Ня стала а. Аляксандра Надсана. Мы ўсе асірацелі



З адыходам айца Аляксандра Надсана сканчаецца цэлая эпоха. Гэта сапраўды так.

Беларускі асяродак у паўночным Лёндане - Бібліятэка і музэй імя Скарыны і Беларуская каталіцкая місія - ўтварыўся намаганьнямі трох чалавек: біскупа Чэслава Сіповіча, а. Льва Гарошкі і а. Аляксандра Надсана. Утварыўся празь іхную невычарпальную энэргію і энтузіязм, любоў да сваёй бацькаўшчыны Беларусі, якую біскупу Сіповічу і а. Льву Гарошку пасьля дзесяцігодзьдзяў эміграцыі так і не было наканавана ўбачыць зноў. Цяпер ня стала апошняга і самага малодшага зь іх, а. Аляксандра Надсана.

Больш за тое, гэтыя людзі ня толькі стварылі найважнейшы культурніцкі цэнтар, дзе захавалі каштоўныя беларускія кнігі і архіўныя экспанаты, і ня толькі стварылі безьліч навуковых і рэлігійных тэкстаў для нас з вамі. Яны былі выбітнымі рэпрэзэнтантамі Беларусі ў сьвеце, калі пра незалежную беларускую дзяржаву можна было толькі марыць (і пра якую яны марылі).

Гэта былі людзі, якія ў свой час дастойна прадстаўлялі Беларусь перад найвышэйшым кіраўніцтвам Ватыкана і перад кіраўніцтвам Вялікай Брытаніі. Дзякуючы ім зьявілася беларуская служба Ватыканскага радыё і пераклады на беларускую мову літургічных тэкстаў як заходняга, так і ўсходняга абраду. Дзякуючы ў тым ліку ім, і асабіста а. Аляксандру Надсану, Касьцёл у постсавецкай Беларусі стаў тым апірышчам для беларускай мовы, якім ён ёсьць цяпер.

а. Аляксандар натхняў сваёй нязломнасьцю і ўнутранай сілай. Хто яго ведаў, той пацьвердзіць, што а. Аляксандар да самых апошніх гадоў як быццам заставаўся ўнутры тым самым васямнаццацігадовым актывістам і энтузіястам беларушчыны, якім ён шмат гадоў таму апынуўся ў эміграцыі. Чалавекам, які выпраменьваў радасьць, які ўмеў добра і востра пажартаваць, распавесьці цікавую гісторыю з уласнага багатага на падарожжы і цікавыя сустрэчы жыцьця. Сапраўдным хрысьціянінам, ахвярным, сьціплым, адкрытым да людзей, гатовым дапамагчы тым, хто ў патрэбе. Выбітным інтэлектуалам і навукоўцам, які апошнюю сваю дасьледчыцкую працу падрыхтаваў да друку літаральна год-два таму.

Усе людзі калісьці паміраюць. І кожны з нас таксама памрэ. І пытаньне ў тым, што мы пасьпеем зрабіць у гэтым жыцьці, што мы пакінем пасьля сябе. Айцец Аляксандар сваім жыцьцём і дзейнасьцію паставіў нам у гэтым недасяжна высокую плянку.

І самае лепшае, што кожны і кожная з нас маглі бы зрабіць, каб ушанаваць ягоную памяць, - гэта дастойна працягнуць ягоную справу. Дапамагаць захоўваць каштоўныя скарбы беларускай культуры і гісторыі і павялічваць іхную колькасьць. Дбаць пра беларускую мову і беларускую спадчыну. Дзе б мы ні былі, заставацца вернымі Беларусі і ўрэшце дамагчыся сапраўднай незалежнасьці і свабоды для яе - дамагчыся таго, дзеля чаго ён працаваў і за што ён маліўся штодзень на працягу дзесяцігодзьдзяў.

Мы ўсе асірацелі. Нізкі Вам паклон, Айцец Аляксандар. Маліце Бога за нас.
16.04.15 15:49



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Алесь Чайчыц