Ва Ўкраіне зьявіліся першыя міністры-легіянэры. І гэта выдатна

Цікавая навіна: упершыню ў гісторыі Ўкраіны міністрамі сталі тры грамадзяніна іншых дзяржаваў, якім прэзыдэнт Парашэнка надаў грамадзянства як раз дзеля прызначэньня. Прычым двое зь іх - міністар эканомікі Айварас Абрамовічус і міністар аховы здароўя Аляксандар Квіташкілі - нават не зьяўляюцца этнічнымі ўкраінцамі (праўда, Абрамовічус дваццаць гадоў жыве ва Ўкраіне).

І я лічу, што гэта выдатны прэцэдэнт для нашага рэгіёну і ня толькі для яго.

Перад гэтым на постсавецкай прасторы былі толькі выпадкі прыцягненьня на дзяржаўныя пасады прадстаўнікоў дыяспары. Так, цяперашні прэзыдэнт Эстоніі Тоомас Гендрык Ілвэс - грамадзянін ЗША. Былая прэззыдэнт Латвіі Вайра Віке-Фрэйбэрга - грамадзянка Канады. Былы прэзыдэнт Летувы Валдас Адамкус - грамадзянін ЗША. Ва ўрадзе Грузіі за часамі Саакашвілі працавалі грамадзянка францыі Саламэ Зурабішвілі і грамадзянін Расеі легендарны Каха Бэндукідзэ. Гэтыя людзі, з сваім замежным (перадусім, несавецкім) досьведам і зь несавецкай адукацыяй, былі вельмі каштоўнымі спэцыялістамі на сваіх пасадах.

Міністар - гэта ня нейкая сакральная фігура, не айцец нацыі і не прапагандыст. Міністар - гэта дзяржаўны топ-мэнэджэр. Крытэр пры прызначэньні міністра - не ягоныя заслугі і не ўровень патрыятычнага патасу, а прафэсіяналізм. Праца міністра - эфэктыўна наладжваць справы ў сфэры свае адказнасьці. Калі міністры прызначаюцца не паводле прафэсіяналізма, а паводле патрыятызма - яны й будуць на сваёй пасадзе займацца дэмагогіяй і карупцыяй, а не працай.

Няма ніводнае прычыны не запрасіць на пасаду міністра за добры заробак якогась геніяльнага ганконгскага ці сынгапурскага эканаміста або пасьпяховага грузінскага міністра часоў Саакашвілі. Месца кваснога нацыяналізма - у іншым месцы.

Магчыма, стоадсоткавым замежнікам не з дыяспары ня варта было б рабіцца дэпутатамі парлямэнту або прэзыдэнтамі (асабліва калі прэзыдэнт - сымбалічная і цырыманіяльная фігура, як у Нямеччыне або Аўстрыі).

Але клікаць іх дарадцамі пры парлямэнцкіх рабочых групах або пры прэзыдэнце - гэта ня проста апраўдана. Я б сказаў, што глупствам было б не рабіць гэтага. Асабліва краінам у вострым крызысе, як Украіна, або невялікім краінам, якія не валодаюць якімісь Страшнымі Патаемнымі Сакрэтамі, як Беларусь.

Дзяржаўны апарат - не сьвятарная карова, і пашпарт - не сьвятарная карова. Беларусі варта спрашчаць візавы рэжым для замежнікаў, варта лібэралізаваць правілы атрыманьня беларускага грамадзянства для этнічных беларусаў і неабыякавых і карыснах для Беларусі людзей. Варта не баяцца актыўна прыцягваць замежных спэцыялістаў да распрацоўкі і рэалізацыі праграмаў разьвіцьця краіны - ад гэтага карысьці будзе ў дзясяткі разоў больш, чым рызыкаў..
03.12.14 13:28



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Алесь Чайчыц