай патрэба належнай, уплывовай і ўпаўнаважанай рэпрэзэнтацыі голасу беларускага дэмакратычна-незалежніцкага грамадзтва ў адносінах з тымі заходнімі дзяржавамі і інстытуцыямі, якія маглі бы спрыяць аднаўленьню ў Беларусі дэмакратыі і захаваньня незалежнасьці.

У прыватнасьці, патрэбныя скардынаваныя захады ў лёббінгу паправак ў законапраект ЗША «Ukraine Freedom Support Act of 2014» (Акт аб падтрымцы свабоды Украіны 2014), каб Беларусь была ўключаная ў сьпіс краінаў, дзеля абароны сувэрэнітэта якіх ЗША будуць ўжываць захады у разе расейскіх замахаў.

Той вялізны кошт, які Ўкраіна, недастаткова падрыхтаваная да абароны сувэрэнітэту, цяпер вымушаная плаціць за сваю незалежнасьць, павінен засяродзіць увагу ўсіх сілаў беларускага грамадзтва. Прыклад Украіны павінен заахвоціць да грунтоўнага, кансалідаванага, аднадумнага і цьвёрдага дзеяньня на карысьць беларускіх нацыянальных і дэмакратычных мэтаў, перадумоваю якіх ёсьць завахаваньне сувэрэннага нацыянальнага існаваньня.

Патрабуецца падрыхтоўка да дзеяньняў у абставінах, якія з цягам часу робяцца ўсё менш спрыяльнымі, тады як патрэбы робяцца больш відавочнымі.

Можна спадзявацца, што справа рэалізацыі задачаў, узгодненых у віленскім дакумэнце, цяпер набывае асаблівую актуальнасьць у вачох яшчэ шмат шырэйшага кола грамадзка-палітычных сілаў Беларусі, чым яшчэ 2 гады таму.


Мікола Пачкаеў, Сакратар Інфармацыі Рады БНР
.
03.11.14 19:24



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Алесь Чайчыц